Князь Канстанцін Астрожскі – славуты асветнік і абаронца Праваслаўя

Род князёў Астрожскіх, адзін з найбольш знатных і багатых родаў на землях былога Вялікага княства Літоўскага, даў многа славутых і знакамітых мужоў, якія праславіліся не толькі на палях бітваў, дзяржаўнай службе, але і падзвіжніцтвам на духоўнай ніве. У гэтым родзе з пакалення ў пакаленне ўмацоўвалася вернасць Праваслаўю, ганаровым абавязкам лічылася абарона інтарэсаў беларускага і ўкраінскага народаў, клопат пра духоўныя патрэбы людзей.

На думку гісторыкаў, Астрожскія паходзілі з турава-пінскай галіны Рурыкавічаў – Ізяславічаў. Пачынальнікам роду быў Святаполк Ізяслававіч, праўнук св. роўнаапостальнага Уладзіміра, хрысціцеля земляў Кіеўскай Русі. Вядомы ў гісторыі Вялікага княства Літоўскага князь Даніла з Астрога, што ўдзельнічаў у барацьбе супраць польскага караля Казіміра ІІІ у 1341 годзе, быў сынам Пінскага князя Юрыя, які памёр у 1292 годзе. Займаючы галіцкі прастол, ён не толькі абараняў свае землі, але і дбаў, каб «ляхи не чинили якожь насилия в вере». Сын яго – Фёдар Данілавіч (?-1407?), князь Уладзмірскі і Цвярскі, у канцы жыцця стаў інакам Кіева-Пячэрскай Лаўры, дзе і спачыў з імем Феадосій. Пазней ён стаў ушаноўвацца як святы; яго нятленныя мошчы і цяпер пакояцца ў Дальніх пячэрах Кіева-Пячэрскага манастыра.

Бацькам благавернага князя Канстанціна Канстанцінавіча быў князь Канстанцін Іванавіч (1460?-1530) – найвышэйшы гетман Вялікага княства Літоўскага, кашталян Віленскі, ваявода Трокскі. Ён шырока праславіўся сваімі дзяржаўнымі справамі, вайсковымі перамогамі і адначасова быў шырокавядомы як рупліўца праваслаўнай асветы, заснавальнік шматлікіх храмаў і манастыроў. За заслугі перад дзяржавай, як выдатны дыпламат, князь Канстанцін Іванавіч атрымаў ад караля маёнткі Дзятлава, Тураў, Копысь, Ахонава і селішча з возерам Свіцязь у ваколіцах Навагрудка, а ў 1522 годзе купіў Тарасаў пад Мінскам. Вядома, што «лягчэй вярблюду прайсці скрозь ігольныя вушкі, чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае» (Мф. 19, 24). Але Канстанцін Іванавіч здзіўляў сучаснікаў сціплым і пабожным ладам жыцця.

Поспехі, плён у грамадскай, рэлігійна-культурнай дзейнасці дасылаюцца людзям, звычайна, за благачэсце і праведнасць. Многія знакамітыя роды аберагаліся цудадзейнымі святынямі. Цудадзейная ікона, вядомая пад назвай Дубенская, здаўна была сямейнай святыняй знакамітага роду князёў Астрожскіх. Дубенская ікона належыць да лепшых твораў царкоўнага мастацтва і з’яўляецца ўзорам іконаграфічнай вытанчанасці і высакародства. Сведчанне асаблівага ўшанавання іконы – жамчужная шата незвычайнага хараства. Паводле сямейнага падання, менавіта Дубенскай святыні дом Астрожскіх абавязаны сваёй веліччу і славай.

Спачыў князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі ў 1530 годзе ў Вільні, а пахаваны быў у Кіеве ў Успенскім саборы Кіева-Пячэрскай Лаўры, дзе да нашага часу захавалася надмагілле з яго выяваю.

