Прападобны Генадзій Магілёўскі, цудатворац

Памяць 5 лютага

Прападобны Генадзій МагілёўскіСвяты прападобны Генадзій нарадзіўся ў пачатку XVI стагоддзя ў горадзе Магілёве. Быў адзіным сынам у заможнай сям’і “вялікага пана” Івана і яго жонкі Алены. Яшчэ ў дзяцінстве Грыгорый (імя прападобнага пры хрышчэнні) вызначаўся богабаязнасцю, любоўю да храма, з радасцю наведваў царкоўныя богаслужэнні, спяваў на клірасе. У юнацтве ён часта і надоўга пакідаў бацькоўскі дом, каб «на крыле царкоўным жывучы, дзень і ноч маліцца Богу». Бацькі баяліся страціць адзінага сына – сваю апору ў старасці, дакаралі яго за раўнадушша да высокага стану, жадалі яму багацця і зямнога шчасця.

Аднак Грыгорый цвёрда вырашыў прысвяціць сваё жыццё служэнню Богу і людзям у манашаскім чыне. Пакінуўшы бацькоўскі дом, вандраваў ён па землях Вялікага княства Літоўскага, церпячы ад голаду, холаду і злых людзей. Неўзабаве дайшоў ён да Масквы, дзе сустрэўся з юнаком Фёдарам; разам яны пачалі шукаць месца для манашаскага пострыгу. Пабываўшы ў Ноўгарадзе, накіраваліся яны ў Свірскі Троіцкі манастыр, аднак прападобны старац Аляксандр Свірскі не пакінуў Грыгорыя ў абіцелі з-за яго маладосці, а накіраваў да прападобнага Карнілія Комельскага, у Валагодскія лясы. Празарлівы старац прыняў Грыгорыя ў Комельскую Увядзенскую абіцель і праз нейкі час пастрыг у манашаскі сан з імем Генадзій. Жывучы ў манастыры, інак выпрабоўваў сябе пастом і цяжкай фізічнай працай, “служыў у поварні, пякарні”, выконваў іншыя паслушанні.

У 1528 годзе старац Карнілій разам з Генадзіем, узяўшы з сабой “мала ад браціі”, аддаліліся на Сурское возера, каб маліцца ў “адзіноце і цішыні”. Штодзённыя малітвы, трыванне і пост суправаджаліся цяжкай фізічнай працай па высяканні лесу, капанні сажалак з мэтай асушэння балоцістай мясцовасці. Так у бязлюдным дзікім месцы ўзнік Праабражэнскі манастыр, які пазней сталі называць Спаса-Генадзіевым. Падзвіжніцкае і мірнае жыццё прыцягвала і іншых да супольнага манаства пад ігуменствам прападобнага Карнілія.

Але ў 1529 годзе па просьбе маскоўскага князя старац Карнілій вярнуўся ў ранейшы Комельскі Увядзенскі манастыр, пакінуўшы прападобнаму Генадзію запавет далей мудра кіраваць манастырскім жыццём і ўзвесці царкву ў гонар Праабражэння Гасподняга. Запавет неўзабаве быў выкананы, у манастыры быў пабудаваны драўляны Спаса-Праабражэнскі храм, крыху пазней быў узведзены яшчэ адзін – у імя прападобнага Сергія Раданежскага. Ктытарамі абіцелі сталі вялікі князь Васілій III і яго жонка, якая ахвяравала “святыя іконы, рызы і іншае неабходнае для службы царкоўнай”. Святы Генадзій з любоўю і руплівасцю клапаціўся пра ўладкаванне цэркваў, з асаблівай стараннасцю займаўся пісаннем ікон. Адначасова нараўне з іншымі інакамі працаваў у поварні, калоў дровы, капаў калодзежы, выпякаў прасфоры. Прападобны Генадзій карыстаўся аўтарытэтам як настаяцель і настаўнік інакаў, яго паважалі за строгасць жыцця, глыбокую набожнасцю, гарачую любоў да Госпада і бліжніх. Ён нястомна накіроўваў брацію на ўзрастанне ў духу, сам падаючы прыклад малітоўнасці, посніцтва і зміранасці. Святы насіў на целе жалезныя вярыгі – “крыжы жалезныя, цяжкія ланцугі”. Не забываў ён і простых пасялян, наведваючы дамы іх, заклікаў жыць у страху Божым і спадзявацца на Яго міласэрнасць.

Прападобны Генадзій атрымаў ад Бога дар празарлівасці і ацалення хворых. Так, знаходзячыся ў Маскве, ён прадказаў баярыні Анастасіі Раманавай, што яна будзе царыцай, што і спраўдзілася ў 1547 г. Па малітвах святога Генадзія каля 1559 года атрымаў ад Госпада ацаленне епіскап Валагодскі і Вялікапермскі Кіпрыян.

