Прападобная Манефа Гомельская

Прападобная Манефа ГомельскаяПамяць 11 жніўня

 

Схіманахіня Манефа (Марыя Скапічова) нарадзілася 1 красавіка 1918 года ў вёсцы Сеўрукі на Гомельшчыне. З дзяцінства пакутуючы ад невылечнай хваробы, Марыя не магла хадзіць. Аднак яна несла свой жыццёвы крыж з цярпеннем, пакорнасцю, любоўю да Госпада і людзей. Яе духоўнае ўзрастанне адбывалася ў атмасферы дамашняй малітвы, часта яна наведвала і храм былога Чонкаўскага жаночага манастыра ў гонар Ціхвінскай іконы Божае Маці. У 1942 годзе ў адноўленым манастыры ад архімандрыта Серафіма (Шахмуця) Марыя прыняла манаскі пострыг. Але ўжо ў верасні 1943 года ў ходзе карнай аперацыі акупантаў манастыр быў спалены, а манахіні разагнаны.

Прападобная вярнулася ў бацькоўскую хату і там працягвала свой малітоўны подзвіг. Начнымі малітвамі яна вымольвала ацаленне хворым, брала іх боль на сябе, сама пакутуючы ад бясконцых хвароб. Дабрыня матушкі прыцягвала да яе не толькі аднавяскоўцаў, але і людзей здалёк. Галоўная яе парада людзям — імкнуцца да пакаяння, міласэрнасці і малітвы. Схіігумен Макарый (Харкоў), апошні са старцаў Опцінскага манастыра, пасвяціў яе ў схіму. Выбранніца Божая матушка Манефа была надзелена вялікім дарам малітвы, празарлівасці і ацалення людскіх немачаў.

Гасподзь паслаў схіманахіні Манефе аднадумцаў, якія сталі яе духоўнымі дзецьмі і памочнікамі ў жыцці. У хаце яе жылі тры манахіні і іераманах Мікалай Мамічаў. Такім чынам пры матушцы ўтварыўся невялікі манастыр са сваім укладам, дзе жылі сумесна і маліліся разам паплечнікі прападобнай.

25 лютага 1984 года матушка Манефа адышла да Госпада. На пахаванне схіманахіні Манефы прыехалі ўсе, хто ведаў і любіў яе як малітвеніцу і духоўную маці. Праведніцу пахавалі на вясковых могілках у Сеўруках, паставіўшы на яе магіле сціплы крыж.

З 2005 года свяшчэннікі Гомельскага Петра-Паўлаўскага кафедральнага сабора служылі на магіле матушкі паніхіды. Па благаславенні Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія ІІ 11 жніўня 2006 года адбылося аднойдзенне пачэсных мошчаў святой схіманахіні Манефы, а 20 верасня таго ж года мошчы былі пакладзены ў спецыяльную раку.

11 жніўня 2007 года ў Гомелі адбылося царкоўнае праслаўленне праведнай Манефы. Яе святыя мошчы, якія славяцца дарам дабрадатнай дапамогі і ацаленнямі, спачываюць у Гомельскім кафедральным саборы ў гонар святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла.

Трапар і кандак прападобнай Манефе Гомельскай

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.