Малітвы ранішнія

Паслухаць ранішнія малітвы:
 

Устаўшы ад сну, перад усякай іншай справай стань благагавейна перад Усёвідушчым Богам і, робячы на сабе знак Крыжа, скажы:

У імя́ Айца́, і Сы́на, і Свято́га Ду́ха. Амінь.

 

Потым трохі пачакай, пакуль усе пачуцці твае супакояцца і думкі твае пакінуць усё зямное, і тады гавары наступныя малітвы без паспешнасці і з увагай сардэчнай:

 

Малітва мытара

(Евангелле паводле Лукі, раздзел 18, верш 13)

Бо́жа, будзь мíласцівы да мяне грэ́шнага. (Паклон)

 

Малітва пачынальная

Го́спадзі Іісу́се Хрысце́, Сы́не Бо́жы, дзе́ля малíтваў Прачы́стае Твае́ Ма́ці і ўсіх святы́х, памíлуй нас. Амінь.

 

Сла́ва Табе́, Бо́жа наш, сла́ва Табе́.

 

Малітва Святому Духу

Цару́ Нябе́сны, Уцяшы́целю, Ду́ху íсціны, Ты ўсю́ды прысу́тны і ўсё напаўня́еш, Ска́рбніца дабра́ і жыцця́ Пада́целю, прыйдзí і ўсялíся ў нас, і ачы́сці нас ад уся́кай нечыстаты́ і спасí, До́бры, ду́шы на́шы.

 

Трысвятое

Святы́ Бо́жа, Святы́ Мо́цны, Святы́ Несмяро́тны, памíлуй нас. (Чытаем тройчы, робячы на сабе знак Крыжа і паясны паклон)

 

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху, і цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.

 

Малітва да Прасвятой Троіцы

Прасвята́я Тро́іца, памíлуй нас; Го́спадзі, ачы́сці грахí на́шы; Уладару́, праба́ч беззако́нні на́шы; Святы́, наве́дай і ацалí не́мачы на́шы дзе́ля імя́ Твайго́.

 

Го́спадзі, памíлуй. (Тройчы)

 

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху, і цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.

 

Малітва Гасподняя

О́йча наш, Які ёсць на нябёсах! Няха́й свяцíцца імя́ Тваё, няхай пры́йдзе Ца́рства Тваё, няха́й бу́дзе во́ля Твая́ як на не́бе, так і на зямлí. Хлеб наш надзённы дай нам сёння; і дару́й нам даўгí на́шы, як і мы дару́ем даўжніка́м на́шым; і не ўвядзí нас у спаку́су, але збаў нас ад зло́га.

 

Трапары Троічныя

Уста́ўшы ад сну, прыпада́ем да Цябе, До́бры, і а́нгельскую пе́сню спява́ем Табе́, Магу́тны: Святы́, Святы́, Святы́ Ты, Бо́жа, праз Багаро́дзіцу памíлуй нас.

 

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.

 

З пасце́лі і сну Ты падня́ў мяне́, Го́спадзі, ро́зум мой прасвятлí і сэ́рца, і ву́сны мае́ адкры́й, каб апява́ць Цябе́, Свята́я Тро́іца: Святы́, Святы́, Святы́ Ты, Бо́жа, праз Багаро́дзіцу памíлуй нас.

 

І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.

 

Неспадзява́на Суддзя́ пры́йдзе, і ўчы́нкі ко́жнага вы́явяцца, але са стра́хам усклíкнем апо́ўначы: Святы́, Святы́, Святы́ Ты, Бо́жа, праз Багаро́дзіцу памíлуй нас.

 

Го́спадзі, памíлуй. (12 разоў)

 

Малітва да Прасвятой Троіцы

Уста́ўшы ад сну, дзя́кую Табе́, Свята́я Тро́іца, што па вялíкай Тваёй дабрынí і доўгацярпе́нню не загне́ваўся[1] Ты на мяне́, лянíвага і грэ́шнага, і не загубíў мяне́ з беззако́ннямі маíмі; паказа́ў Сваё звыча́йнае чалавекалю́бства і падня́ў мяне́, калі я ляжа́ў без па́мяці, каб я ўстаў ра́на і славасло́віў ула́ду Тваю́. l цяпе́р прасвятлí мае́ во́чы духо́ўныя, адкры́й мае́ ву́сны, каб мне навуча́цца сло́ву Твайму́, і разуме́ць за́паведзі Твае́, і выко́нваць во́лю Тваю́, і праслаўляць Цябе́ з удзя́чнасцю сардэ́чнай, і апява́ць усесвято́е імя́ Тваё — Айца́, і Сы́на, і Свято́га Ду́ха —  цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.

