Мінская епархія

Мітрапаліт ФіларэтПравячы архіерэй: Праасвяшчэнны ФІЛАРЭТ (Вахрамееў Кірыл Варфаламеевіч), Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, пастаянны член Свяшчэннага Сінода.

Нарадзіўся 21 сакавіка 1935 г. у Маскве ў сям’і служачых. У 1953 г. закончыў сярэднюю школу, адначасова атрымаў спецыяльную музычную адукацыю. У 1953—1957 гг. вучыўся ў Маскоўскай Духоўнай Семінарыі (МДС), у 1957—1961 гг. праходзіў курс навучання ў Маскоўскай Духоўнай Акадэміі (МДА). З 1954 г. – іпадыякан Свяцейшага Патрыярха Аляксія І.

3 красавіка 1959 г. прыняў манашаскі пострыг з імем Філарэт у гонар св. прав. Філарэта Міласцівага (памяць 1/14 снежня). 26 красавіка гэтага ж года Патрыярхам Аляксіем І рукапаложаны ў іерадыякана, 14 снежня 1961 г. – у іераманаха.

 У 1961 г. скончыў МДА са ступенню кандыдата багаслоўя, пакінуты прафесарскім стыпендыятам, чытаў лекцыі па гісторыі і разбору заходніх веравызнанняў, гамілетыцы і Святым Пісанні Новага Запавету. У 1963 г. прызначаны інспектарам МДА. З адкрыццём аспірантуры пры МДА прызначаны яе загадчыкам. У 1964 г. удастоены звання дацэнта.

4 жніўня 1963 г. узведзены ў сан ігумена, 8 кастрычніка 1963 г. — у сан архімандрыта.

24 кастрычніка 1965 г. хіратанісан у епіскапа Ціхвінскага з прызначэннем вікарыем Ленін-градскай епархіі. З 14 мая 1966 г. – епіскап Дзімітраўскі, вікарый Маскоўскай епархіі.

З 14 мая 1966 да 18 красавіка 1973 г. – рэктар МДА. Адначасова – з 1968 па 1971 г. – намеснік Старшыні Аддзела Знешніх Царкоўных Зносін. З 1969 г. член Камісіі Свяшчэннага Сінода па пытаннях хрысціянскага адзінства і міжцаркоўных зносін, затым – яе сакратар.

9 верасня 1971 г. узведзены ў сан архіепіскапа. У 1971–1972 гг. часова кіруючы Калінінскай епархіяй. 18 красавіка 1973 г.— архіепіскап Берлінскі і Сярэднееўрапейскі, Патрыяршы Экзарх Сярэдняй Еўропы.

15 красавіка 1975 г. узведзены ў сан мітрапаліта. З 10 кастрычніка 1978 г. – мітрапаліт Мінскі і Беларускі, адначасова Патрыяршы Экзарх Заходняй Еўропы.

 З 14 красавіка 1981 г. – старшыня Аддзела Знешніх Царкоўных Зносін і пастаянны член Свяшчэннага Сінода.

28 красавіка 1984 г. па асабістым прашэнні вызвалены ад пасады Экзарха МП у Заходняй Еўропе.

З 16 кастрычніка 1989 г. — мітрапаліт Мінскі і Гродзенскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

13 лістапада 1989 г. па асабістым прашэнні вызвалены ад пасады старшыні Аддзела Знешніх Царкоўных Зносін.

      Са студзеня 1990 г. Старшыня Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы.

      9 мая 1990 г. увайшоў у склад Сінадальнай біблійнай камісіі.  

З 18 лютага 1992 г. тытул мітрапаліта вызначаны як “Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Свята-Успенскай Жыровіцкай абіцелі свяшчэннаархімандрыт”.

    23 снежня 1993 г. прызначаны старшынёю Сінадальнай Багаслоўскай Камісіі.

    З 1993 г. – Дэкан Багаслоўскага факультэта пры ЕГУ.

Узнагароджаны ордэнам Крыжа II ступені (1968), ордэнам св. роўнаап. кн. Уладзіміра (1969), правам нашэння двух Панагій (1977), ордэнам прп. Сергія Раданежскага I ступені, ордэнам Дружбы народаў (1985), Панагіяй з выявай Мінскай іконы Божай Маці (1985), ордэнам св. роўнаап. Марыі Магдаліны I ступені (1985), імянной Панагіяй (1988), ордэнам св. дбрв. кн. Данііла Маскоўскага, медалём Францішка Скарыны (1995), ордэнам Айчыны III ступені (1998 г.).     

