Свяшчэннамучанік Мікалай, прасвітар Віцебскі

Свяшчэннамучанік Мікалай, прасвітар ВіцебскіПамяць 12 верасня

Нарадзіўся Мікалай Акаловіч 4 мая 1863 года ў вёсцы Ужляціна Віцебскага павета (цяпер Шумілінскі раён) у сям’і псаломшчыка. Пасля Віцебскага духоўнага вучылішча працягваў адукацыю ў Віцебскай духоўнай семінарыі, якую паспяхова скончыў у 1883 годзе па першым разрадзе. З 1883 па 1887 год навучаўся ў Маскоўскай Духоўнай Акадэміі, скончыў яе са званнем магістранта. Указам епіскапа Полацкага і Віцебскага Маркела (Попеля) 4 снежня 1887 года Мікалай Акаловіч быў прызначаны на пасаду місіянера Полацкай епархіі. Два гады ён пражыў у горадзе Рэжыца (цяпер Латвія) — дзе жыло нямала старавераў. Неўзабаве Мікалая Акаловіча пасвяцілі ў сан дыякана, а 2 лютага 1888 года — у сан свяшчэнніка.


Акрамя пастырскіх абавязкаў, айцец Мікалай праводзіў значную місіянерскую і асветніцкую дзейнасць. У 1889 годзе ён быў прызначаны на пасаду законанастаўніка Полацкага кадэцкага корпуса. Адначасова ўваходзіў у склад Полацкага епархіяльнага апякунства, з’яўляўся старшынёй рады Полацкага царкоўнага брацтва, старшынёй Полацкага павятовага аддзялення вучылішчнай рады. На працягу многіх гадоў быў рэдактарам «Полоцких епархиальных ведомостей». За заслугі на духоўна-асветніцкай ніве, за асаблівую стараннасць і руплівасць у справе добраўпарадкавання мясцовых царкоўна-прыходскіх школ 15 жніўня 1897 года айцец Мікалай атрымаў грамату Свяцейшага Сінода і ўзнагародную Біблію.

У 1906 годзе айцец Мікалай Акаловіч па патрабаванні лекараў мусіў перамяніць клімат і пераехаць на служэнне ў Варонеж. Аднак сувязі з радзімай ён не парываў. Быў удзельнікам перанясення з Кіева ў Полацк мошчаў прападобнай Еўфрасінні Полацкай у 1910 годзе. Праз два гады ён вярнуўся на Віцебшчыну, дзе неўзабаве быў прызначаны законанастаўнікам Дзвінскага рэальнага вучылішча.

З 1919 года протаіерэй Мікалай жыў у Віцебску. У 1922 годзе яго прызначылі настаяцелем віцебскага Мікалаеўскага кафедральнага сабора. Тады ў горадзе ішла кампанія па канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў, абрабаваны былі Мікалаеўскі і Успенскі саборы, архіерэйская Міхаіла-Архангельская і бальнічная цэрквы. Дзякуючы мудрасці айца Мікалая, абышлося без кровапраліцця: перадача каштоўнасцяў прайшла досыць мірна, больш за тое — ва Успенскі сабор былі вернуты раней канфіскаваныя літургічны посуд, што дазволіла зноў адпраўляць богаслужэнні. Аднак у тым жа 1922 годзе па падазрэнні ў арганізацыі перашкод канфіскацыі каштоўнасцяў айцец Мікалай быў арыштаваны. Два тыдні яго ўтрымлівалі пад вартай, умоўна асудзілі на год пазбаўлення волі, але неўзабаве амнісціравалі.