 

Прыйдзíце, пакло́німся Цару́ на́шаму — Бо́гу. (Паклон)

 

Прыйдзíце, пакло́німся і прыпадзём да Хрыста́, Цара́ на́шага, Бо́га. (Паклон)

 

Прыйдзíце, пакло́німся і прыпадзём да Само́га Хрыста́, Цара́ і Бо́га на́шага. (Паклон)

 

Псалом 50

Памíлуй мяне́, Бо́жа, па вялíкай мíласці Тваёй і па мно́ству шчо́драсцей Тваíх ачы́сці беззако́нні мае́. Зусíм абмы́й мяне́ ад беззако́ння майго́ і ад граху́ майго́ ачы́сці мяне́. Бо беззако́нне маё я зна́ю і грэх мой пе́рада мно́ю заўжды́. Пе́рад Табо́й адзíным я саграшы́ў і зло́е пе́рад Табо́ю ўчынíў, так што Ты справядлíвы ў сло́вах Тваíх і беззага́нны ў судзе́ Тваíм. Бо вось у беззако́ннях зача́ты я i ў граха́х нарадзíла мяне́ ма́цi мая́. Бо вось iсцiну ўзлюбíў Ты, невядо́мае i та́йнае з праму́драсцi Тваёй адкры́ў Ты мне. Акрапíш мяне́ ісо́пам — i бу́ду чы́сты, абмы́еш мяне́ — i бу́ду за снег бяле́йшы. Дасí мне пачу́ць ра́дасць i вясяло́сць — i ўзра́дуюцца ко́сцi пако́раныя. Адвярнí аблíчча Тваё ад грахо́ў маíх i ўсе беззако́ннi мае́ ачы́сцi. Сэ́рца чы́стае ствары́ ўва мне, Бо́жа, i дух пра́ўды аднавí ўнутры́ мяне́. Не адкíнь мяне́ ад аблíчча Твайго́ i Ду́ха Твайго́ Свято́га не адымí ад мяне́. Вярнí мне ра́дасць спасе́ння Твайго́ і Ду́хам улада́рным умацу́й мяне́. Я навучу́ беззако́нных шляха́м Тваíм, i грэ́шныя да Цябе́ зве́рнуцца. Урату́й мяне́ ад крывí[2], Бо́жа, Бо́жа спасе́ння майго́, i ўзра́дуецца язы́к мой пра́ўдзе Тваёй. Го́спадзі, ву́сны мае́ адкры́еш, i ву́сны мае́ абвясця́ць хвалу́ Тваю́. Бо калí б Ты захаце́ў ахвя́ры, то я даў бы, але ўсеспале́нне не мíлае Табе́. Ахвя́ра Бо́гу — дух скру́шаны; сэ́рцам скру́шаным i пако́рлiвым Бог не пагарджа́е. Ашчаслíў, Го́спадзі, з ла́скi Твае́ Сiён, i няха́й збуду́юцца сце́ны Iерусалíма. Тады́ мíлай Табе́ бу́дзе ахвя́ра пра́ўды, прынашэ́нне i ўсеспале́нне; тады́ пакладу́ць на ахвя́рнiк Твой цяльцо́ў.

 

Сімвал веры

1 Ве́рую ў Адзíнага Бо́га Айца́, Уседзяржы́целя, Тварца́ не́ба i зямлí, усяго́ ба́чнага i няба́чнага. 2 I ў адзíнага Го́спада Iiсу́са Хрыста́, Сы́на Бо́жага, Адзiнаро́днага, ад Айца́ наро́джанага пе́рад усíмi вяка́мi; Святло́ ад Святла́, Бо́га íсцiннага ад Бога íсцiннага, наро́джанага, не ство́ранага, адзiнасу́тнага з Айцо́м, праз Яко́га ўсё ста́лася. 3 Якí дзе́ля нас, людзе́й, i дзе́ля на́шага спасе́ння сышо́ў з нябёс i ўцяле́снiўся ад Ду́ха Свято́га i Дзе́вы Мары́i, i стаў чалаве́кам. 4 Быў распя́ты за нас пры По́нцii Пiла́це, i паку́таваў, i быў пахава́ны. 5 I ўваскрэ́с на трэ́цi дзень зго́дна з Піса́ннем. 6 I ўзышо́ў на нябёсы, i сядзíць правару́ч Айца́. 7 I зноў пры́йдзе ў сла́ве судзíць жывы́х i мёртвых, i Яго Ца́рству не бу́дзе канца́. 8 I ў Ду́ха Свято́га, Го́спада, Жыватво́рчага, што ад Айца́ зыхо́дзiць, што з Айцо́м i Сы́нам ра́зам пакланя́емы i сла́вiмы, што гавары́ў праз праро́каў. 9 У адзíную Святу́ю Сабо́рную i Апо́стальскую Царкву́. 10 Вызнаю́ адно́ хрышчэ́нне для адпушчэ́ння грахо́ў. 11 Чака́ю ўваскрасе́ння мёртвых 12 i жыцця́ бу́дучага ве́ку. Амíнь.

 

Малітва 1-я, св. Макарыя Вялікага

Бо́жа, ачы́сці мяне́, грэ́шнага, бо я ніко́лі не зрабíў до́брага пе́рад Табо́ю; але́ збаў мяне́ ад зло́га, і няха́й бу́дзе ўва мне во́ля Твая́, каб я неасу́джана[3] адкры́ў ву́сны мае́ недасто́йныя і ўсхвалíў імя́ Тваё свято́е — Айца́, і Сы́на, і Свято́га Ду́ха — цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.