Найбольш выразна духоўныя сілы, асаблівая місія роду Астрожскіх, праявіліся ў дзейнасці князя Канстанціна(у хрышчэнні Васілія) Канстанцінавіча Астрожскага (1526-1608). Нарадзіўся ён у Тураве,там жа правёў дзяцінства і юнацтва. Пасля смерці бацькі малалетні князь Канстанцін выхоўваўся сваёй маці Аляксандрай Сямёнаўнай, пляменніцай апошняга Слуцкага князя Сямёна Алелькавіча. У родным доме атрымаў добрую адукацыю. Паводле словаў самаго князя Канстанціна, ён з маладосці быў выхаваны свамі бацькамі ў адданасці роднай веры і свайму народу.

З узростам князь стаў свядомым і глыбока перакананым прыхільнікам Праваслаўя, які разумеў непарыўную сувязь традыцыйнай усходняй хрысціянскай веры з этнічнай самабытнасцю ўсходніх славян. Нягледзячы на высокае грамадскае становішча і заможнасць, князь вёў строгі і пабожны лад жыцця. З надыходам Вялікага посту, ён звычайна адыходзіў у манастыр, апранаўся ў бедную вопратку і праводзіў дні і ночы ў посце і малітве, за богаслужэннем.

Ад бацькі князю Канстанціну перайшоў і абавязак патранату, апекі над праваслаўнай Царквой і яе паствай. Канстанцінопальскі патрыярх, высока ацэньваючы благачасцівыя памкненні князя ў адносінах да Царквы, у сваіх граматах называў яго захавальнікам і паборнікам ладу ў Царкве Паўднёва-Заходніх земляў Вялікага княства Літоўскага.

Разумеючы значэнне манашаства, князь Канстанцін Астрожскі прыклаў многа старання і сродкаў, каб дапамагчы ў добраўпарадкаванні манастыроў, падтрымаць іх матэрыяльна, павялічыць іх маральную сілу і ўплыў. Добра ўладкаваныя і багатыя манастыры ўяўлялі сабой цесна спаяныя абшчыны, якія з поспехам маглі супрацьстаяць націску іншаверных. І сапраўды, заснаваныя князем Астрожскім манастыры аказалі вялікую падтрымку Праваслаўю ў час уніі.

Як некалі Маісея Гасподзь толькі на 40 годзе яго жыцця паклікаў на служэнне справе ўратавання народа, так і князь ужо ў сталыя гады ў поўную сілу паказаў сваю вернасць запаветам продкаў. Божым промыслам яму было наканавана стаць на чале тых добрапамысных патрыётаў, якія рашуча выступілі супраць рэлігійнага і нацыянальнага ўціску, паланізацыі і лацінізацыі краю праз увядзенне палітычнай і царкоўнай уніі. Аб’яднаць гэтых людзей было няпростай задачай, бо якраз вышэйшыя слаі грамадства Вялікага княства Літоўскага ў першую чаргу падпадалі пад польскі ўплыў. Менавіта за адмаўленне ад сваёй спрадвечнай веры ім надаваліся правы і прывілеі.

Да рашучых дзеянняў князя падштурхнулі і складанасці, якія ўзніклі ў яго сям’і. Езуіты, разумеючы ролю аўтарытэту і ўплывовасці Канстанціна Канстанцінавіча Астрожскага, імкнуліся любымі сродкамі наблізіцца і «абясшкодзіць» яго. На Валыні яны заснавалі манастыр і вышэйшую школу. У выніку інтрыг езуітаў перайшла ў каталіцтва нявестка князя Беата, а яго пляменніца Елізавета супраць волі была выдадзена замуж за паляка і рэўнаснага католіка графа Гурку. Астрожскі ўступіўся за правы пляменніцы, ды яна не вытрымала траўлі езуітаў і страціла розум. Князь Канстанцін узяў яе да сябе ў Астрог, дзе няшчасная і жыла да сваёй смерці.

