Мінская епархія

У 1905 г. у епархіі дзейнічала шэсць духоўных навучальных устаноў. Гэта Мінская Духоўная семінарыя, Мінскае мужчынскае духоўнае вучылішча, Мінскае жаночае вучылішча духоўнага ведамства, Слуцкае духоўнае вучылішча і жаночае духоўнае вучылішча ў Парычах. У той жа час у епархіі дзейнічала 1.163 школы граматы, 1.004 з якіх размяшчаліся па дамах.

 

З благаславення епіскапа Міхаіла ў Мінску быў створаны царкоўна-археалагічны камітэт, мэтай якога было «праводзіць гістарычныя доследы знешняга і ўнутранага развіцця мясцовага царкоўна-рэлігійнага і грамадскага жыцця; даследванне і вывучэнне матэрыяльных помнікаў жывой старажытнасці ў форме мясцовых народных паданняў і звычаяў; прывядзенне да стану вядомасці і апісанне ўсялякага роду помнікаў старажытнасці і архіваў цэркваў, манастыроў, епархіяльных і іншых устаноў; нагляд за станам храмаў і іншых царкоўных пабудоў, могілак, надмагільных і іншых як матэрыяльных, так і пісьмовых помнікаў; збор і захаванне ў сваім музеі царкоўна-рэлігійных і іншых помнікаў старажытнасці; распаўсюджванне сярод грамадскасці царкоўна-гістарычных і археалагічных звестак». Першай задачай Камітэта было ўладкаванне ў архіерэйскім доме царкоўна-археалагічнага музея, які быў створаны ў 1908 г.

У 1910 г. для паляпшэння кіравання шматлікімі прыходамі ўтвараецца кафедра вікарнага архіерэя. Пастаўляецца на яе з тытулам “епіскап Слуцкі” спачатку ўладыка Іаан (Помер), а праз пэўны час праасвяшчэнны Феафілакт.

У 1912 г. спачыў уладыка Міхаіл, маючы на той час ужо сан архіепіскапа. Як і абодва яго папярэднікі, ён быў пахаваны ў левым прыдзеле Свята-Пакроўскай царквы архіерэйскага дома.

У лістападзе 1912 г. на архіпастырскае служэнне ў якасці прадстаяцеля Мінскіх цэркваў уступіў епіскап Мітрафан (Краснапольскі; 1912-1916). У яго бытнасць было завершана ўзвядзенне будынка, дзе меркавалі размясціць царкоўна-археалагічны музей. Будынак захаваўся да нашых дзён і знаходзіцца на праспекце Скарыны каля Дома афіцэраў. З благаславення ўладыкі Мітрафана ў дзень святкавання Мінскай іконы Божай Маці пачалі рабіць хрэсныя хады з удзелам усіх гарадскіх прыходаў. Намаганнямі ўладыкі ў 1913 г. быў атрыманы дазвол на заснаванне жаночага манастыра ў Івянцы. Той год можна лічыць годам заснавання гэтага манастыра, асвячанага ў імя прападобнай Еўфрасінні, ігуменні Полацкай. Гэта быў апошні манастыр, заснаваны не толькі ў Мінскай епархіі, але і ва ўсёй Беларусі, перад Першай сусветнай вайной і наступнымі пасля яе ганеннямі на Царкву. Пры манастыры была адразу ж адчынена настаўніцкая школа, апякункай якой стала ігумення манастыра, матушка Марыя.

У 1914 г. епіскап Мітрафан асвяціў новы мураваны Мінскі храм у гонар Казанскай іконы Божае Маці, збудаваны намаганнямі супрацоўнікаў чыгуначнага ведамства на месцы, дзе цяпер плошча Мяснікова.