З гісторыі Мінскай епархіі

Распаўсюджанне хрысціянскай веры на Мінскіх землях ішло, відавочна, двумя шляхамі, з Кіева і з Полацка. Паводле сведчання летапіснага падання, першы манастыр ў Мінскіх землях быў заснаваны ў часы святога роўнаапостальнага вялікага князя Уладзіміра яго жонкай Рагнедай, у манашастве Анастасіяй, у старажытным Ізяслаўлі (сучаснае Заслаўе). Рагнеда-Анастасія з’яўляецца першай жанчынай-мана-хіняй ва ўсходне-славянскіх землях, якая згадваецца ў гістарычных крыніцах. Да эпохі св. роўнаапостальнага Уладзіміра адносяць мясцовыя паданні ўзнікненне Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра, пастаяннымі дабрачынцамі якога былі прадстаўнікі рода Слуцкіх князёў Алелькавічаў, а пазней князі Радзівілы. Іншы Слуцкі манастыр, Свята-Іллінскі, да 1611 г. быў мужчынскім, а затым ператвораны ў жаночы. Гэты манастыр таксама існаваў на ахвяраванні Слуцкіх князёў Алелькавічаў.

Да старажытных манастыроў Міншчыны адносяцца Грозаўскі Свята-Мікалаеўскі мужчынскі каля мястэчка Грозаў, Саламарэцкі Свята-Пакроўскі мужчынскі (1558 г.) манастыры. У Мінску да канца ХVI ст. дзейнічалі манастыры: Свята-Мікалаеўскі ў замку з мітрапалічым домам, што згадваецца ў пачатку ХV ст.; Свята-Касьма-Даміянаўскі; Свята-Духаў, Свята-Троіцкі жаночы; Спаса-Увазнясенскі. Самым старажытным быў Спаса-Увазнясенскі, часам яго заснавання можна лічыць канец Х — пачатак ХІ ст.

Апрача манастыроў на Мінскіх землях існавала шмат старажытных праваслаўных храмаў. У Лагойску з даўніх часоў існаваў праваслаўны храм, спалены татарамі ў 1505 г. разам з замкам. У Смалявічах дзей-нічала царква, пабудаваная ў 1508 г. князем Канстанцінам Астрожскім. Здаўна існаваў храм у Смілавічах. Вядома таксама пра існаванне дзвюх старажытных цэркваў у Клецку. У адной з іх, у імя св. вмч. Георгія, на сцяне быў зроблены па-славянску надпіс, які датуецца 1589 годам. Другая, у імя св. Ірыны, была яшчэ больш старажытнай. У Мінскіх актах ёсць звесткі пра існаванне ў ХV і XVI стт. праваслаўных храмаў у Нясвіжы. Агульная іх колькасць — 8. Самым старажытным з нясвіжскіх праваслаўных храмаў лічылася царква ў гонар Ражджаства Прасвятое Багародзіцы. У Барысаве існавалі храмы ў імя св. вмч. Георгія, у гонар Прасвятой Троіцы, Свята-Мікалаеўскі і Спаскі. Старажытны Ізяслаўль (Заслаўе) меў не менш за тры праваслаўныя храмы.

У Слуцку, які славіўся шматлікасцю храмаў, існавалі Свята-Успенская царква ў замку, пабудаваная ў 1409 г. князямі Алелькавічамі, Свята-Уваскрасенская, Свята-Міхайлаўская, што дзейнічае і дагэтуль, Свята-Мікалаеўская, Прадцечанская, Свята-Крыжаўздзвіжанская, Свята-Касма-Даміянаўская, Сцяфанаўская, Свята-Канстанцінаўская. А ўсяго ў Слуцку, разам з манастырскімі, было 14 храмаў.

У Мінску на-прыканцы ХVI ст. было вядома пра існаванне дзевяці храмаў (апрача манастырскіх): Ражджаства Прасвятое Багародзіцы ў замку, саборная, дзе была змешчана цудатворная ікона Божае Маці “Мінская” пасля яе цудоўнага яўлення на водах Свіслачы (святкаванне 13/26 жніўня), Свята-Троіцкая, Пятніцкая, Свята-Уваскрасенская, Свята-Георгіеўская, Свята-Міхайлаўская, Свята-Барыса-Глебская, Свята-Прадцечанская, Свята-Еўфрасіннеўская.

