Свяціцель Лаўрэнцій, пустэльнік Пячэрскі, епіскап Тураўскі

Свяціцель Лаўрэнцій, пустэльнік Пячэрскі, епіскап ТураўскіПамяць11 лютага
 

Пра жыццё і подзвіг свяціцеля Лаўрэнція захавалася няшмат звестак. Мяркуюць, што святы нарадзіўся ў горадзе Тураве ў 30-я гады XII стагоддзя. Верагодна, што ў адным з тураўскіх манастыроў ён пачаў сваё манашаскае служэнне. Праз некаторы час, імкнучыся да большых подзвігаў і строгага жыцця, святы Лаўрэнцій накіраваўся ў Кіеўскія пячоры. Памятаючы словы Спасіцеля: «Калі молішся, зайдзі ў пакой твой і, зачыніўшы дзверы твае, памаліся Айцу твайму, Які ў тайне; і Айцец твой, Які бачыць тайнае, аддасць табе яўна» (Мф. 6, 6), Лаўрэнцій вырашыў прыняць подзвіг затворніцтва, жыць у адзіноце, поўнасцю аддаючыся малітве. Аднак ігумен манастыра не дазволіў гэтага з прычыны маладосці і нявопытнасці інака.

Лаўрэнцій усё ж не адмовіўся ад сваіх намераў і, памаліўшыся, накіраваўся ў манастыр святога велікамучаніка Дзімітрыя Салунскага, непадалёк ад Кіеўскіх пячораў. Дзімітрыеўскі манастыр, заснаваны вялікім князем Ізяславам-Дзімітрыем, з 1128 года быў падначалены Пячэрскаму архімандрыту. Там Лаўрэнцій жыў у затворніцтве, прызначыўшы сабе самы строгі рэжым, «умярцвяючы ўсе страсці малітвай і ўстрыманнем». Дзякуючы малітоўнаму подзвігу ды Божай міласці, святы Лаўрэнцій атрымаў дар ацаляць людзей ад цялесных і душэўных хвароб. З часам ён шырока праславіўся сваёй здольнасцю ацаляць хворых і выганяць бесаў.

Аднойчы прывялі да Лаўрэнція чалавека, апанаванага нячыстым. Доўгі час беснаваты знаходзіўся пры манаху, але не мог пазбавіцца ад наслання. Прападобны павёў няшчаснага ў Кіева-Пячэрскі манастыр шукаць там для яго збаўлення ад немачы. Моцна шалеў хворы па дарозе да манастыра, баяўся наблізіцца да святой абіцелі, дзе бесперапынна працягвалася малітва. Аднак увайшоўшы ў абіцель ды ўкленчыўшы перад Кіева-Пячэрскай іконай Божае Маці, ён цалкам пазбавіўся апантанасці.

Неўзабаве прападобны Лаўрэнцій скончыў дабрадзейнае служэнне ў Дзімітрыеўскай абіцелі і зноў вярнуўся ў Кіева-Пячэрскі манастыр. Глыбокая вера манаха Лаўрэнція і яго адданасць Царкве сталі прычынай пасвячэння яго ў епіскапскі сан. У 1184 годзе Кіеўскі мітрапаліт прызначыў Лаўрэнція епіскапам на Тураўскую кафедру, дзе ён стаў пераемнікам свяціцеля Кірыла Тураўскага – «Залатавуста, які ярчэй за ўсіх заззяў на Русі» (†1183). Уладыка Лаўрэнцій займаў Тураўскую кафедру да 1194 года. На жаль, аб яго прабыванні ў Тураве гістарычных звестак не захавалася. У жыціі згадваецца толькі факт прысутнасці святога Лаўрэнція ў сане епіскапа на пасвячэнні 23 лютага 1184 года «папа Васілія са Шчакавіцы» ў ігумена Пячэрскага. Магчыма, што Лаўрэнцій быў запрошаны ў якасці суддзі, як былы насельнік гэтай абіцелі.

Верагодна, што спачыў святы Лаўрэнцій 29 студзеня (ст. ст.) у Дзімітрыўскай абіцелі, а пазней яго мошчы былі перанесены ў Антоніеву пячору Кіева-Пячэрскага манастыра. Зыходзячы з ранняга часу напісання жыція, можна меркаваць, што святы мясцова ўшаноўваўся ўжо неўзабаве пасля свайго праведнага спачыну. У рукапісных святцах XVII стагоддзя сярод святых Бліжніх пячораў Кіева-Пячэрскай лаўры першым названы «святы Лаўрэнцій, епіскап Тураўскі – «падзвіжнік, які ацаляў хворых і прынудзіў беса вызнаваць сілу Пячэрскага манастыра». Памяць пра святога жыве ў Царкве і народзе Божым і сёння. Ён ушаноўваецца ў Саборы Кіева-Пячэрскіх святых (11 кастрычніка). У гонар свяціцеля Лаўрэнція асвячоны прыдзел у Свята-Міхайлаўскім саборы горада Мазыра, а ў 2007 годзе ў Тураве зарэгістравана абшчына, сіламі якой узводзіцца кафедральны сабор у гонар Кірыла і Лаўрэнція, епіскапаў Тураўскіх.

Трапар і кандак свяціцелю Лаўрэнцію Тураўскаму

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.