 

Малітва 2-я, таго ж святога

Уста́ўшы ад сну, я апо́ўначы пе́сню прыно́шу Табе́, Спасíцелю, і, прыпада́ючы, ускліка́ю да Цябе́: не дай мне засну́ць грахо́ўнай сме́рцю, а пашкаду́й мяне, дабраво́льна Распя́ты, і як ляжу́ я ў ляно́це, ху́тка паднімí мяне́, і спасí мяне́, як стаю́ я і малю́ся, і пасля́ сну начно́га дай заззя́ць нада мно́ю дню бязгрэ́шнаму, Хрысце́ Бо́жа, і спасí мяне́.

 

Малітва 3-я, таго ж святога

Да Цябе́, Уладару́ Чалавекалю́бны, уста́ўшы ад сну, я звярта́юся, і да спраў Тваíх прыступа́ю па міласэ́рнасці Тваёй, і малю́ся Табе́: памажы́ мне ва ўся́кі час, ва ўся́кай рэ́чы, і захава́й мяне́ ад уся́кай злой рэ́чы ў све́це, і ад дыя́вальскага ўздзе́яння, і спасí мяне́, і ўвядзí ў Ца́рства Тваё ве́чнае. Бо Ты мой Ствары́цель і ўся́кага дабра́ Прамыслíцель і Пада́цель, на Цябе́ ўсё спадзява́нне маё, і Табе́ сла́ву ўзно́шу цяпе́р і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.

 

Малітва 4-я, таго ж святога

Го́спадзі, Ты вялíкай Тваёй дабрынёю і вялíкімі шчо́драсцямі Тваíмі даў мне, рабу́ Твайму́, міну́лы час но́чы гэ́тай без напа́сці прайсцí ад ўся́кага зла супрацíўнага; Ты Сам, Уладару́, Тво́рца ўсяго́, спадо́бі мяне ў íсцінным Тваíм святле́ і з прасве́тленым сэ́рцам выко́нваць во́лю Тваю́ цяпе́р і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.

 

Малітва 5-я, св. Васілія Вялікага

Го́спадзі Уседзяржы́целю, Бо́жа сіл[4] і ўся́кае пло́ці, Ты ў вышы́нях жыве́ш і на нізíны[5] спагляда́еш, сэ́рцы і ду́мкі назіра́еш і я́сна ве́даеш та́йны чалаве́чыя, Беспача́тнае і Вечнаíснае Святло́, што не ма́е змяне́ння і не дае́ це́ню! Ты Сам, Неўміру́чы Цару́, прымí мале́нні на́шы, якíя мы ў цяпе́рашні час, спадзеючы́ся на мно́ства шчо́драсцей Тваіх, нячы́стымі ву́снамі прыно́сім Табе́, і дару́й нам правíннасці на́шы, учы́неныя на́мі дзе́яннем, сло́вам і ду́мкаю, свядо́ма ці несвядо́ма; і ачы́сці нас ад уся́кае нечыстаты́ пло́ці і ду́ха. l дай нам з нядрэ́мным сэ́рцам і цвяро́заю ду́мкаю ўсю ноч цяпе́рашняга жыцця́ прайсцí ў чака́нні прышэ́сця све́тлага і сла́ўнага дня Адзінаро́днага Твайго́ Сы́на, Го́спада і Бо́га і Спасíцеля на́шага Іісу́са Хрыста́, калí са сла́ваю Суддзя́ ўсіх пры́йдзе ко́жнаму адда́ць паво́дле ўчы́нкаў яго; каб не ў ляжа́нні і ляно́це, а нядрэ́мнымі і на нага́х, у выкана́нні за́паведзяў Яго[6] мы былí зно́йдзены, гато́выя ўвайсцí з Ім у ра́дасць і ў Бажэ́ственны хо́рам сла́вы Яго, дзе святку́ючых го́лас несціха́ны і невымо́ўная асало́да сузіра́льнікаў невыка́знага хараства́ аблíчча Твайго́. Бо Ты — íсціннае Святло́, Яко́е прасвятля́е і асвяча́е ўсё, і Цябе́ апява́е ўсё стварэ́нне на ве́кі вяко́ў. Амíнь.

 

Малітва 6-я, таго ж святога

Цябе́ благаслаўля́ем, вы́шні Бо́жа і Го́спадзі мíласці, Які заўсёды ро́біш з на́мі вялíкае і недасту́пнае разуме́нню, сла́ўнае і дзіво́снае, на што і лíку няма́, Які даў нам сон для супакае́ння не́мачы на́шай і аслабле́ння ўто́мленасці знясíленай пло́ці. Дзя́куем Табе́, што не загубíў нас з беззако́ннямі на́шымі, а паказа́ў Сваё звыча́йнае чалавекалю́бства і падня́ў нас, калí мы ляжа́лі без па́мяці, каб мы славасло́вілі ўла́ду Тваю́. Таму́ мо́лім бязме́рную Тваю́ до́брасць: прасвятлí на́шы ду́мкі, во́чы, і ро́зум наш ад ця́жкага сну ляно́ты абудзí, адкры́й на́шы ву́сны і напо́ўні іх хвало́ю Табе́, каб мы маглí непару́шна апява́ць і праслаўля́ць Цябе, ва ўсіх і ўсімі сла́вімага Бо́га — Беспача́тнага Айца́ з Адзінаро́дным Тваíм Сы́нам і Усесвяты́м і До́брым і Жыватво́рным Тваíм Ду́хам — цяпе́р і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.

