1-е Саборнае Пасланне святога Апостала Іаана Багаслова

Разделы: 1   2   3   4   5

 

Раздзел 1

1. Пра тое, што было́ ад пача́тку, што мы чу́лі, што ба́чылі на свае вочы, што сузіра́лі і што рукі нашы крана́лі, пра Слова жыцця́, – 

2. бо жыццё явíлася, і мы ба́чылі, і све́дчым, і абвяшча́ем вам гэтае жыццё вечнае, якое было́ ў Айца і явíлася нам, – 

3. пра тое, што мы ба́чылі і чу́лі, абвяшча́ем вам, каб і вы ме́лі супо́льнасць з намі; а наша супо́льнасць – з Айцом і Сы́нам Яго Іісусам Хрыстом.

4. І гэта пíшам вам, каб ра́дасць ваша была́ поўная.

5. І вось тая ве́стка, якую мы чу́лі ад Яго і абвяшча́ем вам: Бог ёсць святло́, і няма ў Ім нія́кай це́мры.

6. Калі мы ка́жам, што ма́ем супо́льнасць з Ім, а ходзім у це́мры, то мы хлу́сім і не робім паво́дле íсціны;

7. калі ж хо́дзім у святле́, як Ён у святле́, то ма́ем супо́льнасць адзін з адны́м, і Кроў Іісуса Хрыста, Сы́на Яго, ачышча́е нас ад усякага граху́.

8. Калі мы ка́жам, што не ма́ем граху́, то ашу́кваем саміх сябе, і íсціны няма ў нас.

9. Калі вы́знаем грахí нашы, то Ён, ве́рны і пра́ведны, праба́чыць нам грахí нашы і ачы́сціць нас ад усякай няпра́ўды.

10. Калі кажам, што мы не саграшы́лі, то ро́бім з Яго лгуна́, і сло́ва Яго няма́ ў нас.

 

Раздзел 2

1. Дзе́ткі мае́! гэта пішу я вам, каб вы не грашы́лі; а калі хто саграшы́ць, то мы ма́ем Хада́йніка перад Айцом, Іісуса Хрыста́, Пра́ведніка:

2. Ён – уміласціўле́нне за грахí нашы, і не толькі за нашы, але і за грахí ўсяго свету.

3. А тое, што мы спазна́лі Яго, ве́даем па тым, што за́паведзі Яго выко́нваем.

4. Хто кажа: "я спазна́ў Яго", а за́паведзяў Яго не выко́нвае, той ілгун, і няма ў ім íсціны;

5. а хто выко́нвае слова Яго, у тым сапраўды́ любоў Божая даскана́лая: з гэтага ве́даем, што мы ў Ім.

6. Хто кажа, што знахо́дзіцца ў Ім, той павінен паво́дзіць сябе так, як Ён паво́дзіў Сябе.

7. Узлю́бленыя! пішу вам не новую за́паведзь, а за́паведзь да́ўнюю, якую вы ме́лі ад пача́тку: за́паведзь да́ўняя – гэта слова, якое вы чу́лі ад пача́тку.

8. А разам з тым і новую за́паведзь пішу́ вам: што́ ёсць íсціннае і ў Ім, і ў вас, бо  це́мра прахо́дзіць і святло íсціннае ўжо све́ціць.

9. Хто кажа, што ён у святле́, а брата свайго ненавíдзіць, той усё яшчэ ў це́мры.

10.  Хто лю́біць бра́та свайго, той у святле́ знахо́дзіцца, і няма ў ім спаку́сы;

11. а хто ненавíдзіць бра́та свайго, той – у це́мры, і ў це́мры ён хо́дзіць, і не ве́дае, куды́ ідзе́, бо це́мра засляпíла во́чы яму́.

12. Пішу вам, дзе́ткі, таму што праба́чаны вам грахí дзе́ля імя́ Яго.

13. Пішу вам, айцы, таму што вы спазна́лі Таго, Хто ёсць ад пача́тку. Пішу вам, юнакí, таму што вы перамаглí злога. Пішу вам, дзе́ці, таму што вы спазна́лі Айца.                                        

14. Я напіса́ў вам, айцы, таму што вы спазна́лі Таго, Хто ёсць ад паче́тку. Я напіса́ў вам, юнакí, таму што вы мо́цныя, і слова Божае знахо́дзіцца ў вас, і вы перамаглí зло́га.

15. Не любíце све́ту і таго, што ў све́це: хто лю́біць свет, у тым няма любо́ві Айца;

16. бо ўсё, што ў свеце: пажа́длівасць плоці, пажа́длівасць вачэй і ганарлíвасць жыце́йская, – не ад Айца, а ад све́ту гэтага.

