Канон малебны да Прасвятой Багародзiцы

Спяваецца пры ўсякiм смутку душэўным і няшчасці.

Твор манаха Феасцірыкта

Глас 8

 

Песня 1

Ірмос: Ваду́ прайшо́ўшы нíбы су́шу і егíпецкага лíха пазбе́гнуўшы, ізраільця́нін ускліка́ў: Збавíцелю і Бо́гу на́шаму спява́йма.

Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.

Мно́гімі апанава́ны выпрабава́ннямі, да Цябе́ я звярта́юся ў по́шуках спасе́ння: О, Ма́ці Сло́ва і Дзе́ва, ад ця́жкіх бе́дстваў спасí мяне́.

Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.

Турбу́юць мяне́ напа́ды страсце́й, якíя напаўня́юць душу́ маю́ вялíкаю марко́таю; супако́й яе́ мíрам Сы́на і Бо́га Твайго́, Дзе́ва Усебеззага́нная.

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.

Цябе́, што нарадзíла Спасíцеля і Бо́га, малю́ я, Дзе́ва, пра збаўле́нне мяне́ ад бе́дстваў; да Цябе́ цяпе́р звярта́ючыся, я скіро́ўваю і душу́, і ро́зум.

І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.

Хво́рага це́лам і душо́ю, наве́двання Бо́жага і кло́пату ад Цябе́ спадо́бі, адзíная Багама́ці, бо Ты до́брая і До́брага нарадзíла.

 

Песня 3

Ірмос: Нябе́снага ку́пала Верхатво́рца Го́спадзі і Царквы́ Ствары́цель, умацу́й мяне́ ў любо́ві да Цябе́, Ты, мэ́та маíх імкне́нняў, апо́ра ве́рных, адзíны Чалавекалю́бец.

Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.

Абаро́наю і по́крывам жыцця́ майго́ лічу́ я Цябе́, Богарадзíцелька Дзе́ва: Ты мяне́ скіру́й да пры́стані Тваёй, Віно́ўніца дабро́т, апо́ра ве́рных, адзíная Усяпе́тая[1].

Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.

Малю́ Цябе́, Дзе́ва: душэ́ўную збянтэ́жанасць і бу́ру сму́тку майго́ разганí, бо Ты, Боганяве́ста, крынíцу спако́ю — Хрыста́ нарадзíла, адзíная Прачы́стая.

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.

Ты нарадзíла Дабрадзе́я, дабра́ Віно́ўніка, а таму́ бага́ццем дабрадзе́йства ўсіх адары́, бо Ты ўсё мо́жаш, пако́лькі мо́цнага сíлаю Хрыста́ нарадзíла Ты, Богаблажэ́нная.

І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь

Дзе́ва, Ты дапамажы́ мне, зму́чанаму лю́тымі не́мачамі і балю́чымі страсця́мі, бо я зна́ю Цябе́, Найбеззага́ннейшая, як ска́рб­ніцу ацале́нняў бага́тую і невычарпа́льную.

Захава́й ад бед рабо́ў Тваíх, Багаро́дзіца, бо мы ўсе пасля Бо́га да Цябе́ звярта́емся, як да несакруша́льнай сцяны́ і абаро́ны.

Спагля́нь з міласэ́рнасцю, усяпе́тая Багаро́дзіца, на мае́ лю́тыя цяле́сныя паку́ты і ацалí не́мач душы́ маёй[2].

 

Сядальны, глас 2

Гара́чая малíтва і сцяна́ непрысту́пная, мíласці крынíца, све́ту прыста́нішча, мы шчы́ра ўскліка́ем да Цябе́: Багаро́дзіца Улады́чыца, паспяшы́ і збаў нас ад бед, адзíная ско́рая абаро́нніца.

 

Песня 4

Ірмос: Пачу́ў я, Го́спадзі, пра таíнства заду́мы Тваёй, уразуме́ў спра́вы Твае́ і прасла́віў Тваё Бажаство́.

Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.

Страсце́й маíх узбурэ́нне і бу́ру маíх саграшэ́н­няў уціхамíр, Боганяве́ста, Яка́я нарадзíла Стырнаво́га — Го́спада.

Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.

Пада́й мне Тваю́ бязме́жную міласэ́рнасць у адка́з на мой за́клік да Цябе́, Яка́я нарадзíла Міласэ́рнага і Спасíцеля ўсіх, хто апява́е Цябе́.

Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.

Ма́ючы асало́ду ад Тваíх даро́ў, Прачы́стая, мы спява́ем удзя́чную пе́сню, прызнаючы́ Цябе́ за Багама́ці.

