Свяціцель Георгій, архіепіскап Магілёўскі і Беларускі

Свяціцель Георгій, архіепіскап Магілёўскі і БеларускіПамяць 26 лютага і 6 жніўня

 

Архіепіскап Георгій паходзіў са старажытнага набожнага роду ўкраінскіх дваран. Нарадзіўся ў горадзе Нежыне на Чарнігаўшчыне 20 лістапада (3 снежня) 1717 года і ў хрышчэнні быў названы Грыгорыем. Ва ўзросце 11 гадоў будучы свяціцель паступіў у знакамітую Кіева-Магілянскую акадэмію, поўны курс якой скончыў «з асабліваю пахвалою». Ён валодаў выключнымі здольнасцямі і нястомнай працаздольнасцю, паказваў выдатныя здольнасці ў багаслоўі і філасофіі, дасканала валодаў лацінскай, польскай, грэчаскай, старажытнаяўрэйскай і нямецкай мовамі. У 27 гадоў малады вучоны прымае рашэнне прыняць манашаскае званне.

Пострыг з імем Георгій адбыўся ў Кіева-Пячэрскай лаўры ў 1744 годзе. За асаблівы дар прапаведніцтва ўжо праз год Георгій быў прызначаны выкладчыкам красамоўства, а затым прафесарам філасофіі і багаслоўя. На гэтых пасадах ён праявіў сябе як таленавіны вучоны-педагог і адміністратар. З 1752 года ён прызначаны рэктарам Магілянскай акадэміі з узвядзеннем у сан архімандрыта Кіева-Брацкага вучылішчнага манастыра.

Служэнне Георгія Каніскага на педагагічнай ніве было надзвычай паспяховым. Але пасля спачыну Магілёўскага епіскапа Іераніма Ваўчанскага ён даў сваю згоду заняць Беларускую кафедру. Гэта быў самаахвярны крок, бо той час, другая палова XVIII стагоддзя, быў найцяжэйшым для праваслаўных беларусаў. На тэрыторыі Рэчы Паспалітай заставалася толькі адна праваслаўная епархія з цэнтрам у Магілёве. У афіцыйных колах Рэчы Паспалітай ужо абмяркоўвалася пытанне пра ліквідацыю і гэтай епархіі і далучэнне паствы да уніяцкай Полацкай епархіі. Аднак кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст III павінен быў выконваць падпісаныя ім умовы «Вечнага міру» 1686 года, якія гарантавалі абарону правоў праваслаўных. Дзякуючы гэтай акалічнасці Магілёўская епархія засталася праваслаўнай.

20 жніўня 1755 г. адбылася хіратонія архімандрыта Георгія ў епіскапскі сан з прызначэннем на Магілёўскую кафедру. Калі ён прыбыў у свой кафедральны горад, то нават радасная і ўрачыстая сустрэча, якую наладзіла магілёўская паства, не схавала ад вачэй свяціцеля жахлівага заняпаду, выкліканага доўгімі гадамі прыгнёту і ганенняў на Праваслаўе. Аднак змрочная рэчаіснасць не напалохала епіскапа. З гэтага часу ён стаў абаронцам Праваслаўя не толькі ў сваёй епархіі, але і ва ўсёй Рэчы Паспалітай. У гэтым свяціцелю дапамагалі цвёрдая волю, энергічны характар, глыбокае веданне польскай і беларуска-літоўскай гісторыі, грамадзянскага права і судовай справы.

Адраджэнне царкоўнага жыцця свяціцель Георгій пачаў з рэлігійна-маральнага выхавання і адукацыі духавенства і народа. У 1757 годзе ён ініцыяваў заснаванне пры Магілёўскім Мікольскім манастыры друкарні, у якой двойчы перавыдаў скарочаны «Катэхізіс» архіепіскапа Феафана Пракаповіча ва ўласным перакладзе “на рускі дыялект” і распаўсюдзіў яго сярод простага народу. У дапамогу святарству з друкарні выйшаў перакладзены свяціцелем «Зборнік павучальных слоў» (1786).

Пры Магілёўскім Спаскім манастыры ўладыка Георгій заснаваў школьныя класы, пераўтвораныя ў 1759 годзе ў духоўную семінарыю. Пазней свяціцель садзейнічаў адкрыццю духоўных вучылішчаў у Магілёве, Гомелі, Быхаве, Чачэрску, Рагачове, Оршы, Мсціславе. Клапаціўся ён і пра пра будаўніцтва новых храмаў, пры ім быў асвячоны кафедральны Спаса-Праабражэнскі сабор у Магілёве (1762), там жа ўзведзены будынкі духоўнай кансісторыі і духоўнай семінарыі.

