Свяціцель Дзіянісій, епіскап Полацкі

Свяціцель Дзіянісій, епіскап ПолацкіПамяць у Нядзелю 3-ю пасля Пяцідзесятніцы
(у Саборы Беларускіх святых)

Гістарычныя звесткі пра жыццёвы шлях свяціцеля Дзіянісія не захаваліся. Вядома толькі, што быў ён чацьвёртым з епіскапаў Полацкіх, чые імёны дайшлі да нас. Ён узначальваў Полацкую кафедру пасля епіскапа Казьмы, які спачыў пасля 1156 года. А пераемнікам епіскапа Дзіянісія на Полацкай кафедры стаў грэк Мікалай.

Верагодна, што Дзіянісій таксама быў грэкам. У епіскапскі сан, на думку даследчыкаў, ён быў рукапаложаны ў перыяд паміж 1156 і 1167 гадамі. У Жыціі Еўфрасінні Полацкай апавядаецца, што менавіта ўладыка Дзіянісій здзейсніў манашаскі пострыг дзвюх стрыечных сясцёр прападобнай Еўфрасінні. Гэта адбылося непасрэдна перад яе паломніцтвам у Святую Зямлю, пачатак якога адносіцца да зімы 1166/67 года. Уладыка Дзіянісій благаславіў прападобную Еўфрасінню ў далёкае падарожжа па святых месцах.

Відавочна, што свяціцель Дзіянісій быў ініцыятарам царкоўнага праслаўлення Еўфрасінні Полацкай. Пры ім былі напісаны Жыціе і служба святой княжне-ігуменні.

Памёр свяціцель, згодна з летапіснымі сведчаннямі, у 1184 годзе. Невядома, ці ён быў пахаваны ў адным з полацкіх манастыроў, ці яго мошчы былі перанесены ў Кіева-Пячэрскую лаўру. Гісторыя не захавала звестак і пра кананізацыю свяціцеля, аднак царкоўнае паданне сведчыць пра мясцовае народнае шанаванне памяці ўладыкі. Асабліва яго шануюць у Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры і ў Полацкай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Трапар і кандак свяціцелю Дзіянісію Полацкаму

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.