Сваю патрыятычную дзейнасць у абарону Праваслаўя, дзяржаўных інтарэсаў Вялікага княства Літоўскага Канстанцін Астрожскі вёў, выкарыстоўваючы ўсе свае шырокія магчымасці. У першую чаргу пра сваю нязгоду з афіцыйнай палітыкай Рэчы Паспалітай ён неаднойчы заяўляў на сейме Польска-Літоўскай дзяржавы. У 1595 годзе ў час, калі актыўна абмяркоўвалася і рыхтавалася царкоўная унія, князь выступіў на сейме з суровай крытыкай антыправаслаўных дзеянняў караля Сігізмунда ІІІ: «Не толькі хрысціянскія, але і язычніцкія гаспадары выконваюць дадзеную імі прысягу… гаспадар, які не выконвае прысягі, можа паплаціцца за гэта жыццём або прастолам». У выпадку парушэння каралём права свабоды сумлення князь пагражаў яму ўзброеным паўстаннем. Калі унія усё ж была заключана, Астрожскі працягваў барацьбу. Пры яго чынным удзеле праваслаўным удалося дабіцца на сейме 1607 года падцвярджэння сваіх правоў на свабоду сумлення і богаслужэння паводле свайго старажытнага ўсходнехрысціянскага абраду.

На абмеркаванне сейма Астрожскі прапаноўваў вынесці і праблему заключэння царкоўнай уніі. Ён разумеў, што калі да абмеркавання такого лёсавырашальнага пытання будзе далучана шырокая грамадскасць, то больш аргументаў з’явіцца і ў той часткі духавенства, якая не адважвалася ўголас выказацца супраць вераадступніцкіх намераў некалькіх іерархаў. Але кароль адмовіў у вынясенні такога пытання на сейм.

Калі князь даведаўся пра тайныя намеры іерархіі адступіць ад Праваслаўя, прыняць унію, а фактычна – рыма-каталіцтва з захаваннем усходняга абраду, ён распачаў рашучыя і адкрытыя дзеянні, каб сарваць планы адступнікаў. Князь пачаў працяглую перапіску з епіскапамі Іпаціем Пацеем і Кірылам Тарлецкім, пераконваючы іх у ганебнасці і згубнасці такіх дзеянняў.

24 чэрвеня 1595 г. князь звярнуўся з акружным пасланнем да ўсіх праваслаўных жыхароў Вялікага княства Літоўскага, дзе асудзіў епіскапаў, «якія дзёрзка і самачынна пакінулі сваю паству, адрываюць людзей ад ісціны» і заклікаў цвёрда стаяць у праваслаўнай веры і не спакушацца на унію. Адчуваючы асабістую адказнасць за лёс Царквы, князь заявіў: « А я, как доселе, во всё время моей жизни, служил трудом и имением своим непорочному закону святой восточной церкви, в размножении святых Писаний и книг и в прочих благочестивых вещах, так и до конца, при помощи Божией, обещаю служить всеми моими силами на пользу моих братий правоверных…».

Калі ж справа дайшла да склікання Брэсцкага уніяцкага сабора, Князь Канстанцін Астрожскі быў адным з ініцыятараў склікання ў супрацьвагу уніятам праваслаўнага сабора ў Брэсце, аб чым ён спавясціў і ўсходніх патрыярхаў.

Праваслаўны сабор прыняў пастановы, у якіх асудзіў некананічны акт прыняцця уніі, пазбавіў сана мітрапаліта і епіскапаў-уніятаў, заявіў, што праваслаўныя і надалей будуць цвёрда трымацца веры продкаў і не будуць падпарадкоўвацца уніяцкай іерархіі. Гэтым яны адкрыта засведчылі сваю апазіцыю да караля і першаіерарха каталіцкай царквы – папы Рымскага.

У 1578 годзе у сваім маёнтку Астрог на палескіх землях Вялікага княства Літоўскага, у працяг векавой праваслаўнай традыцыі асветы, князь Канстанцін Канстанцінавіч заснаваў друкарню, якая стала важным аплотам Праваслаўя ў краі.

