Брэсцкая епархія

Пасля заключэння Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 г. праваслаўныя аказаліся амаль на нелегальным становішчы «няверных» ці «схізматыкаў». Была ліквідавана праваслаўная Уладзіміра–Брэсцкая епархія, а яе апошні праваслаўны епіскап Іпацій Пацей быў сярод актыўных прыхільнікаў і арганізатараў уніі з Рымам.

 

Праваслаўныя вернікі, апынуўшыся без сваіх іерархаў, самі актыўна ўступіліся за свае правы. Вядома, што ў канцы 16 ст. у Бярэсці ўзнікла праваслаўнае Мікалаеўскае брацтва і школа пры ім, у якой настаўнікам царкоўнаславянскай і грэчаскай мовы працаваў Лаўрэнцій Зізаній (1550–60-я –1634 гг.), вядомы багаслоў і царкоўны дзеяч, а таксама паэт і перакладчык. Тут ён выдаў «Граматіку словенску…» і буквар «Наука ку читаню и розуменю пісма словенского». З благаславення Кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы, праваслаўнае брацтва было створана і пры часова вернутай Ражджаства-Багародзіцкай царкве.

У 1620 – 40-я гг. за веру бацькоў не толькі Берасцейшчыны, але і ўсяго Вялікага княства Літоўскага актыўна ўступаўся прападобнамучанік Афанасій Брэсцкі (памяць 5/18 верасня), які, на думку даследчыкаў, нарадзіўся ў праваслаўнай сям’і небагатага брэсцкага гараджаніна. Прыняўшы манашаства, ён у 1640 г. быў абраны ігуменам брэсцкага Сімяонаўскага манастыра. За актыўную абарону Праваслаўя і супраціўленне уніі ў 1648 г. Афанасій быў па-мучаніцку забіты. Мошчы прападобнамучаніка доўгі час захоўваліся ў старажытным гарадскім саборы св. Сімяона Стоўпніка, а зараз часціца яго мошчаў знаходзіцца ў зноў узведзеным Брэсцкім Свята-Сімяонаўскім саборы.

 Нягледзечы на мужнае стаянне ў праваслаўнай веры, наступленне католікаў і уніятаў працягвалася. Да сярэдзіны 17 ст. на Берасцейшчыне ўсяго некалькі храмаў і манастыроў заставаліся праваслаўнымі.

З моманту заключэння уніі цэрквы і манастыры падначальваліся Літоўска-Наваградскай уніяцкай мітраполіі на чале з уніяцкімі мітрапалітамі. У 1765 г. загадам імператара Паўла I была створана Брэсцкая уніяцкая епархія, якая распаўсюджвалася на тэрыторыі Літоўскай (з 1801 Слонімскай і Віленскай) і часткова Мінскай губерняў, з 1809 – толькі Гродзенскай, куды ўваходзілі Брэсцкі, Кобрынскі, Пружанскі паветы. Пасля далучэння ў 1807 г. Беласточчыны да Расіі, да Брэсцкай далучылася былая Супрасльская епархія. На той час у Брэсцкай епархіі налічвалася 900 храмаў. Месцапрабываннем епіскапаў быў Жыровіцкі Успенскі манастыр.

Значным уплывам карыстаўся Брэсцкі капітул, адноўлены епіскапам Антоніем Младоўскім у 1769 г. Капітул быў калегіяльным органам, які ўдзельнічаў у кіраванні уніяцкай царквой, выступаў у абарону белага духавенства перад базыльянскім ордэнам, за рэформу уніяцкай царквы. Капітул падрыхтаваў у значнай ступені рэформу уніяцкай царквы 1828 г., праведзеную мітрапалітам Іосіфам Сямашкам.

У 1794 г. пасля III падзелу Рэчы Паспалітай пачаўся паступовы пераход уніятаў да Праваслаўя. Але апошні уніяцкі Брэсцкі епіскап Іясафат Булгак не імкнуўся да хуткага вяртання ў лона Праваслаўнай Царквы. У гэты пераходны перыяд 59 прыходаў і тры манастыры – у Супраслі, Кузьніцы і Драгічыне заставалася уніяцкімі.

З 1840 г. тэрыторыя былой Брэсцкай уніяцкай епархіі ўвайшла ў склад праваслаўнай Літоўска-Віленскай епархіі. Епіскап Брэсцкі быў вікарным епіскапам Літоўскай епархіі, меў рэзідэнцыю ў Гродзенскім Барыса-Глебскім манастыры. Першым епіскапам Брэсцкім быў епіскап Міхаіл (Галубовіч; 1848-1868), прафесар багаслоўя, выкладчык Літоўскай духоўнай семінарыі, будучы епіскап Мінскай епархіі. У 1848 г. яго пераемнікам быў прызначаны настаяцель Гродзенскага Барыса-Глебскага манастыра архімандрыт Ігнацій (Жалязоўскі), ураджэнец мястэчка Сяхновічы Кобрынскага павета, які на Полацкім царкоўным саборы 1839 г. разам з іншымі падпісаў «Саборны акт аб уз’яднанні» уніяцкай царквы з Праваслаўем.

У сярэдзіне 19 ст. праваслаўныя складалі 20% ад усяго насельніцтва Брэста (для параўнання: яўрэі – 68%, католікі – 9%, лютаране –3%). Паступова наладжвалася царкоўнае жыццё. У 19 ст. (да ўзвядзення крэпасці) у Брэсце дзейнічаў Свята-Сімяонаўскі манастыр і 12 прыходскіх цэркваў. У 1830 г. у Кобрыне было адкрыта духоўнае вучылішча, дзейнічалі Спаскі манастыр, Прачысценская, Свята-Мікалаеўская і Свята-Петра-Паўлаўская цэрквы. У 1865 г. епіскап Ігнацій асвяціў у Брэсце новы Свята-Сімяонаўскі кафедральны сабор, куды былі перанесены мошчы прпмч. Афанасія Брэсцкага (пасля зносу Сімяонаўскай царквы ў сувязі з будаўніцтвам Брэсцкай крэпасці). Епіскап Ігнацій вёў актыўнае храмабудаўніцтва ў падначаленай яму епархіі. У 1860-я гг. былі пабудаваны (ці адрамантаваны) цэрквы ў Пружанах, Кобрыне, Высокім, М.Бераставіцы, Бярозе, Шарашове. На тэрыторыі Брэсцкай крэпасці ў 1856—79 гг. была ўзве- дзена гарнізонная царква ў імя свц. Мікалая. У 1867 г. у Брэсцкім павеце было 64 прыходы, Кобрынскім – 64, Пружанскім – 28.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.