Прападобная Еўфрасіння, ігумення Полацкая

Прападобная Еўфрасіння, ігумення ПолацкаяПамяць 5 і 6 чэрвеня

 

Паходзіла святая Еўфрасіння са старажытнага роду полацкіх князёў, якія вялі пачатак ад князя Ізяслава – сына святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра. Нарадзілася яна каля 1104 года ў сям’і князя Георгія Усяславіча, сына Усяслава Полацкага, і княгіні Сафіі, дачкі Уладзіміра Манамаха. З дзіцячых гадоў Прадслава (гэта яе свецкае імя) уражвала выдатнымі здольнасцямі і выхаваннем. З дзяцінства мела вялікую любоў да малітвы і кніжнай навукі. Калі бацькі пачалі думаць пра шлюб дачкі, дванаццацігадовая Прадслава, адхіліўшы ўсялякія прапановы, цвёрда вырашыла прысвяціць сваё жыццё Богу і прыняла пострыг у адным з полацкіх манастыроў з імем Еўфрасіння, у гонар прападобнай Еўфрасінні Александрыйскай.

Па благаславенню Полацкага епіскапа Іліі княжна-інакіня пачала жыць у келлі пры полацкім Сафійскім саборы, дзе мелася багатая бібліятэка. Еўфрасіння займалася вывучэннем Свяшчэннага Пісання, чытаннем і перапісваннем кніг па замове гараджан.

Аднойчы ў сне Еўфрасінні явіўся ангел і ўказаў новае месца для падзвіжніцкага служэння – загараднае Сяльцо, дзе было падвор’е Полацкай епіскапскай кафедры з драўлянай царквой у гонар Спаса і пахавальняй епіскапаў. Прыкладна ў 1127 годзе епіскап Ілія благаславіў Еўфрасінню на заснаванне ў Сяльцы жаночага манастыра і прызначыў яе ігуменняй. У новазаснаванай абіцелі ў гонар Праабражэння Гасподняга святая заснавала школу, дзе навучала дзяўчынак перапісванню кніг, спевам, рукадзеллю і розным іншым рамёствам. Сама яна, як мяркуюць, складала малітвы і павучальныя словы, усё жыццё імкнулася да ведаў і духоўнага ўдасканалення. Славілася прападобная сваёй здольнасцю прымірыць варагуючых і справядліва рассудзіць спрэчку. Сярод першых насельніц манастыра былі малодшая сястра Еўфрасінні Гарадыслава, у манастве Еўдакія, стрыечная сястра Звеніслава, якая прыняла пострыг з імем Еўпраксія, а таксама пляменніцы Агафія і Яўфімія. Прападобная Еўфрасіння наладзіла жыццё манахінь «як адна душа», усе яны ўзносілі «адну думку ў малітвах да Бога». Еўфрасіння навучала насельніц цярпенню, устрыманню, душэўнай чысціні і пакорнасці волі Божай.

Пры дапамозе ахвяраванняў, якія прыносілі князі і гаражане, прп. Еўфрасіння занялася добраўладкаваннем манастыра. Паводле яе замовы, каля 1132 года дойлідам Іаанам узведзены мураваны храм у гонар Святога Спаса. Жыціе Еўфрасінні апавядае пра цуд, які адбыўся пры будаўніцтве храма. Для завяршэння будынка не хапіла цэглы-плінфы. Засмучаная Еўфрасіння малітоўна звярнулася да Бога, і на раніцу ў печы аказалася патрэбная колькасць плінфы. У той жа дзень будаўніцтва храма было завершана. Храм Спаса – найкаштоўнейшы помнік беларускага храмавага дойлідства, які захаваўся да нашага часу. Паводле падання, Еўфрасіння жыла ў келлі Спаскай царквы, справа ад хораў.