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.

На ло́жы ў хваро́бе сваёй і не́мачы ляжу́ я, таму́ дапамажы́ мне як Добралюбíвая[3], адзíная Вечнадзе́ва.

І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.

Надзе́ю і апо́ру, і непахíсную сцяну́ спасе́ння ма́ючы ў Табе́, Усяпе́тая, мы ад уся́кай ця́жкасці збаўля́емся.

 

Песня 5

Ірмос: Прасвятлí нас нака́замі Тваíмі, Го́спадзі, і сíлаю[4] Тваёю высо́каю Тво́й мір пада́й нам, Чалавека­лю́бец.

Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.

Напо́ўні, Чы́стая, весяло́сцю сэ́рца маё, Тваю́ чы́стую[5] даючы́ ра́дасць, бо Віно́ўніка весяло́сці нарадзíла Ты.

Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.

Збаў нас ад бед, Багаро́дзіца Чы́стая, што нарадзíла ве́чнае Збаўле́нне і мір, якí перавыша́е ўся́кае разуме́нне.

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.

Рассе́й імглу́ саграшэ́нняў маíх, Боганяве́ста, праме́ннем Твайго́ ззя́ння, Ты, што нарадзíла Святло́ Бажэ́ственнае і спрадве́чнае.

І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.

Ацалí, Чы́стая, душы́[6] маёй не́мач, спадо́біўшы мяне́ Тваёй апе́кі, і здаро́ўе малíтвамі Тваíмі пада́й мне.

 

Песня 6

Ірмос: Малíтву я пралію́ да Го́спада і Яму́ адкры́ю бе́ды мае́, таму́ што́ злом душа́ мая́ напо́ўнена і жыццё маё да пе́кла наблíжана. І малю́ся я, як Іо́на: ад згу́бы, Бо́жа, вы́баў мяне́.

Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.

Як Сам Той, Хто адда́ў Сябе́ на смерць, спас ад сме́рці і згу́бы маю́ істо́ту, ахо́пленую згу́баю і сме́рцю, так Ты, Дзе́ва, малí Го́спада і Сы́на Твайго́ зба́віць мяне́ ад ліхадзе́йства во́рагаў.

Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.

Як абаро́нніцу жыцця́ Цябе́ зна́ю і захава́льніцу надзе́йную, Дзе́ва, Яка́я спыня́е мно́ства спаку́с[7] і адво́дзіць зло́бу дэ́манаў; і малю́ся заўжды́: ад згу́бы страсце́й маíх збаў мяне́.

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.

Мы ма́ем, Цябе́, Дзе́ва, як сцяну́ абаро́нную, як уседаскана́лае спасе́нне душ і ўце́ху ў няго́дах, і святлу́ Твайму́ заўжды́ ра́дуемся. О, Улады́чыца, і цяпе́р нас ад страсце́й і бед урату́й.

І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.

У пасце́лі цяпе́р я хво́ры ляжу́, і няма́ ацале́ння пло́ці маёй, але́ да Цябе́ я малю́ся, До́брай, Яка́я нарадзíла Бо́га і Спасíцеля све́ту, і Збавíцеля ад не́мачаў: ад згу́бы не́мачаў падымí мяне́.

 

Кандак, глас 6

Абаро́на хрысція́н надзе́йная, Хада́йніца да Тварца́ нязме́нная, не пагарджа́й малітвамі грэ́шні­каў, а паспе́й як До́брая на дапамо́гу нам, што з ве́­раю ўскліка́ем да Цябе́: паспяша́йся на засту́пніцтва і ху́тка прыйдзí на хада́йніцтва, абараня́ючы заўжды́, Багаро́дзіца, тых, хто шану́е Цябе́.

Другi кандак, глас той жа

Няма́ ў нас íншае дапамо́гі, няма́ íншае надзе́і, акрамя́ Цябе́, Прачы́стая Дзе́ва. Ты нам дапамажы́, на Цябе́ спадзяе́мся мы і Табо́ю хва́лімся, бо Твае́ мы рабы́, няха́й жа не пасаро́меемся.

Сцiхiра, глас той жа

Не даруча́й мяне́ чалаве́чай абаро́не, Прасвята́я Улады́чыца, а прымí мале́нне раба́ Твайго́; бо няго́ды агарну́лі мяне́, я не магу́ цярпе́ць дэ́манскіх стрэ́л, прыту́лку не ма́ю і нідзе́ не знахо́джу прыста́нішча, няшча́сны я, адусю́ль напада́юць на мяне́, і ўце́хі не ма́ю, акрамя́ Цябе́, Улады́чыца све́ту, надзе́я і абаро́на ве́рных, не пагарджа́й малíтвай маёй і зрабí то́е, што кары́сна мне.