Большая частка названых храмаў знаходзілася пад амафорам Пінска-Тураўскіх епіскапаў. Некаторыя храмы будучай Мінскай епархіі, у прыватнасці мінскія храмы, знаходзіліся ў непасрэднай юрысдыкцыі Кіеўскіх (Літоўска-Наваградскіх) мітрапалітаў.

Мінскі кафедральны сабор Святога ДухаУ межах будучай Мінскай епархіі для суцяшэння веруючага народа былі яўлены: Мінская ікона Божае Маці (1500 год); Крупецкая (урочышча Крупцы каля Мінска, 1612 год); Нова-Свержанская (каля 1500 г.); Літвянская, Ракаўская, Навадворская, Валькоўская ў Пінскім павеце; Каменская, Осаўская, Забельская ў Барысаўскім павеце; Казіміраўская, Гарбацэвіцкая, Пархімовіцкая ў Бабруйскім павеце; Ляданская, Ду-дзіцкая, Мар‘інагорская, Смілавіцкая Казанская ікона Божае Маці; Старыцкая цудатворная (да якой неаднаразова прыязджаў пакланіцца свяціцель Дзімітрый Растоўскі), Гавязнянская, Клецкая, Падлеская ў Слуцкім павеце. У некаторых прыходскіх храмах знаходзіліся мясцовашанаваныя іконы Божае Маці: у Свята-Ражджаства-Багародзіцкай царкве с. Дуброва, у Саламарэчскай Свята-Пакроўскай царкве і ў пры-пісной да яе Свята-Петра-Паўлаўскай царкве в. Буцэвічы Мінскага павета. У Свята-Мікалаеўскай царкве в. Станькава знаходзіўся цудатворны вобраз свяціцеля Мікалая. Мясцовашанаваныя цудатворныя іконы знаходзіліся таксама ў храмах вёсак Валяцічы і Камень Барысаўскага павета.

У 1560 г. у Слуцкай Свята-Троіцкай абіцелі манахам Арцеміем пры дапамозе Слуцкага князя Юрыя Алелькавіча была заснавана манастырская школа.

У 2-й палове 16 ст. у выніку палітыкі акаталічвання нашых земляў для Праваслаўя наступілі часы цяжкіх выпрабаванняў. У ліку тых, хто падпісаў акт Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 г., была ўся праваслаўная іерархія на чале з Міхаілам Рагозам, мітрапалітам Кіеўскім (Літоўска-Наваградскім), пасля чаго Кіеўская (Літоўска-Наваградская) праваслаўная мітраполія сваё існаванне спыніла. Пад юрысдыкцыяй уніяцкага свяшчэннаначалля апынуўся і епіскап Пінскі і Тураўскі Ляонцій Пяльчыцкі, які падпісаў акт Брэсцкай уніі і заняў Пінскую кафедру ў якасці уніяцкага архіерэя.

Але інакш паставіліся да гэтых падзей радавое духавенства, праваслаўная шляхта, гараджане. Для супрацьдзеяння прыхільнікам уніі праваслаўныя розных саслоўяў пачалі аб‘ядноўвацца ў брацтвы. У адным толькі Мінску, апрача шпітальнага брацтва пры саборным храме Ражджаства Прасвятой Багародзіцы, заснаванага яшчэ ў 1590 г., на пачатку ХVII ст. ўзнікла яшчэ шэсць брацтваў. У Слуцку дзейнічала Спаса-Праабражэнскае брацтва, у Бабруйску — Свята-Мікалаеўскае. Пры брацтвах адчыняліся школы і друкарні, праз брацтвы праводзіліся ахвяраванні на карысць Праваслаўнай Царквы, іх стараннем закладваліся новыя храмы і манастыры.

Да пачатку 30-х гадоў ХVII ст. усе старажытныя праваслаўныя цэрквы і манастыры Мінска апынуліся пад уніяй. З саборнага храма Ражджаства Прасвятой Багародзіцы уніятамі была перанесена ў Свята-Духаў манастыр Мінская ікона Божае Маці.

