Прападобнамучанік Серафім, архімандрыт Жыровіцкі

Прападобнамучанік Серафім, архімандрыт ЖыровіцкіПамяць 6 верасня

 

Прападобнамучанік Серафім (свецкае імя Раман) нарадзіўся 15 ліпеня 1901 года ў вёсцы Падлессе Ляхавіцкага раёна ў шматдзетнай сялянскай сям’і Рамана і Алены Шахмуцяў. З дзяцінства хлопчыка цягнула да царквы, дзе ён многа і старанна маліўся. Нягледзячы на беднасць і дачасную смерць бацькі, Раману ўдалося скончыць двухгадовую школу ў Ляхавічах. У 1916 годзе ён паступіў паслушнікам у Мінскі Свята-Духаў мужчынскі манастыр. Але праз год, у 1917 годзе, вымушаны быў вярнуцца ў роднае Падлессе, каб дапамагаць аўдавелай маці. У 1921 годзе Раман здаў экзамен на псаломшчыка і нейкі час служыў у царкве Нараджэння Багародзіцы ў вёсцы Вяляцічы каля Пінска.


Праз два гады ў Жыровіцкім Свята-Успенскім манастыры адбыўся чын пастрыжэння яго ў манаства з імем Серафім. Некалькі гадоў у манастыры ён нёс паслушанне рэгента і ўстаўшчыка, вызначаўся цудоўным голасам. У 1926 годзе Серафіма (Шахмуця) рукапалажылі ў іерадыякана. У гэтым сане ён пэўны час кіраваў манастырскім хорам, выконваў абавязкі эканома. Карыстаўся вялікай павагай і аўтарытэтам сярод манастырскай браціі..

У 1935 годзе ўзведзены ў сан іераманаха і накіравалі ў вёску Курашава, што каля Гайнаўкі (цяпер Польшча), дзе праваслаўны прыход апынуўся ў цяжкім становішчы ў сувязі з актывізацыяй уніятаў. За два гады малітоўнай і падзвіжніцкай працы іераманах Серафім дамогся значнага паляпшэння стану храма і прыхода, заўважна ўмацаваў дух праваслаўных вернікаў.

У 1930-я гады айцец Серафім пазнаёміўся з архіепіскапам Панцеляіманам (Ражноўскім), які ў той час пражываў на спакоі ў Жыровіцкім манастыры. Менавіта пад уплывам уладыкі Панцеляімана айцец Серафім паступова сфармаваўся як манах высокага духоўнага жыцця. У перадваенны час разам з Грыгорыем Кударэнкам, будучым архімандрытам Жыровіцкім, ён удзельнічаў у місіянерскіх хрэсных ходах з Жыровіцкай іконай Божай Маці па заходнебеларускіх гарадах і вёсках, дзе асабліва адчуваўся ўплыў рыма-каталіцызму. У канцы 1939 года ўладыка Панцеляіман узвёў айца Серафіма ў сан ігумена, крыху пазней — у сан архімандрыта.

Калі пачалася вайна, архімандрыт Серафім і іерэй Грыгорый Кударэнка з благаславення архіепіскапа Панцеляімана ў жніўні 1941 года пакінулі Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр і выехалі ў напрамку Мінска. Ім было даручана заняцца арганізацыяй царкоўна-прыходскага жыцця ва Усходняй Беларусі, дзе яно было ў даваенны час цалкам разбурана.
Па дарозе ў Мінск яны наведалі шэраг вёсак Капыльскага, Слуцкага і Уздзенскага раёнаў. У кожным паселішчы місіянеры збіралі сярод вернікаў прашэнні на імя ўладыкі Панцеляімана з просьбай аб адкрыцці прыходскіх цэркваў; усюды адпраўлялі богаслужэнні, аглядалі храмы, якія захаваліся, выбіралі будаўнічыя камітэты для іх рамонту, хрысцілі дзяцей, адпявалі нябожчыкаў, нястомна прапаведавалі.

Прыбыўшы ў Мінск, архімандрыт Серафім і айцец Грыгорый нядоўгі час служылі ў Спаса-Праабражэнскай царкве былога жаночага манастыра. Але ўжо ў студзені 1942 года адправіліся на Віцебшчыну з той жа мэтай місіянерскай пропаведзі. Затым яны наведалі Оршу, Магілёў, Быхаў, Рагачоў, Жлобін, Бабруйск і Гомель. У мясцовасці Чонкі аднавілі жаночы манастыр, у якім пасялілася 30 сясцёр. Аб’ехаўшы Усходнюю Беларусь, архімандрыт Серафім (Шахмуць) стаў першым летапісцам тых пакутаў, якія выцерпелі служыцелі Праваслаўнай Царквы ў перыяд бальшавіцкага тэрору.

Вярнуўшыся ў Мінск, некаторы час місіянеры служылі ў царкве Святога Духа. У чэрвені 1944 года ў сувязі з набліжэннем лініі фронту яны выехалі ў Гродна, дзе знайшлі прытулак у манастыры Нараджэння Багародзіцы. 6 верасня таго ж года абодвух прапаведнікаў і місіянераў арыштавалі. Савецкія ўлады прад’явілі ім абвінавачанне ў супрацоўніцтве з акупацыйнымі карнымі органамі СД і іншых надуманых злачынствах. На самой справе прычынай арышту была іх падзвіжніцкая і місіянерская дзейнасць. Арыштаваных пратрымалі пад «следствам» роўна 10 месяцаў, так нічога і не дабіўшыся. На допытах асуджаныя трымаліся мужна, не хаваючы сваіх поглядаў і перакананняў. Абодвум вязням 7 ліпеня 1945 года вынеслі прысуд аб пазбаўленні волі тэрмінам на 5 гадоў з адбываннем пакарання ў канцлагеры. Іх адправілі ў Горкаўскую вобласць, размясцілі ў розных месцах, на адлегласці 12 км. Менш чым праз год пасля вынясення прысуду архімандрыт Серафім пры невядомых абставінах загінуў у лагеры.

Святар Грыгорый Кударэнка, адбыўшы тэрмін зняволення, вярнуўся ў Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр, праз нейкі час прыняў манашаскі пострыг з імем Ігнацій. У 1984 годзе ва ўзросце 89 гадоў ён у сане архімандрыта мірна адышоў да Госпада. Незадоўга да смерці ён сведчыў, што ў час місіянерскага падарожжа 1941–1944 гадоў па Усходняй Беларусі ім разам з айцом Серафімам было адкрыта 74 храмы.

Архімандрыт Серафім быў кананізаваны Беларускай Праваслаўнай Царквой у 1999 годзе як адзін з навамучанікаў Мінскай епархіі. Яму вызначаны і асобны дзень памяці — 6 верасня. Гэта дзень яго арышту, які стаў пачаткам яго мучаніцкага подзвігу. У гонар прападобнамучаніка дзейнічае прыходскі храм у Слоніме, іконы святога маюцца ў многіх храмах Беларусі.

 

Трапар і кандак прападобнамучаніку Серафіму Жыровіцкаму

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.