Малітвы вячэрнія

 Паслухаць вячэрнія малітвы:

 

У імя́ Айца́ і Сы́на і Свято́га Ду́ха. Амíнь.

 

Го́спадзі, lісу́се Хрысце́, Сы́не Бо́жы, дзе́ля малíтваў Прачы́стае Твае́ Ма́ці, прападо́бных і багано́сных айцо́ў на́шых і ўсіх святы́х, памíлуй нас. Амíнь.

 

Сла́ва Табе́, Бо́жа наш, сла́ва Табе́.

 

Цару́ Нябе́сны, Уцяшы́целю, Ду́ху íсціны, Ты ўсю́ды прысу́тны і ўсё напаўня́еш, Ска́рбніца дабра́ і жыцця́ Пада́целю, прыйдзí і ўсялíся ў нас, і ачы́сці нас ад уся́кай нечыстаты́ і спасí, До́бры, ду́шы на́шы.

Святы́ Бо́жа, Святы́ Мо́цны, Святы́ Несмяро́тны, памíлуй нас. (Чытаем тройчы, робячы на сабе знак Крыжа і паясны паклон)

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху, і цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.

Прасвята́я Тро́іца, памíлуй нас; Го́спадзі, ачы́сці грахí на́шы; Уладару́, праба́ч беззако́нні на́шы; Святы́, наве́дай і ацалí не́мачы на́шы дзе́ля імя́ Твайго́.

Го́спадзі, памíлуй. (Тройчы)

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху, і цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.

О́йча наш, Які ёсць на нябёсах! Няха́й свяцíцца імя́ Тваё, няхай пры́йдзе Ца́рства Тваё, няха́й бу́дзе во́ля Твая́ як на не́бе, так і на зямлí. Хлеб наш надзённы дай нам сёння; і дару́й нам даўгí на́шы, як і мы дару́ем даўжніка́м на́шым; і не ўвядзí нас у спаку́су, але збаў нас ад зло́га.

Трапары

Памíлуй нас, Го́спадзі, памíлуй нас; бо, нія́кага апраўда́ння не знахо́дзячы, гэ́тую малíтву Табе́ як Уладару́ мы, грэ́шныя, прыно́сім: памíлуй нас.

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Духу.

Го́спадзі, памíлуй нас, бо мы на Цябе́ спадзяёмся[1]; не загне́вайся на нас ве́льмі і не ўспаміна́й беззако́нняў на́шых, а паглядзí і цяпе́р, як міласэ́рны, і збаў нас ад во́рагаў на́шых; бо Ты Бог наш і мы лю́дзі Твае́, усе — стварэ́нне рук Тваíх і імя́ Тваё прызыва́ем.

І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.

Міласэ́рнасці дзве́ры адчынí нам, благаславе́нная Багаро́дзіца, каб мы, ма́ючы надзе́ю на Цябе́, не загíнулі, а каб пазба́віліся праз Цябе́ ад бед, бо Ты — спасе́нне ро́ду хрысція́нскага.

Го́спадзі, памíлуй. (12 разоў)

 

Малітва 1-я, святога Макарыя Вялікага, да Бога Айца

Бо́жа ве́чны і Цару́ ўсяго́ стварэ́ння, Ты спадо́біў мяне́ дажы́ць да гэ́тай гадзíны; праба́ч мне грахí, што я зрабíў ў гэ́ты дзень учы́нкам, сло́вам і ду́мкаю, і ачы́сці, Го́спадзі, прыгне́чаную маю́ душу́ ад уся́кай нечыстаты́ пло́ці і ду́ху. l дай мне, Го́спадзі, у гэ́тую ноч спако́йны сон, каб, уста́ўшы з майго́ ўбо́гага ло́жа, я рабіў уго́днае прасвято́му íмені Твайму́ ва ўсе дні жыцця́ майго́ і перамага́ў во́рагаў, якія напада́юць на мяне́, пло́цкіх і бяспло́тных. l пазба́ў мяне, Го́спадзі, ад ма́рных ду́мак, якія апага́ньваюць мяне́, і ад нячы́стых жада́нняў. Бо Тваё ёсць Ца́рства, і сíла, і сла́ва — Айца́, і Сы́на, і Свято́га Ду́ха цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.