Спачыў прападобны Генадзій 23 студзеня (ст.ст.) 1565 года і быў пахаваны паслядоўнікамі і вучнямі ў манастырскім Спаса-Праабражэнскім саборы. Перад спачынам прападобны прадыктаваў насельнікам духоўны “Наказ і павучанне”, якія не страцілі каштоўнасці і для сучаснага чалавека: «Спрэчак брат з братам не заводзьце, імкніцеся да святла, а цемры сцеражыцеся. Непрыстойна вам варагаваць паміж сабою, бо хто варагуе і зласловіць, той Царства Нябеснага не ўнаследуе… Да чужой маёмасці не дакранайцеся і нічога не бярыце, бо збіранне ўласнай маёмасці вялікую шкоду прычыняе манаху, а душу вядзе да агню нязгаснага і мукаў вечных. Дык вы, дзеці мае, такога зла і бяздумнасці сцеражыцеся і іншым людзям нагадвайце гэтыя нашы словы».

Пасля праведнага спачыну прападобны стаў ушаноўвацца як мясцовашанаваны святы, яго мошчы, якія знаходзіліся пад спудам манастырскага сабора, сталі галоўнай святыняй абіцелі. У 1644 годзе, калі разбіралі драўляны Спаса-Праабражэнскі храм для ўзвядзення на тым месцы новага мураванага, былі аднойдзены нятленныя мошчы святога Генадзія. У “Аповесці аб аднойдзенні мошчаў” (канец 40-х гадоў XVII ст.) апісаны цуды, што здарыліся пры гэтай падзеі. 19 жніўня 1646 г. па благаславенню патрыярха Іосіфа адбылося царкоўнае праслаўленне прападобнага Генадзія, пасля чаго пачалося яго агульнацаркоўнае ўшанаванне.

Пасля асвячэння мураванага Праабражэнскага сабора раку з мошчамі святога ўнеслі ў храм і ўстанавілі ў Благавешчанскім прыдзеле. У XVIII стагоддзі мошчы знаходзіліся пад спудам храма, у спецыяльна ўсталяванай пячорнай царкве. У пачатку ХIX стагоддзя над месцам пахавання ўстанавілі срэбную раку, вырабленую на сродкі жыхароў горада Любіма Яраслаўскай губерні. На рацы размяшчалася старажытная ікона святога ў дарагім акладзе. У манастыры захоўваліся рэліквіі, які паводле падання належалі святому.

Жыціе прападобнага Генадзія складзена яго вучнем ігуменам Аляксіем, яно ўключае апісанне 19 прыжыццёвых і пасмяротных цудаў святога. У 1680-я гады складзена служба прападобнаму. Яшчэ ў сярэдзіне XVII стагоддзя ў Кастрамскім крамлі быў узведзены храм, асвячоны ў гонар прападобнага Генадзія, аднак ён пацярпеў у час пажару 1773 г. і больш не аднаўляўся. У 1805 годзе ў Спаса-Генадзіевым манастыры ў імя прападобнага быў асвячоны прыдзел цёплага храма, які прымыкаў да Спаса-Праабражэнскага сабора. У XVIII–ХХ стагоддзях Генадзій быў адным з найбольш шанаваных святых Кастрамской і Яраслаўскай губерняў. У Беларусі рупліўцам памяці прападобнага Генадзія быў вядомы гісторык і педагог Еўдакім Раманаў (1855-1922). Па яго ініцыятыве іконы прападобнага былі напісаны для кафедральных сабораў Вільні, Магілёва і Гомеля.

У 1919 годзе Спаса-Генадзіеў манастыр быў закрыты распараджэннем савецкіх улад, а сабор дзейнічаў як прыходскі храм да 1928 года. У 1920 годзе ў саборы адбылося публічнае ўскрыццё мошчаў святога, пасля чаго іх перавезлі ў Яраслаўскі губернскі музей. Далейшы лёс іх невядомы. У 1964 годзе цёплая царква з прыдзелам у імя прп. Генадзія разабрана для патрэб мясцовым калгасам.

Ушанаванне святога Генадзія працягвалася і ў савецкі час. У 1948 годзе ў Іаана-Залатавустаўскім кафедральным саборы Кастрамы левы прыдзел быў пераасвячоны ў імя прападобнага. У 1995 годзе пачалося адраджэнне Кастрамскога Спаса-Генадзіева манастыра. Праз пяць гадоў манастырская брація адслужыла першую літургію ў пабудаванай драўлянай царкве ў гонар пра падобнага, якую ўзвялі каля паўразбуранага Праабражэнскага сабора. Побач знаходзіцца калодзеж, выкапаны, паводле падання, самім Генадзіем. Імя прападобнага Генадзія ўключана ў Саборы Кастрамскіх (5.02), Растова-Яраслаўскіх (5.06) і Беларускіх святых (трэці тыдзень па Пяцідзесятніцы). У Беларусі прыходскі храм у імя святога Генадзія асвячоны ў вёсцы Ваўкавічы Чавускага раёна Магілёўскай епархіі.

Трапар і кандак прападобнаму Генадзію Магілёўскаму

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.