 

Малітва 7-я, да Прасвятой Багародзіцы

Апява́ю благада́ць тваю́, Улады́чыца, малю́ Цябе́: ро́зум мой благада́ццю адары́. Хадзíць пра́вільна мяне́ навучы́ — шля́хам Хрысто́вых за́паведзяў. Нядрэ́мнасць ў спе́ве ўмацу́й, марко́тны сон адганя́ючы. Звя́занага ланцуга́мі грэхападзе́нняў малíтвамі Тваíмі вы́звалі, Боганяве́ста. Уначы́ мяне́ і ўдзень ахо́ўвай, ад ваяўнíчых во́рагаў рату́ючы мяне́. Ты, Яка́я Жыццяда́целя — Бо́га нарадзíла, мяне́, памерлага ад страсцей, ажыві. Ты, Яка́я святло́ невячэ́рняе[7] нарадзíла, душу́ маю́ асле́плую прасвятлí. О, дзіво́сны хо́рам Уладара́, до́мам Ду́ха Бажэ́ственнага мяне́ ўчынí. Ты, Яка́я Ле́кара нарадзíла, вы́лечы душы́ маёй шматгадо́выя стра́сці. Мяне́, жыццёваю бу́раю захо́пленага, на сцяжы́ну пакая́ння скіру́й. Урату́й мяне́ ад агню́ ве́чнага, ад чарвяка́ лю́тага і та́ртара[8]. Не ўчынí ра́дасці для дэ́манаў з мяне́, у мно́гіх граха́х вінава́тага. Но́вым зрабí мяне́, змарне́лага ад неадчува́льных, Найчысце́йшая, саграшэ́нняў. Далёкім ад му́кі уся́кай пакажы́ мяне́ і Уладара́ ўсіх умалí. Нябе́сных мне дасягну́ць ра́дасцей з усíмі святы́мі спадо́бі. Прасвята́я Дзе́ва, пачу́й го́лас няго́днага раба́ Твайго́. Дай лíцца сляза́м маíм, Прачы́стая, душы́ маёй нечыстату́ ачышча́ючы. Сто́гны ад сэ́рца прыно́шу Табе́ няспы́нна: падтрыма́й, Улады́чыца. Малíтвенае служэ́нне маё прымí і Бо́гу міласэ́рнаму прынясí. Вышэ́йшая за Ангелаў, узнімí мяне́, не да́ўшы са све́там змяша́цца мне. Светлано́сная За́сень нябе́сная, духо́ўную благада́ць на мяне́ скіру́й. Ру́кі ўзніма́ю і адкрыва́ю забру́джаныя нечыстато́й ву́сны для ўсхвале́ння, Найчысце́йшая. Ад душатле́нных мяне́ напа́даў пазба́ў, стара́нна ўмаля́ючы Хрыста́, Яко́му паша́на і паклане́нне нале́жаць цяпе́р і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.

 

Малітва 8-я, да Госпада нашага Іісуса Хрыста

Мнагамíласцівы і Усямíласцівы Бо́жа мой, Го́спадзі Іісу́се Хрысце́, дзе́ля вялíкай любо́ві Ты сышо́ў і ўцяле́сніўся, каб спасцí усіх. Дык вось, Спасíцелю, спасí мяне́ па благада́ці, малю́ Цябе́; бо калі за ўчы́нкі спасе́ш мяне́, то гэ́та не благада́ць і дар, а хутчэ́й абавя́зак. О, бага́ты шчо́драсцямі і невымо́ўны ў мíласці! Ты сказа́ў, Хрысце́ мой: хто ве́руе ў Мяне́, той жывы́ бу́дзе і не ўба́чыць сме́рці наве́кі. Калі ж ве́ра ў Цябе́ спаса́е тых, хто ў адча́і, то вось я ве́рую, спасí мяне́, бо Ты мой Бог і Ствары́цель. l ве́ра заме́ст учы́нкаў няха́й залíчана бу́дзе мне, Бо́жа мой, бо Ты зусíм не зно́йдзеш учы́нкаў, якія апраўда́юць мяне́. Але той ве́ры маёй няха́й дастатко́ва бу́дзе заме́ст усіх іх, яна няха́й адка́звае, яна няха́й апраўда́е мяне́, яна няха́й зро́біць мяне ўдзе́льнікам ве́чнай сла́вы Тваёй. Каб не вы́краў мяне́ сатана́ і не пахвалíўся, Сло́ва[9], што ён забра́ў мяне́ з Тваёй рукí і з-пад Тваёй ахо́вы. Але ці хачу́, ці не хачу́, спасí мяне́, Хрысце́ Спасíцелю мой, паспяшы́ ско́ра, бо ху́тка загíну: Ты ж Бог мой ад уло́ння ма́ці маёй. Спадо́бі мяне́, Го́спадзі, цяпе́р узлюбíць Цябе́, як не́калі я любíў той са́мы грэх; і ўжо служы́ць Табе́ без ляно́ты шчы́ра, як я служы́ў ране́й сатане́ лжы́ваму. Лепш бу́ду служы́ць Табе́, Го́спаду і Бо́гу майму́ Іісу́су Хрысту́, ва ўсе дні жыцця́ майго́, цяпе́р і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.

