Сабор навамучанікаў і вызнаўцаў зямлі Беларускай

Святыя навамучанікі Мінскай епархііПамяць 28 кастрычніка
Свяшчэннамучанік Уладзімір Хіраска (11.01.1874–1933). Нарадзіўся ў горадзе Камянец-Падольскі на Украіне ў сям’і свяшчэннаслужыцеля. Скончыў Падольскую духоўную семінарыю, выкладаў у царкоўнапрыходскіх школах. З 1911 годанастаяцель царквы ў гонар іконы Божае Маці «Усіх гаротных Радасць» у Мінску пры вучылішчы сляпых, выкладаў Закон Божы ў гарадскіх гімназіях. У 1925 годзе разам з прыхаджанамі выступіў у абарону мітрапаліта Мелхіседэка (Паеўскага), высланага з Мінска за супрацьдзеянне абнаўленцтву. Пасля арышту ў 1926 годзе высланы на тры гады ў Арол. У 1929 годзе зноў арыштаваны па абвінавачанні “ў контррэвалюцыйнай дзейнасці” і сасланы на тры гады ў Сібір. Выйшаў з месцаў зняволення ў 1932 годзе паўсляпым. Памёр праз некалькі месяцаў пасля вызвалення ад шматлікіх хвароб, атрыманых у турме.
         
Свяшчэннамучанік Васілій Ізмайлаў (4.06.1885–22.02.1930). Нарадзіўся ў горадзе Вышні Валачок Цвярской губ. у сям’і мешчаніна. Скончыў Цвярскую духоўную семінарыю і Санкт-Пецярбургскую Духоўную Акадэмію. Выкладаў багаслоўе ў Мінскай духоўнай семінарыі. З 1927 года настаяцель Свята-Уваскрасенскага сабора ў Барысаве. За супраціўленне абнаўленцам, якія імкнуліся захапіць храм, арыштаваны ў 1927 годзе. Праз тры гады ў Салавецкім лагеры асобага прызначэння прыняў мучаніцкую смерць.
Свяшчэннамучанік Сергій Радакоўскі (1882–1933). Нарадзіўся ў Жыткавічах на Гомельшчыне ў сям’і псаломшчыка.  Скончыў Мінскую духоўную семінарыю. З 1920 года служыў настаяцелем Свята-Троіцкай царквы в. Таль Любанскага раёна. Першы раз арыштаваны ў 1930-м, адпраўлены на лесапавал. Другі раз арыштаваны ў 1933 годзе і пастановай тройкі АГПУ расстраляны. Месца яго гібелі невядома. Рэабілітаваны пракуратурай Мінскай вобласці ў 1989 годзе.
Свяшчэннамучанік Міхаіл Навіцкі (1889–1935). Нарадзіўся ў сяле Азяраны на Мазыршчыне ў святарскай сям’і. Скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Санкт-Пецярбургскага універсітэта.У 1920-м рукапаложаны ў святарскі сан і прызначаны настаяцелем Петра-Паўлаўскай царквы мястэчка Узда. Адначасова выконваў абавязкі благачыннага. У?ноч напярэдадні Вялікай Суботы 1935?года збіты невядомым, які патрабаваў аддаць царкоўныя каштоўнасці. Памёр на трэці дзень Святой Пасхі, пахаваны на Уздзенскіх могілках.
Свяшчэннамучанік Парфірый Рубановіч (1883–1943). Нарадзіўся ў Лемяшэвічах на Піншчыне ў святарскай сям’і. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю. З 1914 года  настаяцель Спаса-Праабражэнскай царквы ў Заслаўі. У 1935 годзе Праабражэнскі храм закрылі, пасля чаго айцец Парфірый пачаў служыць у могілкавай царкве. У 1937 годзе, паводле ілжывага абвінавачання, ён быў арыштаваны і без суда і следства адпраўлены ў канцлагер на 10 год. Забіты партызанамі ў 1943 годзе.
