Свяшчэннамучанік архідыякан Нікіфар Кантакузін

Свяшчэннамучанік архідыякан Нікіфар КантакузінПамяць 19 кастрычніка

Нікіфар Парасхес-Кантакузін — Экзарх Канстанцінопальскага Патрыярха, старшынстваваў на праваслаўным Брэсцкім саборы 1596 года. Пра яго захавалася няшмат звестак, але нават тыя, што дайшлі да нас, апавядаюць пра Нікіфара як пра нястомнага ваяра за веру Хрыстову, абаронцу чысціні Праваслаўя, рупліўца царкоўнага добраўладкавання.


Святы Нікіфар нарадзіўся ў Канстанцінопалі, у багатай сям’і. Дакладная дата яго нараджэння невядома, мяркуюць, што ён нарадзіўся ў 40-я гады XVI стагоддзя. Адукацыю атрымаў у Італіі ў Падуанскім універсітэце, дзе вучылася шмат праваслаўных грэкаў. Пасля заканчэння універсітэта застаўся ў Падуі як выкладчык грэчаскай мовы. У агульных рысах юнацтва Нікіфара нагадвае жыццёвы шлях прападобнага Максіма Грэка, які таксама правёў маладосць у Італіі. Сваю вернасць Праваслаўю Нікіфар пацвердзіў прыняўшы сан дыякана і сем год праслужыўшы прапаведнікам у саборы святога Марка ў Венецыі, дзе богаслужэнне здзяйснялася паводле патрыяршага абраду.

На пачатку 1580-х гадоў Нікіфар апынуўся ў Асманскай імперыі і неўзабаве заняў важнае месца ў Канстанцінопальскай патрыярхіі. Хутка ён становіцца адным з актыўных змагароў з царкоўнай уніяй. Спачатку Экзарх Нікіфар выступіў супраць уніяцкіх планаў католікаў у Малдавіі, арганізаваў асуджэнне уніі на саборы ў горадзе Ясы летам 1595 года. З ініцыятывы Нікіфара быў пазбаўлены кафедры епіскап Георгій Магіла, які праводзіў уніяцкую лінію. Рашэнні Яскага сабору, якія рэзка і сурова асуджалі унію, сталі важнай падтрымкай для праваслаўных у Рэчы Паспалітай.

Прыбыццё ў 1596 годзе Экзарха Нікіфара ў Брэст, дзе ён узначаліў праваслаўны сабор, мела выключнае значэнне для ходу тагачасных падзей. Менавіта Нікіфар з яго вялікім вопытам і розумам здолеў арганізаваць і правесці пасяджэнні праваслаўнага сабору так, што дзеянні уніятаў былі асуджаны як незаконныя.

Адразу пасля заключэння уніі, калі пачаліся ганенні на праваслаўных, Нікіфар паводзіў сябе незалежна і бясстрашна. Калі Кірыл Лукарыс і іншыя грэкі спешна пакінулі краіну, Нікіфар застаўся. Ён працягваў арганізоўваць супраціўленне уніі, рассылаў пасланні, падбадзёрваў і пераконваў маладушных. Хаця ён знаходзіўся ў землях князя Канстанціна Астрожскага і выкладаў у Астрожскай акадэміі, яму было зразумела, што рана ці позна яго схопяць. Таму ўчынкі Нікіфара нельга растлумачыць інакш як тым, што інтарэсы Царквы для яго былі вышэй за ўласныя, і ён быў напоўнены рашучасцю пастаяць за ісціну «нават да смерці».

Пасля Брэсцкага сабора Нікіфара абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Турцыі і іншых злачынствах, за якія яму належалася смяротная кара. Тыя абвінавачанні не мелі пад сабой ніякай глебы, а толькі выкрывалі нянавісць да Экзарха з боку арганізатараў уніі. На судзе ён трымаўся незалежна і свабодна, рашуча абвяргаючы ўсе паклёпніцкія нагаворы.

Судовыя пасяджэнні былі спынены з-за адсутнасцю доказаў супраць Нікіфара, аднак на свабоду яго не адпусцілі. Без усялякага прысуду яго адправілі ў Мальбарскі замак на поўначы Польшчы. Хадайніцтвы грэчаскіх іерархаў, у прыватнасці Александрыйскага патрыярха Мялеція, не былі ўзятыя пад увагу. Князь Канстанцін-Васілій Астрожскі, які выступаў у абарону Нікіфара, таксама не дамогся справядлівасці, бо ў судзе пераважалі сенатары-католікі. У выніку, праз два гады пасля судовага працэсу Нікіфар памёр у вязніцы галоднай смерцю.

Экзарх Нікіфар — асоба вялікага маштабу, несумненны падзвіжнік, які яўляе нам прыклад жыцця па веры і бясстрашнай, бескампраміснай вернасці Царкве, вернасці, магчымай толькі праз благадатнае садзеянне Духа Святога. Яго настойлівая барацьба з уніяй нагадвае подзвіг яго сучасніка — свяціцеля Патрыярха Маскоўскага Гермагена, які цвёрда стаяў у веры і таксама загінуў галоднай смерцю. Але подзвіг Экзарха Нікіфара адметны — у ім няма нацыянальнай абмежаванасці. Нікіфар — грэк, аднак яму аднолькава былі дарагія і грэкі, і малдаване, і рускія, і палякі. Ён змагаўся за Царкву з поўным усведамленнем яе звышнацыянальнай прыроды, у якой “няма ні эліна, ні іудзея, ні скіфа, ні варвара” (Кал. 3, 11).
У 2001 годзе свяшчэннамучанік Нікіфар быў кананізаваны па ініцыятыве Львоўскай епархіі Украінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату, а ў 2002-м далучаны да Сабору Беларускіх святых.

Трапар і кандак свяшчэннамучаніку архідыякану Нікіфару

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.