 

Малітва 9-я, да Ангела Ахоўніка

Святы́ А́нгеле, паста́ўлены ахо́ўваць маю́ бе́дную душу́ і няшча́снае жыццё, не пакíнь мяне́, грэ́шнага, і не адступí ад мяне́ за няўстры́манасць маю́. Не дай магчы́масці зло́му дэ́ману авало́даць мно́ю праз перава́гу гэ́тага смяро́тнага це́ла; вазьмí мо́цна гаро́тную і кво́лую руку́ маю́ і вы́вядзі мяне́ на шлях спасе́ння. О, святы́ А́нгеле Бо́жы, ахо́ўнік і засту́пнік бе́днай маёй душы́ і це́ла, усё мне праба́ч, чым я знява́жыў цябе́ ва ўсе дні жыцця́ майго́ і, калí я чым саграшы́ў у гэ́тую міну́лую ноч, абаранí мяне́ ў цяпе́рашні дзень; і захава́й мяне́ ад уся́кае спаку́сы варо́жае, каб я нія́кім грахо́м не ўгнявíў Бо́га; і малíся за мяне́ Го́спаду, каб Ён умацава́ў мяне́ ў стра́ху Сваíм і зрабíў мяне́ рабо́м, дасто́йным Сваёй до́брасці. Амíнь.

 

Малітва 10-я, да Прасвятой Багародзіцы

Прасвята́я Улады́чыца мая́, Багаро́дзіца, святы́мі Тваíмі і ўсёмагу́тнымі малíтвамі адганí ад мяне́, пако́рлівага і няшча́снага раба́ Твайго́, марко́ту, няпа́мятлівасць, неразу́мнасць, нядба́йнасць і ўсе нячы́стыя, злы́я і кашчу́нскія ду́мкі з бе́днага майго́ сэ́рца і з азмро́чанага ро́зуму майго́; і пагасí по́лымя страсце́й маіх, бо я ўбо́гі і няшча́сны. l пазба́ў мяне́ ад шматлíкіх згу́бных успамíнаў і наме́раў, і ад усіх учы́нкаў злых вы́звалі мяне́. Бо Цябе благаслаўля́юць усе ро́ды, і сла́віцца найпачэ́снейшае імя́ Тваё на ве́кі вяко́ў. Амíнь.

 

Малітвены зварот да святога,
імя якога носіш

Малí Бо́га за мяне́, святы́ ўго́днік Бо́жы (імя), бо я шчы́ра да цябе звярта́юся, ско́рага памо́чніка і малíтвенніка за душу́ маю́.

 

Песня да Прасвятой Багародзіцы

Багаро́дзіца Дзе́ва, ра́дуйся, Благада́тная Мары́я, Гаспо́дзь з Табо́ю; благаславёная Ты сяро́д жанчы́н і благаславёны плод уло́ння Твайго́, бо Ты нарадзíла Спасíцеля душ на́шых.

 

Трапар Крыжу і малітва за Бацькаўшчыну

Спасí, Го́спадзі, людзей Тваіх і благаславі спадчыну Тваю, перамо́гу праваслаўным хрысціянам над праціўнікамі даючы і Тваім Крыжам ахо́ўваючы наро́д Твой.

 

Малітва за жывых

Спасí, Го́спадзі, і памíлуй айца́ майго́ духо́ўнага (імя), бацько́ў маіх (імёны), сваяко́ў (імёны), нача́льнікаў, наста́ўнікаў, дабрадзе́яў (імёны іхнія) і ўсіх правасла́ўных хрысція́н.

 

Малітва за спачылых

Упако́й, Го́спадзі, ду́шы спачы́лых рабо́ў Тваíх: бацько́ў маíх, сваяко́ў, дабрадзе́яў (імёны іх), і ўсіх правасла́ўных хрысція́н і праба́ч ім усе саграшэ́нні, во́льныя і міжво́льныя, і пада́й ім Ца́рства Нябе́снае.

 

Калі можаш, чытай замест кароткіх малітваў за жывых і спачылых наступны памяннік:

 

За жывых

Памянí, Го́спадзі Іісу́се Хрысце́, Бо́жа наш, мíласці і шчо́драсці Твае́ адве́чныя, з‑за якíх Ты і стаў чалаве́кам, і распя́цце і смерць дзе́ля спасе́ння тых, хто пра́вільна ве́руе ў Цябе́, перацярпе́ць пажада́ў; і, уваскрэ́снуўшы з мёртвых, Ты ўзнёсся на нябёсы і сядзíш правару́ч ад Бо́га Айца́, і прыхíльна прыма́еш пако́рлівыя малíтвы тых, хто ўсім сэ́рцам клíча Цябе́; прыхілí ву́ха Тваё і пачу́й пако́рлівую малíтву маю́, недасто́йнага раба́ Твайго́, які прыно́сіць яе́ Табе́, як пах во́дару духо́ўнага, за ўсіх людзе́й Тваíх. l найпе́рш памянí Царкву́ Тваю́ Святу́ю, Сабо́рную і Апо́стальскую, якую здабы́ў Ты пачэ́снаю Сваёю Крывёю; і сцве́рдзі яе́, і ўмацу́й, і пашы́р, памно́ж, заміры́, і захава́й наве́к неперамо́жнаю варо́тамі пяке́льнымі[10]; нязго́ду памíж Цэ́рквамі ўціхамíр, гане́нні ад язы́чнікаў загасí, і ўзнікне́нню е́расяў ху́тка перашко́дзь і вы́карані іх, і ў нішто́ сíлаю Свято́га Твайго́ Ду́ха ператвары́. (Паклон)