Свяшчэннамучанік Міхаіл Плышэўскі (1862–1937). Нарадзіўся ў Варонічах Ігуменскага павета ў сям’і святара.  Скончыў Мінскую духоўную семінарыю. Служыў настаяцелем царквы святога прарока Іллі ў мястэчку Шацк Пухавіцкага раёна. У канцы 1920-х — пач. 1930-х гг. неаднойчы арыштоўваўся. У апошні раз пазбаўлены волі ў 1937 годзе за арганізацыю збору подпісаў дзеля адкрыцця храма. Расстраляны ў дзень Праабражэння Гасподняга.
Свяшчэннамучанік Дзімітрый Паўскі (1874–14.08.1937). Нарадзіўся ў в. Максаціха Цвярской губерні ў сям’і святара. Скончыў Казанскую духоўную семінарыю. Да рэвалюцыі — настаяцель Мінскага Петра-Паўлаўскага кафедральнага сабора (узарваны ў 1936 годзе — рэд.), выкладчык Мінскай духоўнай семінарыі. У 1920-я гады служыў у царкве Святога Духа ў?Астрашыцкім Гарадку каля Мінска. Упершыню арыштаваны ў 1931 годзе за адмову адрачыся ад сану. Прыгавораны да пяці гадоў пазбаўлення волі ў канцлагеры. Пасля вызвалення служыў у Калінінскай вобл. У 1937-м арыштаваны паўторна па абвінавачанні ў “антысавецкай агітацыі” і “контррэвалюцыйнай шпіёнскай дзейнасці” і 14 жніўня таго ж года расстраляны.
Свяшчэннамучанік Іаан Варанец (1864–1937). Нарадзіўся ў Халопенічах Барысаўскага павета ў сям’і святара. З 1891 года настаяцель Свята-Георгіеўскай царквы ў?Смілавічах. Быў арыштаваны ў?1930 годзе за спробы бараніць сялян ва ўмовах калектывізацыі, другі раз?— у 1937-м. Яго абвінавацілі ў?тым, што падчас Усесаюзнага перапісу насельніцтва пераконваў прыхаджан не баяцца ўладаў і запісвацца вернікамі. Расстраляны ў дзень Праабражэння Гасподняга ў 1937 годзе.
Свяшчэннамучанік Леанід Біруковіч (1864–1937). Нарадзіўся ў сяле Ухвала Барысаўскага павета. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю. З 1899 года настаяцель Свята-Успенскай царквы ў вёсцы Брадзец Бярэзінскага раёна. Тройчы арыштоўваўся — у 1934, 1935 і 1937 гадах. Апошнім разам прысуджаны да расстрэлу за хадайніцтва аб адкрыцці прыходскага храма. Прыгавор выкананы ў Мінску 22 жніўня 1937 года.
Свяшчэннамучанік Аляксандр Шалай (1879–1937). Нарадзіўся ў Слуцку. У 1930-я гады настаяцель Свята-Троіцкай царквы ў в. Блонь Пухавіцкага раёна. Спрабаваў супрацьдзейнічаць закрыццю царквы ў 1935 годзе. Арыштаваны ў?1937-м за арганізацыю збору подпісаў для аднаўлення дзейнасці мясцовай царквы. Расстраляны 14 лістапада 1937 года ў Бабруйску.
Свяшчэннамучанік Мікалай Мацкевіч (1878–1937). Нарадзіўся ў Барысаве ў сям’і свяшчэннаслужыцеля. У 1930-я гады служыў настаяцелем Свята-Андрэеўскай царквы Барысава. Арыштаваны ў 1937 годзе за нежаданне адмовіцца ад сану і асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі ў?канцлагеры. Час і месца гібелі невядомыя.