Малітва 2-я, святога Антыёха, да Госпада нашага Іісуса Хрыста

Уседзяржы́целю, Сло́ва Айца́, Ты, бу́дучы Сам даскана́лым, lісу́се Хрысце́, дзе́ля вялíкай міласэ́рнасці Тваёй ніко́лі не пакіда́й мяне́, раба́ Твайго́, а заўжды́ ўва мне застава́йся. lісу́се, до́бры Па́стыру Тваіх аве́чак, не адда́й мяне́ мяце́жнаму зме́ю і на во́лю сатаны́ не пакíнь мяне́, бо насе́нне пагíбелі ёсць ува мне. Ты ж, Го́спадзі Бо́жа пакланя́емы, Цару́ Святы́ Іісу́се Хрысце́, ахава́й мяне́ ў час сну незгаса́льным святло́м — Ду́хам Тваíм Святы́м, Якíм Ты асвяцíў Сваіх ву́чняў. Дай, Го́спадзі, і мне, недасто́йнаму рабу́ Твайму́, спасе́нне Тваё на ло́жы маíм: прасвятлí ро́зум мой святло́м разуме́ння свято́га Ева́нгелля Твайго́, душу́ — любо́ўю да Крыжа́ Твайго́, сэ́рца — чысцінёю сло́ва Твайго́, це́ла маё — Тваíмі паку́тамі бясстра́снымі, ду́мку маю́ Тваёю пако́рлівасцю ахава́й і падымí мяне́ ў нале́жны час, каб я славасло́віў Цябе́. Бо Ты найбо́льш прасла́ўлены з Беспача́тным Тваíм Айцо́м і з Прасвяты́м Ду́хам на ве́кі. Амíнь.

Малітва 3-я, да Прасвятога Духа

Го́спадзі, Цару́ Нябе́сны, Уцяшы́целю, Ду́ху íсціны, змíлуйся і памíлуй мяне, грэ́шнага раба́ Твайго́, і адпусцí мне, недасто́йнаму, і праба́ч ўсё, чым я саграшы́ў пе́рад Табо́ю сёння як чалаве́к, а на́ват і не як чалаве́к, а горш за скацíну, во́льныя мае́ грахí і міжво́льныя, свядо́мыя і несвядо́мыя, ты́я, што з‑за маладо́сці і ад зло́га кава́рства, і ты́я, што ад запа́льчывасці і з‑за нядба́ласці. Мо́жа, íмем Тваім я кля́ўся або́ знява́жыў яго́ ў ду́мках сваíх; або́ каго́ папракну́ў; або́ ўзвёў на каго́ паклёп у гне́ве сваíм, або́ каго́ засмуціў, або́ з‑за чаго́сьці загне́ваўся; або́ няпра́ўду сказа́ў, або́ заўча́сна спаў, або́ жабра́к прыйшо́ў да мяне́, і я пагрэ́баваў ім; або́ бра́та майго́ засмуцíў, або́ пачына́ў сва́ркі, або́ каго́ асудзíў; або́ ўзвыша́ў сябе́, або́ ганары́ўся, або́ загне́ваўся; або́ калí я стая́ў на малíтве, ро́зум мой злом све́ту гэ́тага захапля́ўся, або́ хíтрыя ду́мкі я меў; або́ аб`яда́ўся, або́ апіва́ўся, або́ бязду́мна смяя́ўся; або́ зло́е заду́маў, або́, даскана́ласць чужу́ю ўба́чыўшы, пазайздро́сціў у сэ́рцы, або́ непрысто́йнае гавары́ў, або́ з граху́ бра́та майго́ пасмяя́ўся, тады́ як мае́ саграшэ́нні незлічо́ныя; або́ пра малíтву не дбаў, або́ íншае што нядо́брае зрабíў, не по́мню, бо ўсё гэ́та і больш яшчэ́ зрабíў я. Памíлуй мяне́, Тво́рца мой і Уладару́, пану́рага і недасто́йнага раба́ Твайго́, і дару́й мне, і адпусцí, і праба́ч мне, як До́бры і Чалавекалю́бны, каб спако́йна лёг, засну́ў і адпачы́ў я, блу́дны, грэ́шны і акая́нны, і каб пакланíўся і апе́ў, і прасла́віў найпачэ́снейшае імя́ Тваё з Айцо́м і Адзінаро́дным Яго́ Сы́нам цяпе́р і заўсёды, і на ве́кі. Амíнь.

