Свяціцель Гаўрыіл, архіепіскап Магілеўскі, Віцебскі, Разанскі

Памяць 20 красавіка

 

Нарадзіўся будучы свяціцель 17 красавіка 1785 года ў сяле Гарадковічы Разанскай губерні ў сям’і панамара, пазней свяшчэнніка гэтага сяла. У дзяцінстве хлопчык не адрозніваўся моцным здароўем і часта хварэў. Аднак ён меў цвёрдую волю і характар, якія спалучаліся з дабратой, міласэрнасцю, працавітасцю і тонкай назіральнасцю.

У 1808 годзе, закончыўшы Разанскую духоўную семінарыю, Георгій (так звалі свяціцеля да прыняцця манашаства) паступіў у Санкт-Пецярбургскую Духоўную Акадэмію, пасля заканчэння якой атрымаў ступень магістра багаслоўя і прызначэнне на кафедру багаслоўя ў родную Разанскую семінарыю. У 1815 годзе ў Разанскім Спаскім манастыры будучы свяціцель быў пастрыжаны ў манашаства з імем Гаўрыіл. Пасля ўзвядзення у сан архімандрыта прыназначаны намеснікам Разанскага Свята-Троіцкага манастыра. Далей на працягу сямі наступных гадоў архімандрыт Гаўрыіл кіраваў Арлоўскай, затым Ніжагародскай семінарыямі, быў настаяцелем Макар’еўскага Жаўтаводскага і Пячэрскага Ніжагародскага манастыроў.

У 1828 годзе ў Санкт-Пецярбургскім Казанскім саборы архімандрыт Гаўрыіл быў узведзены ў сан епіскапа і накіраваны ў Калужска-Бораўскую епархію. Менавіта ў Калузе явілася яму асаблівае заступніцтва Божай Маці: аднойчы спакутаванаму ад гарачкі, у сне яму явіўся старац і загадаў адслужыць малебен з акафістам перад іконай Божай Маці «Міласцівая». Пасля абудждэння ўладыка выканаў гэты загад, а на наступны дзень ужо быў здаровы і сам узначаліў вялікапосную службу ў саборы.

У 1831 годзе ўладыку Гаўрыіла перавялі на Магілёўскую кафедру, паставіўшы задачу спрыяць вяртанню мясцовых уніятаў у лона Праваслаўнай Царквы. Свяціцель склаў праграму мерапрыемстваў па уніяцкім пытанні, падтрымліваў тых, хто асабіста далучаўся да Праваслаўнай Царквы, адначасова рыхтуючы глебу да ўсеагульнага ўз’яднання. Дзякуючы міралюбнасці, архіепіскап карыстаўся павагай і аўтарытэтам сярод іншаверцаў. Каля 60 тысяч чалавек вярнуліся ў Праваслаўе за час прабывання свяціцеля на Магілеўскай кафедры. У той час падаў прашэнне аб далучэнні да Праваслаўя і вядомы Літоўскі уніяцкі епіскап Іосіф (Сямашка), які пазней узначаліць працэс уз’яднання. З дапамогай архіепіскапа Гаўрыіла ў 1832 годзе праваслаўным быў вернуты Полацкі Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр. Свяціцель праяўляў клопат пра духавенства епархіі, ён распрацаваў палажэнне аб доме апекі для ўдоў і сірот духоўнага звання. Такі дом быў адкрыты блізка Магілёва ў 1838 годзе. Праасвяшчэнны, паводле сведчання сучаснікаў, быў «увасабленнем шчырасці і прастаты». У зносінах з людзьмі ён пазбягаў дакаранняў, гаворачы: «Дакараць — значыць раздражняць, а раздражняць — значыць памяншаць здольнасць да ўспрыняцця ісціны».

У 1837 годзе ўладыка пакінуў Магілёў у сувязі з пераводам у Разанскую епархію, якую ўзначальваў на працягу наступных дваццаці гадоў. Яго клопатам на Разаншчыне былі пабудаваны і ўпрыгожаны многія храмы, абноўлены кафедральны Успенскі сабор, архіерэйскае падвор’е ў Разанскім крамлі з крыжовай царквой.

У час бедстваў і эпідэмій свяціцель шчодра ахвяраваў сродкі для выратавання людзей, арганізоўваў раздачу хлеба і грошай для бедных. Распараджэннем свяціцеля быў падвоены памер дапамогі ўдовам і сіротам духоўнага звання. Архіепіскап Гаўрыіл заснаваў вучылішча з поўным забеспячэннем для дзяўчынак-сірот.

Уладыка цікавіўся гісторыяй і станам асветы ў епархіях, дзе яму прыходзілася здзяйсняць служэнне. У Разані ён заснаваў царкоўна-гістарычны камітэт, сабраў вялікую бібліятэку старажытных рукапісаў, якую перадаў ва Успенскі Вольгінскі манастыр. Па яго благаславенні была ўзведзена капліца на месцы фундамента старажытнага храма з пахаваннямі разанскіх князёў, якія загінулі ў час нашэсця хана Батыя. Уладыка любіў паэзію, пісаў духоўныя канты, цікавіўся навукай, археалогіяй, старажытнымі архівамі.

У 1858 годзе свяціцель паводле ўласнай просьбы быў звольнены на пакой і пасяліўся ў Разанскім Вольгінскім манастыры, дзе праводзіў час у малітвах і справах дабрачыннасці. У Вялікі Чацвер 7 красавіка 1862 года свяціцель Гаўрыіл з мірам адыйшоў да Госпада. Пахаванне адбылося ў пятніцу Светлага тыдня ў Архангельскім саборы Разанскага крамля.

12 студзеня 1987 годзе свяціцель быў праслаўлены ў ліку мясцовашанаваных Разанскіх святых. У 1999 годзе адбылося аднойдзенне мошчаў святого Гаўрыіла і перанясенне іх у Свята-Троіцкі манастыр Разані. У тым жа годзе складзены Жыціе і акафіст свяціцелю. 31 студзеня 2002 года свяціцель Гаўрыіл быў далучаны да ліку Сабора Беларускіх Святых.

Трапар і кандак свяціцелю Гаўрыілу Магілёўскаму, Разанскаму

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.