Прападобны Елісей Лаўрышаўскі

Прападобны Елісей ЛаўрышаўскіПамяць 5 лістапада

Згодна з жыціем, святы Елісей быў сынам літоўскага князя Трайната, займаў высокую пасаду пры двары вялікага князя Міндоўга. Прыняўшы хрышчэнне, у 1225 годзе Елісей пакінуў прыдворную службу і адышоў у пустынь. Праз некаторы час разам з адным праваслаўным манахам ён заснаваў Лаўрышаўскі манастыр на рацэ Нёман — адзін з найбольш старажытных у Беларусі. Пазней у гэтай абіцелі жыў і вялікі князь літоўскі Войшалк. У XIII стагоддзі манастыр, заснаваны прападобным Елісеем, быў духоўным і культурным цэнтрам Вялікага княства Літоўскага. Тут вялося летапісанне. Каля 1329 года для Лаўрышаўскага манастыра было напісана на пергаменце рукапіснае Евангелле — помнік беларускага кнігапісання. Яно захавалася да нашага часу і цяпер знаходзіцца ў Кракаве. У XVI стагоддзі пры манастыры дзейнічала школа, была багатая бібліятэка. Акрамя асноўнага храма ў гонар Нараджэння Багародзіцы, тут была ўзведзена Уваскрасенская царква.


Далей у Жыціі паведамляецца, што Елісей быў забіты беснаватым юнаком-слугой у ноч на 23 кастрычніка (ст. ст.) 1250 года. Прападобны Елісей быў пахаваны ў заснаваным ім манастыры. Верагодна, праз нейкі час адбылося аднойдзенне мошчаў, бо паводле сведчанняў крыніц XVII ст., мошчы святога пачывалі адкрыта. Захаваліся звесткі пра цуды, якія адбываліся па малітвах пры грабніцы святога. Жыціе паведамляе, што аднойчы, выпадкова дакрануўшыся да мошчаў святога Елісея, ацаліўся беснаваты.

Калі ў 1506 годзе крымскія татары, спустошыўшы ваколіцы Наваградка, наблізіліся да Лаўрышаўскага манастыра. Гасподзь зноў явіў цуд праз Свайго ўгодніка: татарам здалося, што манастырскі двор запоўнены адборнай конніцай, і яны ў страху павярнулі назад. Магчыма, гэты цуд стаў нагодай да кананізацыі прападобнага Елісея Кіеўскім мітрапалітам Іосіфам II Солтанам на саборы, які адбыўся ў 1514 годзе ў Вільні. Памяць пра святога захоўвалася ў Лаўрышаўскім манастыры і ў XVII ст., пасля падпарадкавання яго уніятам.
У адну са спусташальных войнаў (верагодна, Паўночнай 1700-1721) манастыр быў спалены, а мошчы святога брація паспела схаваць у зямлі.

Адраджэнне абіцелі адбылося ў 1775–1780 гг., пасля далучэння да Расійскай імперыі. Але ўжо ў 1836 годзе манастыр быў скасаваны з-за малалікасці насельнікаў і беднасці. Манастырскі храм стаў прыходскім. У сярэдзіне 19 ст. мошчы святога Елісея пачывалі пад спудам храма. У 1913 годзе па благаславенні епіскапа Мінскага і Тураўскага свяшчэннамучаніка Мітрафана (Краснапольскага) манастыр быў адроджаны як падворье Мінскага архіерэйскага дома. 14 ліпеня быў асвячоны манастырскі храм у гонар прарока Елісея. Аднак ужо ў 1915 г. у час ваеннных дзеянняў Першай сусветнай вайны храм згарэў. Пасля гэтага манастыр перастаў існаваць.

З 1984 года прападобны Елісей ушаноўваецца ў Саборы Беларускіх святых. У 1993 годзе паблізу вёскі Гнесічы, на месцы былога манастыра, асвячона месца пад будаўніцтва новага храма. Завяршэнне будаўніцтва і асвячэнне ў імя святога Елісея Лаўрышаўскага адбылося ў 2000 годзе. Праз год у абіцелі ўзноўлена манашаскае жыццё.

У Беларусі аднаўляецца ўшанаванне прападобнага Елісея, у яго гонар асвячоны храм у вёсцы Мінойты Навагрудскай епархіі. На  плошчы горада Навагрудка, каля царквы ў вёсцы Лаўрышава, а таксама на тэрыторыі Свята-Елісееўскага манастыра адкрыты помнікі святому. Пачынаючы з 2000 года напярэдадні дня святкавання памяці прападобнага здзяйсняюцца хрэсныя ходы з Навагрудка ў Лаўрышаўскі манастыр. У Навагрудку праходзяць Свята-Елісееўскія царкоўна-гістарычныя чытанні з удзелам вучоных, багасловаў, настаўнікаў раёна.

Трапар і кандак прападобнаму Елісею Лаўрышаўскаму

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.