Прападобны Фёдар Астрожскі

Прападобны Фёдар АстрожскіПамяць 24 жніўня

 

Старажытныя крыніцы сведчаць, што род князёў Астрожскіх паходзіў ад князёў Турава-Пінскіх, якія ў сваю чаргу вялі свой радавод ад святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра, хрысціцеля Русі. Бацька прападобнага, князь Даніла Астрожскі, быў вядомы як нястомны змагар за незалежнасць заходнерускіх земляў ад польскага караля Казіміра III. Але найбольш бацькі Фёдара праславіліся прыкладнай набожнасцю і хрысціянскаю любоўю да храмаў Божых, шчодра ахвяруючы на іх землі ды іншую маёмасць.

Прападобны Фёдар быў старэйшым сынам у сям’і, адзначаўся цікавасцю да розных навук і жаданнем прымяняць набытыя веды ў жыцці. Пасля смерці бацькі, атрымаўшы землі Астрожскія, Заслаўскія і Корацкія, ён становіцца багатым спадчыннікам. Адначасова князь пераняў права апекі над усімі праваслаўнымі цэрквамі і манастырамі на сваіх землях.

Вядомы факт удзелу Фёдара Астрожскага ў вызваленні князя Свідрыгайлы, які ў час дынастычнай вайны быў схоплены польскім войскам і па загаду Вітаўта пасаджаны ў Камянецкі замак. У 1408 годзе князь Фёдар з’явіўся туды з атрадам воінаў і вызваліў літоўскага князя, які далей мусіў хавацца спачатку ў Венгрыі, а потым у Маскве. Праз некаторы час паміж Вітаўтам і Свідрыгайлам быў заключаны мір, які прападобны Фёдар імкнуўся скарыстаць у інтарэсах Праваслаўнай Царквы. Каб замацаваць заключаны мір, у 1410 годзе князь Фёдар узяў удзел у паходзе з каралём Ягайлам супраць нямецкіх рыцараў-крыжакаў, якія няспынна ўчынялі наезды на Вялікае княства Літоўскае з мэтай ахрысціць язычніцкую жмудзь у каталіцкую веру. У вядомай бітве пад Грунвальдам князь Фёдар ахоўваў асобу самога караля, чым нямала паспрыяў перамозе літоўскага і польскага войскаў над крыжакамі.

У час княжай міжусобіцы Фёдар Астрожскі, як пішуць гісторыкі — «муж вялікай смеласці і непахіснага аўтарытэту з усіх правадыроў Літвы і Русі», быў самым дзейсным і храбрым паплечнікам Свідрыгайлы, які ў 1431 годзе быў прызнаны вялікім князем. Астрожскі актыўна ўступаецца за зямлю Падольскую, на якую пасягалі палякі, і здабывае не адну гучную перамогу. Іх ён выкарыстоўвае для абароны Праваслаўнай Царквы і яе правоў.

Далей князя Фёдара чакалі сур’ёзныя выпрабаванні і расчараванні. Вялікі аўтарытэт князя выклікаў незадавальненне ў Свідрыгайлы, той загадаў схапіць князя Фёдара і пасадзіць у вязніцу. Ужо тады князь Астрожскі задумаўся пра марнасць зямной славы, каварства і нетрываласць чалавечых пачуццяў.

Пасля вызвалення ён яшчэ не раз удзельнічаў у розных бітвах, у тым ліку — з татарамі. Да 1438 года мы бачым яго багатым землеўласнікам, знакамітым воінам і аўтарытэтным дыпламатам. Захаваліся звесткі, што ён пабудаваў Прачысценскую царкву ў Астрогу на Украіне.

Але на гэтым сканчаецца свецкая дзейнасць прападобнага Фёдара. Ён «пакінуў спакусы свету гэтага» і княжую славу, вырашыўшы прыняць абет святога інацтва. Пасля пострыгу яго прынялі ў склад браціі Кіева-Пячэрскага манастыра. У старажытных спевах праслаўлялася «пакорлівае паслушэнства і маўчальніцтва» князя-інака, яго руплівасць на ніве дабрадзейнасці і хрысціянскай любові. Паводле старажытнага падання, Фёдар Астрожскі « душу сваю ўсяляк удасканальваў і з тым адышоў да Госпада».

Царкоўнае праслаўленне святога адбылося не пазней як у канцы XVI стагоддзя. Да 1638 года адносіцца запіс, згодна з якім Фёдар знаходзіўся ў Феадосіеўскай пячоры «в целом теле» разам з іншымі кіева-пячэрскімі ўгоднікамі і цудатворцамі. У 1643 годзе іераманах з Канстанцінопаля Мялецій Сірыг склаў службу прападобным айцам, што ў Дальніх пячорах. У гэтай службе імя Фёдара праслаўляецца нароўні з іншымі ўгоднікамі Божымі. У 1908 г. асобная служба святому складзена епіскапам Валынскім (пазней мітрапалітам) Антоніем (Храпавіцкім).

Прападобны Фёдар асабліва ўшаноўваецца на Украіне, дзе ён заснаваў Мяжырыцкі Свята-Троіцкі манастыр, і на поўдні Беларусі — на Піншчыне і Брэстчыне. У 2002 годзе рашэннем Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы прападобны Фёдар, князь Астрожскі, далучаны да Сабора Беларускіх святых. У гонар яго асвячона дамовая царква ў доме «Кінанія», што ў пасёлку Калодзішчы пад Мінскам. Там знаходзіцца ікона святога Фёдара Астрожскага з часцінкай яго мошчаў.
 

Трапар і кандак прападобнаму Фёдару Астрожскаму

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.