Свяціцель Сімяон, епіскап Полацкі

Свяціцель Сімяон, епіскап ПолацкіПамяць 16 лютага
 

Свяціцель Сімяон — сёмы з вядомых нам полацкіх епіскапаў. Дакладная дата нараджэння, як і многія іншыя даты з жыцця гэтага ўгодніка Божага, нам невядомы. Верагодна, што нарадзіўся ён у горадзе Полацку ў 20-я гады XIII стагоддзя. Ранні перыяд жыцця, дзяцінства і юнацтва, на жаль, таксама схаваны ад нас за смугой сівой даўніны.

Толькі асобныя факты з жыцця свяціцеля дайшлі да нашага часу. Вядома, што паходжання ён быў знатнага, належаў да дынастыі полацкіх князёў. У дзяцінстве атрымаў добрую адукацыю і быў выхаваны ў духу хрысціянскай дабрадзейнасці, у любові да кніжнай навукі і працалюбнасці. Не дзіўна, што хутка набожны юнак пажадаў аддаліцца ад мітусні свету і па благаславенні Полацкага епіскапа Аляксія прыняў пострыг у адным з полацкіх манастыроў. Верагодна, пазней ён падвізаўся ў Кіеўскіх пячорах, адкуль вышлі многія царкоўныя іерархі.

Калі, дзе і пры якіх абставінах Сімяон быў рукапаложаны ў свяціцельскі сан, гістарычных сведчанняў пакуль не знойдзена. Вядома толькі, што на Полацкую кафедру ён быў пастаўлены не раней за 1260 год. Пра дзейнасць епіскапа Сімяона ў той час даволі красамоўна сведчаць дзве гістарычныя крыніцы. Першая з іх — грамата, з якой вынікае, што ўладыка Сімяон быў заснавальнікам Мікалаеўскага манастыра на Лучне за Полацкам (абіцель праіснавала да XVI ст.). На падставе гэтай граматы можна меркаваць, што свяціцель клапаціўся пра храмабудаўніцтва і заснаванне манастыроў у родным Полацкім краі.

Другі дакумент — «Сімяона епіскапа Цвярскога наказ» — вельмі яскрава характарызуе душэўны склад самога ўгодніка Божага. У «Наказе» распавядаецца пра такі выпадак. Аднойчы Полацкі князь Канстанцін, празваны Бязрукім, сабраў у сваіх палатах усю знаць і наладзіў бяседу. Сярод запрошаных быў і свяціцель Сімяон. Жадаючы выдзеліцца перад уладыкам сваёй праведнасцю і справядлівасцю, князь стаў дакараць і выкрываць у несумленнасці прысутнага там гарадскога суддзю. У канцы ён спытаў у духоўнага айца: «Дзе будзе суддзя на тым свеце?» — «Там жа, дзе і князь!» — быў адказ епіскапа. — «Але ж суддзя, — запярэчыў Канстанцін, — творыць няправедны суд, бярэ хабар, людзей прадае, мучыць і ліхадзейнічае; пры чым жа тут я?». На гэта мудры архіпастыр адказаў: «Калі князь добры, богабаязны, людзей мілуе, праўду любіць — тады і суддзю прызначае добрага і богабаязнага, які мае ў сабе Божы страх, творыць суд і жыве паводле Божага закону. Тады і князь, і суддзя ў раі будуць. Калі ж князь Божага страху не мае, не любіць хрысціян, не мілуе сірот, не шкадуе ўдоў — тады прызначае ён і суддзю злога, які не баіцца Бога, творыць няправедны суд, клапоціцца толькі пра тое, як князю тавар здабываць, а людзей не беражэ. Такі князь нібы на людзей напускае вар’ята, даўшы яму меч, бо надзяляе ўладай чалавека злога і тым самым губіць людзей. Таму князь з суддзёй будуць у пекле».
З гэтага дыялогу відаць, якім шчырым клопатам пра сваю паству і непрымірымымі адносінамі да заганаў «моцных гэтага свету» адзначаўся свяціцель Сімяон. Тэкст сведчыць пра глыбіню і смеласць яго прапаведніцкага слова, пра шчырасць і адкрытасць нораву. «Наказ» пазней быў уключаны ў склад зборніка «Мярыла праведнае», які ў старажытнай Русі меў юрыдычна-прававы статус.

Аднак знаходжанне ўладыкі ў Полацку было не вельмі працяглым. Смуты і народныя хваляванні таго часу, гібель пляменніка, полацкага князя Таўцівіла, прымусілі свяціцеля пакінуць родную зямлю і перасяліцца ў Цвер, якая ў той час уваходзіла ў склад Полацкай епархіі. Там яго з радасцю і любоўю прыняў мясцовы князь Яраслаў Яраславіч, брат дабравернага князя Аляксандра Неўскага. Сімяон стаў першым епіскапам новастворанай Цвярской кафедры, якую князь шчодра надзяліў землямі і іншай маёмасцю.

Святы Сімяон быў сапраўдным пастырам свайго статку. Ён быў міласцівы да пакрыўджаных і гаротных, уважлівы да інацкага і святарскага чыну. Адначасова ўладыка выкарыстоўваў усе магчымасці, каб адстойваць праўду і справядлівасць. Падчас архіпастырскага служэння Сімяона, а дакладна ў 1286 годзе, у Цвяры быў закладзены велічны Спаса-Праабражэнскі сабор, першы белакаменны сабор на ўсёй Русі, узведзены пасля мангола-татарскага нашэсця (у 1935 годзе ён быў ўзарваны; з 1992 года існуюць планы яго аднаўлення).
Прадчуваючы блізкую канчыну і ўжо не спадзеючыся ўбачыць завяршэнне будаўніцтва, епіскап-старац асвяціў саборны Увядзенскі прыдзел, каб мець магчымасць праводзіць там богаслужэнні.

Свяціцель мірна спачыў у дзень памяці свайго нябеснага апекуна — святога праведнага Сімяона Богапрыімца ў 1289 годзе і быў пахаваны ў тым жа Спаса-Праабражэнскім храме. Да сённяшняга дня захавалася толькі невялікая часціца мошчаў свяціцеля Сімяона. Яна захоўваецца ў цвярскім гарадскім саборы. Іконам святога можна пакланіцца ў храмах Полацка, Мінска, Заслаўя.

Трапар і кандак свяціцелю Сімяону, еп. Полацкаму

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.