Дабраверны вялікі князь Расціслаў Смаленскі

Дабраверны вялікі князь Расціслаў СмаленскіПамяць 27 сакавіка

Святы князь Расціслаў (у хрышчэнні Міхаіл) — адзін з відных дзяржаўных і царкоўных дзеячаў сярэдзіны ХII стагоддзя. Князь Смаленскі, вялікі князь Кіеўскі, ён яшчэ пры жыцці заслужыў аўтарытэт і павагу сярод народа, а за асаблівую багалюбнасць яго празвалі Набожным. У гісторыю князь увайшоў як дзяржаўны муж, заснавальнік самастойнага Смаленскага княства і дынастыі смаленскіх князёў, а таксама як міратворац, апякун і будаўнік храмаў і манастыроў. Паходзіў ён з сям’і вялікага князя Кіеўскага, святога Мсціслава Вялікага (†1132; памяць 15 / 28 красавіка), братам яго быў святы князь Усевалад (Гаўрыіл) (†1138; памяць 11 / 24 лютага, 22 красавіка / 5 мая і 27 лістапада / 10 снежня).

З імем князя Расціслава звязана ўмацаванне і ўзвышэнне горада Смаленска і Смаленскага княства, якое ўключала ў сябе ўсходнія раёны сучасных Віцебскай і Магілёўскай абласцей. Да ХII стагоддзя Смаленская зямля была часткай адзінай Кіеўскай дзяржавы. Пачатак яе палітычнай самастойнасці быў пакладзены ў 1125 годзе, калі святы князь Мсціслаў Вялікі, пераняўшы ад свайго бацькі Уладзіміра Манамаха кіеўскі велікакняжы пасад, аддаў Смаленск у трыманне свайму сыну Расціславу. Дзякуючы працы і подзвігам святога Расціслава Смаленскае княства, якім ён правіў больш за 40 гадоў, дасягнула значнага росквіту, уключала, сярод іншых, гарады Оршу, Копысь, Лучын. Святы Расціслаў заснаваў гарады Мсціслаў, Рослаў, Ізяслаў, Крычаў, Васільеў і іншыя. Смаленская зямля забудоўвалася гарадамі і сёламі, упрыгожвалася храмамі і манастырамі, рабілася ўсё больш уплывовай на агульнарускім абшары.

У 1136 годзе святы Расціслаў дамогся заснавання асобнай Смаленскай епархіі, якой былі падараваны вялікія ўладанні. Статут князя Расціслава аб наданні маёмасці епіскапіі згадвае воласці Смаленскага княства, размешчаныя на тэрыторыі сучаснай Беларусі – Копысь, Лучын, Басея, Мірачыцы, Вітрына, Прупой (Слаўгарад), Крэчут (Крычаў). У 1150 годзе святы Расціслаў пацвердзіў граматай, што Смаленскай кафедры перададзена Саборная гара ў Смаленску, на якой знаходзіўся кафедральны Успенскі сабор і іншыя епархіяльныя будынкі. Першым Смаленскім епіскапам стаў Мануіл, пастаўлены ў сакавіку-маі 1136 года мітрапалітам Кіеўскім Міхаілам.

Сучаснікі высока ацэньвалі царкоўнае будаўніцтва князя Расціслава, асабліва за тое, што «князь Святую Багародзіцу будаваў у Смаленску». Гэтыя словы варта разумець не толькі ў сэнсе перабудовы і пашырэння пры князю Расціславе Успенскага сабора, узведзенага яго дзедам Уладзімірам Манамахам у 1101 годзе (перабудаваны сабор быў асвячоны епіскапам Мануілам 15/28 жніўня 1150 г.). Князь Расціслаў быў будаўніком Царквы ў шырэйшым сэнсе: ён забяспечыў Смаленскі Успенскі храм матэрыяльна, ператварыўшы ягоз гарадскога сабора ў царкоўны цэнтр вялікай Смаленскай епархіі. Князь Расціслаў быў будаўніком Смаленскага крамля і Спаскага сабора Смядынскага Барыса–Глебскага манастыра, заснаванага на месцы забойства святога князя Глеба (†1015; памяць 5/18 верасня).

