Свяшчэннамучанік?Канстанцін, прасвітар?Шаркаўшчынскі

Свяшчэннамучанік?Канстанцін, прасвітар?ШаркаўшчынскіПамяць 16 / 29 красавіка і 21 мая / 3 чэрвеня

Свяшчэннамучанік Канстанцін нарадзіўся 22 сака­віка 1875 года ў мястэчку Стара-Шаркаў­шчына Дзісненскага павета Віленскай губерні ў сям’і свяшчэнніка Дзімітрыя Жданава, настаяцеля мясцовай Свята-Успенскай царквы. У 1892 годзе ва ўзросце 17 гадоў Канстанцін паступіў у Літоўскую духоўную семінарыю, але праз два гады спыніў вучобу ў сувязі са смерцю маці. Ён вымушаны быў працаваць, каб матэрыяльна дапамагаць бацьку — у іх сям’і было дзевяць дзяцей. У 1900 годзе, паспяхова здаўшы іспыты па багаслоўскіх навуках пры Літоўскай духоўнай кансісторыі, Канстанцін Жданаў быў рукапаложаны ў сан дыякана, а затым у сан святара. У тым жа годзе спачыў яго бацька, і малады пастыр быў прызначаны на месца настаяцеля Стара-Шаркаўшчынскага Успенскага храма, дзе праслужыў 19 гадоў.

Айцец Канстанцін запомніўся прыхаджанам надзвычай міласэрным і дабрадзейным пастырам, з асаблівай любоўю ён ставіўся да асірацелых дзяцей, памагаў абяздоленым і бедным. Айцец Канстанцін быў выдатным прапаведнікам слова Божага, быў строгім і патрабавальным у пытаннях веры. З 1809 года пад кіраўніцтвам айца Канстанціна ў Стара-Шаркаўшчыне пачалося будаўніцтва новага драўлянага храма. Бацюшка асабіста арганізаваў пошук сродкаў, выязджаў у Маскву для збору ахвяраванняў на іканастас. Гэты цудоўны пазалочаны іканастас знаходзіцца ў Шаркаўшчынскім Успенскім храме да сённяшняга дня.

13 лістапада 1912 года адбылося ўрачыстае асвячэнне новазбудаванай царквы. У памяць аб завяршэнні будаўніцтва прыхаджане з вялікай удзячнасцю паднеслі свайму настаяцелю ікону роўнаапостальнага Канстанціна з памятным надпісам. Гэтая ікона і цяпер захоўваецца ў мясцовым храме.

Мірны перыяд пастырскага служэння айца Канстанціна закончыўся ў 1915 годзе, калі лінія фронту Першай сусветнай вайны наблізілася да тэрыторыі Літоўскай епархіі, якую ў той час узначальваў архіепіскап Ціхан (Бялавін), будучы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі. 29 жніўня 1916 года ўладыка Ціхан наведаў Стара-Шаркаўшчынскі прыход. У тым жа годзе архіепіскап Ціхан прызначыў іерэя Канстанціна загадчыкам Беразвецкай школы, якая была эвакуіравана ў Стара-Шаркаўшчыну ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі.

Пасля рэвалюцыйных падзей 1917 года, айцец Канстанцін заставаўся са сваёй паствай, заклікаў да ўзмоцненай малітвы, узаемадапамогі і хрысціянскага цярпення. Вясной 1919 года айцец Канстанцін Жданаў быў арыштаваны мясцовай бальшавіцкай уладай. Прыхаджане спрабавалі абараніць свайго настаяцеля, прапаноўвалі выкуп, збіралі подпісы з просьбай вызваліць свайго пастыра. Але айца Канстанціна адправілі ў Дзісну, дзе пасля катаванняў у ноч на 29 красавіка 1919 года ён быў расстраляны. Пазней высветлілася, што айцец Канстанцін памёр не адразу, раненага, яго скінулі ў яму і яшчэ жывога засыпалі зямлёй. Праз некалькі месяцаў было дазволена перазахаваць цела мучаніка. Яго аблачылі ў новае святарскае адзенне і пахавалі ў склепе пад алтаром Дзісненскай Свята-Адзігітрыеўскай царквы. Там цела свяшчэннамучаніка знаходзілася амаль 90 гадоў.

Увесь гэты час праваслаўныя вернікі Шаркаўшчыны ўшаноўвалі айца Канстанціна як бязвінна забітага ў часы бязбожных ганенняў. У памяць пра свайго настаяцеля прыхаджане змясцілі на сцяне яго партрэт, выкананы на аснове фатаздымка.

З 1995 года па благаславенню епіскапа Полацкага і Глыбоцкага Глеба (Савіна) у дзень памяці раўнаапостальнага Канстанціна, нябеснага апекуна іерэя Канстанціна Жданава, здзяйсняліся памінальныя богаслужэнні. 20 жніўня 2008 года труна з мошчамі свяшчэннамучаніка Канстанціна была паднята з царкоўнага склепа. Мошчы перакладзены ў новую труну і змешчаны ва Уваскрасенскім храме горада Дзісны.

У 2009 годзе рашэннем Сінода Беларускай Праваслаў­най Царквы матэрыялы аб праведным жыцці і мучаніцкай канчыне іерэя Канстанціна Жданава былі накіраваны ў Сінадальную камісію па кананізацыі святых Рускай Праваслаўнай Царквы. А 3 чэрвеня 2011 года адбылося царкоўнае праслаўленне іерэя Канстанціна ў ліку мясцовашанаваных святых Полацкай епархіі. Памяць свяшчэннамучаніка Канстанціна, прасвітара Шаркаўшчынскага, адзначаецца 29 красавіка, у дзень яго праведнай канчыны, 3 чэрвеня, у дзень яго праслаўлення, а таксама ў Саборы навамучанікаў і вызнаўцаў зямлі Беларускай.

Трапар і кандак свяшчэннамучаніку Канстанціну Шаркаўшчынскаму

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.