 

Песня 7

Ірмос: Юнакí, якíя з Іудзе́і прыйшлí, не́калі ў Вавіло́не ве́раю ў Тро́іцу по́лымя ў пе́чы перамаглí, спява́ючы: Бо́жа айцо́ў, благаславёны Ты.

Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.

Жада́ючы на́ша спасе́нне здзе́йсніць, Спасíцелю, Ты ўсялíўся ва ўло́нне Дзе́вы, Яку́ю ўчынíў Ты Засту́пніцай све́ту; айцо́ў на́шых Бо́жа, блага­славёны Ты.

Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.

Прыхíльніка мíласці, Яко́га нарадзíла Ты, Ма́ці Чы́стая, умалí, каб пазба́віліся ад саграшэ́нняў і душэ́ўнага бру́ду ты́я, што з ве́раю ўскліка́юць: айцо́ў на́шых Бо́жа, благаславёны Ты.

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.

Як ска́рбніцу спасе́ння, і крынíцу нятле́ння, і надзе́йную цвярды́ню, і дзве́ры пакая́ння Ты паказа́ў Ту́ю, Яка́я нарадзíла Цябе́, тым, што ўскліка́юць: айцо́ў на́шых Бо́жа, благаславёны Ты.

І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.

Цяле́сныя сла́басці і душэ́ўныя не́мачы тых, што з любо́ўю прыхо́дзяць, Богарадзíцелька,  пад по́крыва Тваё, спадо́бі ацалíць, Дзе́ва, Яка́я Спасíцеля Хрыста́ нам нарадзíла.

 

Песня 8

Ірмос: Цара́ Нябе́снага, Яко́га апява́юць[8] во́інствы А́нгелаў, апява́йце і ўслаўля́йце і высо́ка ўзно́сьце ва ўсе вякí.

Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.

Не пагарджа́й, Дзе́ва, ты́мі, хто про́сіць Тваёй дапамо́гі, апява́ючы і высо́ка ўзно́сячы Цябе́ наве́кі.

Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.

[9]Не́мачы душы́ маёй і цяле́сныя хваро́бы Ты ацаля́еш, Дзе́ва, каб я праслаўля́ў Цябе́, Чы́стая, наве́кі[10].

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.

Ацале́нняў мно́ства Ты выліва́еш на тых, хто апява́е Цябе́, Дзе́ва, і высо́ка ўзно́сіць невымо́ўна Наро́джанага Табо́ю.

І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.

На́ціскі спаку́с і напа́ды страсце́й адганя́еш Ты, Дзе́ва, таму́ мы апява́ем Цябе́ ва ўсе вякí.

 

Песня 9

Ірмос: Справядлíва Багаро́дзіцай мы вызнае́м Цябе́, праз Цябе́ спасёныя, Дзе́ва Чы́стая, з хара́мі бяспло́тных сіл Цябе́ веліча́ючы.

Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.

Не пагарджа́й пато́кам слёз маíх, Дзе́ва, што нарадзíла Хрыста, Якí выціра́е з ко́жнага тва́ру ко́жную слязу́.

Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.

Ра́дасцю маё сэ́рца напо́ўні, Дзе́ва, Яка́я атрыма́ла паўнату́ ра́дасці і знíшчыла боль граху́.

Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.

Прыста́нішчам і абаро́наю будзь, Дзе́ва, тым, хто звярта́ецца да Цябе́, сцяно́ю несакруша́льнаю, прыту́лкам, і по́крывам, і ра́дасцю.

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.

Святла́ Твайго́ праме́ннем разганя́ючы це́мру няве́дання, асвятлí, Дзе́ва, тых, хто з паша́наю вызнае́ Цябе́ Багаро́дзіцаю.

І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.

На ме́сцы паку́т ад не́мачы ацалí таго́, хто ўпаў ду́хам, Дзе́ва, з хво́рага зрабíўшы здаро́вым.

 

Сцiхiры, глас 2

Вышэ́йшую за нябёсы і чысце́йшую за святло́ со́нечнае, Ту́ю, што зба́віла нас ад праклёну, Улады́чыцу све́ту спе́вамі ўшану́ем.

Ад мно́гіх маíх грахо́ў хварэ́е це́ла, хварэ́е і душа́ мая́; да Цябе́ я звярта́юся, Благада́тнай: Надзе́я безнадзе́йных, Ты мне дапамажы́.