Напярэдадні Першай сусветнай вайны ў Мінскай епархіі налічвалася ўсяго 1.228 храмаў, з якіх статус саборных мелі 19 храмаў, прыходскіх цэркваў было 547, прыпісных — 394, прымогілкавых — 251, дамовых — 19. У прыходах епархіі налічвалася таксама 101 часоўня. Свяшчэннікаў было 594 чалавекі, псаломшчыкаў — 569. Колькасць прыхаджанаў складала больш за паўтара мільёна чалавек. У Мінску дзейнічала Духоўная семінарыя — адзіная ў епархіі сярэдняя навучальная ўстанова, дзе ў перадваенным 1913 годзе навучалася 246 студэнтаў. Манастыроў налічвалася шэсць, з іх два жаночыя.

З пачаткам Першай сусветнай вайны перад пагрозай захопу ворагам, адбывалася эвакуацыя царкоўных установаў і каштоўнасцяў. У Маскве ў Свята-Пакроўскім саборы на Краснай плошчы апынуліся мошчы св. мучаніка дзіцяткі Гаўрыіла Беластоцкага.

У 1916 г. замест праасвяшчэннага Мітрафана на Мінскую кафедру быў прызначаны епіскап Георгій (Ярашэўскі; 1917-1919). 1917 год і далейшыя падзеі ў грамадскім жыцці перагарнулі новую старонку ў гісторыі Мінскай епархіі. Да 1925 г., у выніку мэтанакіраванай дзейнасці дзяржавы, былі зачынены ўсе манастыры Мінскай епархіі.

У 1919 г. на Мінскую кафедру быў пастаўлены епіскап Мелхіседэк (Паеўскі; 1919-1926), які быў вікарыем Слуцкім. Уладыка Мелхіседэк пасля ўступлення на Мінскую кафедру праявіў сябе як цудоўны арганізатар царкоўнага жыцця і выхавацель моладзі.

У выніку змянення дзяржаўных межаў пасля Першай сусветнай вайны значная частка Мінскай епархіі апынулася ў Польскай дзяржаве. Усходняя частка былой Мінскай губерні разам з усходняй часткай усёй Беларусі апынулася ў межах Савецкага Саюза. Ва ўмовах жорсткай антырэлігійнай палітыкі ўлады і разладу ў царкоўным жыцці Патрыярх Ціхан выдаў указ, якім, у прыватнасці, прадугледжвалася, што ў тым выпадку, калі царкоўная іерархія на чале з Патрыярхам спыніць сваю дзейнасць з якой-небудзь прычыны, то правячыя архіерэі маюць права наладзіць сувязі з суседнімі епіскапамі з мэтай утварэння кіруючага органа для шэрагу епархій.

З ініцыятывы ўладыкі Мелхіседэка ў сітуацыі, якая склалася пасля арышту св. Патрыярха Ціхана, былі зробленыя крокі па скліканні з’езда духавенства Мінскай епархіі. На з’ездзе, што адбыўся ў ліпені 1922 г. ў Мінскім Свята-Петра-Паўлаўскім кафедральным саборы, у адпаведнасці з указам св. Патрыярха Ціхана было прынята рашэнне пра заснаванне Мінска-Беларускай мітраполіі. Саборна было прынята рашэнне пра ўзвядзенне ўладыкі Мелхіседэка ў сан мітрапаліта з тытулам “Мінскі і Беларускі”. На з’ездзе, які пазней стаў называцца Мінскім Памесным Саборам, былі заснаваны ва ўсходняй частцы Беларусі чатыры епархіі: Мінская, Бабруйская, Мазырская і Слуцкая. У хуткім часе адбыліся хіратоніі епіскапаў на нова-ўтвораныя кафедры. У 1923 г. былі хіратанізаваныя епіскап Бабруйскі Філарэт (Раменскі), епіскап Слуцкі Мікалай (Шэмяціла), епіскап МазырскіІаан (Пашын). Хоць яны і пастаўляліся на самастойныя кафедры, але мелі паўнамоцтвы вікарных епіскапаў. Рашэнні Сабора 1922 г. з-за антыцаркоўнай дзейнасці дзяржавы, а таксама ўнутрыцаркоўнага разладу, які назіраўся ў 1920-30-х гг., не маглі знайсці свайго паслядоўнага ажыццяўлення.