Разумеючы, што самая надзённая патрэба для праваслаўнага насельніцтва Вялікага княства Літоўскага заключаецца ў веданні Бібліі, князь Канстанцін Канстанцінавіч прыклаў вялікія намаганні, каб зрабіць славянскі Біблейскі тэкст агульнадаступным. Разам з тым, як чалавек адукаваны, ён хацеў выдаць тэкст Бібліі ў найбольш дакладным выглядзе. Яшчэ ў сярэдзіне XVI стагоддзя ў сценах Супрасльскай Лаўры, якая была тады адным з духоўных цэнтраў славянскага свету, выспявалі ідэі нацыянальнага духоўнага Адраджэння, выношваліся планы стварэння кананічна вытрыманага і дакладнага пераклада-звода Бібліі. Тут, на Падляшшы, у Заблудаве, у маёнтку магнатаў Хадкевічаў, заснавальнікаў Супрасльскай Лаўры, у сярэдзіне 60-х гадоў XVI стагоддзя дзейнічала адно са старэйшых праваслаўных выдавецтваў, пры якім склаўся літаратурна-рэдактарскі Савет, куды ўваходзіў і князь Канстанцін Канстанцінавіч. Сярод выданняў Супрасльска-Заблудаўскай друкарні былі «Евангелле вучыцельнае»: зборнік казанняў і павучэнняў да евангельскіх чытанняў на нядзельныя дні і святы» (1569), «Псалтыр з Часаслоўцам» (1570).

У значнай меры выдавецкая праграма Супрасльска-Заблудаўскага інтэлектуальнага цэнтра была ажыццяўлена ў 1581 годзе ў маёнтку князя Канстанціна Канстанцінавіча Астрожскага выданнем першай поўнай кананічна дакладнай царкоўнаславянскай Бібліі.

Пад час падрыхтоўкі тэкста Бібліі князь Канстанцін Канстанцінавіч неаднаразова звяртаўся да Патрыярха Канстанцінопальскага Іераміі з просьбай даслаць «добре исправленныя и безпорочныя греческия и словенския рукописи» і «людей способных». Пры пасрэдніцтве пісара Вялікага княства Літоўскага Міхаіла Гарабурды князь атрымаў спіс кніг Свяшчэннага Пісання на славянскай мове з бібліятэкі цара Івана Грознага. Князь адправіў давераных людзей у грэчаскія, сербскія, балгарскія манастыры для збору спіскаў Бібліі.

Даследчыкі Астрожскай Бібліі адзначаюць галоўную вартасць яе тэкста – надзвычай уважлівае стаўленне перакладчыкаў і рэдактараў да старажытных спіскаў і клопат пра адпаведнасць пераклада грэчаскаму арыгіналу.

Першае пробнае выданне пабачыла свет 12 ліпеня 1580 года. Другое асноўнае выданне ад 12 жніўня 1581 года змяшчала ўсе прадмовы да кнігі. У першай прадмове да Астрожскай Бібліі сам князь Канстанцін Канстанцінавіч праз пяро рэдактараў Герасіма Сматрыцкага і Івана Фёдарава заклікае суайчыннікаў умацоўвацца ў веры.

Астрожская Біблія стала найвялікім духоўным скарбам усяго славянскага і хрысціянскага свету. Вядомы чэшскі філолаг і гісторык, класік славяназнаўства Йозэф Добраўскі (1753-1829) адзначаў: «Я аддаў бы палову сваёй бібліятэкі за Астрожскую Біблію!» Выдатны прапаведнік і палеміст XVII ст. Міхаіл Андрэла-Арасвігоўскі сцвярджаў, што за адну старонку гэтай кнігі ён аддаў бы Чэхію, Англію, нямецкую веру, Прусію, Польшчу, Фландрыю з іх духоўнымі традыцыямі, а ісціну яму адкрыла толькі гэтая Кніга.

