Свяціцель Кірыл, епіскап Тураўскі

Свяціцель Кірыл, епіскап ТураўскіПамяць 11 мая
 

Свяціцель Кірыл, епіскап Тураўскі — самая славутая асоба, якую нарадзіла Турава-Пінская зямля. «Блажэнны Кірыл быў нараджэннем і выхаваннем з горада Турава, што ў рускім краі, багатых бацькоў сынам», — чытаем у Жыціі свяціцеля, напісаным, верагодна, яшчэ ў XII стагоддзі. Нарадзіўся ён каля 1113 года ў арыстакратычнай сям’і. Яго бацька, відаць, займаў высокую пасаду ў атачэнні вялікага князя. Будучы свяціцель атрымаў тагачасную класічную грэчаскую адукацыю, з дзяцінства дома (або пры манастыры) пад кіраўніцтвам настаўнікаў-грэкаў «асабліва старанна чытаў свяшчэнныя кнігі», глыбока асэнсоўваючы іх змест і сутнасць. Яго літаратурна-багаслоўская спадчына сведчыць, што акрамя славянскай ён валодаў грэчаскай мовай, прайшоў вышэйшы курс граматыкі, глыбока ведаў Свяшчэннае Пісанне, устаўную, апакрыфічную, агіяграфічную і святаайцоўскую літаратуру.

Яшчэ ў маладым узросце (каля 1123 года) Кірыл адмовіўся ад спадчыны бацькоў і прыняў пострыг у тураўскім Мікалаеўскім манастыры. Каля 1143 года прыняў святарскі сан, стаў іераманахам, а праз год па волі браціі стаў настаяцелем Мікалаеўскага манастыра ў сане ігумена. Згодна з Жыціем, «і многім быў на карысць, навучаючы і настаўляючы манахаў быць у пакоры і паслушэнстве да ігумена…, чарнец бо, які не слухаецца ігумена, згодна з абетам, не можа атрымаць спасення». На гэтую тэму напісаны твор «Сказанне пра чын чарнарызца», танальнасць якога сведчыць, што свяціцель Кірыл рупліва клапаціўся пра манастырскі парадак і дысцыпліну, для чаго і перавёў з часам сваю абіцель на больш строгі Студыйскі статут. Гэта выклікала незадаволенасць часткі насельнікаў, што, відаць, і стала адной з прычын адмовы свяціцеля ад ігуменства і адасаблення ад браціі. Ён прыняў подзвіг затворніцтва, пасяліўшыся ў слупе (асобна стаячай вежы) для ўзмоцненага малітоўнага подзвігу.

Аднак каля 1159 года паводле «малення князя і народа» Кірыл вымушана пакінуў затвор і пайшоў на “грамадскае служэнне” — тураўскае веча выбрала яго на епіскапскую кафедру. Свяціцель прыклаў шмат намаганняў, каб уладкаваць царкоўнае жыццё Тураўскай епархіі, змагаўся з ерасямі і кананічнымі парушэннямі, займаўся прапаведніцкай і літаратурнай дзейнасцю. Свяціцель клапаціўся пра будаўніцтва новых храмаў. Верагодна, што якраз пры ім быў узведзены мураваны сабор у тураўскім замку, які датуецца другой паловай XII стагоддзя і ад якога застаўся толькі фундамент.

Асабліва шырока разышлася слава пра епіскапа дзякуючы яго дару боганатхнёнага прапаведніцтва. Пропаведзі яго распаўсюджваліся вусна, запісваліся і змяшчаліся ў рукапісных зборніках побач са старажытнымі святаайцоўскімі творамі. У іх выкладзены самыя розныя аспекты разумення Бога, чалавека і сусвету, хрысціянскай этыкі і эсхаталогіі.

Схільны да адзіноты, свяціцель праз некаторы час пакінуў епіскапскую кафедру і, верагодна, прыняўшы вялікую схіму, цалкам прысвяціў сябе напісанню духоўных твораў. Лічыцца, што апошнія гады свяціцель правёў у тураўскім Барыса-Глебскім манастыры на Балоні. Памёр свяціцель Кірыл каля 1183 года. Пахаваны, паводле падання, на тураўскіх Барыса-Глебскіх могілках.

Царкоўнае ўшанаванне свяціцеля Кірыла пачалося, відаць, неўзабаве пасля яго смерці. Ужо ў рукапісным «Саборніку» XIII стагоддзя ён называецца «святым манахам». Магчыма, яшчэ ў XII стагоддзі ў Тураве невядомы аўтар напісаў пролагавае Жыціе свяціцеля, а таксама склаў царкоўную службу. Дакладна невядома, калі адбылася афіцыйная кананізацыя святога, але ўшанаванне яго хутка распаўсюдзілася «па ўсёй зямлі Рускай».

Захавалася каля 70-ці твораў свяціцеля Кірыла Тураўскага розных жанраў. Сярод іх — «Аповесць пра беларызца і манашаства», «Сказанне пра чын чарнарызца», «Слова пра паходжанне манашаства», напісаныя ў час знаходжання свяціцеля ў манастыры, а таксама «Аповесць пра безразважнага цара і яго мудрага саветніка», прытчы «Пра сляпога і кульгавага», «Пра чалавечую душу і цела», тры Вялікія каноны, восем «слоў-павучанняў», 32 малітвы і інш. Яго творы ўключаліся ў папулярныя зборнікі і анталогіі («Торжественник», «Златоуст»), некаторыя друкаваліся ў «Евангеллі вучыцельным» (Заблудаў, 1569), «Малітвах паўсядзённых» (Вільня, 1596; Еўе, 1615; Вільня, 1635) і інш.

Сучаснікі называлі тураўскага свяціцеля «рускім Златавустам». Пра сябе ён сціпла пісаў: «Я не жнец, а збіраю каласы; я не мастак у кніжных справах». І разам з тым ён заўжды ўсведамляў вышыню свяціцельскага служэння, на якое яго паставіў Гасподзь. Да сваёй паствы ён звяртаўся з такімі словамі: «Калі б я казаў ад сябе, то вы рабілі б добра, не прыходзячы ў храм. Але я спавяшчаю вам Слова Госпада, чытаю вам грамату Хрыстову… Я раздаю словы Божыя, даражэйшыя за золата і каштоўныя камяні, саладзейшыя за мёд і соты, а вы страчваеце іх, не прыходзячы ў царкву… але тых, хто прыходзіць, я хвалю і благаслаўляю».

Мясцовае ўшанаванне свяціцеля Кірыла не перапынялася і ў багаборчыя часы. Народ беражліва захоўваў паданні пра свяціцеля, з пашанай і любоўю называючы яго «наш Кірылей». На тураўскіх Барыса-Глебскіх могілках устаноўлены крыж у памяць свяціцеля. Побач узведзена капліца ў гонар святых Барыса і Глеба. У яго гонар дзейнічаюць храмы ў Брэсце, Пінску, Жабінцы, вёсцы Баяры Пінскага раёна. У Тураве будуецца кафедральны сабор у гонар свяціцеляў Кірыла і Лаўрэнція Тураўскіх. Стараннем беларускай дыяспары храм у гонар свяціцеля дзейнічае і ў Нью-Ёрку. Імя свяціцеля носіць Мінская Духоўная Акадэмія. На тураўскай Замкавай гары пастаўлены велічны помнік святому.

Трапар і кандак свяціцелю Кірылу Тураўскаму

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.