Свяшчэннамучанік?Кіпрыян, прасвітар?Ятранскі

Кіпрыян?ЯтранскіПамяць 27 жніўня / 9 верасня

Нарадзіўся будучы свяшчэннамучанік Кіпрыян у 1897 годзе ў вёсцы Альхова (цяпер Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобласці) ў веруючай сялянскай сям’і Івана і Варвары Клімуц. Вялікім жаданнем бацькоў было ўбачыць свайго сына служыцелем алтара Гасподняга. Таму па дасягненні ўзросту Кіпрыян паступіў у Варшаўскую духоўную семінарыю. У час Першай сусветнай вайны сям’я эвакуіравалася ў Расію. Таму курс семінарскіх на­вук Кіпрыян працягваў у Саратаўскай духоўнай семінарыі. Рэвалюцыйныя падзеі ў Расіі не дазволілі Кіпрыяну адра­зу стаць на шлях служэння ў сане свяшчэнніка. Яму прый­шлося служыць у Чырвонай арміі, быць сведкам жахаў вайны і бязбожнай палітыкі новай улады.

У 1921 годзе Кіпрыян Клімуц вярнуўся на Гродзеншчыну, якая ўваходзіла тады ў склад Польшчы. У тым жа го­дзе архіепіскапам Гродзенскім Уладзімірам (Ціханіцкім) ён быў рукапаложаны ў свяшчэнніцкі сан. На працягу васьмі гадоў іерэй Кіпрыян служыў на розных прыходах Гродзенскай епархіі, а з 1930 года і да арышту быў настаяцелем прыхода храма ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы сяла Ятра (цяпер Навагрудскі раён).

Усе свае намаганні айцец Кіпрыян накіраваў на ўмацаванне ў людзях веры ў Госпада, на выкараненне бязбожжа, змагаўся супраць падзення маральнасці і іншых заган тагачаснага жыцця. Яго намаганнямі пры Ятран­скім прыходзе ў 1934 годзе было створана праваслаўнае Народнае брацтва, якое ставіла мэтай абарону і ўмацаванне Праваслаўя, выхаванне моладзі ў духу веры Хрыстовай. Брацтва на чале з айцом Кіпрыянам выступала таксама супраць уцягвання мясцовай моладзі ў палітычныя партыі і рухі. Такая пазіцыя пастыра прыйшлася недаспадобы мясцовым актывістм ячэйкі КПЗБ, дзейнасць якой актывізавалася з прыходам у верасні 1939 года ў Заходнюю Беларусь Чырвонай арміі. Над свяшчэннікам навісла рэальная пагроза, ён падазраваўся ў антыкамуністычнай дзейнасці і супрацоўніцтве з польскай уладай. Аднак святар не пакінуў прыход і працягваў выконваць свой пастырскі абавязак, несучы людзям святло веры Хрыстовай. У гэты перыяд яго богаслужэнні былі асабліва пранікнёнымі, ён быццам раствараўся ў малітве, скіроўваючы сваё сэрца да Госпада.

10 кастрычніка 1939 года айцец Кіпрыян быў арыштаваны органамі НКУС БССР. Яму было прад’яўлена стандартнае па тых часах абвінавачанне: «правядзенне антысавецкай агітацыі». 4 верасня 1940 года іерэй Кіпрыян Клімуц «як сацыяльна шкодны элемент» быў асуджаны на восем гадоў папраўча-працоўных лагераў і высланы ў Каргопальскі лагер Архангельскай вобласці. Там свяшчэннік працаваў на лесапавале, выконваючы катаржныя работы і самыя цяжкія павіннасці. Перацярпеўшы жорсткія пакуты, свяшчэннік Кіпрыян Клімуц памёр ад голаду і поўнай знясіленасці 9 верасня 1942 года і быў пахаваны ў месцы зняволення. Амаль праз 50 гадоў, 29 верасня 1989 года, органы дзяржаўнай улады прызналі прысуд 1939 года незаконным, і іерэй Кіпрыян Клімуц быў рэабілітаваны.

4 жніўня 2011 года ў Навагрудскай епархіі адбыліся ўрачыстасці з нагоды царкоўнага праслаўлення свяшчэннамучаніка Кіпрыяна і далучэння яго да Сабору Беларускіх святых. Памяць адзначаецца і ў Саборы навамучанікаў і вызнаўцаў зямлі Беларускай.

Трапар свяшчэннамучаніку Кіпрыяну Ятранскаму

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.