 

Спасí, Го́спадзі, і памíлуй Бо́гам сцеражо́ную краíну на́шу, ула́ды і во́інства яе́, каб нам ве́сці цíхае і спако́йнае жыццё з усёй набо́жнасцю і го́днасцю. (Паклон)

 

Спасí, Го́спадзі, і памíлуй Вялíкага Спадара́ і Айца́ на́шага Свяце́йшага Патрыя́рха Кіры́ла і Экза́рха яго́ Спадара́ на́шага Высокапраасвяшчэ́ннейшага мітрапалíта Па́ўла, праасвяшчэ́нных мітрапалíтаў, архіепíскапаў і епíскапаў правасла́ўных, а такса́ма іерэ́яў і дыя́канаў і ўвесь прычт царко́ўны, які Ты паста́віў па́свіць духо́ўнае Тваё ста́да, і малíтвамі іх памíлуй і спасí мяне́, грэ́шнага. (Паклон)

 

Спасí, Го́спадзі, і памíлуй айца́ майго́ духо́ўнага (імя яго), і святы́мі яго́ малíтвамі праба́ч мае́ саграшэ́нні. (Паклон)

 

Спасí, Го́спадзі, і памíлуй бацько́ў маíх (імёны іх), брато́ў і сясцёр, і сваяко́ў маíх па пло́ці, і ўсіх блíжніх ро́ду майго́, і сябро́ў, і дай ім Твае́ зямны́я і нябе́сныя дабро́ты. (Паклон)

 

Спасí, Го́спадзі, і памíлуй стары́х і малады́х, убо́гіх і сіро́т, і ўдоў, хво́рых і засму́чаных, тых, што ў бядзе́ і ў няшча́сці, пад уцíскам і ў няво́лі, а такса́ма ў цямнíцах і ссы́лках, асаблíва ж рабо́ў Тваíх, якíя за Цябе́ і ве́ру правасла́ўную прасле́дуюцца бязбо́жнымі язы́чнікамі і ератыка́мі, — памянí іх, наве́дай, умацу́й, уце́ш і ско́ра сілаю Тваёю палёгку, вызвале́нне і выратава́нне ім пада́й. (Паклон)

 

Спасí, Го́спадзі, і памíлуй пасла́ных на слу́жбу, падаро́жных айцо́ў і брато́ў нашых, і ўсіх правасла́ўных хрысція́н. (Паклон)

 

Спасí, Го́спадзі, і памíлуй тых, каго́ я па неразу́мнасці сваёй спакусíў і са шля́ху спасíцельнага звёў, да ўчы́нкаў злых і гане́бных прывёў; Бажэ́ственным Тваíм Про́мыслам на шлях спасе́ння зноў іх вярнí. (Паклон)

 

Спасí, Го́спадзі, і памíлуй тых, што ненавíдзяць і кры́ўдзяць мяне́, і напада́юць на мяне́, і не дай ім згíнуць з‑за мяне́, грэ́шнага. (Паклон)

 

Тых, што ад правасла́ўнай ве́ры адступíлі і пагíбельнымі е́расямі асле́пленыя, прасвятлí святло́м пазна́ння Цябе́ і да Свято́й Тваёй Апо́стальскай Сабо́рнай Царквы́ далучы́. (Паклон)

 

За спачылых

Памянí, Го́спадзі, тых, што з жыцця́ гэ́тага адышлí, свяце́йшых патрыя́рхаў, праасвяшчэ́нных мітрапалíтаў, архіепíскапаў і епíскапаў правасла́ўных, а такса́ма тых, што паслужы́лі Табе́ ў іерэ́йскім са́не і ў царко́ўным пры́чце, і ў мана́шаскім чы́не, і ў ве́чных Тваíх сялíбах са святы́мі іх упако́й. (Паклон)

 

Памянí, Го́спадзі, ду́шы спачы́лых рабо́ў Тваíх: бацько́ў маíх (імёны іх) і ўсíх сваяко́ў па пло́ці; і праба́ч ім усе́ саграшэ́нні, во́льныя і міжво́льныя, пада́й ім Ца́рства і далучэ́нне да ве́чных Тваíх дабро́т, і Твайго́ бяско́нцага блажэ́ннага жыцця́ асало́ду. (Паклон)

 