Свяшчэннамучанік Іаан Панкратовіч (1870–1937). Нарадзіўся ў Клецку. У 1920-я – 1930-я гады служыў настаяцелем Свята-Пакроўскай царквы ў в. Чыжэвічы (цяпер у межах горада Салігорска). Арыштаваны ў 1937 годзе за тое, што заклікаў сялян падпісвацца за аднаўленне зачыненай раней прыходскай царквы. Расстраляны ў Слуцку 6?красавіка 1937 года.
Свяшчэннамучанік Уладзімір Зубковіч (1863–31.01.1938). Нарадзіўся ў Смалявічах Барысаўскага павета ў сям’і свяшчэнніка. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю. Да рэвалюцыі быў памочнікам інспектара гэтай установы. З 1918 года служыў у Свята-Мікалаеўскай царкве мястэчка Смалявічы. Пасля закрыцця ў 1935 годзе царквы таемна здзяйсняў чын хрышчэння. Арыштаваны ў 1937 годзе па сфабрыкаванай справе «шпіёнскай контррэвалюцыйнай паўстанцкай арганізацыі». Расстраляны ў Мінску 31 студзеня 1938 года.
Свяшчэннамучанік Уладзімір Пастэрнацкі (2.07.1885–21.01.1938). Нарадзіўся ў Дудзічах Ігуменскага павета ў святарскай сям’і. Пасля сканчэння Мінскай духоўнай семінарыі рукапаложаны ў сан свяшчэнніка і прзначаны ў Петра-Паўлаўскую царкву вёскі Пясочнае (цяпер Уздзенскі р-н). З 1932 года быў настаяцелем Спаса-Увазнясенскай царквы ў Капылі. Першы раз арыштаваны ў 1936 годзе за тое, што вёў запісы людзей, якіх хрысціў. Пасля адбыцця двух гадоў у калоніі другі раз арыштаваны за “правядзенне контррэвалюцыйнай работы” сярод насельніцтва. 5 студзеня 1938 года Тройкай НКУС па Смаленскай вобласці прыгавораны да расстрэлу.
Свяшчэннамучанік Матфей Грыцук (1892–1950). Нарадзіўся ў вёсцы Малы Карацк Слуцкага павета ў сялянскай сям’і. Скончыў Віленскую духоўную семінарыю. З 1932 года служыў настаяцелем Крыжаўздзвіжанскай царквы ў в.?Вялікая Лысіца Нясвіжскага раёна. Арыштаваны ў 1950 годзе па ілжывым абвінавачанні ў прыналежнасці да «Беларускай народнай самапомачы» і за тое, што захоўваў дома рэлігійна-філасофскую літаратуру. Прыгавораны да 25 гадоў пазбаўлення волі ў папраўча-працоўным лагеры, дзе загінуў ад разрыву сэрца ў 1950-м.
Свяшчэннамучанік Пётр Грудзінскі (1877–1930). Нарадзіўся ў мястэчку Глуск Мінскай губерні. Да рэвалюцыі — дэпутат 2-й Дзяржаўнай думы ад сялян. Сан свяшчэнніка прыняў на пачатку 1920-х гадоў, калі шырыліся ганенні на Царкву. На працягу васьмі гадоў служыў настаяцелем Свята-Мікалаеўскай царквы вёскі Цімкавічы Капыльскага раёна. У?1930?годзе арыштаваны «за антысавецкую агітацыю» і?расстраляны.
Свяшчэннамучанік Валерыян Навіцкі (1897–1930). Нарадзіўся ў сяле Грабава Мінскага павета ў святарскай сям’і. Вучыўся ў Мінскай духоўнай семінарыі да яе закрыцця ў 1918 годзе. З 1923 года настаяцель Свята-Троіцкай царквы ў вёсцы Цялядавічы Капыльскага раёна. Арыштаваны на пачатку калектывізацыі за тое, што выступаў супраць удзелу аднавяскоўцаў у?антырэлігійных гуртках. Расстраляны без суду і следства 23?лютага 1930 года ў цімкаўскім лесе.