Малітва 4-я, святога Макарыя Вялікага

Што́ Табе́ прынясу́ або́ чым Табе́ аддзя́чу, мнагашчо́дры Бессмяро́тны Цару́, шчо́дры і чалавекалю́бны Го́спадзі, за то́е, што мяне́, які ляну́ецца служы́ць Табе́ і нічо́га до́брага не зрабíў, Ты давёў да канца́ гэ́тага міну́лага дня, скіро́ўваючы да пако́рнасці і спасе́ння душу́ маю́? Будзь мíласцівы да мяне́, грэ́шнага, які не ма́е нія́кага до́брага ўчы́нку, аднавí прапа́шчую маю́ душу́, апага́неную незлічо́нымі саграшэ́ннямі і адхілí ад мяне́ ўсе ду́мкі ліхíя гэ́тага ба́чнага жыцця́. Праба́ч, адзíны Бязгрэ́шны, мае́ саграшэ́нні, якíмі пе́рад Табо́ю я саграшы́ў у гэ́ты дзень свядо́ма і несвядо́ма, сло́вам, і ўчы́нкам, і ду́мкаю, і ўсíмі маíмі пачу́ццямі. Ты Сам, ахіна́ючы, захава́й мяне́ ад уся́кага варо́жага напа́ду Бажэ́ственнаю Тваёю ўла́даю, і невымо́ўным чалавекалю́бствам, і сíлаю. Ачы́сці, Бо́жа, ачы́сці бе́зліч грахо́ў маíх. Будзь ласка́вы, Го́спадзі, вы́зваліць мяне́ з па́сткі нячы́стага, і спасí паку́тную маю́ душу́, і ахінí мяне́ святло́м аблíчча Твайго́, як пры́йдзеш у сла́ве, і цяпе́р дай мне сном без асуджэ́ння засну́ць, і ахава́й ду́мкі раба́ Твайго́ ад летуце́ння і збянтэ́жанасці, і ўсё сатанíнскае дзе́янне адганí ад мяне́, і прасвятлí духо́ўныя во́чы майго́ сэ́рца, каб не засну́ў я смяро́тным сном. l пашлí мне Ангела мíру, ахо́ўніка і наста́ўніка душы́ і це́лу майму́, каб ён ратава́ў мяне́ ад во́рагаў маіх; каб, уста́ўшы з пасце́лі маёй, я прынёс Табе́ ўдзя́чныя малíтвы. О, Го́спадзі, пачу́й мяне́, грэ́шнага і ўбо́гага во́ляю і сумле́ннем раба́ Твайго́; дай мне, як уста́ну, навуча́цца сло́ву Твайму́, і нядба́ласць дэ́манскую далёка адганí ад мяне́ праз Тваíіх А́нгелаў; каб я благаслаўля́ў імя́ Тваё свято́е, і праслаўля́ў, і сла́віў Прачы́стую Багаро́дзіцу Мары́ю, Яку́ю Ты даў нам, грэ́шным, для засту́пніцтва; прымí ж Тую, што мо́ліцца за нас; бо ве́даю, што Яна перайма́е Тваё чалавекалю́бства і малíцца не перастае́. Яе засту́пніцтвам, і Пачэ́снага Крыжа́ знаме́ннем, і дзе́ля ўсіх святы́х Тваíх убо́гую душу́ маю́ зберажы́, Іісу́се Хрысце́, Бо́жа наш, бо Ты Святы́ і найбо́льш прасла́ўлены на ве́кі. Амíнь.

Малітва 5-я

Го́спадзі Бо́жа наш, у чым я саграшы́ў у гэ́ты дзень сло́вам, учы́нкам і ду́мкаю, Ты, як До́бры і Чалавекалю́бны, праба́ч мне. Спако́йны сон і ціхамíрны пада́й мне. Ангела Твайго́ ахо́ўніка пашлí, каб ён ахіна́ў і аберага́ў мяне ад уся́кага зла, бо Ты — ахо́ўнік душ і цел на́шых, і Табе́ сла́ву ўзно́сім — Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.

Малітва 6-я

Го́спадзі, Бо́жа наш, у Яко́га мы ве́руем і Чыё імя́ больш за ўся́кае імя́ прызыва́ем, пада́й нам пры адыхо́дзе да сну палёгку для душы́ і це́ла і засцеражы́ нас ад уся́кага летуце́ння і ад бру́днай сладастра́снасці; спынí памкне́нне страсце́й, пагасí по́лымя пажа́днасці цяле́снай. Дай нам захо́ўваць цнатлíвасць ва ўчы́нках і ў сло́вах; каб, право́дзячы дабрадзе́йнае жыццё, мы не пазба́віліся абяца́ных Тваіх дабро́т, бо Ты благаславёны на ве́кі. Амíнь.

Малітва святога Іаана Залатавуста

(24 малітвы, па колькасці гадзін дня і ночы)

1. Го́спадзі, не пазба́ў мяне́ нябе́сных Тваíх дабро́т.

2. Го́спадзі, збаў мяне ад ве́чных мук.

3. Го́спадзі, ро́зумам ці ду́мкаю, сло́вам ці ўчы́нкам саграшы́ў я, праба́ч мне.

4. Го́спадзі, збаў мяне́ ад ўся́кага няве́дання і забыцця́, і маладу́шнасці, і скамяне́лае нячу́ласці.

5. Го́спадзі, збаў мяне ад уся́кае спаку́сы.

6. Го́спадзі, прасвятлí маё сэ́рца, азмро́чанае ліхо́ю пажа́днасцю.