Пазней прападобная заснавала яшчэ і Багародзіцкі мужчынскі манастыр, для яго храма па просьбе Еўфрасінні Канстанцінопальскі патрыярх Лука Хрысаверг даслаў спісак з цудатворнай Эфескай іконы Маці Божай. Ікону ўпрыгожылі золатам, каштоўнымі камянямі і памясцілі ў храме Прасвятой Багародзіцы. Кожны аўторак святыню выносілі з храма і абходзілі з ёй ўсе гарадскія цэрквы. Мяркуюць, што ў канцы 13 – пач. 14 ст., была зроблена копія, якая захоўваецца цяпер у Дзяржаўным Рускім музеі ў Маскве.

Паводле замовы прападобнай у 1161 годзе мясцовы майстар Лазар Богша вырабіў каштоўны залаты крыж-машчавік — унікальны помнік старабеларускага ювелірнага мастацтва XII стагоддзя, які прападобная Еўфрасіння прынесла ў дар царкве Святога Спаса. У крыж былі змешчаны рэліквіі, відавочна прывезеныя з Візантыі. Святая Еўфрасіння пакінула запавет, каб крыж на ўсе часы заставаўся ў Полацку, у яе манастыры. Так было на працягу 100 гадоў. Потым крыж вывозілі ў Смаленск і Маскву, у 1563 годзе ён быў вернуты ў Полацк і знаходзіўся там да 1921 года. У 1941 годзе крыж знік з Магілёўскага музея, і дзе ён цяпер, да гэтага часу невядома. У 1997 годзе ў храме урачыста асвяцілі ўзноўлены вобраз (копію) крыжа, выраблены сучасным майстрам Мікалаем Кузьмічом.

Заснаваныя прападобнай манастыры сталі асяродкамі асветы ў Полацкім княстве, пры іх працавалі школы, бібліятэкі, скрыпторыі, магчыма, іканапісныя і ювелірныя майстэрні, прытулкі для бедных.

Незадоўга да смерці прападобная Еўфрасіння з пляменнікам Давідам і сястрой Еўпраксіяй выправілася ў паломніцтва да Святой Зямлі, даручыўшы заснаваныя ёй манастыры клопатам сястры Еўдакіі. Пакланіўшыся святыням Канстанцінопаля, прападобная дабралася да Іерусаліма, дзе спынілася ў рускім манастыры Прасвятой Багародзіцы. Полацкая ігумення пакланілася Гробу Гасподню і ахвяравала для яго залатую кадзільніцу і іншыя дары.

Неўзабаве святая занемагла. Прадчуваючы блізкую канчыну, яна запаведала быць пахаванай у лаўры святога Савы. Аднак там было забаронена хаваць жанчын, таму яе цела пасля спычыну, які наступіў 6 чэрвеня 1173 года, было пахавана ў манастыры святога Феадосія Вялікага пад Іерусалімам. Прыкладна ў 1187 го¬дзе ў сувязі з асадай егіпецкім султанам Іерусаліма мошчы святой перанесены ў Кіева-Пячэрскую лаўру, дзе ў пячорным Благавешчанскім храме яны знаходзіліся больш за 700 гадоў.

У канцы XIX – пач. ХХ ст. жыхары Полацка і Полацкай епархіі неаднойчы звярталіся ў Сінод з хадайніцтвам аб перанясенні мошчаў з Кіева ў Полацк. 20 красавіка 1910 года мошчы памясцілі ў новую кіпарысавую раку, вынеслі з пячэры Кіеўска-Пячэрскай лаўры і паставілі ва Успенскай лаўрскай царкве. 22 красавіка пасля літургіі хрэсным ходам мошчы перанеслі на параход, на якім па Дняпры следавалі да Оршы, ад Оршы да Полацка веруючыя з пашанай неслі святыню на руках. 20 мая хрэсны ход з мошчамі прыбыў у Полацк, 22 мая яны ўрачыста ўнесены ў Спаскі храм Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. Там мошчы былі перакладзены ў каштоўную кіпарысавую раку, абкладзеную срэбрам і пазалочанымі рэльефамі, упрыгожаную высокамастацкімі эмалевымі выявамі і арнаментамі.