Памянí, Го́спадзі, і ўсіх спачы́лых з надзе́яй на ўваскрасе́нне і жыццё ве́чнае айцо́ў і брато́ў на́шых, і сясцёр, і тых, што тут ляжа́ць і ўсю́ды, правасла́ўных хрысція́н, і са святы́мі Тваíмі, дзе ззя́е святло́ аблíчча Твайго́, усялí іх, і нас памíлуй, як До́бры і Чалавекалю́бны. Амíнь. (Паклон)

 

Пада́й, Го́спадзі, адпушчэ́нне грахо́ў усíм, якíя ране́й адышлí з ве́рай і надзе́яй на ўваскрасе́нне, айца́м, брата́м і сёстрам на́шым, і ствары́ ім ве́чную па́мяць. (Тройчы)

 

Малітва апошніх Опцінскіх старцаў[11]

Го́спадзі, дай мне з душэ́ўным спако́ем сустрэ́ць усё, што прынясе́ мне сённяшні дзень. Дай мне ца́лкам адда́цца во́лі Тваёй свято́й. У ко́жную пару́ гэ́тага дня ва ўсім накіру́й і падтрыма́й мяне́. Якія б я не атрыма́ў зве́сткі на праця́гу дня, навучы́ мяне́ прыня́ць іх са спако́йнай душо́ю і цвёрдай упэ́ўненасцю, што на ўсё свята́я во́ля Твая́.

Ва ўсіх сло́вах і спра́вах маіх кіру́й маімі ду́мкамі і пачу́ццямі. Ва ўсіх непрадба́чаных вы́падках не дай мне забы́ць, што ўсё пасла́на Табо́ю.

 

Навучы́ мяне́ шчы́ра і разу́мна абыхо́дзіцца з ко́жным чле́нам сям’і маёй, ніко́га не бянтэ́жачы і не засмуча́ючы.

 

Го́спадзі, дай мне сілу перане́сці сто́му сённяшняга дня і ўсе падзе́і на праця́гу дня. Кіру́й маёю во́ляю і навучы́ мяне малíцца, ве́рыць, спадзява́цца, цярпе́ць, прабача́ць і любíць. Амíнь.

 

Малітва іерасхіманаха Парфенія Кіеўскага

Го́спадзі Іісу́се Хрысце́, Сы́не Бо́жы, не дапусцí, каб мітуслíвасць, самалю́бства, пачуццёвасць, нядба́йнасць, гнеў панава́лі нада мно́ю і выкрада́лі мяне́ ў любо́ві Тваёй… О, Го́спадзі, Ствары́целю мой, усё спадзява́нне маё! Не пакінь мяне без удзе́лу ў блажэ́ннай ве́чнасці; зрабі так, каб і я пасле́даваў свято́му пры́кладу Твайму, быў пако́рны ўла́дам, нада мно́ю паста́ўленым; дай мне тую чысціню́ ду́ху, тую прастату́ сэ́рца, якія ро́бяць нас дасто́йнымі любо́ві Тваёй.

 

Да Цябе, о Бо́жа мой, узно́шу душу́ і сэ́рца маё: не дай загíнуць стварэ́нню Твайму, а пазба́ў мяне ад адзíнага і найвялíкшага зла — граху́. Зрабі, Го́спадзі, так, каб я перано́сіў з тако́й са́май цярплíвасцю хвалява́нні і скру́хі душэ́ўныя, з яко́ю ра́дасцю прыма́ю ўце́хі сардэ́чныя. Калі Ты хо́чаш, Го́спадзі, — мо́жаш ачы́сціць і асвяцíць мяне́. Вось, аддаю́ сябе Тваёй до́брасці з про́сьбаю вы́нішчыць ува мне ўсё супрацíўнае Табе́ і далучы́ць да лíку выбра́ннікаў Тваіх.

 

Го́спадзі, адымí ад мяне́ бяздзе́йнасць ду́ху, якая марну́е час; мітуслíвасць ду́мак, якая перашкаджа́е Тваёй прысу́тнасці і рассе́йвае маю́ ўва́гу ў час малíтвы; і калі на малíтве я ўхіля́юся ад Цябе́ сваімі ду́мкамі, то памажы́ мне, каб гэ́тая рассе́янасць не была́ наўмы́снай, і, ухіля́ючы ро́зум, каб не адвярну́ў я сэ́рца сваё ад Цябе.

 

Вызнаю́ пе́рад Табо́ю, Го́спадам Бо́гам маім, усе грахí майго́ беззако́ння, цяпе́р і ране́й учы́неныя пе́рад Табо́ю: адпусцí мне іх дзе́ля імя́ Твайго́ свято́га, і спасí душу́ маю́, яку́ю Ты адкупíў кашто́ўнаю Крывёю Тваёю. Аддаю́ сябе́ міласэ́рнасці Тваёй, аддаю́ся во́лі Тваёй, рабí са мно́ю паво́дле до́брасці Тваёй, а не паво́дле зласлíвасці і беззако́ння майго́. Навучы́ мяне́, Го́спадзі, размярко́ўваць свае́ спра́вы так, каб яны садзе́йнічалі праслаўле́нню Твайго́ свято́га імя́.

