Свяціцель Міна, епіскап Полацкі

Свяціцель Міна, епіскап ПолацкіПамяць 3 ліпеня
 

Епіскап Міна здзяйсняў сваё архіпастырскае служэнне ў тыя часы, калі святло веры Хрыстовай яшчэ толькі пачынала распаўсюджвацца па нашых землях. Час і месца нараджэння свяціцеля нам невядомы. Але можна меркаваць, што адбылося гэта не пазней за 1065 год у Полацку або ў яго наваколлі. У старажытным Полацку прайшлі яго дзяцінства і юнацтва, тут закладаліся асновы і першыя вопыты духоўнага падзвіжніцтва. Дасягнуўшы паўналецця, будучы епіскап накіраваўся ў вядомы Кіева-Пячэрскі манастыр. Там праз кароткі час прыняў манашаскі пострыг і з інацкай руплівасцю і пакорным сэрцам уступіў на шлях малітоўнага падзвіжніцтва, самаахвярнага служэння Богу і бліжняму.

Хіратонія ў епіскапа, як паведамляецца ў Іпацьеўскім і Лаўрэнцьеўскім летапісах, адбылася 13 снежня 1105 года. Здзейсніў хіратонію, верагодна, мітрапаліт Кіеўскі Нікіфар I, які сам раней займаў Полацкую кафедру. Епіскап Міна згадваецца ў «Пацерыку Пячэрскім» (Кіеў, 1661) сярод іншых епіскапаў — выхаванцаў Кіева-Пячэрскага манастыра, якія «не своим взысканием, но Божиим понуждением от глубины пещерныя на высоту Престолов святительских вознесошася…»

Епіскап Міна ўзначаліў Полацкую епархію ў той час, калі ў яе ўваходзіла пераважная большасць земляў сучаснай Беларусі. Яго свяціцельскімі малітвамі і клопатамі ўладкоўваліся храмы і манастыры, выхоўваліся новыя пакаленні пастыраў, акармлялася полацкая паства. Кафедральным храмам быў знакаміты сабор у гонар Святой Сафіі, Прамудрасці Божай, які ў перабудаваным выглядзе захаваўся да нашых дзён. Пра высокі стан асветы і маралі тагачасных палачанаў сведчыць факт, што якраз пры епіскапе Міне ўзрасла і прыняла інацкі пострыг прападобная Еўфрасіння Полацкая. Епіскап Міна, як і ншыя полацкія ўладыкі, карыстаўся надзвычай высокім аўтарытэтам, браў чынны ўдзел у справах Полацкага княства і ўсёй Кіеўскай мітраполіі. Вядомы, напрыклад, факт яго ўдзелу ва ўрачыстым перанясенні мошчаў святых мучанікаў Барыса і Глеба ў Кіеў у 1115 годзе.

Спачыў свяціцель летам 1116 года, пра што згадваецца ва Уваскрасенскім летапісе: «Того же лета преставился Мина, епископ Полоцкий июня 20». Невядома, калі адбылася кананізацыя епіскапа Міны. Верагодна, што праслаўленне было здзейснена не адразу пасля спачыну, бо ў Жыціі прападобнай Еўфрасінні Полацкай пра гэта не згадваецца. У XIX стагоддзі ён лічыўся мясцова шанаваным як іерарх з ліку Кіева-Пячэрскіх інакаў.

Невядома дакладна, дзе быў пахаваны свяціцель Міна. Але можна меркаваць, што яго святыя мошчы спачываюць каля Праабражэнскага храма Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку. Бо вядома, што яго пераемнік, епіскап Полацкі Ілля, даруючы прападобнай Еўфрасінні для заснавання манастыра Сяльцо, якое належала архіерэйскаму дому, сказаў: «Есть там церковь Всемилостивого Спаса, идеже братия наша лежат, прежде нас бывшие епископы». На пачатку 1990-х гадоў на тым месцы ўсталявалі памятны крыж.

У 1984 годзе свяціцель Міна разам з іншымі святымі падзвіжнікамі быў уключаны ў Сабор Беларускіх святых. У 2005 годзе ў гарадскім пасёлку Івянец Мінскай епархіі асвячоны ніжні храм у гонар свяціцеля Міны, епіскапа Полацкага.

Трапар і кандак свяціцелю Міну Полацкаму

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.