Епіскап Георгій рашуча змагаўся за правы праваслаўных вернікаў у Рэчы Паспалітай. Ён склаў і падаў каралю «Мемарыял аб крыўдах праваслаўным», у якім прывёў спіс каля 200 цэркваў, забраных уніятамі і католікамі. Трывогу за лёс Праваслаўя ў Польшчы ён выказаў, будучы на каранацыі імператрыцы Екацярыны II у Маскве (1762), а таксама ў Варшаве, падчас аўдыенцыі ў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1765). Свяціцель Георгій прымаў удзел у пасяджэннях сейма Рэчы Паспалітай, распрацоўваў артыкулы пра становішча праваслаўных, спрыяў выпрацоўцы «Вечнага трактату» 1768 года, які дэклараваў праваслаўным правы, роўныя з католікамі.

Актыўнасць свяціцеля Георгія не магла не выклікаць раздражнення і нянавісці з боку праціўнікаў. У 1759 і 1760 гадах былі зроблены замахі на яго жыццё. У 1768 годзе, калі зноў узмацніўся пераслед праваслаўных, епіскап вымушаны быў выехаць у Смаленск і знаходзіцца ў выгнанні да 1772 года, падтрымліваючы актыўную сувязь са сваёй паствай праз ліставанне і настаўленні. У той час разам са Смаленскім епіскапам Парфеніем ён склаў дапаможнік пад назвай «Аб абавязках прасвітараў прыходскіх» (1776).

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай епіскап вярнуўся на Магілёўскую кафедру. У склад епархіі ўвайшлі далучаныя да Расіі землі Беларусі з Магілёвам, Оршай, Мсціславам і Рагачовам. У 1783 годзе Георгій узведзены ў сан архіепіскапа і ўведзены ў склад Свяцейшага Сінода Расійскай Праваслаўнай Царквы. Карыстаючыся новымі магчымасцямі, свяціцель актыўна выступаў за вяртанне ўніятаў у лона Праваслаўя. Яго намаганнямі ў Слуцку была створана епіскапская кафедра, якая дала пачатак Мінскай епархіі. Адначасова архіепіскап Георгій працягваў клапаціцца пра ўладкаванне спраў Магілёўскай епархіі. У 1780 г. згодна з яго распараджэннем быў узведзены новы будынак Магілёўскай духоўнай семінарыі, закладзены новы сабор у гонар святога Іосіфа Абручніка.

Свяціцель Георгій удала спалучаў архіпастырскую дзейнасць з творчымі заняткамі, быў шырока вядомы як філосаф, літаратар, гісторык і публіцыст. У 1751 годзе ён склаў для Кіева-Магілянскай акадэміі першы сістэматычны курс багаслоўя, надрукаваў два курсы акадэмічных лекцый па філасофіі (1747; 1749), паэтыцы (1746), напісаў драму «Уваскрасенне мёртвых». За сваё жыццё свяціцель Георгій сабраў вялікую бібліятэку кніг і рукапісаў, адкрыў некалькі школ, шпіталяў і прытулкаў для бедных, клапаціўся пра калек, удоў і сірот.

Свяціцель Георгій спачыў 26 лютага (н. ст.) 1795 года і быў пахаваны ў асвячоным ім Спаса-Праабражэнскім саборы Магілёва . Над яго магілай была змешчана медная дошка з эпітафіяй, складзенай самім свяціцелем перад смерцю. Незадоўга да свайго спачыну архіпастыр склаў запавет, у якім выклаў свае погляды на царкоўнае добраўладкаванне, манашаства, семінарыю, справы епархіі, богаслужэнне, клір, паству і дабрачыннасць. Асабістыя сродкі свяціцель пакінуў для раздачы міласціны і ахвяраванняў у храмах Магілёва.

Памяць свяціцеля Георгія пачалі ўшаноўваць амаль адразу пасля яго спачыну. Распараджэннем епіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага Сцяфана (Архангельскага) ў 1904 годзе ў Магілёўскай епархіі было ўстаноўлена ўрачыстае заўпакойнае памінанне архіепіскапа. У 1993 годзе паводле рашэння Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы архіепіскап Георгій быў праслаўлены і далучаны да Сабору Беларускіх святых. Святкаванне царкоўнай памяці свяціцеля адбываецца 13 / 26 лютага — у дзень яго праведнага спачыну, і 24 ліпеня / 6 жніўня — у дзень яго праслаўлення. Хрысцільны храм у імя свяціцеля Георгія дзейнічае пры Трохсвяціцельскім кафедральным саборы Магілёва.

Трапар і кандак свяціцелю Георгію Магілёўскаму

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.