Свяшчэннамучанік Іаан (Помер), епіскап Слуцкі, архіепіскап Рыжскі і Латвійскі

Свяшчэннамучанік Іаан (Помер), епіскап Слуцкі, архіепіскап Рыжскі і ЛатвійскіПамяць 12 кастрычніка

Нарадзіўся свяціцель 6 студзеня 1876 года на латвійскім хутары ў праваслаўнай сялянскай сям’і. Яго прадзед-латыш свядома прыняў праваслаўе, нягледзячы на пераследы з боку землеўласнікаў-лютэран. З дзяцінства Іаан быў знаёмы з цяжкай сялянскай працай, што, аднак, не перашкаджала яму расці ўдумлівым юнаком, імкнуцца да пазнання Слова Божага. У 1897 годзе Іаан скончыў Рыжскую духоўную семінарыю, затым працягваў адукацыю ў Кіеўскай духоўнай акадэміі. У 1903 годзе па благаславенні святога праведнага Іаана Кранштацкага прыняў манаства і неўзабаве быў рукапаложаны ў іерадыякана. У 1904 годзе Іаан Помер быў пасвячоны ў сан іераманаха. У гэтым сане выкладаў у Чарнігаўскай і Валагодскай семінарыях, дзе яму ўдалося знайсці агульную мову з навучэнцамі і патушыць дух рэвалюцыйнай узбуранасці, які распаўсюдзіўся ў 1904—1905-я гады і на духоўныя навучальныя ўстановы.


У сан архімандрыта іераманах Іаан быў узведзены 26 верасня 1907 года, а ў наступным годзе прызначаны рэктарам Літоўскай (Віленскай) духоўнай семінарыі. Да моманту новага прызначэння архімандрыт Іаан быў сфармаванай асобай высокага духоўнага ўзроўню, з вялікім інтэлектуальным патэнцыялам і моцнай воляй. Ён праявіў сябе як таленавіты адміністратар, за кароткі час узняўшы даручаную яму семінарыю на самы высокі ўзровень. Вялікую ўвагу ён надаваў семінарскаму хору, якасці чытання ў час богаслужэння, а таксама мастацтву пропаведзі. За бедных выхаванцаў семінарыі ён нярэдка сам уносіў плату, даючы ім магчымасць працягваць навучанне. Архімандрыт Іаан быў вядомы як выдатны прапаведнік, клапатлівы пастыр, руплівец аб упарадкаванні храмаў і манастыроў. У Літоўскай епархіі ён арганізаваў і ўзначаліў шматлюдныя паломніцкія ходы ў сельскія храмы з цудатворнай Віленскай іконай Божай Маці «Адзігітрыя». Ён валодаў рэдкім дарам сумоўя з простымі людзьмі, адзначаўся незвычайнай прастатой і спагадлівасцю да іх.

У 1912 годзе ў Пецярбургу адбылася хіратонія архімандрыта Іаана ў епіскапа Слуцкага, вікарыя Мінскай епархіі. Уладыка Іаан стаў вікарыем архіепіскапа Мінскага Міхаіла (Цемнарусава), а пасля спачыну правячага архіерэя распараджэннем Сінода прызначаны часова кіруючым Мінскай епархіяй. Прабыванне ўладыкі Іаана ў Мінску запомнілася духавенству і веруючым узнёслымі царкоўнымі службамі, якія ён здзяйсняў у кафедральным Петра-Паўлаўскім саборы на Саборнай плошчы, а таксама ў цэрквах Святога Духа (цяпер кафедральны сабор), прывакзальнай Казанскай і ў гонар іконы «Усіх гаротных Радасць» у турэмным замку. Епіскап Іаан глыбока ўшаноўваў святыні Мінскай епархіі — цудатворныя Мінскую і Крупецкую іконы Божае Маці. Духавенства і міране аднадушна прасілі вышэйшыя царкоўныя ўлады аб прызначэнні епіскапа Іаана на Мінскую кафедру. Аднак ужо ў 1913 годзе ўладыка быў пераведзены ў Таганрогскую епархію. Там яго застаў лютаўскі пераварот 1917 года.

