Дабраверная Еўпраксія Пскоўская

Памяць 29 кастрычніка
 

Згодна з «Хронікай» Стрыйкоўскага, святая паходзіла з роду полацкіх князёў, адкуль была і прападобная Еўфрасіння Полацкая. Ускосна на гэта ўказвае і яе імя, распаўсюджанае на Полаччыне. Дасягнуўшы паўналецця, князёўна была выдана замуж за аднаго з мясцовых князёў, але праз некаторы час аўдавела. У трыццацігадовым узросце яна ўступіла ў шлюб з пскоўскім князем Яраславам з роду роўнаапостальнага князя Уладзіміра.

Князь Яраслаў быў чалавекам няпростага характару, пскавічы неаднойчы выказвалі яму сваё незадавальненне. Князь бесперапынна вёў міжусобныя войны са сваякамі, абкладаў вялікімі падаткамі захопленыя гарады. Урэшце, ратуючыся ад татараў, ён уцёк у Лівонію, пакінуўшы сваю сям’ю і маёмасць. Папа Рымскі Грыгорый IX схіліў яго перайсці ў каталіцтва. Неўзабаве Яраслаў ажаніўся з немкай і атрымаў ва ўладанне нямецкі горад Адэмп. Неаднойчы ён разам з нямецкімі рыцарамі нападаў на рускія землі.

Згодна з летапісным сведчаннем, пакінутая Еўпраксія вяла набожнае праведнае жыццё. На свае сродкі яна заснавала каля Пскова на беразе ракі Вялікай жаночы манастыр у гонар Нараджэння святога Іаана Прадцечы. Праз некаторы час стала ігуменняй гэтага манастыра.

У той час князь Яраслаў пачаў дамагацца сваёй долі ў спадчыне, пакінутай у Пскове. Еўпраксія была запрошана ў Лівонію для сустрэчы з былым мужам. У горадзе Адэне (Мядзвежая Галава) 8 мая 1243 года яна была забіта пасынкам, верагодна, сынам Яраслава ад шлюбу з лівонскай немкай. Мяркуюць, што ён меў намер забіць сваю мачыху, каб пазбавіцца ад прэтэндэнтаў “на пскоўскі стол”.

Цела бязвінна забітай княгіні-ігуменні было пахавана пад спудам пскоўскага манастырскага сабора ў гонар Іаана Прадцечы. Над яе грабніцай размяшчалася старажытная цудатворная святыня манастыра – ікона Спасіцеля, з якой праз дзесяць дзён пасля спачыну святой пачалося міратачэнне. Ікона ў народзе атрымала назву “Спасіцель Міратачывы”. Пра гэта паведамляецца ў летапісах XIII ст. Пазней абапал іконы Спасіцеля, на двух дадатковых дошках з’явіліся выявы святой Еўпраксіі і дабравернай княгіні Марыі, жонкі дабравернага князя Даўмонта.

З XVIII ст. імя Еўпраксіі пачало ўносіцца ў мясцовыя памяннікі і ўшаноўвацца на Пскоўскай, Наўгародскай і Полацкай землях. У XIX стагоддзі пры грабніцы Еўпраксіі захоўваўся настаяцельскі посах з чорнага дрэва, у саборы мелася ікона прападобнамучаніцы і сценапісная выява алейнымі фарбамі. На іконе XIX стагоддзя “Усе святыя Расійскія вялікія князі, княгіні і княжны роду царскага” лік святой Еўпраксіі знаходзіцца побач з прападобнай Еўфрасінняй Полацкай.

У 1920-я гады пскоўскі Іаана-Прадцечанскі манастыр быў закрыты, грабніца разрабавана і знішчана. Толькі ў 1993 годзе аднавіўся прыходскі храм у гонар Нараджэння Іаана Прадцечы. Тады ж была выраблена грабніца з вышытай парчовай іконай святой Еўпраксіі і тэкстам трапара, кандака і малітвы. Святая ўваходзіць у Сабор Пскоўскіх і Сабор Беларускіх святых.

Трапар і кандак дабравернай княгіні Еўпраксіі Пскоўскай

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.