17. І свет прахо́дзіць, і пажа́длівасць яго, а той, хто выко́нвае волю Божую, застае́цца наве́кі.

18. Дзеці! гэта апо́шні час. І пако́лькі вы чу́лі, што пры́йдзе анты́хрыст, а цяпер з'явíлася многа анты́хрыстаў, то па гэтым мы і пазнаём, што час апошні.

19. Яны вы́йшлі з нас, але не былí нашымі; бо калі б яны былí нашымі, то засталíся б з намі; а гэта адбыло́ся, каб вы́явілася, што не ўсе нашы.

20. А вы ма́еце пама́занне ад Святога і ве́даеце ўсё.

21. Я напіса́ў вам не таму, што вы не ве́даеце íсціны, а таму, што вы ве́даеце яе, і таму, што ўсякая ілжа́ не ад íсціны.

22. Хто лгун, як не той, хто адмаўля́е, што Іісус ёсць Хрыстос? Гэта – анты́хрыст, які адмаўля́е Айца́ і Сы́на.

23. Кожны, хто адмаўля́е Сы́на, не ма́е і Айца; а хто вызнае́ Сы́на, той ма́е і Айца.

24. Дык вось, тое, што вы чу́лі ад пача́тку, няхай і застае́цца ў вас; калі застане́цца ў вас тое, што вы чу́лі ад пача́тку, то і вы застаняце́ся ў Сыне і ў Айцу́.

25. А тое абяца́нне, што Ён абяца́ў нам, ёсць жыццё ве́чнае.

26. Гэта я напіса́ў вам пра тых, якія ўво́дзяць вас у зман.

27. Аднак пама́занне, якое вы атрыма́лі ад Яго, застае́цца ў вас, і вы не ма́еце патрэ́бы, каб хто вучы́ў вас; але паколькі само гэтае пама́занне ву́чыць вас усяму, а яно íсціннае і нялжы́вае, дык чаму́ яно навучы́ла вас, у тым і застава́йцеся.

28. І цяпер, дзеткі, застава́йцеся ў Ім, каб, калі Ён я́віцца, мы ме́лі адва́гу і не былí пасаро́млены перад Ім у час прышэ́сця Яго.

29. Калі вы ве́даеце, што Ён пра́ведны, то ве́дайце таксама, што кожны, хто робіць па праўдзе, ад Яго наро́джаны.

 

Раздзел 3

1. Глядзíце, якую любоў даў нам Айцец: каб мы называ́ліся дзе́цьмі Божымі; і мы з'яўля́емся імі. Свет таму не ве́дае нас, што не спазна́ў Яго.

2. Узлю́бленыя! мы цяпер дзе́ці Божыя; але яшчэ́ не адкры́лася, чым мы будзем; ве́даем толькі, што калі адкры́ецца, то падо́бнымі да Яго будзем, таму што ўба́чым Яго, як Ён ёсць. 

3. І кожны, хто ма́е надзею гэтую на Яго, ачышча́е сябе, пако́лькі і Ён чы́сты.

4. Кожны, хто робіць грэх, робіць і беззако́нне; бо грэх – гэта беззако́нне.

5. І вы ве́даеце, што Ён явíўся, каб узя́ць грахí нашы, а ў Ім граху́ няма.

6. Кожны, хто ў Ім застае́цца, не грашы́ць; кожны, хто грашы́ць, той не бачыў Яго і не спазна́ў Яго.

7. Дзеткі! няха́й ніхто не ўво́дзіць вас у зман. Хто ро́біць па пра́ўдзе, той пра́ведны, падо́бна як Ён пра́ведны.

8. Хто робіць грэх, той ад дыя́вала, таму што дыя́вал ад пача́тку грашы́ць. Для таго і явіўся Сын Божы, каб знíшчыць спра́вы дыя́вала.

9. Кожны наро́джаны ад Бога не ро́біць граху́, таму што се́мя Яго застае́цца ў ім; і ён не можа грашы́ць, бо наро́джаны ад Бога.

10. Вось па чым пазнаю́цца дзеці Божыя і дзеці дыя́вала: кожны, хто не ро́біць па пра́ўдзе, той не ад Бога, такса́ма і той, хто не лю́біць брата свайго.

11. Бо вось запаве́т, які вы чулі ад пачатку: каб мы любíлі адзін аднаго́;

12. не так, як Каін: ён быў ад злога і забíў бра́та свайго. А чаму забíў яго́ Таму, што спра́вы яго былі злымі, а спра́вы брата яго пра́веднымі.

