Брэсцкая епархія

Праасвяшчэнны КАНСТАНЦІН (Хоміч Канстанцін Андрэевіч), архіепіскап Брэсцкі і КобрынскіПравячы архіерэй: Праасвяшчэнны КАНСТАНЦІН (Хоміч Канстанцін Андрэевіч), архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі.

Нарадзіўся 11.11.1911 г. у вёсцы Бобрык Лагішынскага раёна Пінскай вобласці. Па нацыянальнасці беларус. Свецкая адукацыя сярэдняя. У 1930—1935 гг. – вучыўся ў Віленскай Духоўнай Семінарыі. 28.02.1936 г. адбылася іерэйская хіратанія і прызначэнне настаяцелем царквы ў в. Охава Пінскага раёна, дзе служыў у 1936—1956 гг. З 1956 да 1970 г. служыў настаяцелем царквы ў г. Добрушы Гомельскай вобл.

19.03.1970 г. прыняў манашаскі паострыг і да 1987 г. служыў намеснікам Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра. 12.04.1987 г. хіратанісаны ў сан епіскапа і прызначаны епіскапам Пінскім, вікарыем Мінскай епархіі (1987—1990 гг.).

У 1990 г., пасля стварэння Брэсцкай епархіі, пастаўлены епіскапам Брэсцкім і Кобрынскім. З 1995 г. узведзены ў сан архіепіскапа Брэсцкага і Кобрынскага. Кафедральныя саборы епархіі — Брэсцкі Свята-Сімяонаўскі і Кобрынскі Свята-Аляксандра-Неўскі.

З гісторыі Брэсцкай епархіі

Брэсцкі Свята-Сімяонаўскі кафедральны сабор Першыя звесткі пра распаўсюджанне веры Хрыстовай і з’яўленне хрысціян у старажытным Бярэсці адносяцца да часу заснавання горада – 11 ст. Пра гэта сведчаць знойдзеныя на Берасцейскім гарадзішчы нацельныя крыжы і свінцовая пячатка з выявай св. Дзімітрыя Салунскага. Паводле пісьмовых крыніц, з 1005 г. Бярэсце разам з Пінскам, Ляхавічамі і інш. гарадамі падначальваліся Тураўскай епіскапіі.

Да канцы 12 – пач. 13 ст. адносяцца звесткі пра першыя Берасцейскія храмы. У пахвальным слове спачыламу Уладзіміра-Валынскаму князю згадваецца, што ён «в Берести поставил церковь святого Петра, и евангелие да опракос (службовае) сковы сребрены, и кодилница сребрена, и крест вздвизальны туто положи…».

У 11—12 стст. старажытныя Берасцейскія землі ўваходзілі ў склад Уладзіміра-Валынскай епархіі, а епіскапы Уладзіміра-Валынскія часам насілі тытул «епіскапаў Уладзіміра-Валынскіх і Берасцейскіх».Берасцейскія землі мелі цесныя сувязі з Кіевам, Туравам, Пачаевам.

У 14—15 стст. у Бярэсці было 2 манастыры — Свята-Сімяонаўскі і Ражджаства-Багародзіцкі з двума цэрквамі, 10 праваслаўных прыходаў. Галоўным храмам Бярэсця быў кафедральны сабор у імя свц. Мікалая, які заснавала жонка князя Вітаўта Ганна Святаславаўна. Размяшчаўся ён на месцы цэнтральнага вострава сучаснай крэпасці. Акрамя яго ў пісьмовых крыніцах згадваюцца храмы Уваскрасенскі, свв. бясср. Касьмы і Даміяна, свв. мчч. Сергія і Вакха. У 15 ст. была пабудавана драўляная царква ў імя Архангела Міхаіла ва ўрочышчы Пяскі і Крыжаўздвіжанская за Мухаўцом. Паводле інвентара 1566 г., у Бярэсці ў Замухавеччы дзейнічала Спаса-Праабражэнская царква, Свята-Сімяонаўскі і Ражджаства-Багародзіцкі манастыры. Да таго часу адносяцца згадкі ў пісьмовых крыніцах пра Свята-Троіцкую, Свята-Параскевы-Пятніцкую, Юр’еўскую цэрквы.

У Драгічыне на р. Буг у 15 ст. былі манастыры Свята-Троіцкі і Спаскі, а ў Кобрыне кобрынскімі князямі быў закладзены ў канцы 15 ст. Спаскі манастыр (закрыты пасля 1839 г.), у якім і быў пахаваны апошні прадстаўнік з іх роду. У Камянцы дзейнічаў мужчынскі Уваскрасенскі манастыр, а на Беласточчыне цэнтрамі духоўнасці і праваслаўнага асветніцтва былі манастыры Свята-Успенскі ў Заблудаве, Свята-Благавешчанскі ў Супраслі, Свята-Ануфрыеўскі ў Яблачыне. Пры цэрквах і манастырах былі бібліятэкі, архівы, школы пісьменнасці, цэнтры па перапісванні богаслужбовых і душакарысных кніг.

Пасля заключэння Люблінскай уніі і стварэння Рэчы Паспалітай у рэлігійным жыцці Берасцейшчыны адбыліся істотныя змены. Ва ўмовах умяшання ўладаў у царкоўнае жыццё, узмацнення палітыкі паланізацыі насельніцтва і лацінізацыі Царквы праваслаўныя вымушаны былі адстойваць свае парушаныя правы. Да таго ж у 16 ст. стараста берасцейскі Мікалай Радзівіл Чорны стаў актыўна прапагандаваць кальвінізм, заснаваў тут кальвінскі збор і друкарню.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.