Свяшчэннамучанік Іаан (Пашын), епіскап Рыльскі

Свяшчэннамучанік Іаан РыльскіПамяць 11 сакавіка

Свяшчэннамучанік Іаан нарадзіўся 8 мая 1881 года ў старажытным мястэчку Петрыкаў Мазырскага павета ў сям’і свяшчэнніка Дзімітрыя Пашына. Дзед па лініі маці, протаіерэй Васілій Завітневіч, служыў настаяцелем Скрыгалаўскай царквы таго ж Мазырскага павета. У Скрыгалаве, пад апекай дзеда, выхоўваўся малалетні Іаан пасля заўчаснай смерці бацькі.
Іаан скончыў у 1901 годзе Мінскую духоўную семінарыю, пасля чаго быў пасвячоны ў прасвітара і прызначаны другім свяшчэннікам ў Пакроўскую царкву сяла Князь-Возера Мазырскага павета (цяпер в. Чырвонае Возера Салігорскага р-на Мінскай вобл.). Згодна з прашэннем, з 1903 года служыў у сяле Скрыгалава, змяніўшы на пасадзе настаяцеля свайго дзеда.

Айцец Іаан ажыццявіў мару дзеда аб увекавечанні памяці свяшчэннамучаніка Макарыя I, мітрапаліта Кіеўскага, забітага на гэтым месцы татарамі ў 1497 годзе. У 1905 годзе ў Скрыгалаве былі ўзведзены капліца-помнік і  абеліск з іконай у гонар свяціцеля. У капліцы захоўваліся прывезеныя айцом Іаанам Пашыным з Кіева старажытная ікона і часцінка мошчаў свяшчэннамучаніка Макарыя. Руплівасцю настаяцеля таксама быў ўзведзены будынак Скрыгалаўскай жаночай царкоўна-прыходскай школы.

У 1909 годзе айцец Іаан быў накіраваны ў Свята-Георгіеўскую царкву вёскі Прылепы Мінскага павета, дзе здзяйсняў служэнне на працягу 13 гадоў. Пад яго акармленнем было некалькі вёсак, пяць царкоўна-прыходскіх школ, а таксама прыходскае Брацтва цвярозасці. Намаганнямі айца Іаана ў Прылепах было завершана будаўніцтва новага мураванага храма, асвячоны 21 жніўня 1916 года, ён велічна ўзвышаўся над усёй акругай. З 1909 па 1922 год вёў летапіс Георгіеўскага прыхода, які ўтрымлівае падрабязныя звесткі пра храм, пастырскае служэнне і жыццё прыхаджан. Епархіяльнае начальства характарызавала айца Іаана як аднаго з найлепшых свяшчэннаслужыцеляў епархіі, палымянага прапаведніка, клапатлівага пастыра. У 1916 годзе айцец Іаан ажыццявіў намер паступіць у Петраградскую духоўную акадэмію, вучоба ў якой, аднак, была перарвана ў 1917 годзе.

Рэвалюцыйныя падзеі кардынальна змянілі ход жыцця прыхода і лёс свяшчэнніка. У 1923 годзе мітрапаліт Мінскі і Тураўскі Мелхіседэк (Паеўскі) рукапалажыў Іаана, як удовага протаіерэя, у сан епіскапа Мазырска-Тураўскага вікарыяцтва. Уладыка пасяліўся ў старажытным мястэчку Петрыкаў, часта служыў, наведваў прыходы Мазыршчыны і Тураўшчыны. Асаблівую ўвагу надаваў дзецям і моладзі, у сваім доме наладзіў царкоўна-прыходскую школу, што выклікала рэзка адмоўную рэакцыю ўлад.

У сакавіку 1926 года ўладыка Іаан быў арыштаваны і абвінавачаны ў “агітацыі супраць савецкай улады і савецкай школы”. І хоць віна не была даказана, рашэннем спецыяльнай нарады пры АДПУ уладыка высланы з Петрыкава з пазбаўленнем права пражывання ў вялікіх гарадах. Епіскап Іаан пераехаў у Лоеў, адкуль працягваў кіраваць епархіяй. У верасні 1926 года яму было прад’яўлена новае абвінавачанне ў “нелегальным кіраванні епархіяй і распаўсюджанні контррэвалюцыйных чутак”, за што быў прыгаврораны да трох гадоў ссылкі ў Комі. У 1929 годзе пераведзены на вольнае пасяленне ў Курскую вобласць. Там ён прызначаны епіскапам Рыльскім, вікарыем правячага Курскага архіепіскапа Даміяна (Васкрасенскага).

У 1932 годзе ўладыку Іаана зноў арыштавалі і абвінавацілі ў прыналежнасці да неіснуючай “контррэвалюцыйнай царкоўна-манархічнай арганізацыі “Ревнители Церкви”. Па гэтай сфабрыкаванай справе праходзіла 413 чалавек. Епіскап Іаан перанёс жорсткія допыты, але вінаватым сябе не прызнаў і нікога не агаварыў. Нягледзячы на тое, што віна яго не была даказана, пастановай спецыяльнай нарады АДПУ ад 7 снежня 1932 года епіскап Іаан быў асуджаны на зняволенне ў лагерах тэрмінам на дзесяць гадоў. Быў этапаваны спачатку ў Сароўскі, затым Цёмнікаўскі, Ветлужскі, а ў 1933 годзе – ва Ухта-Пячорскі лагер Комі АССР. У пачатку 1938 года справа епіскапа Іаана зноў перагледжана і яму прад’яўлена чарговае абвінавачанне ў правядзенні “антысавецкай агітацыі сярод зняволеных”. Без суда, рашэннем лагернай тройкі УНКУС па Архангельскай вобласці 5 студзеня таго ж года ўладыка быў прысуджаны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 11 сакавіка 1938 года. Пахаваны ў невядомай агульнай магіле.

У 2000 годзе свяшчэннамучанік Іаан быў праслаўлены на Архіерэйскім юбілейным Саборы РПЦ у ліку навамучанікаў і вызнаўцаў Расійскіх, якія пацярпелі за веру Хрыстову ў ХХ стагоддзі. У 2004 годзе Святым Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы прынята рашэнне аб далучэнні свяшчэннамучаніка Іаана да Сабору Беларускіх святых. Ушаноўваецца і ў Саборы Курскіх святых.

Трапар і кандак свяшчэннамучаніку Іаану Рыльскаму

 

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.