Улады́чыца і Ма́ці Збавíцеля, прымí малíтву недасто́йных рабо́ў Тваíх, каб хада́йнічаць пе́рад Наро́джаным ад Цябе́. О, Улады́чыца све́ту, будзь хада́йніцаю!

Стара́нна і ра́дасна мы спява́ем цяпе́р пе́сню Табе́, усíмі апе́тай Багаро́дзіцы: з Прадце́чаю і ўсíмі святы́мі малí, Багаро́дзіца, Бо́га быць мíласцівым да нас.

Усе́ во́інствы А́нгелаў, Прадце́ча Гаспо́дні, двана́ццаць Апо́сталаў, усе́ святы́я з Багаро́дзіцаю, учынíце малíтву, каб спаслíся мы.

 

Малiтва 1

да Прасвятой Багародзiцы

Цары́ца мая́ найдабрэ́йшая, надзе́я мая́, Багаро́дзіца, прыту́лак для сіро́т і абаро́нніца падаро́жных, гаро́тных ра́дасць, пакры́ўджаных атулíцелька! Ты ба́чыш маю́ бяду́, Ты ба́чыш маё го́ра; дапамажы́ мне як не́мачнаму, скіру́й мяне́ на шлях як падаро́жнага. Кры́ўду маю́ Ты ве́даеш, вы́звалі з яе́, як жада́еш, бо няма́ ў мяне́ íншае дапамо́гі, апро́ч Цябе́, ні íншае абаро́нніцы, ні до́брае суцяша́льніцы, акрамя́ Цябе́, о, Багама́ці, бо Ты захава́еш мяне́ і ату́ліш на ве́кі вяко́ў. Амíнь.

 

Малiтва 2

Каго́ бу́ду клíкаць, Улады́чыца? Да каго́ звярну́ся ў журбе́ маёй, калí не да Цябе́, Цары́ца Нябе́сная? Хто плач мой і ўздыха́нне маё пры́ме, калí не Ты, Найбеззага́ннейшая, надзе́я хрысція́н і прыста́­нішча нам, грэ́шным? Хто лепш за Цябе́ ў напа́сцях абаро́ніць? Пачу́й жа стогн мой і схілí ву́ха Тваё да мяне́, Улады́чыца, Ма́ці Бо́га майго́, і не пагарджа́й мно́ю, якí патрабу́е Тваёй дапамо́гі, і не адкíнь мяне́, грэ́шнага. Наста́ў на ро́зум і навучы́ мяне́, Цары́ца Нябе́сная; не адступí ад мяне́, раба́ Твайго́, за нарака́нне маё, а бу́дзь мне Ма́ці і Засту́пніцай. Уруча́ю сябе́ мíласцівай апе́цы Тваёй: прывядзí мяне́, грэ́шнага, да цíхага і спако́йнага жыцця́, каб я апла́кваў грахí свае́. Бо да каго́ звярну́ся я, вінава́ты, калí не да Цябе́, надзе́і і прыста́нішча для грэ́шных, акрыля́емы спадзява́ннем на невымо́ўную мíласць Тваю́ і шчо́драсці Твае́? О, Улады́чыца, Цары́ца Нябе́сная! Ты мне надзе́я і прыста́нішча, прыту́лак, і  засту́пніцтва, і дапамо́га. Цары́ца мая́ найдабрэ́йшая і ско́рая Засту́пніца! Пакры́й Тваíм хада́йніцтвам мае́ саграшэ́нні, абаранí мяне́ ад во́рагаў ба́чных і няба́чных; змякчы́ сэ́рцы злых людзе́й, што паўстаю́ць на мяне́. О, Ма́ці Го́спада майго́, Тварца́! Ты — ко́рань дзяво́цтва і неўвяда́льная кве́тка чысцінí. О, Багаро́дзіца! Ты пада́й дапамо́гу мне, не́мачнаму ад пло́цкіх страсце́й і няду́жаму сэ́рцам, бо то́лькі Тваё і з Табо́ю Твайго́ Сы́на і Бо́га на́шага ма́ю засту́пніцтва; і Тваíм найцудо́ўнейшым засту́пніцтвам няха́й зба́ўлюся я ад уся́кае бяды́ і напа́сці, о, найбеззага́ннейшая і найслаўне́йшая Бо́жая Ма́ці Мары́я. Таму́ я з надзе́­яй гавару́ і ўскліка́ю: ра́дуйся, Благада́тная, раду́йся, Абра́даваная; ра́дуйся, Найблагаславе́ннейшая, Гаспо́дзь з Табо́ю.

