Свяшчэннамучанiк Макарый, мітрапаліт Кіеўскі

Свяшчэннамучанiк Макарый, мітрапаліт КіеўскіПамяць 14 мая

У “Сказанні пра святога Макарыя” (Кіеў, 1848) месцам нараджэння свяціцеля называецца Вялікае княства Літоўскае, час нараджэння — першая палова XV стагоддзя. Дасягнуўшы юначых гадоў, Макарый з благаславення набожных бацькоў пастрыгся ў манашскі сан і прысвяціў сябе служэнню Богу. Прыблізна ў 1472 годзе Кіеўскі мітрапаліт Сімяон пасвяціў Макарыя ў сан архімандрыта і прызначыў настаяцелем Свята-Троіцкага манастыра ў сталічнай Вільні. У гэтым сане Макарый прысутнічаў пры вянчанні вялікага князя Літоўскага Аляксандра з дачкой вялікага князя Маскоўскага Аленай. У 1495 годзе, пасля смерці Кіеўскага мітрапаліта Іоны Глезны, архімандрыт Макарый быў рукапаложаны ў епіскапа і прызначаны мітрапалітам Кіеўскім.

Час, калі святы Макарый пачаў служэнне ў архіпастырскім сане, быў няпростым для Кіеўскай праваслаўнай мітраполіі. Кіеў у той час быў напаўразбураным і жыць у ім было небяспечна з-за частых набегаў крымскіх і нагайскіх татар. Таму мітрапаліт Макарый, як і яго папярэднікі, жыў у Вільні. Вялікі князь Аляксандр Казіміравіч праводзіў на абшарах Літоўскай Русі пракаталіцкую палітыку, выкарыстоўваючы і прымусовыя сродкі. Мітрапаліт Макарый рашуча адстойваў правы праваслаўных, пры гэтым ён імкнуўся не дапускаць умяшання свецкіх асобаў у царкоўныя справы, хацеў мірна ўладкаваць іх. Ён праяўляў клопат пра сваю паству, дбаў пра добраўпарадкаванне храмаў і манастыроў мітраполіі.

Вясной 1497 года свяціцель адправіўся ў Кіеў, мяркуючы заняцца ўладкаваннем мітрапалічага храма Святой Сафіі, які прыйшоў у запусценне з-за частых татарскіх нападаў.

Праплываючы па Прыпяці, свяціцель Макарый спыніўся ў сяле Скрыгалава, каб адслужыць літургію ў мясцовым храме. Згодна з паданнем, у гэты час прыйшла вестка пра нечаканы напад перакопскіх татараў. Паведаміўшы пра гэта ўладыку, вернікі запыталі ў яго: што рабіць? “Ратуйцеся, дзеткі, — усклікнуў свяціцель, — а мне нельга: я аддаю сябе волі Божай” . Людзі паспелі разбегчыся. Бязбожныя татары абступілі царкву, з крыкамі ўварваліся і адсеклі галаву архіпастыру, які ў гэты час здзяйсняў бяскроўную ахвяру. Паколькі ў мошчах свяшчэннамучаніка Макарыя няма кісці правай рукі, то ёсць падставы думаць, што свяціцель у час службы моцна трымаў у правай руцэ пацір, і зламыснікі, не маючы сілы адняць, адсеклі руку.

Цела свяціцеля знайшлі ў балоцістай мясцовасці паміж рэкамі Прыпяць і Пціч праз даволі працяглы час, калі жыхары Скрыгалава вярнуліся да свайго разрабаванага жытла. Нягледзячы на гарачыню, цела свяшчэннамучаніка заставалася нятленным.

У хуткім часе вестка пра здарэнне дайшла да Кіева. Згодна з паданнем, жыхары Скрыгалава разам з манахамі Кіева-Пячэрскай лаўры перавезлі нятленныя мошчы па Прыпяці і Дняпры да Кіева. Цела свяшчэннамучаніка паклалі ў правым прыдзеле Кіеўскага Сафійскага сабора. Менавіта да гэтай святыні імкнуўся падзвіжнік Божы, і тут яго пачэсныя мошчы знайшлі супакаенне. Тут жа быў пастаўлены і мітрапалічы кіпарысавы крыж. Неаднойчы пры мошчах свяціцеля адбываліся цуды, што стала прычынай яго ўшанавання народам Божым.

Пры мітрапаліце Кіеўскім, Галіцкім і ўсяе Русі Макарыі II (1534-1555) свяшчэннамучанік Макарый быў далучаны да ліку святых. Побач з ракай на табліцах змешчаны трапар, кандак і малітва свяціцелю. Штогод у дзень памяці яго мошчы абносілі вакол кіеўскага Сафійскага сабора. Святога Макарыя ўшаноўвалі на абшарах усяго Вялікага княства Літоўскага. У 1871 г. прыдзел у імя свяшчэннамучаніка Макарыя асвячоны ў Віленскім Прачысценскім саборы.

У 1897 годзе да 400-годдзя мучаніцкага спачыну свяшчэннамучаніка Макарыя ў Кіеве была закладзена царква-школа ў яго гонар. Пасля рэвалюцыі яе закрылі і ператварылі ў склад. Адраджэнне храма адбылося ў 1950-я гады, калі ў ім правялі рэстаўрацыю, зрабілі дубовы іканастас і роспісы сцен. Сюды ж перанеслі часцінкі мошчаў свяшчэннамучаніка Макарыя. У 1947 годзе мошчы святога перанеслі ва Кіеўскі кафедральны сабор святога Уладзіміра. І цяпер, у новай рацы і ківоце, мошчы знаходзяцца ў паўночнай частцы гэтага сабора.

Яшчэ ў 1890 годзе вядомы археолаг, царкоўны гісторык, багаслоў, прафесар Кіеўскай духоўнай акадэміі, ураджэнец Беларусі Уладзімір Завітневіч, супаставіўшы дадзеныя з розных летапісных крыніц, прыйшоў да высновы, што мітрапаліт Макарый прыняў мучаніцкую смерць 1 мая 1497 года (па ст.ст.). Гэта адбылося ў панядзелак у першы дзень шостага тыдня пасля Пасхі. Зыходзячы з устойлівых мясцовых паданняў, даследчык удакладніў месца спачыну мітрапаліта — урочышча Грычына. Ускосным пацверджаннем месца гібелі мітрапаліта ў Грычыне стаў знойдзены ў канцы мінулага стагоддзя ў гэтых мясцінах нагрудны крыж-энкалпіён з выявамі: з аднаго боку — Распяцця, а з другога — архангела Міхаіла. Такі крыж мог належаць вышэйшаму царкоўнаму іерарху.

На месцы гібелі свяціцеля Макарыя ў XIX ст. па ініцыятыве Уладзіміра Завітневіча і жыхароў Скрыгалава быў пастаўлены помнік свяціцелю — высокая цагляная стэла з іконай святога. Яна і цяпер узвышаецца на высокім беразе Прыпяці. Тады ж была збудавана капліца, якая таксама захавалася да нашага часу. Пасля рэвалюцыі Скрыгалаўскую Свята-Мікалаеўскую царкву перарабілі пад клуб. У пачатку 1990-х гадоў храм вярнулі праваслаўнай абшчыне, у 1999 годзе яго асвяцілі ў імя свяшчэннамучаніка Макарыя, мітрапаліта Кіеўскага.

Трапар і кандак свяшчэннамучаніку Макарыю Кіеўскаму

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.