Святыя мучанiкі Вiленскiя Антонiй, Іаан i Яўстафiй

Віленскія мучанікіПамяць 27 красавіка і 26 ліпеня

 

Падзеі, звязаныя з жыццём і пакутніцкім спачынам святых мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія, адбыліся ў Вільні ў XIV стагоддзі пры вялікім князю Альгерду (1296—1377). Жыціе не паведамляе звестак пра паходжанне, выхаванне і гады ранняй маладосці святых братоў. Але можна выказаць здагадку, што паходзілі яны з баяраў — ваенна-служылых людзей, якія ў Вялікім княстве Літоўскім належалі да вышэйшага стану. Жыціе апавядае, што да святога хрышчэння родныя браты Антоній і Іаан служылі пры двары князя Альгерда, насілі славянскія імёны Няжыла і Кумец і былі язычнікамі-вогнепаклоннікамі. Абодва браты звярнуліся да веры праз зносіны з прасвітарам Нестарам, духаўніком жонкі Альгерда — княгіні Марыі. Пасля хрышчэння старэйшы брат Кумец прыняў хрысціянскае імя Іаан, а Няжыла — імя Антоній.

Спачатку браты хавалі сваю прыналежнасць да хрысціянаў, але потым, знайшоўшы ў сабе мужнасць, сталі адкрыта вызнаваць новую веру. Адмова ад пакланення язычніцкім ідалам, трыманне хрысціянскіх звычаяў — усё гэта выглядала ў вачах прыдворнай язычніцкай партыі як адкрыты выклік і адступніцтва.

Нейтральна ставячыся да рэлігійных перакананняў братоў, князь Альгерд спрабаваў прадухіліць наспяванне канфлікту, раіў ім трымаць свае перакананні ў тайне і ніяк не выяўляць іх публічна. Каб упэўніцца ў паслушэнстве братоў, ён у посны дзень прапанаваў ім мясную ежу. У адказ Антоній і Іаан рашуча адмовіліся, засведчыўшы гэтым, што хрысціянскі абавязак важней за паслушэнства князю.

Калегія жрацоў на чале з вярхоўным жрацом Крыве-Крывейта запатрабавала ад князя Альгерда суровага і публічнага пакарання адрачэнцаў. Альгерд не жадаў караць смерцю Антонія і Іаана, але ў той жа час баяўся страціць княжы пасад у выпадку бунту язычнікаў. Ён быў разгневаны, бо браты сваім адкрытым вызнаннем Хрыста ўзрушылі супраць яго немалую частку насельніцтва, і загадаў пасадзіць сваіх прыдворных у поруб.

У вязніцы святыя мужна пераносілі ўсе выпрабаванні і пакуты. Але з цягам часу старэйшы Іаан не вытрываў. Таемна ад Антонія ён перадаў князю, што гатовы ва ўсім падпарадкавацца яго волі. Альгерд загадаў вызваліць не толькі Іаана, але і Антонія, бо думаў, што і Антоній падзяляе братавы думкі і пачуцці. Абодвум былі вернуты іх пасады пры двары.
Каб дагадзіць князю і прыдворным жрацам, Іаан стаў выконваць язычніцкія абрады і звычаі, хоць унутрана, у сэрцы сваім, па-ранейшаму заставаўся хрысціянінам. Антоній жа не змяніў свайго ладу жыцця і, як і раней, адкрыта вызнаваў сябе хрысціянінам, выконваючы ўсе хрысціянскія абрады і пазбягаючы язычніцкіх.

Неўзабаве Антонія зноў кінулі ў вязніцу, узмацніўшы катаванні. Але Антоній больш смуткаваў з-за праяўленай старэйшым братам маладушнасці, і таму вырашыў адмовіцца ад зносін з ім. Сам жа з ранейшай пакорай і духоўнай стойкасцю прыняў новае выпрабаванне, верачы, што яго пакуты за Хрыста ўмацуюць брата і памножаць насенне веры. Чутка пра яго незвычайную цвёрдасць і цярплівасць распаўсюдзілася сярод жыхароў Вільні. Мноства народу сыходзілася паглядзець на непахіснасць мучаніка і паслухаць яго натхнёную пропаведзь. Нават язычнікі пранікаліся міжвольнай павагай да яго, і многія ўверавалі ў Хрыста.

Іаан жа «быў у непавазе ва ўсіх», бо хрысціяне не любілі яго як адрачэнца ад веры, а язычнікі пагарджалі ім як чалавекам маладушным. Усвядоміўшы свой цяжкі грэх, Іаан неўзабаве раскаяўся і, дзякуючы пасрэдніцтву свяшчэнніка Нестара, аднавіў ранейшыя зносіны з братам. Новым сведчаннем сваёй веры Іаан выклікаў гнеў княжага асяроддзя і быў жорстка збіты. Напаўжывога яго кінулі ў вязніцу да Антонія, дзе Гасподзь цудоўным чынам аднавіў яго сілы. Абодва браты падрыхтаваліся прыняць смерць з годнасцю і мужнасцю.