7. Го́спадзі, я, як чалаве́к, саграшы́ў, Ты ж, як Бог шчо́дры, паміíлуй мяне, ба́чачы не́мач душы́ маёй.

8. Го́спадзі, пашлí благада́ць Тваю ў дапамо́гу мне, каб я прасла́віў імя́ Тваё свято́е.

9. Го́спадзі Іісу́се Хрысце́, запішы мяне́, раба́ Твайго́, у кнíзе жыцця́ і пада́й мне до́бры скон.

10. Го́спадзі Бо́жа мой, хоць я і нічо́га до́брага не зрабіў пе́рад Табо́ю, але дай мне па благада́ці Тваёй пакла́сці до́бры пача́так.

11. Го́спадзі, акрапí сэ́рца маё расо́ю благада́ці Тваёй.

12. Го́спадзі не́ба і зямлí, памянí мяне́, грэ́шнага раба́ Твайго́, мярзо́тнага і нячы́стага, у Ца́рстве Тваíім. Амíнь.

1. Го́спадзі, у пакая́нні прымí мяне́.

2. Го́спадзі, не пакíнь мяне.

3. Го́спадзі, не ўвядзí мяне ў напа́сць.

4. Го́спадзі, дай мне ду́мку до́брую.

5. Го́спадзі, дай мне слёзы, і па́мяць пра смерць, і замілава́нне.

6. Го́спадзі, дай мне жада́нне спавяда́цца ў граха́х маіх.

7. Го́спадзі, дай мне пако́рлівасць, цнатлíвасць і паслухмя́насць.

8. Го́спадзі, дай мне цярпе́нне, велікаду́шнасць і лаго́днасць.

9. Го́спадзі, усялі ў мяне ко́рань дабра́ — страх Твой — у сэ́рца маё.

10. Го́спадзі, спадо́бі мяне любíць Цябе усёю душо́ю маёю і ро́зумам і выко́нваць ва ўсім во́лю Тваю́.

11. Го́спадзі, ахава́й мяне́ ад ліхíх[2] людзе́й, і ад дэ́манаў, і ад страсце́й, і ад уся́кае íншае ненале́жнае рэ́чы.

12. Го́спадзі, Ты ве́даеш, што ро́біш Ты, як жада́еш, няха́й бу́дзе во́ля Твая́ і ўва мне, грэ́шным, бо Ты благаславёны на ве́кі. Амíнь.

Малітва 8-я, да Госпада нашага Іісуса Хрыста

Го́спадзі Іісу́се Хрысце́, Сы́не Бо́жы, дзе́ля найпачэ́снейшай Ма́ці Тваёй, і бяспло́тных Тваíх А́нгелаў, а такса́ма Праро́ка, Прадце́чы і Хрысцíцеля Твайго́, боганатхнёных апо́сталаў, све́тлых і сла́ўных перамо́гамі му́чанікаў, прападо́бных і багано́сных айцо́ў і па малíтвах ўсіх святы́х збаў мяне́ ад цяпе́рашняга напа́ду дэ́манскага. О, Го́спадзі мой і Тво́рца, Ты не хо́чаш сме́рці грэ́шніка, а хо́чаш, каб ён перамянíўся і жыў; зрабí пераме́ну і ўва мне, акая́нным і недасто́йным; вы́мі мяне́ з па́шчы згу́бнага зме́я, гато́вага паглыну́ць мяне́ і зве́сці жывы́м у пе́кла. О, Го́спадзі мой, уце́ха мая́, Ты дзе́ля мяне́, няшча́снага, у тле́нную плоць адзе́ўся, вы́звалі мяне́ з бяды́ і пада́й уце́ху няшча́снай душы́ маёй. Натхнí сэ́рца маё выко́нваць нака́зы Твае́, і пакíнуць нядо́брыя спра́вы, і атрыма́ць блажэ́нства Тваё; на Цябе́, Го́спадзі, я спадзяю́юся, таму́ спасí мяне́.