 

Малiтва 3

О, Прасвята́я Спада́рыня Улады́чыца Бага­ро́дзіца! Ты вышэ́йшая за ўсіх А́нгелаў і Арха́нгелаў і пачэ́снейшая за ўсё стварэ́нне, Ты — памо́чніца пакры́ў­джаных, безнадзе́йных надзе́я, убо́гіх засту́пніца, засму́чаных суцяшэ́нне, гало́дных кармі́целька, го́лых адзе́нне, хво́рых ацале́нне, грэ́шных спасе́нне, хрысція́н усíх дапамо́га і засту́пніцтва. О, усямíласцівая Спада́рыня, Дзе́ва Багаро́дзіца Улады́чыца, мíласцю Тваёю спасí і памíлуй Вялíкага Спадара́ і Айца́ на́шага Кіры́ла, Свяце́йшага патрыя́рха Маско́ўскага і ўсяе́ Русí і  ўсіх Свяце́йшых патрыя́рхаў правасла́ўных і Спадара́ на́шага Высокапраасвяшчэ́ннейшага Філарэ́та, мітрапалíта Мíнскага і Слу́цкага, Патрыя́р­шага Экза́рха ўсяе́ Беларусі, праасвяшчэ́н­ных мітрапалíтаў, архіепíскапаў і епíскапаў і ўвесь свяшчэ́нніцкі і мана́скі чын, і ўсіх правасла́ўных хрысція́н ры́заю Тваёю пачэ́снаю ахава́й; і ўмалí, Спада́рыня, Таго́, Хто без се́мені ўцяле́сніўся ад Цябе́ — Хрыста, Бо́га на́шага, каб Ён падпераза́ў нас сíлаю Сваёю вышэ́йшаю на няба́чных і ба́чных во́рагаў на́шых. О, усямíласцівая Спада́рыня Улады́чыца Багаро́дзіца, уздымí нас з глыбінí граху́ і збаў нас ад го́ладу, згу́бы, ад землетрасе́ння і пато́пу, ад агню́ і мяча́, ад нашэ́сця іншапляме́ннікаў і міжусо́бнае вайны́, і ад рапто́ўнае сме́рці, і ад напа́ду во́рагаў, і ад згу́бных вятро́ў, і ад смертано́снае зара́зы, і ад уся́кага зла. Пада́й, Спада́рыня, мір і здаро́ўе раба́м Тваíм, усíм правасла́ўным хрысція́нам, і асвятлí ім ро́зум і во́чы сэ́рца для спасе́ння; і спадо́бі нас, грэ́шных рабо́ў Тваíх, Ца́рства Сы́на Твайго́, Хрыста́, Бо́га на́шага, бо ўлада́рства Яго́ благаславёнае і найпрасла́ўленае з Беспача́тным Яго́ Айцо́м, і з Прасвяты́м, і До́брым, і Жыватво́рчым Яго́ Ду́хам, цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.

 

[1] Усяпетая — у найвышэйшай меры праслаўленая (апетая) у песнях.

[2] Гэтыя два малебныя прыпевы ўжываюцца толькі пры служэнні малебна пасля 3-й і 6-й песень канона.

[3] У гэтым трапары канона маецца розначытанне: у адных выданнях царкоўнаславянскага тэксту (гл., напрыклад, “Часослов”) ужыта слова “Благолюбива”, у другіх (гл., напрыклад, “Каноник”) — “Боголюбива”; у грэчаскім тэксце канона гэты трапар адсутнічае; пры перакладзе мы выбралі варыянт паводле тэксту “Часослова”: “Благолюбива” — “Добралюбівая” (заўвага перакладчыка). 

[4] Сілаю — літаральна “рукою”; грэчаскае “βραχιων” абазначае руку ва ўсю яе даўжыню, пачынаючы ад пляча, і сімвалізуе магутнасць, сілу (заўвага перакладчыка).

[5] Грэчаскае “ακήρατος” абазначае “нязмешаны”, “непашкоджаны”, “некрануты”, “цэльны”.

[6] У грэчаскім тэксце: “των παθωνμου τὴν ασθενειαν” — “страсцей маіх немач”.

[7] Літаральна з грэчаскай — “натоўп спакус”; царкоўнаславянскі выраз “напастей молвы” недакладны.

[8] У арыгінале слова “υμνέω” абазначае “спяваць гімн”, “апяваць”.

[9] У грэчаскім тэксце канона гэты трапар стаіць на трэцім месцы, а тут стаіць наступны трапар.

[10] У грэчаскім тэксце гэты трапар мае іншае заканчэнне: “каб я праслаўляў Цябе, Благадатную”.

 

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.