У гэты ж час знатныя гараджане і мяшчане пачалі засноўваць новыя манастыры. На працягу некалькіх дзесяткаў гадоў у межах будучай Мінскай епархіі было заснавана трынаццаць праваслаўных манастыроў: Свята-Петра-Паўлаўскі мужчынскі і Свята-Петра-Паўлаўскі жаночы ў Мінску (1611, 1619), Свята-Троіцкі ў Прылуках каля Мінска (1653 г. — Ганнай Агінскай-Сцятковіч пры мясцовай Свята-Троіцкай царкве, дзе былі пахаваныя целы князёў Агінскіх), Свята-Уваскрасенскі ў Сяльцы, каля Лагойска (1631 г. — Георгіем Тышкевічам і яго жонкаю Марыяй Уняхоўскай), Спаса-Праабражэнскі ў Слуцку (Слуцкім праваслаўным брацтвам у 1600 г.), Свята-Іаана-Багаслоўскі ў Грозаве, каля Слуцка (1600 г. — Марцінам Валадковічам), Свята-Успенскі Навадворскі (1648 г.— Грыгорыем Валадковічам). Па волі іх заснавальнікаў усе новаствораныя манастыры знаходзіліся ў падпарадкаванні альбо Віленскага Свята-Духава манастыра і брацтва пры ім, альбо Пячэрскай Лаўры ў Кіеве.

Пасля заснавання ў 1633 г. Магілёўскай (Беларускай) епіскапскай кафедры яе правячыя епіскапы па-кліканы былі выконваць архіпастырскую апеку праваслаўных у межах Полацкага, Віцебскага і Мінскага ваяводстваў. Але як і раней, выкананню гэтых архіпастырскіх абавязкаў перашкаджалі вялікія цяжкасці, звязаныя не толькі з распаўсюджаннем уніі, але і са значным умацаваннем рыма-каталіцкай царквы ў цэлым. Значная роля ў гэтым належала ордэну іезуітаў, які зацвердзіўся ў Мінску ў 1657 г. Ад пачатку ХVII ст. і да 1771 г. у адным толькі Мінску было заснавана і ўзведзена дзесяць кляштараў і касцёлаў, якія належалі розным рыма-каталіцкім ордэнам.

 Уніяцкі базыльянскі ордэн на працягу 1632 —1754 гг. ажыццяўляў шырокую праграму адкрыцця сваіх уласных манастыроў. У гэты перыяд ордэн заснаваў у Мінску два манастыры: Свята-Духаў мужчынскі і Свята-Духаў жаночы з духоўным вучылішчам і друкарняй пры іх, Ваўнянскі (1643), Ракаўскі (1702), Казімірскі (Бабруйскага павета, 1713), Ляданскі, Фуравіцкі, Бярэзінскі (1754). Пры многіх манастырах адчыняліся школы і духоўныя вучылішчы на ўзор іезуіцкіх калегіяў.

Тым не менш у пачатку ХVIII ст. у межах будучай Мінскай епархіі заставалася ў Праваслаўі больш за сто прыходаў. Пазней лічба гэтая скарацілася, бо адбыўся новы, магчыма, самы жорсткі, націск на праваслаўных. У перыяд з 1706 да 1765 г. у праваслаўных былі адабраны манастыры ў Саламарэччы, Цэпры, Купяцічах, Новым Двары, Сяльцы, Брашыне, Барысаве.

У кананічных адносінах цэрквы і манастыры, размешчаныя ў межах будучай Мінскай епархіі, знахо-дзіліся пад амафорам Кіеўскіх мітрапалітаў, якія, як і ў старажытнасці, вызнавалі духоўнае і кананічнае верхавенства Канстанцінопальскага Патрыярха. З 1686 г. са згоды Канстанцінопальскага Патрыярха Кіеўская мітраполія ў поўным складзе была падпарадкавана Маскоўскаму Патрыярху, “як першаснай сярод усерасійскіх мітраполій”. Кіеўскія мітрапаліты, якіх пастаўлялі Маскоўскія Патрыярхі (з 1723 г. Свяцейшы Сінод), атрымалі права і абавязак акармляць усю праваслаўную паству, што знаходзілася ў межах Рэчы Паспалітай і, у прыватнасці, у межах будучай Мінскай епархіі. Дзеля зручнасці зносін са сваёй паствай Кіеўскія мітрапаліты мелі сваіх намеснікаў (каад`ютараў) у асобе архімандрытаў Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра з улікам высокага духоўнага аўтарытэту гэтага горада. Калі ў Мінскіх землях сцвердзілася унія, слуцкія храмы і манастыры захоўвалі сваю вернасць Праваслаўю. Яшчэ здаўна праваслаўныя тут знаходзіліся пад апекаю князёў Слуцкіх з роду Алелькавічаў, якія з’яўляліся ахвярадаўцамі, будаўнікамі і абаронцамі праваслаўнай веры. Асаблівая роля ў гэтым належыць роднай дачцы апошняга з роду Алелькавічаў Слуцкага князя Юрыя — праведнай Сафіі (памяць 19сакавіка/1 красавіка).