Астрожскі звод Бібліі, у падрыхтоўцы і рэдагаванні якога актыўны ўдзел браў сам князь, стаў адзіным кананічным тэкстам, які забяспечваў літургічныя патрэбы праваслаўнага славянства на працягу 4 стагоддзяў. Маскоўскае выданне 1663 года было паўторам Астрожскага, яно ж было пакладзена ў аснову Елізавецінскага выдання 1751 года.

Князь Канстанцін Астрожскі быў адным з нямногіх сярод праваслаўнай шляхты і магнатаў, якія разумелі, што поспеху ў справе адстойвання і пашырэння праваслаўный веры нельга дасягнуць без пастаяннага клопату пра павышэнне адукаванасці духавенства і міранаў. «Мы ахаладзелі да веры, – піша князь у адным са сваіх пасланнняў, – а нашы пастыры не могуць пастаяць за Божую Царкву. Няма настаўнікаў, няма прапаведнікаў слова Божага». Сапраўды, свяшчэннікам не было дзе атрымліваць адукацыю, яны не мелі элементарных багаслоўскіх ведаў, таму не магло быць і размовы пра асвету народа. У той час, калі каталіцкая царква праз ордэн езуітаў актыўна прапагандавала і распаўсюджвала на нашых землях сваю сістэму адукацыі, якая была правадніком іх ідэалогіі, праваслаўныя мелі толькі школы першапачатковай пісьменнасці пры асобных манастырах і храмах.

Патрэбны былі такія школы, з якіх выходзілі б падрыхтаваныя да свайго служэння свяшчэннікі і духоўныя настаўнікі. Таму князь аказваў пастаянную падтрымку школам, якія сталі ўзнікаць у канцы ХVI ст. пры праваслаўных брацтвах; асабліва цесныя адносіны ў яго склаліся з Львоўскай і Віленскай брацкімі школамі. Вядома, што ён заснаваў школы ў Тураве і Слуцку (1572). Як сведчаць украінскія гісторыкі XIX-XX стст., захаваліся дакументы, якія паведамляюць, што князь Канстанцін Канстанцінавіч падараваў тураўляніну Мітурычу зямлю, каб ён спраўляў царкоўную службу паводле грэчаскага закону, стварыў і трымаў прыходскую нядзельную школу. У 1588 і 1592 гг. князь спрыяў заснаванню праваслаўных школ на Палессі, ва Уладзіміры Валынскім і Львове.

Але найбольш праславілася на ўсіх усходнеславянскіх землях школа, заснаваная на сродкі князя ў яго родавым памесці Астрог каля 1576 года. Першую згадку пра Астрожскую школу мы сустракаем у прадмове да астрожскага «Буквара» Івана Фёдарава (1578), дзе друкар пісаў, што князь Канстанцін Астрожскі разам з друкарняй загадаў пабудаваць і школу для навучання дзяцей і асабіста заняўся пошукам «мужей в божественном писании искусных, в греческом и латинском паче и в русском языце умелых».

Астрожская школа ці акадэмія, як яе называлі сучаснікі, мела трохступенны характар, злучала ў сабе элементарную (пачатковую) і сярэднюю школы, з пачаткамі вышэйшай. У аснову праграмы навучання была пакладзена заходнееўрапейская сістэма «сямі вызваленых навук», вывучаліся граматыка, рыторыка, дыялектыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка. Галоўная ўвага ўдзялялася вывучэнню грэчаскай і царкоўнаславянскай моваў. У школе выкладалася таксама філасофія і багаслоўе, што з’яўляецца сведчаннем наяўнасці элементаў праграмы вышэйшай школы.