13. Не здзіўля́йцеся, браты́ мае́, калі ненавíдзіць вас свет.

14. Мы ведаем, што мы перайшлí ад сме́рці ў жыццё, таму што лю́бім братоў; хто не лю́біць брата, той застае́цца ў сме́рці.

15. Кожны, хто ненавíдзіць бра́та свайго, той чалавеказабо́йца; і вы ве́даеце, што ніякі чалавеказабо́йца не ма́е жыцця ве́чнага, якое б у ім застава́лася.

16. Любоў спазна́лі мы ў тым, што Ён за нас душу́* Сваю пакла́ў; і мы павíнны за брато́ў ду́шы свае кла́сці.

17. А хто будзе мець дабрабы́т у све́це і будзе ба́чыць, што брат яго ў няста́чы, але закры́е сэрца сваё ад яго, то як жа застане́цца ў ім любоў Божая́

18. Дзеткі мае́! дава́йце будзем любíць не сло́вам і не языко́м, а спра́ваю і íсцінаю.

19. І па гэтым пазнаём, што мы ад íсціны, і супако́ім перад Ім сэ́рцы нашы:

20. бо калі сэ́рца будзе асуджа́ць нас, Бог бо́льшы за сэ́рца наша і ведае ўсё.

21. Узлю́бленыя! калі сэ́рца наша не асуджа́е нас, то мы ма́ем адва́гу перад Богам,

22. і чаго б ні прасíлі, атрыма́ем ад Яго, бо за́паведзі Яго выко́нваем і ўго́днае Яму ро́бім.

23. А за́паведзь Яго такая: каб мы ве́равалі ў імя́ Сына Яго Іісуса Хрыста́ і любíлі адзін аднаго́, як Ён запаве́даў нам.

24. І хто выко́нвае за́паведзі Яго, той застае́цца ў Ім, і Ён у тым. А што Ён застае́цца ў нас, пазнаём па Ду́ху, Якога Ён даў нам.

 

Раздзел 4

1. Узлю́бленыя! не кожнаму ду́ху ве́рце, а выпрабо́ўвайце ду́хаў, ці ад Бога яны, таму што многа лжэпраро́каў з'явíлася ў све́це.

2. Духа Божага пазнава́йце так: кожны дух, што вызнае́ Іісуса Хрыста, Які прыйшоў у плоці, ёсць ад Бога;

3. а кожны дух, што не вызнае́ Іісуса Хрыста, Які прыйшоў у плоці, не ёсць ад Бога, а гэта дух анты́хрыста, пра якога вы чу́лі, што ён пры́йдзе, і ён цяпер ужо ў све́це.

4. Дзеткі! вы ад Бога, і вы перамаглí іх; бо Той, Хто ў вас, бо́льшы за таго́, хто ў свеце.

5. Яны ад свету, таму і гаво́раць так, як гаворыць свет, і свет слу́хае іх.

6. Мы ад Бога; хто зна́е Бога, той слу́хае нас; хто не ад Бога, той не слу́хае нас. Па гэтым пазнаём ду́ха íсціны і ду́ха маны́.

7. Узлю́бленыя! дава́йце бу́дзем любíць адзін аднаго́, таму што любоў ад Бога, і кожны, хто лю́біць, той наро́джаны ад Бога і зна́е Бога;

8. хто не лю́біць, той не спазна́ў Бога, таму што Бог ёсць любоў.

9. Любоў Божая да нас адкры́лася ў тым, што Бог пасла́ў у свет Сы́на Свайго Адзінаро́днага, каб мы атрыма́лі жыццё праз Яго.

10. У тым любоў, што не мы ўзлюбíлі Бога, а Ён узлюбíў нас і пасла́ў Сы́на Свайго як уміласціўле́нне за грахí нашы.

11. Узлю́бленыя! калі так узлюбíў нас Бог, то і мы павíнны любíць адзін аднаго́.

12. Бога ніхто ніколі не ба́чыў; калі мы лю́бім адзін аднаго́, то Бог знахо́дзіцца ў нас, і любоў Яго ў нас даскана́лая.

13. Мы пазнаём, што знахо́дзімся ў Ім і Ён у нас, па тым, што ад Духа Свайго Ён даў нам.    

14. І мы ба́чылі і све́дчым, што Айцец пасла́ў Сы́на Спасíцелем све́ту.

15. Хто вызнае́, што Іісус – Сын Божы, у тым знахо́дзіцца Бог, і ён у Богу.