 

Змíлуйся, Го́спадзі, над усімі хрысція́намі; пачу́й жада́нне ўсіх, хто клíча Цябе, пазба́ў ад уся́кага зла, спасí рабо́ў Тваіх (імёны), пашлí ім ра́дасць, уце́ху ў журбе́ і мíласць Тваю святу́ю. Го́спадзі! Малю́ Цябе асаблíва за тых, хто мяне́ чым-небудзь пакры́ўдзіў і засмуцíў або́ якое-не́будзь зло ўчынíў мне: не кара́й іх за мяне́, грэ́шнага, а вылí на іх до́брасць Тваю…

 

Го́спадзі, малю́ Цябе за ўсіх, каго́ я, грэ́шны, засмуцíў, пакры́ўдзіў або́ спакусíў сло́вам, учы́нкам, ду́мкаю, наўмы́сна ці незнаро́к. Го́спадзі Бо́жа! Дару́й нам на́шы ўзае́мныя кры́ўды; вы́гані, Го́спадзі, з сэ́рцаў на́шых усяля́кае абурэ́нне, падазрэ́нне, гнеў, злапа́мятнасць, сва́ркі і ўсё то́е, што мо́жа перашкаджа́ць любо́ві і змянша́ць браталю́бства.

 

Памíлуй, Го́спадзі, тых, якія даручы́лі мне, грэ́шнаму, недасто́йнаму, малíцца за іх! Памíлуй, Го́спадзі, ко́жнага, хто про́сіць Тваёй дапамо́гі. Го́спадзі! Зрабí гэ́ты дзень днём міласэ́рнасці Тваёй, пада́й ко́жнаму паво́дле про́сьбы яго́; будзь па́стырам тых, што заблудзíлі, правадыро́м і святло́м для недасве́дчаных, наста́ўнікам для неразу́мных, ба́цькам для асіраце́лых, памо́чнікам для прыгне́чаных, ле́карам для хво́рых, суцяша́льнікам для тых, што пры смерці, і прывядзí нас усіх да жада́нага канца́ — да Цябе, прыста́нішча на́шага і блажэ́ннага ўпакае́ння. Амíнь.

 

Заканчэнне малітваў

Дасто́йна ёсць сапраўды́ ўблажа́ць Цябе, Багаро́дзіцу, заўжды́ блажэ́нную і найчысце́йшую і Ма́ці Бо́га на́шага. Пачэ́снейшую за Херувíмаў і непараўна́льна слаўне́йшую за Серафíмаў, што непару́шанаю нарадзíла Бо́га Сло́ва, Íсную Багаро́дзіцу, Цябе веліча́ем.

 

Ад Пасхі да Узнясення замест «Дастойна ёсць» пяецца:

Ангел ускліка́ў Благада́тнай: Чы́стая Дзе́ва, ра́дуйся! l зноў кажу́: ра́дуйся, Твой Сын уваскрэ́с на трэ́ці дзень з гро́бу, і мёртвых узняў Ён, лю́дзі, весялíцеся.

 

Свяціся, свяціся, но́вы Іерусаліме, сла́ва бо Гаспо́дняя на табе́ заззя́ла. Ліку́й сёння і весялíся, Сіёне. Ты ж, Чы́стая, ра́дуйся, Багаро́дзіца, аб Уваскрасе́нні Наро́джанага Табо́й.

 

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху, і цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амінь.

Го́спадзі, памілуй. (Тройчы)

 

Го́спадзі, Іісу́се Хрысце́, Сы́не Бо́жы, дзе́ля малітваў Прачы́стай Тваёй Ма́ці, прападо́бных і багано́сных айцо́ў на́шых і ўсіх святы́х, памíлуй нас. Амíнь.

 


[1] Святая Троіца — Трыадзіны Бог (Айцец, Сын і Святы Дух), таму гэты і наступныя выказнікі стаяць у мужчынскім родзе.

[2] Давід просіць Бога выратаваць яго ад пралітай крыві Урыі, у якой ён як быццам тоне.

[3] Не наклікаючы на сябе асуджэння, беспакарана.

[4] Маюцца на ўвазе сілы бясплотныя — ангелы.

[5] У сучасным царкоўнаславянскім тэксце — “на смиренныя”, г.зн. на прыгнечаных, уніжаных (людзей), але ў грэчаскім тэксце — “τὰ ταπεινά” — “нізіны, дол”.

[6] Словы “запаведзяў Яго” у царкоўнаславянскім тэксце адсутнічаюць, але яны ёсць у арыгінале грэчаскага тэксту малітвы: “ἐν τη ἐπγασία των ἐντολων”.

[7] Якое не мае вечара, не сканчаецца, вечнае.

[8] Грэч. “τάρταρος” — месца вечнага нясцерпнага холаду і змроку.

[9] Слова (грэч. “Λόγος” — “Логас”) — Гасподзь Іісус Хрыстос, другая Асоба Святой Троіцы (гл. Евангелле паводле Іаана: 1,1-17).

[10] Вароты пякельныя — сілы зла, пекла.

[11] Гэтая і наступная малітвы не ўваходзяць у склад ранішніх малітваў, але некаторыя набожныя хрысціяне дадаюць іх да свайго малітвенага правіла і чытаюць разам з ранішнімі малітвамі.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.