Святы Уладзімір, Віцебскі вызнаўца

Святы Уладзімір, Віцебскі вызнаўцаПамяць 8 красавіка

 

Святы вызнаўца Уладзімір Елянеўскі нарадзіўся ў 1874 годзе ў сям’і протаіерэя на Віцебшчыне. Пасля заканчэння Віцебскай духоўнай семінарыі, некаторы час працаваў у духоўным ведамстве. У 1904 годзе закончыў юрыдычны факультэт Імператарскага Юр’еўскага універсітэта (сучасны Тарту, Эстонія). Працаваў судовым следчым Віцебскага акружнога суда. Адначасова актыўна удзельнічаў у жыцці Царквы, пакладаючы свае прафесійныя веды на карысць Праваслаўя. В 1918 годзе быў абраны ад міранаў у склад Епархіяльнага савета Полацка-Віцебскай епархіі. У час канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў Уладзімір Елянеўскі адкрыта выступаў супраць рабавання цэркваў багаборчай уладай. У 1922 годзе яго арыштавалі і прысудзілі да пазбаўлення волі са строгай ізаляцыяй на адзін год і наступнай забаронай працаваць следчым на працягу трох гадоў. У камеры яго памясцілі разам з нядаўнімі падследчымі па крымінальных справах, што толькі павялічыла яго пакуты.

Па вызваленні Уладзімір застаўся без работы, а пасля смерці жонкі – з трыма дзецьмі на руках. Вера і асабістая мужнасць адрознівалі яго ад многіх, хто спрабаваў уратаваць жыццё ў абнаўленстве. У 1926 годзе Еленяўскі зноў выбраны ў Епархіяльны савет Полацка-Віцебскай епархіі. Нават абнаўленцы называлі Уладзіміра Елянеўскага «думай ціханаўцаў», аддаючы належнае яго аўтарытэту.

У 1929–1931 гадах Уладзімір Елянеўскі як вопытны юрыст аказаў неацэнную дапамогу ў аднаўленні закрытых раней прыходаў і іх вяртанні з абнаўленства. З яго чынным удзелам больш 50-ці прыходаў вярнулася ў лона Патрыяршай Царквы. Мудрасць і прафесіяналізм юрыста разам з гарачай верай дазволілі Уладзіміру заняць правільную пазіцыю ў няроўным дыялогу з багаборчай уладай і выкарыстаць усе законныя сродкі для захавання і ўмацавання Праваслаўнай Царквы на Віцебшчыне.

1 чэрвеня 1931 года Уладзімір быў арыштаваны і змешчаны ў віцебскую турму. Яму прад’явілі цэлы шэраг ілжывых абвінавачанняў – прыналежнасць да групы ісцінна-праваслаўных, падбухторванне насельніцтва да масавых хваляванняў, вядзенне антысавецкай агітацыі. Вінаватым сябе ён не прызнаў, на допытах адкрыта называўся перакананым вернікам і адмаўляў сувязь з абнаўленцамі. Пастановай Асобай Нарады пры Калегіі АГПУ ад 14 ліпеня 1932 года Уладзіміра Елянеўскага вызвалілі з-пад варты, але пры гэтым пазбавілі права пражывання ў 12-ці памежных пунктах і Уральскай вобласці з прымацаваннем да месца жыхарства на тры гады.

Пасля сканчэння тэрміну ссылкі Уладзімір Елянеўскі вярнуўся ў Віцебск інвалідам 2-й групы. Стан здароўя не дазваляў працаваць, таму прыходзілася цярпець паўгалоднае існаванне. У 1944 годзе ён пераехаў у Мінск і да 1948 г. працаваў юрыстам у Мінскім епархіяльным упраўленні, дапамагаючы архіепіскапу Васілію (Ратміраву).

У 1949 годзе Уладзімір Елянеўскі вярнуўся ў Віцебск. Нягледзячы на сталы ўзрост і цяжкія хваробы, гэты перыяд яго жыцця быў таксама плённым: ён знаходзіўся ў перапісцы і меў асабістыя сустрэчы з мітрапалітам Мінскім і Беларускім Піцірымам (Свірыдавым), па просьбе якога напісаў нарыс па гісторыі супрацьстаяння абнаўленчаму расколу ў Віцебскай епархіі ў 1920–1930-я гады.

Пражыўшы доўгае жыццё, праявіўшы насуперак знешнім абставінам цвёрдае стаянне ў праваслаўнай веры, Уладзімір Елянеўскі спачыў у Віцебску 8 красавіка 1954 года. Рэабілітаваны 12 верасня 1989 года пракуратурай Віцебскай вобласці.

Рашэннем Сінода Беларускага Экзархата ад 4 лістапада 2007 года вызнаўца Хрыстоў Уладзімір праслаўлены ў ліку святых Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Трапар і кандак святому Уладзіміру Віцебскаму

 

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.