Прападобнамучанік Макарый, ігумен Пінскі

Прападобнамучанік Макарый, ігумен ПінскіПамяць 26 мая і 20 верасня

 

Прападобнамучанік Макарый Канеўскі нарадзіўся ў 1605 годзе ў старажытным валынскім горадзе Оўручы ў набожнай сям’і Такарэўскіх, вядомых сваёй адданасцю Праваслаўю. Бацькі выхоўвалі хлопчыка ў страху Божым, любові да малітвы і храма. Хутка юны падзвіжнік, «Збавіцеля Хрыста змоладу ўзлюбіўшы», назаўсёды пакінуў бацькоўскі дом і ў 1614 годзе паступіў у Оўруцкі манастыр у гонар Успення Прасвятой Багародзіцы. Малітва і чытанне святаайцоўскіх твораў сталі любімым заняткам маладога інака.

У 1625 годзе Макарый з благаславення архімандрыта пакінуў Успенскі манастыр і выправіўся да Пінскага епіскапа Аўраамія, які накіраваў яго ў Купяціцкі Пінскі манастыр. Там прападобны праславіўся падзвіжніцкім, дабрадзейным жыццём і неўзабаве ў 1630 годзе быў рукапаложаны епіскапам Лазарам (Барановічам) у сан іерадыякана, а праз два гады — у іераманаха. Тут Макарый пазнаёміўся з будучым прападобнамучанікам Афанасіем Філіповічам (Брэсцкім) і стаў яго паплечнікам і сябрам.

З 1637 года прападобны Макарый выконваў абавязкі настаяцеля Уваскрасенскага манастыра, заснаванага мітрапалітам Пятром Магілам у горадзе Камянцы. Пры ігуменстве Макарыя Камянецкі манастыр адбудаваўся і неўзабаве стаў важным цэнтрам Праваслаўя. Пры ім была заснавана школа для навучання дзяцей чытанню, Закону Божаму і творам святых айцоў.

З 1656 па 1659 год святы Макарый быў настаяцелем Купяціцкага манастыра пад Пінскам. У 1660 годзе, у сане архімандрыта, «да збаўлення вечнага праваслаўных людзей прыводзячы», святы Макарый кіраваў браціяй роднага Оўручскага Успенскага манастыра. Гэта быў цяжкі час для праваслаўных хрысціян Вялікага княства Літоўскага. Рым праз каталіцкую Польшчу імкнуўся навязаць праваслаўным унію і лацінства. Уніяты і манахі-дамініканцы неаднойчы нападалі на абіцель прападобнага, рабавалі царкоўную маёмасць, білі і абражалі інакаў. Некаторыя з манахаў прасілі дазволу пакінуць манастыр, але ўгоднік Божы Макарый не падаў духам і падбадзёрваў брацію надзеяй на нябеснае заступніцтва. «Паўтарайце, паўтарайце часцей словы прарока Давіда, — казаў ён, — Гасподзь асвета мая і Спасіцель мой! Каго мне баяцца?..» І сэрцы інакаў умацоўваліся цвёрдай верай і надзеяй на Усемагутнага Бога.

Аднойчы, у час наступу уніятаў на абіцель, тыя заклікалі святога Макарыя перайсці ў унію, але «веры праваслаўнай бясстрашны абаронца» мужна адказваў: «Якое аб’яднанне магчыма для нас з вамі? Вы адмовіліся ад правілаў Усяленскіх Сабораў, прынялі паданні ілжы і замест таго, каб быць пад Начальнікам Царквы Іісусам Хрыстом, схіліліся перад зямным уладаром — рымскім папам». У адказ горад і абіцель былі разрабаваны, а праваслаўныя інакі разагнаны.

Прападобны Макарый пасяліўся ў Кіева-Пячэрскай лаўры. Там ён правёў у подзвігах два гады. Але такі руплівы абаронца Праваслаўя патрэбен быў не толькі ў Кіеве. Мітрапаліт Кіеўскі Іосіф (Нелюбовіч-Тукальскі) прызначыў архімандрыта Макарыя настаяцелем Канеўскага манастыра. Там угоднік Божы, «навучаючы ўсіх сапраўднай веры і жыццю багаўгоднаму», праславіўся многімі цудамі і дабрадатным дарам празарлівасці. Мноства бедных, хворых і скрушных людзей прыходзілі да яго ў абіцель, каб атрымаць духоўную параду і ацаленне.

Аднойчы святы Макарый ацаліў сляпога жыхара горада Канева, сказаўшы пры гэтым: «Веруй і маліся Таму, Хто даў зрок сляпому». У час богаслужэння, калі прападобны прамаўляў малітву на асвячэнне вады, сляпы ўбачыў каля вачэй яркі прамень святла і раптоўна стаў бачыць. Ва ўдзячнасць Богу жыхар Канева пабудаваў храм у гонар Богаяўлення Гасподняга. Вядомы выпадак, калі прападобны Макарый «лянівага і непаслухмянага сына набожнай жанчыны» добрай парадай і малітвай звярнуў да пакаяння. «Чытай адну малітву «Ойча наш», — казаў прападобны юнаку, — і ў ёй знойдзеш усё — і свет богапазнання, і ўрокі для жыцця, і суцяшэнне, і сілу для духу». Малітва так спадабалася юнаку, што ён пачаў часта чытаць яе і хутка стаў сумленным і дабрадзейным чалавекам.

За два гады да смерці прападобны Макарый прадказаў спусташэнне Канева і пакутніцкае заканчэнне свайго жыцця. Нягледзячы на гэта, ён нястомна заклікаў цвёрда і мужна вызнаваць святое Праваслаўе.

4 верасня 1678 года туркі і татары напалі на Канеў і ўварваліся ў манастыр. З крыжом у руках прападобны бясстрашна сустрэў варвараў на паперці храма. Татары сталі жорстка біць яго, патрабуючы сказаць, дзе схавана манастырскае золата і маёмасць. «Маё золата на Небе, а не на зямлі», — адказваў святы. Ворагі сталі збіваць яго палкамі, ламалі рукі і ногі жалезнымі прутамі. Але святы Макарый, прызываючы імя Госпада, цярпліва пераносіў мучэнні. Праз два дні, 7 верасня 1678 года, мучыцелі адсеклі прападобнаму Макарыю галаву, а цела кінулі на плошчы. Хрысціяне тайна ноччу перанеслі святога ў манастырскую царкву і пахавалі пад ахвярнікам храма.

У 1688 годзе пры перабудове манастырскай царквы выпадкова была адкрыта труна прападобнага, у ёй знайшлі яго нятленнае цела. 13 (26) мая 1688 года адбылося ўрачыстае перанясенне мошчаў у Пераяслаўскую Уваскрасенскую царкву. Цяпер мошчы прападобнамучаніка знаходзяцца ў храме Успення Прасвятой Багародзіцы горада Чаркасы ва Украіне. У 2008 годзе ў гарадах Канеў і Чаркасы адбыліся ўрачыстасці з нагоды 330-годдзя з дня мучаніцкага спачыну прападобнамучаніка Макарыя, у якіх прыняў удзел архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан. У Пінску дзейнічае храм, асвячоны ў гонар прападобнамучаніка Макарыя, яго імя носіць маладзёжнае брацтва пры Свята-Варварынскім кафедральным саборы Пінскай епархіі.

Трапар і кандак прападобнамучаніку Макарыю Пінскаму

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.