16. І мы спазна́лі і вераю прынялí любоў, якую Бог ма́е да нас. Бог – гэта любоў, і хто знахо́дзіцца ў любо́ві, той знахо́зіцца ў Богу, і Бог у ім.

17. Любоў такой даскана́ласці дасяга́е ў нас, што мы будзем мець адва́гу ў дзень суда́, бо які Ён, такія і мы ў све́це гэтым.

18. У любо́ві няма стра́ху, а даскана́лая любоў праганя́е страх, бо ў стра́ху ёсць пакара́нне; і хто баіцца, той недаскана́лы ў любо́ві.

19. Мы лю́бім Яго, бо Ён першы ўзлюбíў нас.

20. Калі хто кажа: "я люблю Бога", а бра́та свайго ненавíдзіць, то ён ілгу́н; бо хто не лю́біць бра́та свайго, якога ба́чыць, як можа любíць Бога, Якога не ба́чыць?

21. І мы ма́ем ад Яго такую за́паведзь, каб той, хто лю́біць Бога, любíў і бра́та свайго.

 

Раздзел 5

1. Кожны, хто ве́руе, што Іісус гэта Хрыстос, той ад Бога наро́джаны, і кожны, хто лю́біць Таго, Хто нарадзíў, лю́біць і наро́джанага ад Яго.

2. Што лю́бім дзяцей Божых, мы пазнаём па тым, што лю́бім Бога і выко́нваем за́паведзі Яго.

3. Бо ў тым любоў да Бога, каб мы выко́нвалі за́паведзі Яго; а за́паведзі Яго не ця́жкія.

4. Таму што ўсё, наро́джанае ад Бога, перамага́е свет; і вось перамо́га, якая перамагла́ свет: вера наша.

5. Хто перамага́е свет, як не той, хто ве́руе, што Іісус ёсць Сын Божы?

6. Гэта Той Іісус Хрыстос, Які прыйшо́ў вадою, і крывёю, і Ду́хам, не вадою толькі, а вадою і крывёю; і Дух сведчыць пра Яго, таму што Дух ёсць íсціна.

7. Бо трое све́дчаць на небе: Айцец, Сло́ва і Святы́ Дух; і Гэтыя трое ёсць адно.

8. І трое све́дчаць на зямлі: дух, вада і кроў; і гэтыя трое – пра адно.

9. Калі мы прыма́ем све́дчанне людзей, то све́дчанне Бога – бо́льшае, таму што гэта сва́дчанне Бога, якім Ён засве́дчыў пра Сы́на Свайго.

10. Хто ве́руе ў Сына Божага, той ма́е све́дчанне ў сабе самíм; хто не ве́руе ў Бога, той робіць Яго лгуно́м, бо не ве́рыць све́дчанню, якім Бог засве́дчыў пра Сы́на Свайго. 

11. І вось гэтае све́дчанне: Бог даў нам жыццё ве́чнае, і гэтае жыццё – у Сы́не Яго.

12. Хто ма́е Сына Божага, той ма́е жыццё; хто не ма́е Сына Божага, той не ма́е жыцця́.

13. Гэта напіса́ў я вам, хто веруе ў імя́ Сына Божага, каб вы ведалі, што вы ма́еце жыццё вечнае, і каб ве́равалі ў імя́ Сына Божага.

14. І вось якую адва́гу мы маем да Яго: калі про́сім чаго́сьці па волі Яго, то Ён слу́хае нас.

15. А калі мы ве́даем, што Ён слу́хае нас, чаго б мы ні прасíлі, то ве́даем, што атры́мліваем тое, чаго прасíлі ў Яго.

16. Калі хто ба́чыць брата свайго, які саграша́е грахом не на сме́рць, то няхай мо́ліцца, і Бог дасць жыццё яму – таму, які саграша́е не на смерць. Ёсць грэх на смерць, не пра такі кажу́, каб ён малíўся.

17. Усякая няпра́веднасць – гэта грэх; але ёсць грэх не на смерць.

18. Мы ведаем, што кожны, наро́джаны ад Бога, не грашы́ць; але наро́джаны ад Бога захо́ўвае сябе, і ліхí не дакрана́ецца да яго.

19. Мы ве́даем, што мы ад Бога і што ўвесь свет ляжы́ць у зле.

20. Ведаем таксама, што Сын Божы прыйшоў і даў нам святло і розум, каб мы спазна́лі Бога íсціннага, і мы ёсць у íсцінным Сыне Яго Іісусе Хрысце́. Ён – íсцінны Бог і жыццё ве́чнае.

21. Дзеткі! захо́ўвайце сябе ад íдалаў. Амíнь.

 


* Жыццё.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.