Свяшчэннамучанік Іаасаф, епіскап Магілёўскі

Свяшчэннамучанік Іаасаф, епіскап МагілёўскіПамяць 5 снежня

Жыццёвы шлях епіскапа Іаасафа (Жавахава) незвычайны для архіерэяў Рускай Праваслаўнай Царквы, якія прынялі епіскапскі сан пасля 1917 года. Калі ў Расійскай імперыі здаралася, хаця і зрэдку, што выхадцы з арыстакратычных родаў рабіліся манахамі і свяшчэннікамі, то пры новай уладзе такі выбар заўсёды адкрываў шлях на Галгофу. Нягледзячы на гэта, менавіта такі шлях свядома абраў князь Уладзімір Жавахаў, які назаўсёды ўвайшоў у гісторыю як епіскап Магілёўскі і, па некаторых звестках, Мінскі.


Жавахавы — абрусеўшая галіна старадаўняга грузінскага княжага роду Джавахавых. У XVIII стагоддзі яны прынялі расійскае падданства і пасяліліся ў Палтаўскай губерні. За паўтара стагоддзі парадніліся шмат з якімі мясцовымі дваранскімі родамі, у тым ліку з Гарленкамі.

Будучы епіскап Магілёўскі — князь Уладзімір Давыдавіч Жавахаў — нарадзіўся ў 1874 годзе. Скончыўшы юрыдычны факультэт Кіеўскага універсітэта, распачаў звычайную для людзей яго кола кар’еру чыноўніка губернскага ўзроўню. Пры гэтым Жавахаў быў сябрам некалькіх царкоўных брацтваў і дабрачынных таварыстваў. У 1911 годзе ўдзельнічаў ва ўсерасійскім праслаўленні свяціцеля Белгарадскага Іаасафа (Гарленкі), бо па жаночай лініі быў у сваяцтве з гэтым угоднікам Божым. Тым не менш наўрад ці князь думаў тады пра магчымасць самому стаць на шлях святарскага служэння.

Усё змяніла рэвалюцыя і грамадзянская вайна. Новая ўлада неаднаразова пагражала князю расправай, але Гасподзь кожны раз ахоўваў Свайго абранніка — і ў час арышту ЧК, і ў турмах, на валаску ад смерці…

Выйшаўшы на волю ў 1924 годзе, Жавахаў звярнуўся да Свяцейшага Патрыярха Ціхана і папрасіў благаславення прыняць манашаскі пострыг. Гэты крок быў незвычайным для “новай эры”, якая непазбежна наступала. Духавенства цярпела жорсткія ганенні, а князь (па тэрміналогіі тагачасных уладаў — “контра”, “з былых”) такім выбарам толькі “ўзмацніў сваё небяспечнае становішча”. Як юрыст князь разумеў немінучасць рэпрэсій, але як хрысціянін вырашыў да канца быць разам з Хрыстом.

Манашаскі пострыг адбыўся ў Звярынецкім скіце горада Кіева. Гэта было невыпадкова. Раней там існавалі пячоры, накшталт вядомых кіеўскіх. Але тое месца было даўно закінута і забыта, адраджэнне яго пачалося толькі ў 1911 годзе. Тады князь Уладзімір Жавахаў стаў асноўным дабрачынцам Звярынецкага скіта. За свае сродкі ён арганізаваў раскопкі старажытных пячор і пабудову надпячорнага храма, які быў асвячоны ў гонар Нараджэння Багародзіцы, а адзін прыдзел — у імя свяціцеля Іаасафа Белгародскага. І вось у гэтым скіце Жавахаў сам стаў на манашаскі шлях. Пры пострыгу ён атрымаў новае імя — Іаасаф.

У 1926 годзе Іаасаф (Жавахаў) быў рукапаложаны ў архіерэйскі сан і прызваны на епіскапскае служэнне. Многія архіерэі да таго часу былі забіты, яшчэ больш іх пакутавала на высылцы і ў лагерах. Але былы князь не адмовіўся ад прапанаванага яму крыжа. Адразу пасля хіратоніі пачалося яго хаджэнне па пакутах — турмы, ссылкі.

У 1930-я гады епіскап Іаасаф атрымаў указ аб прызначэнні ў Магілёў, але прыехаць у горад на Дняпры ён не змог. Тым не менш тытул епіскапа Магілёўскага заставаўся за ім, а паводле некаторых дакументаў, ён тытулаваўся таксама і Мінскім. Тым часам жыў архіерэй у Белгарадзе, а потым у Баравічах Ленінградскай вобласці.

У 1937 годзе ўладыку зноў арыштавалі. Курскі аддзел НКУС пачаў грандыёзную кампанію па раскрыцці “контррэвалюцыйнай фашысцкай арганізацыі царкоўнікаў”. Жавахаву прыпісвалася роля аднаго з “кіраўнікоў арганізацыі”. Акрамя антысавецкай агітацыі яго абвінавачвалі ў “падрыхтоўцы тэрарыстычнага акта на чыгуначнай станцыі Белгарад з мэтай узарваць цягнік з таварышам Сталіным і іншымі бальшавіцкімі правадырамі”. Епіскап Іаасаф, нягледзячы на катаванні, вінаватым сябе не прызнаў. Згодна з пастановай “тройкі” ён быў расстраляны ў Курску 4 снежня 1937 года, на свята Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы.

Сярод мноства хрысціянскіх малітваў ёсць асаблівая, якую склаў свяціцель Іаасаф Белгародскі. Яе штодня паўтараў і свяшчэннамучанік Іаасаф Магілёўскі. Малітва пачыналася словамі: “Няхай будзе благаславёны той дзень і час, калі Гасподзь мой Іісус Хрыстос дзеля мяне нарадзіўся, распяцце перацярпеў і да смерці пакутаваў…” Калі мы прамаўляем яе сёння, мы ўсялякі раз праслаўляем Бога — Подзвіганатхняльніка навамучанікаў і вызнаўцаў, шанаванне якіх дапамагае нам “не знемагчы і не аслабнуць душамі” (Яўр. 12, 3).
Царкоўнае праслаўленне свяшчэннамучаніка Іаасафа (Жавахава) адбылося ў 2002 годзе.

Трапар і кандак свяшчэннамучаніку Іаасафу Магілёўскаму

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.