Ужо ў 1922 г. пачалася новая хваля ганенняў на Царкву ў форме канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў пад выглядам аказання дапамогі галадаючым у Паволжы. Хоць мітрапаліт Мелхіседэк дазволіў аддаваць царкоўныя каштоўнасці, за выключэннем рэчаў богаслужбовага, сакральнага прызначэння, супраць яго была ўзбуджана крымінальная справа, нібыта за ўтойванне каштоўнасцяў. У жніўні 1924 г. ўладыка Мелхіседэк трапіў пад хатні арышт і над ім быў учынены суд. Не знайшоўшы сур’ёзнай віны, суд прысудзіў яго да трох гадоў умоўна, што дазволіла яму яшчэ паўтара гады заставацца на Мінскай кафедры. У канцы 1925 г. мітрапаліт Мелхіседэк быў нечакана выкліканы ў Маскву, дзе заключаны ў турму, а затым высланы ў Краснаярск (па іншых звестках — у Марыйскую вобласць). Пасля высылкі ён зноў апынуўся ў Маскве, дзе ў маі 1927 г. яго зноў арыштавалі, а ў верасні таго самага года арышт замяняюць падпіскай пра нявыезд. Спачыў мітрапаліт Мелхіседэк у маі 1931 г., знаходзячыся перад службай у алтары аднаго з Маскоўскіх храмаў.

Пасля ад’езду мітрапаліта Мелхіседэка ў Маскву справы па кіраванні Мінскай епархіяй па чарзе пераходзілі да епіскапа Арсенія (Смаленца), епіскапа Філарэта(Раменскага), епіскапа Феафана (Семянякі).

У 1933 г. па антыцаркоўнай справе пад назвай “Езуіт” было прыцягнута да адказнасці 79 свяшчэннаслужыцеляў і царкоўных актывістаў, у тым ліку епіскап Слуцкі Мікалай (Шэмяціла), які быў арыштаваны і прыгавораны да 8 гадоў папраўчых лагераў (памёр праз чатыры месяцы ў шпіталі). Да 1937 г. усе Мінскія архіерэі былі арыштаваны, а пазней расстраляны, альбо памерлі пры нявысветленых абставінах. У 1937 г. была зачынена апошняя Мінская царква. На год раней узарваны кафедральны Свята-Петра-Паўлаўскі сабор і Свята-Казанскі прывакзальны мураваны храм. З 1919 г. зачынена Мінская Духоўная семінарыя, усе духоўныя вучылішчы епархіі. Цудатворная Мінская ікона Божай Маці апынулася ў мастацкім музеі, фонды якога знаходзіліся ў дрывяным складзе. Знікла і цудатворная Крупецкая ікона Божай Маці. У 1939 г. у межах епархіі не засталося ніводнай дзейнай царквы.

Аднаўленне царкоўнага жыцця пачалося ў час акупацыі нямецкімі войскамі межаў Беларусі і Мінскай епархіі ў чэрвені-ліпені 1941 года. Нямецкія акупацыйныя ўлады не перашкаджалі адкрыццю храмаў і наладжванню прыхадского жыцця.

У кастрычніку 1941 г. на Мінскую епіскапскую кафедру ўступіў мітрапаліт Панцеляіман (Ражноўскі; 1941-1944) з тытулам “Мінскі і ўсяе Беларусі”, архіпастыр, які карыстаўся аўтарытэтам у царкоўных колах. Уступіўшы на Мінскую кафедру, уладыка Панцеляіман пакліканы быў не толькі акармляць Мінскую паству, але і быць прадстаяцелем усёй Праваслаўнай Царквы на Беларусі.

У сакавіку 1941 г. ў Мінску быў скліканы Сабор епіскапаў, на якім разгледжаны і зацверджаны Статут Беларускай Праваслаўнай Царквы. Сабор прыняў рашэнне пра заснаванне шасці епархій: Мінскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Наваградскай і Смаленскай. Мінскую епархію ачаліў мітрапаліт Панцеляіман з тытулам “Мінскі і ўсяе Беларусі, свяшчэннаархімандрыт Свята-Успенскай Жыровіцкай абіцелі”.

