Свяшчэннамучанік Аляксій, прасвітар Лельчыцкі

Свяшчэннамучанік Аляксій, прасвітар ЛельчыцкіПамяць 20 кастрычніка

Айцец Аляксій Магільніцкі нарадзіўся 17 кастрычніка 1870 года ў горадзе Мінску ў сям’і мяшчан. Пасля сканчэння Мінскага духоўнага вучылішча паступіў у Мінскую духоўную семінарію. У 1892 годзе пачаў служэнне ў якасці псаломшчыка Востраўскай царквы Пінскага пакета. Праз год у Мінскім кафедральным саборы епіскап Мінскі і Тураўскі Сімяон (Лінькоў) здзейсніў рукапалажэнне Аляксія ў сан дыякана, а неўзабаве – і ў сан свяшчэнніка. Першым месцам служэння маладога пастыра стала царква вёскі Вялікі Бор Рэчыцкага пакета, дзе айцец Аляксій выкладаў таксама Закон Божы ў мясцовым народным вучылішчы.


У 1896 годзе згодна з прашэннем айца Аляксія перавялі ў Туркоўскі прыход Бабруйскага павета, дзе ён праслужыў больш за дзесяць гадоў. Стараннем настаяцеля ў Турках была пабудавана новая драўляная царква ў гонар Святой Троіцы, а таксама званіца, трапезная і іншыя царкоўныя пабудовы. У час руска-японскай вайны айцец Аляксій быў актыўным арганізатарам збору сродкаў для воінаў, за што быў узнагароджаны медалём Чырвонага Крыжа.

У 1907 годзе айцец Аляксій прызначаны ў Свята-Міхайлаўскі сабор горада Мазыра, адначасова выкладаў Закон Божы ў жаночым і мужчынскім гарадскіх вучылішчах. На ўсіх месцах служэнне айца Аляксія адрознівалася рэўнасным выкананнем пастырскіх абавязкаў, любоўю прыхаджан, мірам у прыходзе. У 1912 годзе сям’ю Магільніцкіх напаткала няшчасце – ва ўзросце 37 гадоў памерла матушка Анастасія. Пад апекай айца Аляксія засталося пяцёра непаўналетніх дзяцей. Нягледзячы на цяжкасці, яму ўдалося выгадаваць, выхаваць і даць добрую адукацыю кожному з дзяцей.

У 1920 годзе айца Аляксія перавялі ў мястэчка Лельчыцы Мазырскага павета – апошняе месца яго пастырскага служэння. Нягледзячы на ганенні з боку бязбожнай улады, ён да канца заставаўся верным Богу і свайму святарскаму абавязку. У 1930 годзе яго прыцягнулі да суда на падставе надуманага абвінавачання ў «захаванні дробнай манеты». Неўзабаве храм у Лельчыцах быў закрыты і пераўтвораны ў зернесховішча. У такіх умовах свяшчэннік не мог пакінуць сваю паству без духоўнай дапамогі. Ён пачаў выконваць богаслужэнні і трэбы ў сябе на кватэры – хрысціў дзяцей, маліўся за здароўе хворых і за ўпакой спачылых. Такія смелыя дзеянні пастыра не маглі застацца незаўважанымі. 14 жніўня 1937 яго арыштавалі, абвінаваціўшы ў «контррэвалюцыйнай дзейнасці, паклёпе на савецкую ўладу, агітацыі супраць калгасаў». Канешне, айцец Аляксій Магільніцкі не прызнаў свае віны ні па адным з абсурдных абвінавачанняў і нікога не агаварыў. Яго справу накіравалі на разгляд Асобай Тройкі НКУС БССР, якая 27 верасня 1937 года вынесла пастанову аб прымяненні адносна Аляксія Магільніцкага вышэшай меры пакарання. 20 кастрычніка 1937 года ў Мазыры прыгавор быў прыведзены ў выкананне. Дзеянні ўлады былі прызнаны беспадстаўнымі толькі ў 1989 годзе, калі адбылася яго рэабілітацыя.

21 лістапада 2010 года ў Мазыры Тураўскай епархіі адбыліся ўрачыстасці з нагоды царкоўнага праслаўлення свяшчэннамучаніка Аляксія і далучэння яго да ліку навамучанікаў і вызнаўцаў зямлі Беларускай.

Трапар свяшчэннамучаніку Аляксію Лельчыцкаму

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.