Святая праведная дзева Юліянія Альшанская

Святая праведная дзева Юліянія АльшанскаяПамяць 19 ліпеня

Праведная Юліянія жыла ў першай палове XVI стагоддзя. Паходзіла яна з родавай галіны князёў Альшанскіх, якія мелі вялікія ўладанні на тэрыторыі Беларусі і Украіны. Бацька святой — князь Юрый Дубравіцкі-Альшанскі — быў набожным хрысціянінам, вядомым ахвярадаўцам Кіева-Пячэрскай лаўры.


Пра жыццё святой праведнай Юліяніі гісторыя не захавала звестак. Вядома толькі, што памерла яна на 16-м годзе жыцця і была пахавана бліз Успенскай царквы Кіева-Пячэрскай лаўры. Нятленныя мошчы святой былі аднойдзены выпадкова на пачатку XVII стагоддзя. Згодна з «Сказаннем аб аднойдзенні пачэсных мошчаў святой Іуліаніі» (Кіеў, 1705). каля Успенскай царквы знайшлі грабніцу, на якой была дошчачка з гербам князёў Альшанскіх і надпісам: «Юліянія, княжна Альшанская, дачка князя Альшанскага, памерла дзеваю на 16-м годзе ад нараджэння». Калі труну адчынілі, то ўбачылі дзеву, цела якой не кранула тленне. На ёй былі шаўковыя, шытыя золатам строі, шыя і рукі ўпрыгожаны каштоўнасцямі, а галава ўвянчана залатым вянком з жэмчугам. Аднак ад дотыку рук адзенне рассыпалася ў прах. Тады святыя мошчы прыбралі ў новыя строі і паклалі ва Успенскай царкве, але без асаблівага ўшанавання.

У 1617 годзе нейкі арыянін прыйшоў ва Успенскую царкву і папрасіў адчыніць яму грабніцу праведнай Юліяніі. Прыкладаючыся да святых мошчаў, ён зняў з рукі святой каштоўны пярсцёнак. Але як толькі ён выйшаў з храма, то ўпаў каля царкоўнай брамы і раптоўна памёр. Пры ім знайшлі схаваны пярсцёнак святой.

Царкоўнае паданне захавала і іншы выпадак. Святая дзева ў духоўным бачанні явілася архімандрыту Пятру Магілу (пазней — мітрапаліту Кіеўскаму), дакараючы яго за непавагу да яе мошчаў. Пасля гэтага для яе святых мошчаў вырабілі новую грабніцу з надпісам: “Па волі Тварца неба і зямлі жыве ва ўсе леты Юліянія, памочніца і вялікая ў Небе заступніца. Тут косці — ацаленне ад усіх пакутаў… Райскія паселішчы сабой упрыгожваеш, Юліянія, як кветка цудоўная”.

Праведная Юліянія цудоўным чынам з’яўлялася ігумену Залатаверхага Кіеўскага манастыра Феадосію. Пры гэтым яна сказала: «Гасподзь таму явіў гэтае бачанне, каб ты ўведаў, што і я далучана Госпадам да святых дзеваў, якія дагадзілі Яму».

У 1718 годзе святыя мошчы праведнай Юліяніі пацярпелі ад пажару ва Успенскай царкве. Рэшта мошчаў была перанесена ў Бліжнія пячоры Кіева-Пячэрскай лаўры, а ў 1889 годзе часціцу святых мошчаў перанеслі ў кафедральны сабор горада Жытоміра.

Праведна Юліянія асабліва ўшаноўваецца ва Украіне і Беларусі. Яе імя ўключана ў Саборы Кіева-Пячэрскіх, Валынскіх і Беларускіх святых. У 2001 годзе ў Дубровіцы (Сарненская епархія, Україна) – старажытным удзеле князёў Альшанскіх, арганізаваны прыход у імя святой праведнай дзевы Юліяніі. У вёсцы Альшаны Столінскага раёна (Пінская епархія) асвячоны храм у гонар святой княжны Альшанскай. З 1999 года часціца яе святых мошчаў знаходзіцца і ў Гальшанскай царкве ў імя велікамучаніка Георгія Пераможца Навагрудскай епархіі. Штогод у дзень памяці святой там правяцца ўрачыстыя службы з удзелам шматлікіх паломнікаў з усёй епархіі. У Слоніме дзейнічае праваслаўнае сястрынства ў імя святой Юліяніі.

Трапар і кандак праведнай Юліяніі, князёўне Альшанскай

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.