Жыццё а. Віталія Баравога

18 студзеня 2006 г. царкоўнай грамадскасцю адзначалася – 90-годдзе з дня нараджэння протапрасвітара Віталія Баравога, віднага царкоўнага дзеяча, багаслова і педагога. Нарадзіўся айцец Віталій у вёсцы Несцераўка, што ў Докшыцкім раёне на Віцебшчыне, у сялянскай сям’і. Як пісаў сам юбіляр у аўтабіяграфіі, яго бацька Міхаіл Пятровіч, «спачатку быў беззямельным і батрачыў па польскіх маёнтках, а потым, сабраўшы такія-сякія грошы, купіў сабе ў вёсцы Несцераўка кавалак зямлі. Каб разлічыцца за зямлю, бацька павінен быў выехаць у якасці чорнарабочага на заработкі ў ЗША, адкуль вярнуўся ні з чым, але зусім хворы ад непамерна цяжкіх умоў жыцця ў Амерыцы і пасля працяглай хваробы памёр у 1916 г., калі мне было толькі паўгода».

З дзяцінства а. Віталій меў вялікую цягу да чытання кніг. У 1929 г. ён паспяхова скончыў Параф’янаўскую народную школу, а затым Віленскую Духоўную семінарыю. Яго маці, жанчына вельмі рэлігійная, ідэальным для сына лічыла служэнне ў якасці свяшчэнніка. Да таго ж семінарыя была матэрыяльна і сацыяльна даступнай для сям’і, бо там навучэнцам прызначалі стыпендыю. «Спачатку жылося галаднавата, бо я атрымліваў толькі паўстыпендыі і меў права толькі на абед. Праз год я звярнуў на сябе ўвагу і атрымаў поўную стыпендыю”. Ужо ў тыя гады а. Віталій вырашыў стаць гісторыкам царквы. Ідэалам для яго стаў прафесар В.В. Болатаў, вядомы багаслоў, гісторык царквы, усходазнавец.

Скончыўшы Семінарыю ў якасці лепшага выпускніка, Віталій Баравы ў 1936 г. паступіў на багаслоўскі факультэт Варшаўскага універсітэта. У 1937–1938 гг. адначасова стаў займацца на гістарычным аддзяленні таго ж універсітэта, дзе пад кіраўніцтвам праф. К. Закшэўскага спецыялізаваўся па візанталогіі. Навуковыя планы Віталія Баравога былі перапынены нямецкім уварваннем у Польшчу ў верасні 1939 г.
Віталій Барвы вярнуўся на радзіму і, займаючы пасаду завуча, працаваў выкладчыкам беларускай і рускай моваў у Заборской школе. Адначасова рабіў захады для паступлення ў Ленінградскі універсітэт. Аднак Другая сусветная вайна (напад Гітлера на СССР) зноў парушыла яго планы і перамяніла жыццё. Апынуўшыся на акупаванай тэрыторыі, ён адмовіўся ад настаўніцтва, нягледзечы на пагрозы акруговага інспектара, і заявіў, што мае намер працаваць у царкве. «Я вырашыў, што царква – гэта адзіная плашчына ў акупаваных краінах, якую не ўзначальваюць непасрэдна немцы і якая не служыць непасрэдна іх мэтам. Прыняць сан я не мог, бо быў нежанаты, да таго ж меў цвёрды намер завяршыць вышэйшую адукацыю».

Айцу Віталію прыйшлося пачынаць пастырскую дзейнасць у надзвычай складаных гістарычных умовах. У 1944 г. ён прыняў сан свяшчэнніка і пачаў служэнне настаяцелем Гомельскага кафедральнага сабора ў гонар святых апосталаў Пятра і Паўла. Там раскрыўся пастырскі і прапаведніцкі талент маладога святара.

Па даручэнні царкоўных уладаў у 1945–1946 гг. айцец Віталій узначаліў справу арганізацыі пастырскіх курсаў пры Жыровіцкім манастыры, пазней ператвораных у Мінскую Духоўную семінарыю. З 1945 г. ён, адзін з найбольш аўтарытэтных і паважаных выкладчыкаў семінарыі, чытаў курс гісторыі Царквы, быў інспектарам, сакратаром Рады. У 1953 г. узведзены ў сан протаіерэя.

Скончыўшы экстэрнам у 1953 г. Ленінградскую Духоўную акадэмію, а. Віталій быў запрошаны для выкладання ў ёй гісторыі Старажытнай Царквы. Там абараніў магістарскую дысертацыю, атрымаў званне ганаровага доктара і прафесара багаслоўя. Айцец Віталій меў намер прысвяціць сваё жыццё царкоўнай навуцы, але, згодна з рашэннем Сінода, з канца 1950-х гадоў пераведзены на работу ў Аддзел знешніх царкоўных зносін Маскоўскага Патрыярхата. З 1997 г. з’яўляецца па-за штатным кансультантам аддзела.

Многа гадоў айцец Віталій быў прадстаўніком РПЦ у Сусветнай Радзе Цэркваў, служыў у Жэневе настаяцелем царквы ў гонар Нараджэння Багародзіцы. Чалавек вялікай эрудыцыі і глыбокіх ведаў, Айцец Віталій з’яўляўся прадстаўніком РПЦ на II Ватыканскім саборы, быў удзельнікам многіх усеправаслаўных і двухбаковых форумаў і дыялогаў з іншаслаўнымі цэрквамі, а таксама багаслоўскіх і царкоўна-гістарычных канферэнцый.

У 1970-я гг. а. Віталій ў сане протапрэсвітэра служыў настаяцелем Богаяўленскага сабора ў Маскве, з 1984 г. – ганаровы настаяцель маскоўскага храма Уваскрасення Славушчага.

Паважаны протапрасвітар уваходзіць у склад Сінадальнай багаслоўскай камісіі, якая займаецца пытаннямі хрысціянскага адзінства, жыве ў маскоўскай кватэры, перапоўненай кнігамі, што збіраліся ім усё жыццё. Цяпер ён працуе над рукапісам па гісторыі багаслоўскай думкі Расіі ў ХХ стагоддзі, заставаючыся патрыётам сваёй радзімы, адчуваючы непарыўную сувязь з зямлёй, дзе нарадзіўся і ўзрос.

Лідзія Кулажанка

P.S. Спачыў протапрасвітар Віталій Баравой 7 красавіка 2008 года. Пахаваны ў Маскве.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.