Малітва 9-я, да Прасвятой Багародзіцы, Пятра Студзійскага

Да Цябе́, Прачы́стай Бо́жай Ма́ці, прыпада́ючы, я, акая́нны, малю́ся: Ты ве́даеш, Цары́ца, што я безупы́нна грашу́ і гняўлю́ Сы́на Твайго́ і Бо́га майго́, і хаця́ шматразо́ва ка́юся, але лжы́вым перад Бо́гам ака́зваюся, і ка́юся са стра́хам: ці не паразíць мяне́ ўжо Гаспо́дзь, а по́тым зноў то́е са́мае раблю́; ве́даючы гэ́та, Улады́чыца мая́ Спада́рыня Багаро́дзіца, малю́, каб Ты памíлавала, каб умацава́ла і до́брае рабíць каб дапамагла́ мне. Бо Ты ве́даеш, Улады́чыца мая́ Багаро́дзіца, што я ца́лкам ненавíджу мае́ ліхíя ўчы́нкі і ўсім разуме́ннем люблю́ зако́н Бо́га майго́; але не ве́даю, Спада́рыня Прачы́стая, чаму́ я люблю́ то́е, што ненавíджу, і ад до́брага адступа́ю. Не дапуска́й, Прачы́стая, каб мая́ во́ля здзяйсня́лася, бо няго́дная яна́, а няха́й бу́дзе во́ля Сы́на Твайго́ і Бо́га майго́: няха́й Ён мяне́ спасе́ і наста́віць на ро́зум, і дасць благада́ць Свято́га Ду́ха, каб ад гэ́тага ча́су я пакíнуў ліхíя спра́вы і дале́й жыў па за́паведзях Сы́на Твайго́, Яко́му нале́жыць уся́кая сла́ва, паша́на і ўла́да з Беспача́тным Яго́ Айцо́м, і Прасвяты́м, і До́брым, і Жыватво́рчым Яго́ Ду́хам цяпе́р і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.

Малітва 10-я, да Прасвятой Багародзіцы

До́брага Цара́ До́брая Ма́ці, Прачы́стая і Благаславе́нная Багаро́дзіца Мары́я, мíласць Сы́на Твайго́ і Бо́га на́шага пашлí на паку́тную маю́ душу́ і Тваíмі малíтвамі скіру́й мяне́ на до́брыя спра́вы, каб аста́тні час жыцця́ майго́ я пражы́ў беззага́нна і з Тваёй дапамо́гай знайшо́ў рай, Багаро́дзіца Дзева, адзíная Чы́стая і Благаславе́нная.

Малітва 11-я, да святога Ангела ахоўніка

А́нгеле Хрысто́ў, ахо́ўнік мой святы́ і апяку́н душы́ і це́ла майго́, усё мне праба́ч, чым я саграшы́ў ў гэ́ты дзень, і ад уся́кай хíтрасці во́рага, які су́праць мяне́ ідзе́, збаў мяне́, каб нія́кім грахо́м не ўгнявíў я Бо́га майго́; малíся ж за мяне́, грэ́шнага і недасто́йнага раба́, каб зрабíць мяне́ дасто́йным до́брасці і мíласці Усесвято́е Тро́іцы, і Ма́ці Го́спада майго́ Іісу́са Хрыста́, і ўсіх святы́х. Амíнь.

Кандак Багародзіцы

Табе́, найвышэ́йшай Ваяво́дзе, у го́нар перамо́гі мы, зба́ўленыя ад бед рабы́ Твае́, Багаро́дзіца, падзя́ку ўзно́сім; Ты ж, ма́ючы моц неперамо́жную, ад уся́кіх нас бед вызваля́й, каб мы ўскліка́лі да Цябе́: ра́дуйся, Няве́ста, Яка́я застала́ся Дзе́ваю.

Найслаўне́йшая Вечнадзе́ва, Ма́ці Хрыста́ Бо́га, прынясí на́шу малíтву Сы́ну Твайму́ і Бо́гу на́шаму, каб Ён спас праз Цябе́ ду́шы на́шы.

Усё спадзява́нне маё на Цябе́ ўсклада́ю, Ма́ці Бо́жая, захава́й мяне́ пад по́крывам Тваíм.

Багаро́дзіца Дзе́ва, не пагарджа́й мно́ю грэ́шным, які патрабу́е Тваёй дапамо́гі і Твайго́ засту́пніцтва, бо на Цябе́ спадзяе́цца душа́ мая́, і памíлуй мяне́.

Малітва святога Іаанікія

Спадзява́нне маё — Айце́ц, прыста́нішча маё — Сын, по́крыва маё — Дух Святы́; Тро́іца Свята́я, сла́ва Табе́.

Дасто́йна ёсць сапраўды́ ўблажа́ць Цябе́, Багаро́дзіцу, заўжды́ Блажэ́нную і Найчысце́йшую, і Ма́ці Бо́га на́шага. Пачэ́снейшую за Херувíмаў і непараўна́льна слаўне́йшую за Серафíмаў, што непару́шанаю нарадзíла Бо́га Сло́ва, Íсную Багаро́дзіцу, Цябе́ веліча́ем.

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху, і цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.

Го́спадзі, памíлуй. (Тройчы)

Го́спадзі Іісу́се Хрысце́, Сы́не Бо́жы, дзе́ля малíтваў Прачы́стае Твае́ Ма́ці, прападо́бных і багано́сных айцо́ў на́шых і ўсіх святы́х памíлуй нас. Амíнь.