Пераканаўшыся, што, нягледзячы на пераслед, вера Хрыстова пашыраецца, жрацы звярнуліся да Альгерда з патрабаваннем аддаць Антонія і Іаана на публічнае жорсткае пакаранне. Альгерд саступіў патрабаванню язычнікаў, але пастанавіў пакараць аднаго Антонія, спадзеючыся, што Іаан, узрушаны смерцю брата, зноў адрачэцца ад хрысціянства. Пасля беспаспяховых угавораў і цяжкіх катаванняў Антоній быў асуджаны на смерць праз павешанне на дубе, які лічыўся свяшчэнным у язычнікаў. Гэта адбылося на досвітку 14 красавіка 1347 года.

Між тым святы мучанік Іаан па-ранейшаму заставаўся ў вязніцы. Мужная смерць брата і яго перадсмяротныя словы так падзейнічалі на Іаана, што ён, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, заставаўся цвёрдым і непахісным у хрысціянскай веры. Убачыўшы гэта, Альгерд пагадзіўся з патрабаваннем язычніцкіх жрацоў, і 24 красавіка на тым самым дубе быў павешаны і святы Іаан. Так завяршылі свой подзвіг веры браты-мучанікі. Іх целы з пашанай былі пахаваны вернікамі-хрысціянамі ў старажытнай віленскай Свята-Мікалаеўскай царкве.

Увосень таго ж года праславіўся ў Вільні яшчэ адзін святы мучанік — Яўстафій. Яўстафій быў сваяком Антонія і Іаана, служыў лоўчым пры двары князя Альгерда. Ён быў малады, прыгожы тварам і, нягледзячы на сваю маладосць, вылучаўся сярод княжай дружыны асаблівай мужнасцю і адвагай. Таксама вызначаўся ён розумам і душэўнаю дабрынёю.

Спачатку і ён быў язычнікам і насіў імя Круглец. Пачуўшы пропаведзь пра Хрыста, ён з юнацкай палкасцю адпрэчыў язычніцкія бясчынствы і ўсім сэрцам прыняў хрысціянства. У святара Нестара навучаўся ён ісціннай веры і прыняў Святое Хрышчэнне з імем Яўстафій. Пасля Хрышчэння Яўстафій з усёй стараннасцю пачаў весці хрысціянскі лад жыцця, выконваючы ўсе абрады і ўстанаўленні Царквы.

Паколькі Яўстафій быў адным з набліжаных князя і неадлучным спадарожнікам на вайне і паляванні, то зразумела, што яго навяртанне ў хрысціянства не магло доўга заставацца ў тайне. Спачатку Альгерд паспрабаваў сілай прымусіць Яўстафія адрачыся ад хрысціянства, прапануючы есці мяса ў пост. Але замест гэтага Яўстафій стаў пераканаўча прапаведаваць ісціннага Бога, схіляючы да хрысціянства і княжую дружыну. Тады князь аддаў праведніка жрацам, якія схапілі яго і пачалі біць жалезнымі булавамі.

Убачыўшы, што ніякія пакуты не могуць прымусіць Яўстафія адрачыся ад хрысціянскай веры, Альгерд прысудзіў яго да такога ж смяротнага пакарання, як і яго сваякоў Іаана і Антонія. Вестка пра блізкую смерць не толькі не засмуціла мучаніка, але, наадварот, напоўніла духоўнай радасцю. Яго павесілі на тым самым дубе, на якім незадоўга да таго прынялі смерць святыя Антоній і Іаан. Гэта адбылося 13 снежня 1347 года.

Так скончылі сваё зямное жыццё святыя Антоній, Іаан і Яўстафій. Спачын святых мучанікаў пераканаў многіх язычнікаў у ісціннасці хрысціянства, і з таго часу хрысціянская вера стала яшчэ хутчэй распаўсюджвацца ў Вялікім княстве Літоўскім.

У 1350 годзе князь Альгерд ажаніўся другі раз з князёўнай Юліяніяй Цвярской. Тым часам праваслаўныя хрысціяне пабудавалі «на месцы шыбенічным», дзе пацярпелі святыя мучанікі, храм у імя Святой Троіцы і ў памяць «Троіцы раўналікіх мучанікаў». Улічваючы жаданне новай княгіні і сыноў, Альгерд гэтаму не перашкаджаў. Паводле падання, прастол храма паставілі на месцы ссечанага дуба, на якім прынялі смерць святыя, а з самога дуба вырабілі грабніцу, у якую і былі пакладзены іх мошчы. Калі будаўніцтва Свята-Троіцкага храма было скончана, у яго перанеслі нятленныя целы святых мучанікаў. Неўзабаве тут узнік мужчынскі манастыр. Паводле некаторых сведчанняў, у 1354 годзе Альгерд вярнуўся ў Праваслаўе, ахрысціў сваіх дзяцей, а перад смерцю пастрыгся ў схіму і быў пахаваны ў пабудаваным ім Прачысценскім храме.