Падручнікі для навучання рыхтавалаіся і друкаваліся таксама ў Астрогу. Непасрэдна пры школе і друкарні князь стварыў гурток адукаваных людзей, якія займаліся перакладамі, рыхтавалі да выдання і друкавалі вучэбную, павучальную, богаслужбовую літаратуру. Да гуртка належалі вядомы друкар Іван Фёдараў, пісьменнік Герасім Сматрыцкі, перакладчыкі і выдаўцы Васіль Суражскі і Цімафей Міхайлавіч; браты Дзям’ян і Ігнацій Налівайкі. Сюды часта наведваліся вучоныя грэкі – Дзіянісій Палеалог, будучы Канстанцінопальскі патрыярх Кірыл Лукарыс, Патрыяршы Экзарх Нікіфар. Усе гэтыя высокаадукаваныя людзі былі звязаны са школай, прымалі ўдзел у навучанні, што сведчыць пра яго высокі ўзровень.

Са сцен Астрожскай акадэміі вышлі вядомыя царкоўныя і грамадска-культурныя дзеячы, пісьменнікі-палемісты і перакладчыкі. Сярод іх – Клірык Астрожскі, аўтар пісьмаў-адказаў Іпацію Пацею; Мялецій Сматрыцкі – епіскап і вядомы пісьменнік-палеміст; Захарыя Капысценскі – пісьменнік-палеміст; Іоў Барэцкі – Кіеўскі мітрапаліт, перакладчык і пісьменнік; Сцяфан Зізаній – педагог і царкоўны прапаведнік; Андрэй Рымша – вядомы беларускі паэт, заснавальнік панегірычнага жанру і інш.

Астрожская акадэмія праіснавала, на жаль, адносна нядоўга і прыйшла ў заняпад хутка пасля смерці князя-мецэната. Але якраз яна стала тым надзейным фундаментам, на якім пачалося шырокае абнаўленне праваслаўнай асветы канца XVI – першай паловы XVII стст. на беларускіх і ўкраінскіх землях.

Благаверны князь Канстанцін Канстанцінавіч Астрожскі дажыў да глыбокай старасці і спачыў пасля праведных спраў 13 (26) лютага 1608 года. Апошнія гады ён жыў у родавых замках Крупы і Дубна. Пасля спачыну яго цела было перавезена ў Астрог і пахавана ў Богаяўленскай замкавай царкве. Смерць яго выклікала глыбокі смутак усіх праваслаўных, але нават у ворагаў светлы вобраз змагара за веру сваіх бацькоў выклікаў міжвольную павагу.

У сваім завяшчанні князь, акрамя клопату пра двух сваіх сыноў, паміж якімі ён раздзяліў свае ўладанні, значную колькасць земляў і паселішчаў завяшчаў архіерэйскім кафедрам, манастырам і прыходскім цэрквам.

У малітоўным звароце да Багародзіцы стаць сапраўднай Ахоўніцай і Уладычыцай беларускага і ўкраінскага народаў князь Канстанцін Канстанцінавіч падарыў родавую ікону Дубенскай Адзігітрыі Спаса-Праабражэнскаму манастыру, пабудаванаму яго продкамі ў г. Дубне. Пазней манастыр быў пераўтвораны ў прыходскую царкву. Але непашкоджанаю захавалася на працягу стагоддзяў цудадзейная ікона – сведка асаблівага падзвіжніцтва, пабожнасці дому князёў Астрожскіх.

Заслугі Канстанціна Канстанцінавіча і сёння ўшаноўваюцца ўдзячнымі нашчадкамі. У Беластоку (Польшча) заснаваны фонд імя князя Канстанціна Астрожскага. За значны ўклад у справу нацыянальнага і духоўнага Адраджэння медалём і ганаровай прэміяй імя Канстанціна (Васіля) Астрожскага кожны год ўзнагароджваюцца рупліўцы на роднай ніве Святога Праваслаўя.

У 1998 годзе Праваслаўная Царква, навуковая і культурная грамадскасць Беларусі, Украіны, Расіі, Польшчы адзначыла 390-годдзе з дня праведнай канчыны праваслаўнага князя Канстанціна Канстанцінавіча Астрожскага. Па благаславенні мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі на пачатку мая 1998 года адбыліся Епархіальныя навукова-багаслоўскія чытанні «Канстанцін Астрожскі – славуты асветнік і паборнік Праваслаўя».

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.