У 50-я гады ХII стагоддзя святы Расціслаў быў уцягнуты ў працяглую барацьбу за Кіеў, якую вялі прадстаўнікі дзвюх наймацнейшых княжых груповак — Вольгавічаў і Манамахавічаў. Хоць асноўным прэтэндэнтам на вялікае княжанне з боку Манамахавічаў быў дзядзька Расціслава Юрый Далгарукі, Смаленскаму князю, аднаму з самых магутных уладароў Рускай зямлі, нярэдка належаў вырашальны голас у вайсковым і дыпламатычным суперніцтве. Святы Расціслаў вылучаўся сярод сучаснікаў дзяржаўнай мудрасцю, строгай справядлівасцю, безумоўным паслушэнствам старэйшым, глыбокай павагай да Царквы і яе іерархіі. Для многіх пакаленняў ён стаў увасобленым носьбітам праўды і праведнасці.

Пасля смерці брата Ізяслава ў 1154 годзе святы Расціслаў на кароткі час стаў вялікім князем кіеўскім, але валодаў Кіевам сумесна са сваім дзядзькам Вячаславам Усеваладавічам. Пасля смерці апошняга (у канцы таго ж года) ён вярнуўся ў Смаленск, саступіўшы кіеўскае княжанне другому свайму дзядзьку — Юрыю Далгарукаму. Такім чынам ён ухіліўся ад актыўнага ўдзелу ў кровапралітных княжых міжусобіцах. Другі раз ён пачаў княжыць у Кіеве ў 1159 годзе і заставаўся вялікім князем да самай смерці (†1167). Народ сустрэў яго з вялікай радасцю. У гісторыі захаваўся факт, калі князь раздаў увесь скарб велікакняжай казны бедным, сабе ж узяў толькі залаты крыж, прывезены з Візантыі.

Гады княжання святога Расціслава прыпадаюць на адзін з самых складаных перыядаў у гісторыі Рускай Царквы. Старэйшы брат Расціслава князь Ізяслаў Мсціслававіч, прыхільнік аўтакефаліі Рускай Царквы, абраў вучонага манаха Клімента Смаляціча і загадаў паставіць яго мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Русі, зацвердзіўшы гэта рашэнне саборам рускіх епіскапаў, без благаславення Канстанцінопальскага Патрыярха. Гэта адбылося ў 1147 годзе. Руская іерархія ў асноўным падтрымала мітрапаліта Клімента і князя Ізяслава ў іх барацьбе за царкоўную незалежнасць ад Візантыі, але некаторыя епіскапы на чале з Ніфантам, свяціцелем Наўгародскім (памяць 8/21 красавіка), не прызналі аўтакефальнага рускага мітрапаліта і ўхіліліся ад зносін з ім, ператварыўшы свае епархіі ў своеасаблівыя самастойныя царкоўныя акругі. Так зрабіў і епіскап Мануіл Смаленскі. Святы Расціслаў разумеў небяспеку, якую таіла ў сабе ідэя аўтакефаліі ў той час, ва ўмовах раздробленасці Русі. Няспыннае суперніцтва за Кіеў, якое вялі князі, ускладнілася б суперніцтвам за кіеўскую мітрапалічую кафедру паміж прэтэндэнтамі, якіх вылучала тая ці іншая княжая групоўка.

Прадбачанне святога Расціслава цалкам апраўдалася. Юрый Далгарукі, які прытрымліваўся візантыйскай арыентацыі, заняўшы ў 1154 годзе Кіеў, пазбавіў мітрапаліта Клімента кафедры і паслаў у Царград па новага мітрапаліта. Ім стаў святы Канстанцін (памяць 5/18 чэрвеня), але ён прыбыў на Русь толькі ў канцы 1156 года, за паўгода да смерці Юрыя Далгарукага. А яшчэ праз паўгода, калі ў горад уступіў пляменнік святога Расціслава Мсціслаў Ізяславіч, свяціцель Канстанцін вымушаны быў пакінуць Кіеў, і на мітрапалічую кафедру вярнуўся Клімент Смаляціч. У выніку на Русі стала два мітрапаліты. Уся іерархія і духавенства апынуліся пад забаронай: мітрапаліт-грэк забараніў тых, хто падтрымліваў Клімента, а Клімент забараніў усіх стаўленікаў і прыхільнікаў грэка. Каб спыніць разлад, Мсціслаў і святы Расціслаў пастанавілі выдаліць абодвух мітрапалітаў і прасіць патрыярха, каб паставіў на рускую кафедру новага першасвяціцеля.