Да сярэдзіны ХVIII ст. у Слуцку захавалася 14 праваслаўных цэркваў, у тым ліку манастырскіх: Свята-Троіцкая манастырская, Спаса-Праабражэнская манастырская, Свята-Іллінская манастырская, Свята-Успенская саборная ў замку, Ражджаства Хрыстовага, Спаса-Уваскрасенская, Свята-Міхайлаўская, Свята-Варварынская, Свята-Мікалаеўская, Свята-Георгіеўская, Іаана Хрысціцеля, Свята-Сімяонаўская, Свята-Канстанцінаўская, Свята-Сцяфанаўская.

У 18 ст. у Слуцкую Свята-Троіцкую манастырскую школу была пераведзена школа Слуцкага Праабражэнскага брацтва.

У 70-х гг. ХVIII ст. Слуцкая архімандрыя пачынае набываць рысы архіерэйскай кафедры. Слуцкія ар-хімандрыты, апрача хіратоніі, мелі фактычна ўсе правы вікарнага епіскапа.

Пасля ІІ падзелу Рэчы Паспалітай (1792) на тэрыторыях, што адыйшлі да Расійскай дзяржавы, паводле загаду Расійскай імператрыцы Екацярыны ІІ, у 1793 г. была заснавана праваслаўная Мінская епархія са статусам архіепіскапіі і тытулам правячага архіерэя «архіепіскап Мінскі, Ізяслаўскі і Брацлаўскі». Паводле гэтага ж указу Праасвяшчэнны Віктар Садкоўскі прызначаўся першым правячым архіерэем на новазаснаваную кафедру. У дыптыху епархій РПЦ новазаснаваная Мінская, сярод 33-х епархіяў, якія існавалі на той час у Расіі, займала адзінаццатае месца пасля Магілёўскай.

Кананічныя межы новаўтворанай епархіі вызначаліся адміністрацыйнымі межамі трох губерняў — Мінскай, Ізяслаўскай і Брацлаўскай, якія таксама ўзніклі ў выніку ІІ падзелу Рэчы Паспалітай. Мінскі архіепіскап, апрача таго, меў свае “адносіны” і да тых праваслаўных манастыроў і храмаў, якія пасля ІІ падзелу знаходзіліся па-за межамі Расіі. Мінская епархія па сваёй тэрыторыі была самай вялікай з усіх епархій, у яе межах налічвалася 329 прыходскіх цэркваў. У Мінскай губерні знаходзілася 89 прыходаў, з якіх 45 — у Слуцкім павеце. У епархіі дзейнічала 22 мужчынскія і 4 жаночыя манастыры.

Але было і шмат цяжкасцяў. Асабліва востра адчуваўся недахоп святароў, малаколькаснымі былі манастыры. Уся брація Слуцкага Спаса-Праабражэнскага манастыра складалася з настаяцеля і аднаго манаха. У Мінскім Свята-Петра-Паўлаўскім манастыры падвізаліся адзін іераманах і адзін манах.

Архіерэйскі дом размяшчаўся ў Слуцкім Свята-Троіцкім манастыры. Пад час епіскапства ўладыкі Віктара было ўтворана ў межах Мінскай губерні шэсць духоўных праўленняў, на чале з пратапопамі, якіх абірала духавенства: Слуцкае, Петрыкаўскае, Мазырскае, Тураўскае, Давыд-Гарадоцкае, Пінскае. У тых месцах, дзе праваслаўных храмаў было мала, замест духоўных праўленняў прызначаліся благачынныя. У 1795 г. яны былі ў Мінску, Бабруйску, Ігумене і Паставах.

У 1785 г. манастырская школа Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра была пераўтворана ў «Набожную Слуцкую праасвяшчэннага Віктара Садкоўскага семінарыю», дзе вучыліся пераважна дзеці духавенства.

У 1795 г. адбылося перамяшчэнне кафедры Мінскіх архіепіскапаў з Слуцка ў Мінск “дзеля большай зручнасці ў зносінах з грамадзянскай уладай”, але пераезд архіерэйскага дома затрымаўся і быў здзейснены толькі ў бытнасць пераемніка Праасвяшчэннага Віктара.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.