Біблейская камісія БПЦ па перакладу Cвяшчэннага Пісання і богаслужэнняў на беларускую мову

У 1989 годзе была створана Біблейская Камісія Беларускай Праваслаўнай Царквыз мэтаю перакладу Свяшчэннага Пісанняна беларускую мову. Першай перакладзенай кнігай стала Святое Евангелле паводле Матфея. Яно было выдадзена ў 1991 годзе паралельнымі тэкстамі на 4 мовах: грэчаскай, царкоўна-славянскай, рускай і беларускай. Пасля гэтага ў рабоце камісіі адбыўся перапынак, абумоўлены цэлым шэрагам прычын. А ў 1995 годзе Біблейская Камісія аднавіла сваю дзейнасць. Склад яе значна змяніўся, але трэба адзначыць, што ў такім складзе Камісія працуе і дагэтуль.

Узначальвае Біблейскую Камісію Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Вынікам працы Біблейскайкамісіі за гэтыя гады сталі пераклады на беларускую мову і выданні:

  • Святое Евангелле паводле Матфея (1991 г.), 1-я кніга серыі “Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста”;
  • Святое Евангелле паводле Марка (1999 г.), 2-я кніга серыі “Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста”;
  • Святое Евангелле паводле Лукі (2002 г.), 3-я кніга серыі “Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста”;
  • Святое Евангелле паводле Іаана (2005 г.) 4-я кніга серыі “Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста”;
  • Дзеянні Святых Апосталаў (2010 г.);
  • Богаслужэбнае “Свяшчэннае Евангелле” (2007 г.).
  • Саборныя Пасланні Святых Апосталаў (2009 г., пакуль не выдадзена).
  • Пасланне да Рымлян Апостала Паўла (2010 г., пакуль не выдадзена).
  •   1-е Пасланне да Карынфян Апостала Паўла (2011 г., пакуль не выдадзена).

Цяпер Камісія займаецца перакладам Пасланняў апостала Паўла на беларускую мову.

Наогул, серыя кніг “Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста” на беларускай мове выдаецца з паралельнымі грэчаскім, царкоўнаславянскім і рускім сінадальным тэкстамі. Камісія лічыць такую форму выдання важнай для больш паглыбленага вывучэння СвяшчэннагаПісання.

Неабходна адзначыць, што пераклад, які робіцьБіблейская камісія БПЦ, мае міжканфесійнае значэнне. У 1996 годзе быў заключаны дагавор паміж БПЦ і Біблейскім Таварыствам РБ пра супрацоўніцтва ў галіне перакладу Св. Пісання на беларускую мову. Гэта задача з’яўляецца для Беларусі вельмі актуальнай нават не гледзячы на тое, што толькі на працягу ХХ стагоддзя было зроблена больш за дзесяць перакладаў Св. Евангелля на беларускую мову (больш, чым у многіх іншых хрысціянскіх народаў!). Сярод іх 4 пераклады зроблены каталіцкімі ксяндзамі, 1 перакладчыкам-католікам, 1 зроблены пратэстантам, 4 пераклады зроблены праваслаўнымі аўтарамі. Але кожны з вышэйназваных перакладаў мае свае недахопы, якія не дазваляюць прыняць гэтыя пераклады да царкоўнага і богаслужбовага ўжытку. Такімі недахопамі з’яўляюцца і тэрміналагічная непаслядоўнасць, і непаслядоўнае ўжыванне імён уласных (ёсць выпадкі, калі адно і тое ж імя на працягу аднаго Евангелля ўжываецца ў пяці розных формах), галоўнымі ж недахопамі з’яўляюцца перакладчыцкія скажэнні евангельскага тэксту. Усё гэта прыводзіць да высновы, што для таго, каб адпавядаць строгім багаслоўскім, богаслужбовым і моўным патрабаванням, пераклад павінен рабіцца не адным аўтарам, а групай аднадумцаў, што ў Праваслаўі называецца “саборна”. Асноўныя прынцыпы, якімі кіруецца Камісія, гэта:

  • набліжанасць беларускага перакладу да грэчаскага арыгіналу;
  • распрацоўка і паслядоўнае ужыванне беларускай багаслоўска-літургічнай лексікі і тэрміналогіі;
  • упарадачанне беларускіх формаў біблейскіх імёнаў і геаграфічных назваў;
  • арыентацыя на існуючую беларускую і ўцэлым славянскую перакладчыцкую традыцыю.

Гаворачы пра канфесійныя патрэбы перакладу Евангелля на беларускую мову, трэба адзначыць, што каталіцкі Касцёл Беларусі на працягу апошніх гадоў таксама займаецца перакладам. Створана нават некалькі каталіцкіх камісій з такой мэтай. Але яны робяць пераклад не зусім суцэльна, а больш фрагментарна, што абумоўлена патрэбамі евангельскіх чытанняў у каталіцкім богаслужэнні.

Паколькі на працягу апошніх гадоў у Беларусі паступова павялічваецца колькасць храмаў, у якіх з пэўнай рэгулярнасцю адбываюцца беларускамоўныя богаслужэнні, то вельмі актуальным робіцца пытанне перакладу богаслужэнняў на беларускую мову.

Асаблівасць моўнай сітуацыі ў Беларусі заключаецца ў тым, што для большасці ўцаркоўленых людзей цалкам прыймальнай і звыклай (хоць не заўсёды абсалютна да канца зразумелай) з’яўляецца царкоўнаславянская мова богаслужэння. Таксама і рэлігійная літаратура на рускай мове цалкам задавальняе ўсе іх патрэбы.

Для людзей, якія толькіцяпер прыходзяць да веры, царкоўнаславянскае богаслужэнне з’яўляецца ў большасці незразумелым і патрабуе значных намаганняў для спасціжэння і разумення.

Калі ж клапаціцца ўцэлым пра стан культуры і перспектыву духоўнага жыцця беларускага народа як нацыі, то перакладчыцкая дзейнасць Біблейскай Камісіі з’яўляецца так бы мовіць укладаннем ў будучыню і працай, якую змогуць выкарыстаць і развіваць наступныя пакаленні.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.