Часовы ўрад імкнуўся знайсці кампрамат на ўладыку, які сярод народа меў нашмат большы ўплыў, чым рэвалюцыйныя правадыры, але рэпутацыя архіпастыра была настолькі беззаганнай, што ўсе спробы засталіся марнымі. За ім пачалі сачыць, але народ добраахвотна наладзіў ахову ўладыкі. У 1917 годзе, каб зменшыць уплыў, яго перамяшчаюць у Старыцу Цвярскога вікарыяцтва, а праз год — у Пензу. Там ён атрымаў тытул архіепіскапа. Пенза ўжо была ў руках чырвоных, але ўладыка паехаў туды і змагаўся з абнаўленцамі, збіраючы рассеяную паству. У 1918 годзе на жыццё свяціцеля быў здзейснены замах. Чэкіст адкрыў па ім агонь, але архіепіскап Іаан, будучы фізічна моцным чалавекам, змог яго абяззброіць (пазней гэты чалавек навярнуўся да веры).

У час баёў з Белай арміяй гарматы «чырвоных» былі павернуты на манастыр, дзе жыў свяціцель. Не раз пад прыцэльным агнём была яго келля. Неўзабаве свяціцель быў арыштаваны. Яго жорстка катавалі, прысудзілі да расстрэлу, але нечакана памілавалі. Праз некаторы час уладыка быў зноў арыштаваны, адпраўлены ў Маскву і пасаджаны ў турму разам з крымінальнікамі. Толькі цудам яму ўдалося пазбегнуць расправы і выйсці на волю.

У 1921 годзе па просьбе праваслаўных Латвіі Свяцейшы Патрыярх Ціхан прызначыў уладыку Іаана архіепіскапам Рыжскім і ўсяе Латвіі. У 1925 годзе архіепіскапа Іаана выбралі ў Латвійскі сейм, што спрыяла ўмацаванню аўтарытэту Праваслаўнай Царквы ў Латвіі. На паседжаннях сейма ён бясстрашна выкрываў зладзействы бальшавізму ў Расіі і займеў праз гэта шмат ворагаў сярод тых, хто спачуваў бальшавізму ў Латвіі.

У ноч з 29 на 30 верасня (ст.ст.) 1934 года ўладыка Іаан быў жывым спалены на архіерэйскай дачы. Следства паказала, што ўладыку катавалі паяльнай лямпай, на целе мучаніка было некалькі агнястрэльных ранаў. Затым яго прывязалі крыжападобна і падпалілі. Калі прыехала паліцыя, цела свяціцеля ўжо абгарэла. Праваслаўныя вернікі апранулі астанкі ў архіерэйскае аблачэнне і паклалі ў храме. Тысячы людзей прыйшлі развітацца са сваім архіпастырам. Пахаваны быў свяціцель на Пакроўскіх могілках Рыгі.

У 1981 годзе Руская Праваслаўная Царква ў замежжы праславіла свяціцеля сярод святых навамучанікаў і вызнаўцаў Расійскіх. 24 верасня 2001 года ў Рызе адбылося аднойдзеннў нятленных мошчаў святога. На Саборы Латвійскай Праваслаўнай Царквы прынята рашэнне аб кананізацыі свяшчэннамучаніка Іаана — першага латвійскага праваслаўнага святога. 3—4 кастрычніка 2003 года адбылося ўрачыстае перанясенне мошчаў з могілак у Рыжскі кафедральны сабор. У 2002 годзе пастановай Святога Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы свяшчэннамучанік Іаан, чыя падзвіжніцкая дзейнасць звязана з беларускай зямлёй, уключаны ў сінодзік Сабора Беларускіх святых. Ікона з часцінкай мошчаў маецца ў Жыровіцкім Свята-Успенскім манастыры.

Трапар і кандак свяшчэннамучаніку Іаану, епіскапу Слуцкаму, архіеп. Рыжскаму

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.