Святая праведная Сафія, княгіня Слуцкая

Святая праведная Сафія, княгіня СлуцкаяПамяць 1 красавіка

Праведная Сафія была апошняй прадстаўніцай праваслаўнага роду князёў Слуцкіх і Капыльскіх, нашчадкаў вялікага літоўскага князя Альгерда. Родапачынальнікам князёў Алелькавічаў-Слуцкіх быў унук князя Альгерда Аляксандр, або Алелька Уладзіміравіч. Князі з роду Алелькавічаў займалі Кіеўскі, Капыльскі, Слуцкі пасады. Праведная Сафія нарадзілася 1 мая 1585 года. У тым самым годзе памерла яе маці, а праз год пахавалі і бацьку, князя Юрыя Юр’евіча Алельку. Апекунамі сіраты і распарадчыкамі маёмасці, згодна з загадам караля, сталі родзічы: спачатку жмудскі стараста Юрый Хадкевіч, а пасля яго смерці віленскі кашталян і брэсцкі стараста Іеранім Хадкевіч. З князямі Радзівіламі, якім запазычылі значныя сумы, апекуны заключылі пісьмовае пагадненне, згодна з якім князёўна, дасягнуўшы паўналецця, павінна стаць жонкаю Януша Радзівіла, князя Нясвіжскага. З хрысціянскай пакораю праведная Сафія прыняла гэтае рашэнне, але насуперак закону паставіла цвёрдую ўмову самой застацца ў Праваслаўі і дзяцей выхоўваць праваслаўнымі.
Калі Януш Радзівіл звярнуўся да Рымскага папы за дазволам на шлюб, пачалася перапіска паміж папам і Канстанцінопальскім Патрыярхам. У выніку прэтэнзій з боку Рыма Януш Радзівіл перайшоў з каталіцкай веры ў кальвінізм. Вянчанне князёўны Сафіі з князем Янушам Радзівілам адбылося паводле праваслаўнага абраду 1 кастрычніка 1600 года ў адным з храмаў Брэста.

Застаўшыся з ранняга дзяцінства сіратой, княгіня Сафія знайшла духоўную апору ў глыбокай веры і гарачай малітве, з усімі горасцямі звяртаючыся да Госпада. Ад сваіх набожных бацькоў яна пераняла абавязак апекі над праваслаўнымі храмамі і манастырамі на землях Слуцкага княства. У часы распаўсюджання уніі княгіня рашуча стала на абарону праваслаўнага насельніцтва і яго святыняў. Духоўна і матэрыяльна яна падтрымлівала Слуцкае брацтва, Праабражэнскі манастыр з прытулкам і вучылішчам. Пры падтрымцы братчыкаў княгіня Сафія пераканала свайго мужа хадайнічаць перад каралём аб атрыманні граматы, якая б забараняла прымушаць праваслаўных вернікаў да уніі. Пасля падпісання такой граматы абарона інтарэсаў Праваслаўя ў Слуцкім княстве была падмацавана законам.

Апрача юрыдычнай абароны Праваслаўя княгіня Сафія рупліва клапацілася пра матэрыяльны стан Царквы, шчодра ахвяруючы на манастыры і храмы. Згодна з паданнем, яна сама вышывала золатам і срэбрам святарскія аблачэнні, пешшу паломнічала па святых месцах, у дні храмавых святаў бывала ў самых аддаленых цэрквах. Дзякуючы княгіні Сафіі, Слуцк меў у рэлігійным жыцці Беларусі асаблівае значэнне як важны духоўны асяродак, апірышча Праваслаўя. Пасля спачыну гэтай вялікай угодніцы Божай яе муж, князь Януш Радзівіл, выдаваў граматы ў падтрымку праваслаўных. У адной з такіх грамат гаварылася: «…цэрквы і манастыры рэлігіі старарускае ў маёнтках маіх па-ранейшаму павінны захоўвацца, і нашчадкі мае павінны сачыць, каб не было ў гэтым ніякае перамены».

Спачыла праведная Сафія 19 сакавіка (1 красавіка) 1612 года ад першых родаў ва ўзросцу 26-ці гадоў. Пахавалі яе ў правым прыдзеле храма Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра каля фамільнай іконы князёў Алелькавічаў. На грабніцы быў зроблены надпіс: ”1612 года, сакавіка 19 спачыла дабраверная Сафія, княжна Слуцкая Алелькаўна Юраўнічаўна, Альгердава племя, і пакладзена была ў Слуцку ў манастыры Святой Жываначальнай Троіцы”.

Адразу пасля спачыну праведную Сафію пачалі ўшаноўваць як апякунку горада Слуцка і праваслаўнай веры. У архіве Свята-Троіцкага манастыра захоўвалася складзеная настаўнікам Слуцкай семінарыі іераманахам Маркіянам рукапісная кніга з апісаннем цудаў, якія адбываліся па малітвах вернікаў пры грабніцы з яе мошчамі. У гістарычнай літаратуры зафіксаваны факт выратавання Слуцка ад эпідэміі халеры ў 1848 годзе пасля таго, як па просьбе гараджан мошчы святой былі пранесены па вуліцах хрэсным ходам. У дарэвалюцыйны час мошчы святой праведнай Сафіі знаходзіліся ў Слуцку, цяпер спачываюць у левым прыдзеле Мінскага кафедральнага сабора Святога Духа. У яе гонар названы храм у Мінску і сястрынства міласэрнасці пры мінскім Свята-Духавым саборы. Помнікі ўстаноўлены ў Слуцку і Мікашэвічах.

Трапар і кандак праведнай Сафіі Слуцкай

 

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.