Святы праведны Іаан Кармянскі

Святы праведны Іаан КармянскіПамяць 31 мая і 9 верасня
 

Нарадзіўся Іаан Гашкевіч у 1837 годзе ў мястэчку Стрэшын Магілёўскай губерні (цяпер г.п. у Жлобінскім р-не Гомельскай вобл.). Яго бацька шмат гадоў служыў свяшчэннікам у мясцовым Пакроўскім храме. З ранніх гадоў Іаан разам з братам дапамагаў у храме.


Паслушанне, праца і малітва, а таксама спадзяванне на Промысел Божы і на Пакроў Царыцы Нябеснай з маладых гадоў сталі галоўнымі рысамі айца Іаана. Пачатковую адукацыю ён атрымаў у царкоўна-прыходскай школе, затым скончыў гімназію і Магілёўскую духоўную семінарыю (1859). У 1862 годзе архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Яўсевій (Арлінскі) рукапалажыў Іаана Гашкевіча ў сан іерэя і накіраваў служыць у царкву Нараджэння Багародзіцы вёскі Шарсцін Рагачоўскага павета.

Малады 25-гадовы іерэй Іаан з матушкай Марыяй прыехалі на новае месца жыхарства напярэдадні Вялікага посту, і гэта сімвалічна адбілася на ўсім іх далейшым жыцці, якое прайшло ў малітвах і працы, посце і пакаянні. За 14 гадоў жыцця ў вёсцы Шарсцін у сям’і Гашкевічаў нарадзілася чацвёра дзяцей: трое сыноў — Міхаіл, Ігнацій, Сімяон — і дачка Таццяна. З часам Міхаіл і Сімяон сталі свяшчэннікамі, Ігнацій — псаломшчыкам, а Таццяна — настаўніцай царкоўнапрыходскай школы.

У 1876 годзе ва ўзросце 39 гадоў айцец Іаан быў пераведзены ў вёску Агародня Гомельскага павета, дзе стаў настаяцелем мясцовага прыхода. Храм у гонар свяціцеля Мікалая ў вёсцы Агародня стаў месцам узмоцненага малітоўнага подзвігу айца Іаана. На гэтым месцы служэння ў поўнай меры Гасподзь раскрыў духоўныя здольнасці Свайго выбранніка. На новым прыходзе бацюшка прыклаў шмат намаганняў па наладжванні прыходскага жыцця і добраўпарадкаванні храма. Неўзабаве айцец Іаан наведаў Кіева-Пячэрскую лаўру, дзе атрымаў ад старцаў благаславенне весці строгі аскетычны лад жыцця. Бацюшка да смерці не ўжываў мясной ежы і трымаў строгі пост у сераду і пятніцу, толькі пасля вячэрняга богаслужэння дазваляў сабе з’есці прасфору і выпіць крыху вады, ночы праводзіў у малітве. Розум свой бацюшка заўсёды займаў Іісусавай малітвай, навучаючы гэтаму сваіх сыноў і духоўных дзяцей. На богаслужэнне да яго прыходзілі людзі з суседніх паселішчаў, каб наталіцца благадаццю ад сумеснай малітвы з «пастырам добрым».

Любоў да бліжняга, якую прапаведаваў, айцец Іаан пацвярджаў канкрэтнымі справамі, часта паўтараючы словы апостала Іакава: «Вера без спраў мёртвая» (Іак. 2, 20). У Агародні і ваколіцах людзі памятаюць і перадаюць з пакалення ў пакаленне гісторыі, якія сведчаць пра надзвычайную дабрыню, міласэрнасць і празорлівасць свайго пастыра. Аднойчы айцец Іаан заўважыў, што нехта з яго двара бярэ ноччу дровы, і вырашыў высачыць зламысніка. Калі ж ён заўважыў, што прыйшла бедная ўдава, то сказаў: «Пачакай, памагу табе, а то цяжка падняць». Калі ж жанчына ўзмалілася, просячы прабачэння, старац сказаў: «Бог благаславіць, бяры дровы, грэй печку дзецям…». У час першай сусветнай вайны бацюшка клапаціўся пра абяздоленых, з беднымі дзяліўся апошнім, шматдзетнай сям’і аддаў сваю карову.

У канцы жыцця айцец Іаан атрымаў ад Госпада дар ацалення, у тым ліку беснаватых. Прапаведуючы слова Божае, айцец Іаан заклікаў усіх да пакаяння: «Хутка Гасподзь пралье на нас чашу гневу Свайго, калі мы не пакаемся, як ніневіцяне», — часта паўтараў ён і прарочыў, што будучае пакаленне ўбачыць у храмах мярзоту запусцення. Гэтыя словы збыліся ў хуткім часе пасля яго спачыну. У 1926 годзе храм у Агародні закрылі, а свяшчэнніка – малодшага сына айца Іаана – адправілі ў ссылку.

У 70 гадоў айцец Іаан быў узведзены ў сан протаіерэя, меў узнагароды – набедранік, скуф’ю, камілаўку, залаты нагрудны крыж. У 75 гадоў бацюшка выйшаў за штат па ўзросту і стану здароўя, саступіўшы месца свайму малодшаму сыну Іаану.

У дзень спачыну праведнага Іаана, як ён і прадказваў, было пагодна, сонечна. Сыны перанеслі бацюшку ў храм, дзе ён знаходзіўся тры дні. Пахавалі яго з правага боку ад алтара.У свой час айцец Іаан казаў: «Будуць скакаць на мне, ды труна моцнай будзе». Так і выйшла: у 1950-я гады храм спалілі, а ўсё, што засталося ад пажару, у тым ліку надмагільныя пліты і крыжы, згрэблі бульдозерам у роў. На роўным месцы наладзілі футбольнае поле і пляцоўку для танцаў. І толькі ў 1997 годзе пры раскопках фундамента царквы зачапілі труну… Вось тады людзі і ўспомнілі пра свайго забытага пастыра.

Аднойдзенне мошчаў айца Іаана супала з прыездам у Гомель Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія II. Напярэдадні прыезду Свяцейшага мошчы былі перанесены ў храм Пакрова Багародзіцы ў вёсцы Карма Добрушскага раёна. Гэты храм айцец Іаан закладаў і асвячаў у 1903 годзе.

У 1991 годзе створана камісія з трох свяшчэннікаў, якая засведчыла нятленнасць мошчаў праведнага Іаана. У 1998 годзе адбылося ўрачыстае царкоўнае праслаўленне Іаана Кармянскага і далучэнне яго да ліку святых зямлі Беларускай. У 2000 годзе Свята-Пакроўскі прыход у Карме пераўтвораны ў жаночы манастыр у імя святога праведнага Іаана Кармянскага. Манастыр уключае храмы – Пакроўскі і ў гонар Стрэчання Гасподняга (дамовы), а таксама манашаскі корпус і гасцініцу для паломнікаў. Пры манастыры стараннем насельніц створаны бібліятэка, швейная і залаташвейная майстэрні. Сёння вёска Карма стала месцам паломніцтва вернікаў з Беларусі і суседніх краін. Царква ў гонар праведнага Іаана Кармянскага дзейнічае ў Гомелі, у многіх храмах маюцца іконы і часцінкі мошчаў святога.

Трапар і кандак праведнаму Іаану Кармянскаму

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.