Свяшчэннамучанік Уладзімір Хрышчановіч (1876–1933). Нарадзіўся ў вёсцы Гезгалы Лідскага павета на Гродзеншчыне.Ппасля сканчэння Слуцкага духоўнага вучылішча служыў псаломшчыкам. У 1930 годзе рукапаложаны ў сан свяшчэнніка. Служыў у Праабражэнскім храме вёскі Языль Старадарожскага раёна. Арыштаваны за пропаведзь, у якой заклікаў прыхаджан не пакідаць храм, верыць у Госпада і?маліцца Яму. Расстраляны па прыгавору Тройкі ОГПУ ад 12 лютага 1933 года. Свяшчэннамучанік Уладзімір асабліва ўшаноўваецца на радзіме — у вёсцы Гезгалы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. На доме, дзе ён нарадзіўся, усталявана памятная дошка, а на тэрыторыі папраўчай калоніі №26 асвячоны храм у гонар святога Уладзіміра.
Свяшчэннамучанік Іаан Вячорка (1890–1933). Нарадзіўся ў вёсцы Касарычы Бабруйскага павета ў сям’і псаломшчыка. З 1915 года настаяцель царквы ў гонар Пакрову Божай Маці ў вёсцы Крываносы Старадарожскага раёна. Першы раз быў арыштаваны за “несвоечасовую выплату падаткаў” у 1928 годзе і пасаджаны на 9 месяцаў у слуцкую турму. Вярнуўшыся, працягваў служыць у царкве. Паўторна арыштаваны 18 сакавіка 1933 года паводле ілжывага абвінавачання ў «антысавецкай агітацыі». Праз месяц пакутніцкіх допытаў быў расстраляны без суда і следства ў Бабруйску.
Свяшчэннамучанік Уладзімір Талюш (1891 – пасля 1933). Нарадзіўся ў вёсцы Залужжа Бабруйскага павета ў сям’і дзячка. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю. У 1929 годзе рукапаложаны ў сан іерэя і прызначаны настаяцелем Свята-Георгіеўскай царквы в.?Залужжа Старадарожскага раёна. Арыштаваны 19 красавіка 1933 года за спробу збіраць сярод прыхаджанаў сродкі на выплату падатку на?царквы. У ходзе следства дадаткова абвінавачаны ў «контррэвалюцыйнай дзейнасці». Прыгавораны да 10 гадоў канцлагера, дзе і загінуў.
Свяшчэннамучанік Дзімітрый Плышэўскі (1883–19.01.1938). Нарадзіўся ў сяле Дубянец на Піншчыне ў святарскай сям’і. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю. Служыў другім свяшчэннікам у вёсцы?Узляны (цяпер Пухавіцкі р-н). Арыштаваны ў 1930 годзе за нявыплату падатка на храм, пасля допытаў адпушчаны. Пасля закрыцця Узлянскай царквы служыў у Смалявічах. Арыштаваны 26 верасня 1937 года паводле сфабрыкаванай справы «контррэвалюцыйнай паўстанцкай шпіёнскай арганізацыі» і расстраляны 19?студзеня 1938 года ў Мінску.
Свяшчэннамучанік Мікалай Васюковіч (1882–1937). Нарадзіўся ў вёсцы Коскі Мінскага павета, дзе бацька служыў у мясцовай царкве. Скончыў Мінскае духоўнае вучылішча. З 1913 года служыў псаломшчыкам, затым дыяканам у царкве Нараджэння Багародзіцы вёскі Ліцвяны Уздзенскага раёна. Арыштаваны ў 1937-м за смелыя выказванні, якія выкрывалі беззаконні ўладаў, і за нежаданне адрачыся ад сану. Расстраляны ў Мінску 26 верасня 1937 года.

Трапар і кандак навамучанікам і вызнаўцам зямлі Беларускай

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.