Але складанасці на гэтым не скончыліся. Мітрапаліт Феадор, які прыбыў у Кіеў увосень 1161 года, памёр вясной наступнага года. Услед за святым Андрэем Багалюбскім (памяць 4/17 ліпеня), які спрабаваў у той час правесці ў мітрапаліты свайго паплечніка епіскапа Феадора, святы Расціслаў выставіў свайго кандыдата, якім ізноў стаў Клімент Смаляціч. Той факт, што вялікі князь змяніў свае адносіны да мітрапаліта Клімента, прасякнутага ідэяй рускай аўтакефаліі, тлумачыцца ўплывам Кіева-Пячэрскага манастыра і асабліва прападобнага Палікарпа (памяць 24 ліпеня / 6 жніўня) Архімандрыт Палікарп, захавальнік пячэрскіх традыцый (з 1165 года настаяцель Кіева-Пячэрскага манастыра), быў самым блізкім да князя Расціслава чалавекам.

Святы Расціслаў меў набожны звычай запрашаць у суботы і нядзелі Вялікага посту да свайго стала Пячэрскага ігумена з дванаццаццю манахамі і сам ім прыслугоўваў. Князь не раз выказваў жаданне пастрыгчыся ў манахі ў манастыры прападобных Антонія і Феадосія і нават казаў пабудаваць сабе там келлю. Жаданне святога Расціслава дамагчыся ў Патрыярха благаславення на служэнне мітрапаліта Клімента не спраўдзілася. Грэкі лічылі права прызначэння мітрапаліта на Кіеўскую кафедру сваім найважнейшым правам, што тлумачылася не столькі царкоўнымі, колькі палітычнымі інтарэсамі. У 1165 годзе ў Кіеў прыбыў новы мітрапаліт — грэк Іаан IV, і святы Расціслаў з пакоры і царкоўнага паслушэнства прыняў яго.

Новы мітрапаліт, як і яго папярэднік, кіраваў Рускай Царквой менш за год (†1166). Кіеўская кафедра зноў засталася вакантнай, а вялікі князь быў пазбаўлены духоўнай апекі з боку мітрапаліта. Адзіным духоўным суцяшэннем яго былі гутаркі з ігуменам Палікарпам і кіева-пячэрскімі старцамі, а таксама насельнікамі кіеўскага Фёдараўскага манастыра, заснаванага яго бацькам.

Вяртаючыся з паходу на Ноўгарад вясной 1167 года, састарэлы князь Расціслаў занямог. Калі ён даехаў да Смаленска, дзе княжыў яго сын Раман, родныя ўгаворвалі яго застацца там, але вялікі князь загадаў везці яго ў Кіеў, дзе ён хацеў прыняць манашаскі пострыг. «Калі памру па дарозе, — казаў ён, — пакладзіце мяне ў бацькавым манастыры святога Фёдара. Калі Бог ацаліць мяне малітвамі Прачыстай Сваёй Маці і прападобнага Феадосія, пастрыгуся ў Пячэрскім манастыры».

Але Бог не судзіў збыцца даўняму жаданню Расціслава — скончыць жыццё манахам святой абіцелі. Святы князь памёр на шляху ў Кіеў 14 сакавіка 1167 года. Цела яго, паводле завяшчання, было пакладзена ў Кіеўскім Фёдараўскім манастыры.

Ужо ў XVI стагоддзі Расціслава пачалі ўшаноўваць як святога, ён згаданы ў «Ступеннай кнізе», а ў народнай памяці з пакалення ў пакаленне перадаваліся песні і казанні пра яго.
Дабраверны князь Расціслаў лічыцца нябесным апекуном зямель Смаленскіх і Мсціслаўскіх, там у многіх храмах ушаноўваюцца яго святыя іконы.

Трапар і кандак дабравернаму князю Расціславу

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.