Прападобная Харыціна, князёўна Літоўская

Прападобная Харыціна, князёўна ЛітоўскаяПамяць 18 кастрычніка

Пра жыццё гэтай ігуменні, насельніцы наўгародскага Петра-Паўлаўскага манастыра, захаваліся, на жаль, вельмі скупыя і супярэчлівыя звесткі. Прападобная Харыціна паходзіла з роду князёў Літоўскіх. Мяркуюць, што нарадзілася яна ў 1221 годзе, а памерла на 66-м годзе жыцця, гэта значыць у 1287 годзе. Паданне звязвае яе з братам святога Аляксандра Неўскага, князем Наўгародскім Фёдарам. Яны былі заручаны, але раптоўная смерць жаніха ў 1233 годзе перашкодзіла шлюбу. Прападобная Харыціна прыняла рашэнне аддаліцца ад мірскіх спраў і пасялілася ў манастыры, каб унявесціцца Жаніху Нябеснаму. Праз нейкі час за дабрадзейнае жыццё яна была пастаўлена настаяцельніцай абіцелі і да канца дзён сваіх яўляла прыклад зміранасці і чысціні інацкага жыцця.


Праведнае і дабрадзейнае жыццё стала прычынай мясцовага ўшанавання прападобнай пасля яе спачыну. Грабніца з целам святой была пастаўлена ў паўднёва-заходняй частцы храма ноўгарадскага Петра-Паўлаўскага манастыра. Над мошчамі было зроблена драўлянае надмагілле, абітае металічнымі лістамі з выявай юнай княжны ў багатым адзенні і невялікім тэкстам, на меднай грабніцы. Вось гэты надпіс, зроблены, відаць, на падставе больш даўняй пісьмовай крыніцы: «Тут, у былым Петра-Паўлаўскім манастыры, у царкве святых апосталаў Пятра і Паўла, за правым клірасам пры сцяне, спачывае святая дабраверная княжна чэхіна Харыціна, інакіня з роду каралёў Літоўскіх. Спачыла ў лета ад стварэння свету 7000, ад Ражджаства Хрыстовага 1492 года кастрычніка 5 дня, на дзень святой мучаніцы Харыціны, пры дабраверным гасудары і вялікім князі Іаане Васілевічы, пры мітрапаліце Маскоўскім Засіме Барадатым і пры архіепіскапе Ноўгарадскім святым Генадзіі. За вярсту ад Ноўгарада было месца, званае Сінічай гарой; там заснаваны быў Петра-Паўлаўскі дзявочы манастыр у лета ад стварэння свету 6600, ад Ражджаства Хрыстовага 1092, пры пятым епіскапе Ноўгарадскім святым Германе».

У рукапісных святцах Оценскага манастыра, у «Кнізе глаголемай», чытаем: «Святая княжна Харыціна, якая ў дзявочым манастыры была ў год 6000 (так у арыгінале — рэд.), месяца кастрычніка ў 5 дзень». А іканапісны «Подліннік» сведчыць: «Родам была каралеўства Літоўскага; выглядам проставалосая дзяўчына, у адной свіце, без мантыі». У рукапісным тэксце, змешчаным каля ракі, Харыціна названа настаяцельніцай Петра-Паўлаўскага манастыра, у якім яна і прыняла пострыг.

Ёсць і іншая версія жыцця прападобнай Харыціны. У некаторых летапісах апавядаецца, што ў 12-гадовым узросце яна павінна была ўступіць у шлюб з князем Фёдарам Яраславічам, які, аднак, памёр 10 чэрвеня 1233 года, у дзень прызначанага вяселля. Згодна з летапісам, яго бацька, «князь Яраслаў, аддаў усе дары нявесце і з гонарам да бацькі адпусціў». Неўзабаве нявеста прыняла манашаскі пострыг, каб стаць нявестай Хрыстовай. Яе пастрыглі з імем Харыціна ў Петра-Паўлаўскім манастыры на Сінічай гары. Тут юная Харыціна, як і ўсе сёстры абіцелі, выконвала нялёгкія паслушэнсты, узрастала духоўна праз пакору і ўстрыманне, пост і малітву. Верагодна, самаадданасць і манашаскія подзвігі прападобнай Харыціны паслужылі прычынай таго, што сёстры з цягам часу выбралі яе настаяцельніцай абіцелі. Там яна была ўзведзена і ў сан ігуменні.

Святая прападобная Харыціна, згодна з царкоўным паданнем, памерла 5 кастрычніка (ст.ст.), у дзень святкавання памяці святой мучаніцы Харыціны (IV век). Хутка пасля спачыну прападобная Харыціна пачала мясцова ўшаноўвацца, спачатку ў манастыры, а потым шырэй — у наўгародскіх і літоўска-беларускіх землях. Пасля аднойдзення нятленных мошчаў ёй складзена царкоўная служба і напісана ікона.

Трапар і кандак прападобнай Харыціне Літоўскай

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.