На Усебеларускім Праваслаўным Саборы, які адбываўся ў Мінску ў жніўні-верасні 1942 г. і на Саборы епіскапаў у маі 1944 г. разглядалася пытанне пра аўтакефалію БПЦ. Але супраць гэтага выступаў мітрапаліт Панцеляіман, які быў аддалены ад спраў і высланы спачатку ў манастыр у Ляды, а потым перапраўлены ў Вілейку. Справамі Царквы фактычна кіраваў узведзены ў сан архіепіскапа Філафей (Нарко). На названых Саборах хоць і быў прыняты Статут “Сьвятой Праваслаўнай Беларускай Аўтакефальнай Царквы”, але фармальнага абвяшчэння аўтакефаліі так і не адбылося.

За гады вайны была адчынена значная колькасць царкоўных прыходаў, аднавілі дзейнасць некалькі манастыроў, у тым ліку Ляданскі Свята-Благавешчанскі, Свята-Духаў і Спаса-Праабражэнскі ў Мінску. Яшчэ да поўнага заканчэння вайны ў 1945 г. ў Мінскай вобласці дзейнічала 136 цэркваў, а па ўсёй Беларусі — 1.044 (паводле іншых звестак — 1.093). У Брэсцкай вобласці была 351 царква, у Гродзенскай — 184, Маладзечанскай — 214, Гомельскай — 72, Магілёўскай — 57 і ў Віцебскай — толькі 30 храмаў.

З вызваленнем тэрыторыі ад акупацыі аднавілася дзейнасць Мінскай епархіі ў складзе Маскоўскага Патрыярхата, які быў адноўлены ва ўмовах ваенных падзей у 1943 г. У 1944 г. на Мінскую кафедру быў прызначаны архіепіскап Васілій (Ратміраў), які служыў тут да 1947 г.

Мінскі архіерэй, які насіў тытул “Мінскі і Беларускі”, з’яўляўся прадстаяцелем Царквы ва ўсёй Беларусі, бо на астатнія епіскапскія кафедры, якія былі заснаваныя пад час вайны, епіскапы пастаўляліся да пачатку 50-х гадоў, потым гэтыя кафедры перасталі існаваць. З 1947 да 1959 г. на Мінска-Беларускай кафедры знаходзіўся мітрапаліт Піцірым (Свірыдаў). З благаславення мітрапаліта Піцірымапастырска-багаслоўскія курсы, якія дзейнічалі пры Свята-Успенскім манастыры ў Жыровічах, былі пераўтвораны ў 1947 г. ў Духоўную семінарыю — адзіную на той час духоўную навучальную ўстанову ў межах Беларусі.

У 1957 г. ў Мінска-Беларускай епархіі налічвалася 968 храмаў, у тым ліку ў гарадах — 86, гарадскіх пасёлках — 79, у вёсках — 803. Статус прыходскіх мела 709 храмаў, астатнія не мелі пастаянных святароў і лічыліся прыпіснымі. Працягваў дзейнічаць Свята-Успенскі мужчынскі манастыр у Жыровіцах.

У 1959-1960 гг. пачалося масавае закрыццё храмаў. Да лістапада 1960 г. толькі ў Мінскай вобласці было зачынена 140 цэркваў. Да канца 1963 г. у Мінска-Беларускай епархіі засталося 437 прыходаў, 55 з іх знаходзілася ў Мінскай вобласці. Калі ў 1960 г. у вобласці было 156 свяшчэннаслужыцеляў, то ў лістападзе засталося толькі 73. У кафедральным Мінску засталося толькі дзве цэрквы. У 1961 г. была разбурана крыжовая Свята-Казанская царква каля Дома Ураду.

У 1963 г. былі спынены заняткі ў Духоўнай семінарыі. У пачатку 1960-х гг. зачынены і разрабаваны жаночыя манастыры ў Полацку і Гродне.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.