Малітва святога Іаана Дамаскіна

Уладару́ Чалавекалю́бны, ці не цяпе́р ужо́ ло́жа гэ́тае мне бу́дзе труно́ю? Ці няшча́сную маю́ душу́ Ты асвятлíш яшчэ́ святло́м дня? Вось, труна́ перада мно́ю стаíць; вось, смерць чака́е мяне́. Суда Твайго́, Го́спадзі, я баю́ся, і му́кі бяско́нцай, але зла рабíць не перастаю́: Цябе́, Го́спада Бо́га майго́, я заўжды́ гняўлю́, і Прачы́стую Тваю́ Ма́ці, і ўсе Нябе́сныя сíлы, і свято́га А́нгела ахо́ўніка майго́. Ве́даю, Го́спадзі, што нява́рты я чалавекалю́бства Твайго́, а ва́рты ўсяля́кага асуджэ́ння і му́кі. Але, Го́спадзі, хачу́ я ці не хачу́ — спасí мяне́. Бо калі пра́ведніка Ты спасе́ш, няма́ тут нічо́га вялíкага, і калі чы́стага памíлуеш, няма́ нічо́га дзíўнага, бо яны́ ва́ртыя мíласці Тваёй. А вось на мне грэ́шным праявí дзíўную мíласць Тваю́, у гэ́тым пакажы́ чалавекалю́бства Тваё, і няха́й мая́ зага́ннасць не перавы́сіць Тваёй невымо́ўнай до́брасці і міласэ́рнасці, і як Ты хо́чаш, так упара́дкуй жыццё маё.

Потым, кланяючыся да зямлі, кажы:

Кла́няюся Табе́, Прасвята́я Тро́іца, Адзінасу́тная, Жыватво́рчая і Нераздзе́льная, О́йча, і Сы́не, і Святы́ Ду́ху: ве́рую ў Цябе́ і, вызнаючы́, сла́ўлю, дзя́кую, шану́ю, высо́ка ўзно́шу Цябе́ і малю́: памíлуй мяне́, няго́днага раба́ Твайго́. (Тройчы. Тры паклоны)

Кла́няюся Табе́, Прасвята́я Багаро́дзіца; Наро́джаным Табо́ю Ты паказа́ла нам святло́ íсціннае, Цары́ца не́ба і зямлí, Надзе́я безнадзе́йных, Памо́чніца няду́жым і Хада́йніца за ўсіх грэ́шных. Ты мяне́ ахава́й і абаранí ад усіх бед і няста́ч душэ́ўных і цяле́сных, і будзь мне, малю́ся, засту́пніцай усясíльнымі Тваíмі малíтвамі. (Паклон)

Прасвята́я Улады́чыца Багаро́дзіца, прымí гэ́тае мало́е мале́нне і прынясí яго́ Сы́ну Твайму́ і Бо́гу на́шаму, каб Ён спас і прасвятлíў дзе́ля Цябе́ ду́шы на́шы. (Паклон)

Усе нябе́сныя чыны́ — Серафíмы, Херувíмы, Прасто́лы, Гаспо́дствы, Сíлы, Ула́ды, Нача́льствы, Арха́нгелы і А́нгелы — малíцеся Бо́гу за мяне́, грэ́шнага; я малю́ся і ўмаля́ю вас. (Паклон)

Святы́ вялíкі Іаа́не, Праро́к, Прадце́ча і Хрысцíцелю Гаспо́дні, якí паку́таваў дзе́ля Хрыста́ і набы́ў адва́гу да Уладара́, памалíся за мяне́, грэ́шнага, каб я спа́сся Тваíмі малíтвамі. (Паклон)

Святы́я Бо́жыя апо́сталы, праро́кі, му́чанікі, свяцíцелі, по́снікі, прападо́бныя, пра́ведныя, пустэ́льнікі, чарнары́зцы, патрыя́рхі і ўсе святы́я, якíя паку́тавалі дзе́ля Хрыста́ і набылí адва́гу да Уладара́, малíцеся за мяне́, грэ́шнага, каб я спа́сся ва́шымі малíтвамі. (Паклон)

Святы́ Іаа́не Залатаву́сты з Васíліем Вялíкім, Грыго́рыем Багасло́вам і Цудатво́рцам Мікала́ем, і з ўсімі святы́мі іера́рхамі, памажы́це і памíлуйце мяне́ малíтвамі і засту́пніцтвам ва́шым перад Бо́гам. (Паклон)

Святы́я свяцíцелі ру́скія Міхаíле, Пётра, Аляксíе, Іо́на, Філíпе і Ермаге́не са святы́мі цудатво́рцамі і паку́тнікамі, ру́скімі князя́мі Рама́нам і Давíдам, і са святы́м роўнаапо́стальным кня́зем Уладзíмірам, малíце Бо́га за мяне́, грэ́шнага. (Паклон)