Да таго часу ў Віцебскай епархіі ўсё больш відавочна заяўляла пра сябе абнаўленства — вынік інспіраванага звонку царкоўнага расколу. Абраная ў 1918 годзе Віцебская епархіяльная рада падтрымлівала Патрыярха Ціхана, але ў 1920 годзе яна была скасавана Віцебскім павятова-гарадскім ваенна-рэвалюцыйным камітэтам. У 1922–1925 гадах у Віцебску было афіцыйна зарэгістравана Епархіяльнае ўпраўленне — адзінае як для прыхільнікаў Патрыяршай Царквы, так і для абнаўленцаў. Толькі праз гэтае епархіяльнае ўпраўленне адбываліся прызначэнні свяшчэннікаў з атрыманнем дазволу на царкоўную службу ад мясцовых органаў улады. Паколькі айцец Мікалай з прычыны арышту страціў месца, а віцебскі Мікалаеўскі сабор ужо знаходзіўся ў руках абнаўленцаў, яму давялося прымаць новае прызначэнне ад «адзінага» епархіяльнага ўпраўлення. Двойчы, у 1924 і 1927 гадах, абнаўленчыя іерархі пісьмова прапаноўвалі айцу Мікалаю перайсці ў абнаўленства, прыняць архіерэйскі сан і ўзначаліць Полацкую епархію. Адказ святара быў цвёрдым і адназначна адмоўным. Больш за тое, протаіерэй Мікалай Акаловіч стаў найважнейшай фігурай у супрацьстаянні абнаўленчаму расколу ў Віцебску.

З 1922 па 1927 год, падчас ссылкі кананічнага архіерэя архіепіскапа Інакенція (Ястрабава), айцец Мікалай аб’яднаў вакол сябе святароў і прыхаджан, мужна дамагаючыся ад багаборчай улады дазволу стварыць асобнае ад абнаўленцаў епархіяльнае ўпраўленне. У студзені 1926 года гэтая мэта была дасягнута. Так прыхільнікаў Патрыяршай Царквы ўдалося ўратаваць ад масавых арыштаў.

З 1924 года протаіерэй Мікалай Акаловіч быў настаяцелем Ільінскай царквы Віцебска. Тут ён выявіў сябе дбайным і бясстрашным пастырам Патрыяршай Царквы, заўсёды гатовым да самаахвярнасці. Прадчуваючы набліжэнне яшчэ больш жорсткіх выпрабаванняў, адчуваючы патрэбу духоўнай абароны і ўмацавання, з 1928 па 1931 год протаіерэй Мікалай служыў Бажэственную літургію ў Ільінскай царкве штодня.

Асабліва самааддана айцец Мікалай працаваў у 1929—1931 гадах, калі Віцебскую кафедру займаў архіепіскап Мікалай (Пакроўскі). Протаіерэй Мікалай Акаловіч як благачынны гарадскіх цэркваў Віцебска стаў першым памочнікам свайго архіерэя, выявіўшы сябе нястомным арганізатарам адраджэння царкоўнага жыцця ў епархіі. У гэты час з абнаўленства ўдалося вярнуць каля 50 прыходаў.

Багаборчая ўлада не магла не заўважыць актыўнасці свяшчэннаслужыцеля. Протаіерэй Мікалай Акаловіч быў арыштаваны 24 красавіка 1931 года і змешчаны ў Віцебскую турму. Яму было прад’яўлена сфабрыкаванае абвінавачанне ў антысавецкай і антыкалгаснай агітацыі. Натуральна, што вінаватым сябе ён не прызнаў. Пастановай Асобай нарады пры Калегіі АГПУ ад 14 ліпеня 1932 года айцец Мікалай Акаловіч быў высланы з Віцебска. У гэты час ён ужо быў у састарэлым веку — на момант асуджэння яму споўнілася 68 гадоў. Падчас следства святар 15 месяцаў прабыў у турме, што канчаткова падарвала яго здароўе. Паводле сведчання сына Пятра, пазней таксама арыштаванага і расстралянага, протаіерэй Мікалай Акаловіч памёр у 1934 годзе. Месца зняволення і пакутніцкага скону, а таксама прычына смерці яго засталіся невядомымі. Рэабілітаваны протаіерэй Мікалай Акаловіч 12 верасня 1989 года пракуратурай Віцебскай вобласці.

Царкоўнае праслаўленне навамучаніка Віцебскай епархіі адбылося 4 лістапада 2007 года ў Віцебскім Свята-Троіцкім Маркавым манастыры. Пастановай Святога Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы 4 лістапада 2007 года свяшчэннамучанік Мікалай Акаловіч далучаны да ліку святых зямлі Беларускай.

Трапар і кандак свяшчэннамучаніку Нікалаю Віцебскаму

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.