У час Першай сусветнай вайны святыя мошчы разам з іншымі манастырскімі каштоўнасцямі былі эвакуіраваны ў Растоў-Вялікі (Расія) і змешчаны ў Богаяўленскім Аўрааміевым манастыры. У 1920 годзе стараннем сясцёр Полацкага манастыра святыя мошчы вярнуліся на радзіму.

У 1920 годзе паводле пастановы Народнага камісарыята юстыцыі РСФСР мошчы прападобнай былі кашчунна ўскрыты. Праз некаторы час насельніцам манастыра удалося вярнуць святыню ў Полацк. 13 мая 1922 года грабніца з мошчамі прападобнай Еўфрасінні зноў была ўскрыта, а рака канфіскавана ўладамі. Мошчы святой былі адпраўлены на атэістычную выстаўку ў Маскву, а затым — у Віцебскі краязнаўчы музей. У 1924 годзе Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр быў закрыты ўладамі.

У перыяд Вялікай Айчыннай вайны веруючыя перанеслі нятленныя мошчы святой з музея ў Віцебскую Свята-Пакроўскую царкву, а ў 1943 годзе дабіліся дазволу на вяртанне мошчаў у Полацкі манастыр. З таго часу яны знаходзяцца ў абіцелі і глыбока ўшаноўваюцца насельніцамі манастыра і вернікамі. З 2007 года мошчы пачываюць у новай высокамастацкай срэбнай грабніцы, адноўленай брэсцкім мастаком-ювелірам Мікалаем Кузмічом.

Царкоўнае ўшанаванне святой Еўфрасінні пачалося яшчэ ў XII стагоддзі. Самае старажытнае песнапенне яе гонар змешчана ў Сціхірары канца XII – пачатку XIII ст. Да 1187 года складзена яе “Жыціе”, якое захавалася ў мностве спіскаў. Найбольш старажытнымі выявамі прападобнай Еўфрасінні лічыцца фрэска (на жаль, лік на ёй страчаны) пры ўваходзе ў келлю на хорах Спаскай царквы ў Полацку (XII ст.), а таксама вобраз з іканастаса Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра (1685), выява на фелоні з Успенскага сабора Кіева-Пячэрскай лаўры (1750), палатно з выявай прападобнай Еўфрасінні ў поўны рост з трапезнай царквы Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра (1-я трэць XIX ст.). У Дальніх пячорах Кіева-Пячэрскай лаўры маецца ікона з часцінкамі мошчаў, дзе святая выяўлена ў грабніцы ў аблачэнні схімніцы, з кукалем на галаве, заплюшчанымі вачыма, з рукамі, складзенымі крыжападобна. Вобраз прападобнай Еўфрасінні прысутнічае на групавых іконах “Сабор Кіева-Пячэрскіх святых”, “Сабор святых жанчын, праззяўшых на Рускай зямлі”, “Сабор Беларускіх святых”.

З 1984 года прападобная ўшаноўваецца ў Саборы Беларускіх святых. У яе гонар будуюцца і асвячаюцца цэрквы не толькі ў Беларусі, але і за мяжой, там, дзе жывуць нашы суайчыннікі. Помнікі святой устаноўлены ў Полацку, Мінску, Рэчыцы. У 2007 годзе ў Беларускім Экзрхаце заснаваны ордэн і медаль Еўфрасінні Полацкай з яе выявай, якім узнагароджваюцца прадстаўнікі духавенства і міран за шматгадовае плённае служэнне і заслугі перад Царквой і Айчынай.

Трапар і кандак прападобнай Еўфрасінні Полацкай

Трапар і кандак перанясення мошчаў прп. Еўфрасінні Полацкай

 

 

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.