Прападо́бныя і багано́сныя айцы́ на́шы Анто́ніе і Феадо́сіе, Яўфíміе, Феакцíсце, Са́ва, Ану́фрые, Варсано́фіе, Паíсіе, Па́ўле Про́сты, Марк і ўсе прападо́бныя, малíце Бо́га за мяне́, грэ́шнага. (Паклон)

Усе святы́я жанчы́ны — мірано́сіцы, му́чаніцы, прападо́бныя і дзе́вы, якíя Хрысту́ дасто́йна паслужы́лі, са свято́ю вялікаму́чаніцаю Варва́раю, малíце Бо́га за мяне́, грэ́шнага. (Паклон)

Неперамо́жная і Бажэ́ственная сíла Пачэ́снага і Жыватво́рнага Крыжа́ Гаспо́дняга, не пакíнь мяне́, грэ́шнага, а сíлаю тваёю ахава́й мяне́ ад уся́кае спаку́сы, душэ́ўнае і цяле́снае. (Паклон)

Прачы́стая Улады́чыца Багаро́дзіца, спадзява́нне ўсіх хрысція́н, пако́лькі íншага спадзява́ння і надзе́і няма́ ў мяне́, акрамя́ Цябе́, Найчысце́йшая Улады́чыца мая́ Спада́рыня Багаро́дзіца, Ма́ці Хрыста́, Бо́га майго́: таму́ памíлуй і збаў мяне́ ад усіх бед маíх і ўмалí мíласцівага Сы́на Свайго́ і Бо́га майго́, каб Ён памíлаваў акая́нную душу́ маю́ і зба́віў мяне́ ад ве́чных мук, і спадо́біў мяне́ Ца́рства Свайго́. (Паклон)

Святы́ А́нгеле, ахо́ўнік мой, ахінí мяне́ кры́ламі тваёй до́брасці і адганí ад мяне́ ўся́кае ліхо́е дэ́манскае ўздзе́янне, і малí Бо́га за мяне́, грэ́шнага. (Паклон)

Прасвятлí во́чы мае́, Хрысце́ Бо́жа, каб я ніко́лі не засну́ў смяро́тным сном, каб ніко́лі не сказа́ў во́раг мой: я перасíліў яго́.

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.

Засту́пнікам душы́ маёй будзь, Бо́жа, бо я хаджу́ пасяро́д па́стак мно́гіх; вы́звалі мяне́ з іх і спасí мяне́, До́бры, бо Ты Чалавекалю́бны.

І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.

Найслаўне́йшую Бо́жую Маці і Свяце́йшую за святы́х А́нгелаў бу́дзем нязмо́ўкла апява́ць сэ́рцам і ву́снамі, вызнаючы́ Яе́ Багаро́дзіцай, бо Яна́ сапраўды́ нарадзíла нам Бо́га ўцяле́сненага і мо́ліцца безупы́нна за ду́шы на́шы.

Перахрысціся і гавары малітву Пачэснаму Крыжу:

Няха́й уваскрэ́сне Бог і рассе́юцца во́рагі Яго́, і няха́й бягу́ць ад аблíчча Яго́ ты́я, хто ненавíдзіць Яго́. Як зніка́е дым, так няха́й знíкнуць; як растае́ воск ад агню́, так няха́й згíнуць дэ́маны пе́рад аблíччам тых, хто лю́біць Бо́га і асяня́е сябе́ знаме́ннем Крыжа́ і ра́дасна прамаўля́е: ра́дуйся, Найпачэ́снейшы і Жыватво́рны Крыж Гаспо́дні, ты праганя́еш дэ́манаў сíлаю на табе́ распя́тага Го́спада на́шага Іісу́са Хрыста́, Які сышо́ў у пе́кла і знíшчыў сíлу дыя́вала, і даў нам цябе́, Крыж Свой Пачэ́сны, для прагна́ння ўся́кага супаста́та. О, Найпачэ́снейшы і Жыватво́рны Крыж Гаспо́дні! Дапамага́й мне са Свято́ю Спада́рыняю Дзе́ваю Багаро́дзіцаю і з усíмі святы́мі на ве́кі. Амíнь.

Або коратка:

Засцеражы́ мяне́, Го́спадзі, сíлаю Пачэ́снага і Жыватво́рнага Твайго́ Крыжа́ і захава́й мяне́ ад уся́кага зла.

Малітва

Асла́б, адпусцí, праба́ч, Бо́жа, правíны на́шы, во́льныя і міжво́льныя, зро́бленыя ў сло́вах і ўчы́нках, свядо́ма і несвядо́ма, удзе́нь і ўначы́, ро́зумам і ду́мкаю, — усё нам праба́ч, як До́бры і Чалавекалю́бны.

