Святая блажэнная Валянціна Мінская

Блажэнная Валянціна Мінская

Памяць 6 лютага

Нарадзілася блажэнная 7 красавіка 1888 года ў сям’і свяшчэнніка, настаяцеля Свята-Мікалаеўскага храма сяла Станькава Мінскага павета протаіерэя Фёдара Чарняўскага. Маці Валянціны, Соф’я Пятроўна, таксама паходзіла са святарскай сям’і, якая мела сваяцтва са старажытным праваслаўным родам князёў Свірскіх.


Атрымаўшы хрысціянскае выхаванне і адукацыю ў Мінскім жаночым духоўным вучылішчы, Валянціна рыхтавала сябе да педагагічна-асветніцкай дзейнасці. Аднак Першая сусветная вайна і рэвалюцыя парушылі мірны ход жыцця. У хуткім часе шквал ганенняў абрынуўся на Царкву, закрануўшы сем’і свяшчэннаслужыцеляў і актыўных вернікаў. Святарскія сем’і абкладаліся непасільным падаткам, іх пазбаўлялі харчовых картак, жылля, дзяцей прымушалі публічна адракацца ад веры і сваіх бацькоў. У пачатку 1930-х гадоў муж Валянціны Фёдар Сулкоўскі, чыноўнік ваеннага ведамства, быў арыштаваны і сасланы ў лагер, дзе і загінуў у 1933 годзе. Мучаніцкую смерць ад бязбожнай улады прынялі і мужы Ксеніі і Анны, родных сясцёр Валянціны. Муж Ксеніі, протаіерэй Фёдар Радакоўскі, расстраляны ў 1933 годзе, быў праслаўлены Беларускай Праваслаўнай Царквой як свяшчэннамучанік. Муж Анны, протаіерэй Васілій Сцяпура, арыштаваны ў 1933 годзе, прапаў у Казахстанскай высылцы.

Цяжкія жыццёвыя абставіны, перажытыя Валянцінай з вялікім душэўным болем, сталі гарнілам выпрабаванняў, у якім яна ўмацоўвалася духам. У пачатку 1930-х гадоў Валянціна аказалася прыкаванай да ложка цяжкай цялеснай немаччу. Пасля смерці ў 1937 годзе маці – Сафіі Чарняўскай, яна засталася адна. К таму часу былі закрыты ўсе цэрквы Мінскай епархіі, замерла царкоўнае жыццё. І вось у гэтых цяжкіх абставінах Гасподзь зрабіў блажэнную Валянціну Сваёю выбранніцай, каб несці асаблівы малітоўны подзвіг і сведчыць, што «сіла Божая ў немачы здзяйсняецца» (2 Кар. 12, 9). Цялесная немач была ўспрынята ёю як заклік Госпада выконваць апостальскае настаўленне: «…тварыць малітвы, прашэнні, маленні, падзякі за ўсіх чалавекаў…» (1 Цім. 2, 1). Блажэнная Валянціна была адной з тых нямногіх, хто ў суровыя часы атэізму застаўся верным Хрысту і Яго Царкве. У цяжкія часы агульнага бязвер’я, калі Царкву гналі і храмы разбуралі, яна захоўвала ў?сваёй душы неацэнны скарб веры, памнажала яго, перадаючы людзям і?запальваючы іх сэрцы любоўю Божай. Разам з асаблівым дарам малітвы Гасподзь дараваў ёй здольнасць прадбачыць і духоўна выпраўляць людзей, а таксама ацаляць іх цялесныя хваробы.

Да ляжачай старыцы неслі хворых дзяцей, прасілі памаліцца, прыходзілі за жыццёвымі і духоўнымі парадамі. Сваім прасветленым унутраным зрокам святая бачыла свет з духоўнага, нябачнага для большасці людзей боку — духам празірала жыццё людзей, не пытаючыся, хто і дзеля чаго прыйшоў, давала адказы на затоеныя пытанні. Гэтым яна сцвярджала ў людзях веру ў Госпада і Промысел Божы адносна кожнага чалавека. Матушка Валянціна суцяшала гаротных, разгубленых у жыццёвых абставінах, па яе малітвах Гасподзь вяртаў здароўе хворым людзям.

Блажэнная Валянціна была не толькі зміранай малітоўніцай, але нярэдка і праведнай выкрывальніцай. Нярэдка пад поглядам яе вачэй людзі ўсведамлялі сваю грахоўнасць і станавіліся на шлях пакаяння.

Больш за трыццаць год праляжала блажэнная Валянціна ў цялеснай немачы. Гасподзь не пакінуў яе ў бядзе, паслаўшы добрых людзей, якія дапамагалі ёй пераадольваць жыццёвыя нягоды. 6 лютага 1966 года блажэнная Валянціна прадстала перад Госпадам, прычасціўшыся перад тым Святых Хрыстовых Тайнаў. Пахавалі яе на вясковых могілках вёскі Крысава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. І пасля спачыну святая не пакідала сваім заступніцтвам тых, хто прыходзіў да яе сціплай магілкі, якая стала для многіх месцам паломніцтва і гарачай малітвы…

6 лютага 2006 года, роўна праз сорак гадоў пасля спачыну, у Мінскім Свята-Духавым саборы адбыўся чын царкоўнага праслаўлення святой Валянціны Мінскай і далучэнне яе да Сабору Беларускіх Святых. Іконы святой маюцца ва ўсіх храмах Мінскай епархіі, а таксама і па ўсёй Беларусі.

 

Трапар і кандак блажэннай Валянціне Мінскай

 

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.