Прападобны Марцін, затворнік Тураўскі

Прападобны Марцін, затворнік ТураўскіПамяць 10 ліпеня

Пра святога Марціна захавалася няшмат звестак. Вядома, што ён служыў кухарам пры сядзібе Тураўскіх епіскапаў — Сімяона, Ігнація, Іакіма і Георгія, у самым старажытным манастыры Турава — Барыса-Глебскім. Манастыр размяшчаўся на поўдзень ад княжага замка. Заснаваны быў яшчэ ў XI стагоддзі ў памяць святых мучанікаў Барыса і Глеба, забітых у 1015 годзе. Пры манастыры знаходзілася кафедра Тураўскіх епіскапаў, яны былі адначасова ігуменамі гэтага манастыра.


Дасягнуўшы сталага ўзросту, прападобны Марцін быў звольнены на спакой. Але старац не захацеў расставацца з манастыром і, адчуўшы пакліканне служыць Богу, прыняў манашаскі пострыг.

У манашастве прп. Марцін выконваў многія паслушанні і здзяйсняў подзвігі дзеля ўратавання сваёй душы. Сталы ўзрост і цяжкая праца сталі прычынай частых і працяглых хвароб прападобнага Марціна. Аднойчы, калі ён занядужаў, пакутуючы ад болю, горача стаў маліцца і клікаць на дапамогу святых мучанікаў Барыса і Глеба.

На трэці дзень у цудоўным бачанні явіліся яму два мужы, у якіх прападобны пазнаў святых князёў. Яны падалі хвораму вады, і ён адчуў сябе здаровым. Пасля цудоўнага ацалення прападобны Марцін пражыў яшчэ год, а ў наступным, 1150 годзе, з мірам адышоў да Госпада.

Пахаваны быў святы Марцін на манастырскіх могілках, побач з храмам. Яму прысвечана сказанне “Слова пра Марціна мніха”, запісанае невядомым аўтарам неўзабаве пасля спачыну прападобнага. З невялікімі зменамі “Слова” ўвайшло ў Мінеі свяціцеля Макарыя.

Прп. Марцін асабліва ўшаноўваецца на Тураўшчыне, там у дзень яго памяці правіцца ўрачыстае богаслужэнне пры ўдзеле мноства вернікаў. У 1998 годзе ў вёсцы Жалудок Шчучынскага раёна Гродзенскай епархіі пабудаваны новы храм, асвячоны ў імя прападобнага Марціна Тураўскага.

Трапар і кандак прападобнаму Марціну Тураўскаму

 

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.