Малітва

Ненавíснікам і крыўдзíцелям на́шым праба́ч, Го́спадзі Чалавекалю́бны. Дабрачы́нцам дабро́ ўчынí. Брата́м і сваяка́м на́шым задаво́ль іх прашэ́нні, якíя вяду́ць да спасе́ння, і дай ім жыццё ве́чнае. Няду́жых наве́дай і ацале́нне ім дай. Ты́мі, што на мо́ры, кіру́й. Падаро́жным спадаро́жнічай. Правасла́ўным хрысція́нам дапамажы́ ў барацьбе́. Тым, хто слу́жыць нам і мíлуе нас, грахо́ў адпушчэ́нне дай. Тых, што запаве́далі нам, недасто́йным, малíцца за іх, памíлуй па вялíкай Тваёй мíласці. Памянí, Го́спадзі, ране́й спачы́лых айцо́ў і брато́ў на́шых і ўпако́й іх там, дзе ззя́е святло́ аблíчча Твайго́. Памянí, Го́спадзі, брато́ў на́шых паланёных і вы́звалі іх ад уся́кае бяды́. Памянí, Го́спадзі, ахвярада́ўцаў і дабрачы́нцаў у святы́х Тваíх цэ́рквах, задаво́ль іх прашэ́нні, якíя вяду́ць да спасе́ння, і дай ім жыццё ве́чнае. Памяні, Го́спадзі, і нас, прыгне́чаных, і грэ́шных, і недасто́йных рабо́ў Тваіх, і прасвятлí наш ро́зум святло́м пазна́ння Цябе́, і скіру́й нас на шлях за́паведзяў Тваíх па малíтвах Прачы́стай Улады́чыцы на́шай Багаро́дзіцы і Вечнадзе́вы Мары́і і ўсіх Тваíх святы́х, бо Ты благаславёны на ве́кі вяко́ў. Амíнь.

Спавяданне грахоў штодзённае

Спавяда́ю Табе́, Го́спаду Бо́гу майму́ і Тварцу́, у Свято́й Тро́іцы Адзíнаму, сла́вімаму і пакланя́емаму Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху, усе́ мае́ грахí, якія зрабíў я ва ўсе дні жыцця́ майго́, і ў ко́жную гадзíну, і ў цяпе́рашні час, і ў міну́лыя дні і но́чы, учы́нкам, сло́вам, ду́мкаю, аб’ядзе́ннем, п`я́нствам, тайнаядзе́ннем, пустасло́ўем, марко́таю, ляно́таю, пярэ́чаннем, непаслухмя́насцю, паклёпамі, асуджэ́ннем, нядба́йнасцю, самалю́бствам, сква́пнасцю, крадзяжа́мі, падма́нам, атрыма́ннем нячы́стых прыбы́ткаў, ха́барніцтвам, хцíвасцю, за́йздрасцю, гне́вам, злапа́мятнасцю, няна́вісцю, карысталю́бствам і ўсíмі маíмі пачу́ццямі: зро́кам, слы́хам, ню́хам, сма́кам, до́тыкам і íншымі маíмі граха́мі, як душэ́ўнымі, так і цяле́снымі, якíмі я Цябе́, Бо́га майго́ і Тварца́, угнявíў і блíжняга майго́ пакры́ўдзіў; шкаду́ючы аб гэ́тым, я прызнаю́ сябе́ вінава́тым пе́рад Табо́ю, Бо́гам маíм, і ма́ю жада́нне пака́яцца; то́лькі, Го́спадзі Бо́жа мой, памажы́ мне, са слязьмí пако́рліва малю́ Цябе́; міну́лыя саграшэ́нні мае́ міласэ́рнасцю Тваёю праба́ч мне і вы́звалі ад усіх іх, што я вы́казаў пе́рад Табо́ю, бо Ты До́бры і Чалавекалю́бны.

Калі адыходзіш да сну, гавары:

У ру́кі Твае́, Го́спадзі Іісу́се Хрысце́, Бо́жа мой, аддаю́ дух мой. Ты ж мяне благаславí, Ты мяне́ памíлуй і жыццё ве́чнае дай мне. Амíнь.

 

 

[1] Царкоўнаслав. “упова́хом” — “мы спадзяваліся”, але дзеяслоў “πείθω”, які стаіць тут у арыгінале у форме перфекта “πέποιθα” мае значэнне цяперашняга часу (Вейсман А.Д. Греческо-русский словарь. Изд. 5 СПб., 1899, с. 966).

[2] Так у грэчаским тэксце: “πονηπων” — “злых, ліхіх”.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.