Ушанаванне святых Віленскіх мучанікаў пачалося адразу пасля іх пакутніцкай смерці. Нятленнасць целаў, а таксама цуды і ацаленні, якія здзяйсняліся пры іх грабніцы, прыцягвалі тутэйшых жыхароў і далёкіх багамольцаў. Слава пра подзвіг, мучаніцкі спачын і цуды шырока распаўсюдзілася па Вялікім княстве Літоўскім і па ўсіх краінах, дзе вызнавалася праваслаўная вера.

Дакладная дата царкоўнага праслаўлення мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія невядомая, але можна з упэўненасцю сказаць, што гэта адбылося паміж 1354 і 1374 гадамі ў Канстанцінопалі. Урачысты акт кананізацыі здзейсніў Патрыярх Канстанцінопальскі Філафей, што было падзеяй неардынарнай, бо паводле традыцыі святыя кананізаваліся мітрапалітам Кіеўскім альбо ўшаноўваліся мясцова.

Урачыстае праслаўленне адбылося ў Сафійскім саборы Канстанцінопаля. Дзень памяці мучанікаў устаноўлены 14/27 красавіка. У 1374 годзе, г.зн. праз 27 гадоў пасля спачыну, часцінкі мошчаў святых былі з належнай урачыстасцю перанесены з Вільні ў Канстанцінопаль, дзе святыню сустрэў Патрыярх Філафей, які «першым уславіў іх як мучанікаў і ўшанаваў іх іконамі, пакланеннямі і штогадовымі службамі». Часцінкі мошчаў былі змешчаны ў велічным кафедральным саборы Святой Сафіі для малітоўнага ўшанавання. Патрыярх Філафей увёў і царкоўную службу святым, якая паводле яго даручэння была складзена на грэчаскай мове. З XV ст. гэтая служба стала распаўсюджвацца і на славянскай мове.

Пасля заключэння Брэсцкай царкоўнай уніі (1596) сярод іншых праваслаўных цэркваў, уніяты адабралі ў 1609 годзе і царкву Святой Троіцы ў Вільні. У 1655 годзе праваслаўныя перанеслі мошчы святых мучанікаў у Свята-Духаў манастыр, які заставаўся адзінай апорай праваслаўнай веры ў Вільні і наваколлі.

Уніяты, якія таксама ўшаноўвалі святых мучанікаў, патрабавалі вярнуць мошчы ў Свята-Троіцкі манастыр. Але настаяцель манастыра архімандрыт Іосіф Нелюбовіч-Тукальскі схаваў мошчы ў пячоры пад галоўным алтаром Свята-Духава храма, а каб месца гэтае не было з часам забыта, паставіў у іканастасе над сутарэннем ікону святых мучанікаў.

У гэтым склепе святыя мошчы прабылі ўтоенымі больш за сто пяцьдзесят гадоў. У 1814 годзе мошчы святых мучанікаў былі аднойдзены, да іх сталі прыходзіць людзі для малітвы і пакланення. У 1851 годзе клопатам мітрапаліта Літоўскага Іосіфа (Сямашкі) у манастырскім саборы была ўладкавана ніжняя царква ў гонар мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія. На ахвяраванні вернікаў была выраблена новая пазалочаная рака, у якую ў дзень іх памяці ў 1852 годзе былі ўрачыста перакладзены святыя мошчы.

У ў сувязі з Першай сусветнай вайной у 1915 годзе мошчы святых мучанікаў былі вывезены ў Маскву і змешчаны ў Данілавым манастыры. Пасля рэвалюцыі 1917 года па распараджэнні савецкага ўрада мошчы апынуліся ў Маскоўскім музеі атэістычнай прапаганды. Калі пра тое стала вядома на Віленшчыне, праваслаўныя звярнуліся да царкоўных уладаў з просьбай пачаць перамовы пра вяртанне святых мошчаў. Але ў той час гэты намер здзейсніць не ўдалося. І толькі ў 1946 годзе паводле асабістага распараджэння Патрыярха Аляксія I святыя мошчы былі перавезены на месца свайго гістарычнага знаходжання — у Віленскі Свята-Духаў манастыр, дзе 26 ліпеня ім наладзілі ўрачыстую сустрэчу. У 2000 годзе па благаславенню мітрапаліта Віленскага і Літоўскага Хрызастома раку з мошчамі святых мучанікаў вынеслі з пячорнай царквы і ўстанавілі ў цэнтральнай частцы Свята-Духава сабора.

Па просьбе беларускіх вернікаў 26 ліпеня 1993 года часцінкі мошчаў святых Віленскіх мучанікаў былі змешчаны ў ікону і перанесены з Віленскага Свята-Духава манастыра ў Мінскі Петра-Паўлаўскі сабор. У многіх храмах Беларусі, Літвы, Расіі, Польшчы праваслаўнымі ўшаноўваюцца іконы Віленскіх мучанікаў, асвячаюцца і цэрквы ў іх гонар.

Трапар і кандак мучанікам Антонію, Іаану, Яўстафію Віленскім

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.