Віцебская епархія

Праасвяшчэнны ДЗІМІТРЫЙ (Драздоў Мікалай Грыгор’евіч), епіскап Віцебскі і АршанскіПравячы архіерэй: Праасвяшчэнны ДЗІМІТРЫЙ (Драздоў Мікалай Грыгор’евіч), епіскап Віцебскі і Аршанскі.

Нарадзіўся 22.01.1953 г. у горадзе Бабруйску Магілёўскай вобласці. Па нацыянальнасці беларус. У 1968—1972 гг. вучыўся ў лесатэхнічным тэхнікуме г. Бабруйска Магілёўскай вобл. У 1972—1974 гг. служыў у Савецкай Арміі.

У 1975 г. паступіў на вучобу ў Маскоўскую Духоўную Семінарыю (скончыў у 1978 г.). У 1977 г. – прыняты ў склад браціі Троіца-Сергіевай Лаўры (Загорск). 30.03.1978 г. прыняў манашаскі пострыг. 15.04.1984 г. адбылася іерэйская хіратанія, а 23.07.1989 г. – хіратанія ў епіскапа.

У 1989 г. пастаўлены епіскапам Полацкім і Віцебскім. З 1992 г. – епіскап Віцебскі і Аршанскі. У 1999 г. узведзены ў сан архіепіскапа. Член Св. Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы. Кафедральнымі саборамі епархіі з’яўляюцца Віцебскі Свята-Пакроўскі і Аршанскі Свята-Міхайлаўскі.

З гісторыі Віцебскай епархіі

Віцебскі кафедральны Свята-Пакроўскі саборПра раннюю хрысціянізацыю Віцебскіх земляў сведчаць летапісныя крыніцы, у тым ліку, «Віцебскі летапіс», паводле якога, ужо ў 974—976 гг. у Віцебску роўнаапостальнай княгіняй Вольгай «было вмуровано» дзве цэрквы – Святога Архангела Міхаіла на Верхнім замку і Благавешчання Прасвятой Багародзіцы на Ніжнім. Археалагічныя дадзеныя пацвярджаюць існаванне мураванай царквы св. Архангела Міхаіла – патранальнага храма віцебскіх князёў на дзядзінцы, але адносяць яго да канца 11 — пачатку 12 ст. Благавешчанская царква на Ніжнім замку таксама датуецца 12-м ст. Першыя згадкі пра Віцебскі Свята-Троіцкі Маркаў манастыр адносіцца да 13 ст.

Узвядзенне праваслаўных храмаў у 14 ст. звязана з імем вялікага князя Альгерда, які меў першы шлюб з віцебскай князёўнай Марыяй. У час свайго княжэння ў Віцебску ён пабудаваў дзве мураваныя царквы, у тым ліку Свята-Духаўскую, што “за замкавым ровам”. Пры гэтай царкве другая жонка Альгерда Юльянія заснавала жаночы манастыр, дзе незадоўга да сваёй канчыны сама прыняла манашаскі пострыг пад імем Марыі. У 1406 г. упершыню згадваецца драўляная Свята-Успенская царква, дзе спыняліся полацкія епіскапы ў час прыезду ў Віцебск.

Каля 1454 г. быў заснаваны Чарэйскі Сенненскага павета Свята-Троіцкі манастыр, які пасля смерці заснавальніка, епіскапа Смаленскага Місаіла, знаходзіўся пад патранатам Сапегаў. Яны, паводле спадчыннага завяшчання, не маглі тут “уводзіць ніякай веры, акрамя грэчаскай”. У 1599 г. манастыр быў яшчэ праваслаўны, багата ўпрыгожаны. Тут захоўвалася цудадзейная Чарэйская ікона Божае Маці (святкаванне 27 лістапада ст.ст.), напрастольны крыж, зроблены для манастыра Львом Сапегам у 1596 годзе.

Са старажытных часоў і да 1430 г. віцебскія храмы і манастыры адносіліся да Полацкай або да Смаленскай епархіі. У 1430 г. епіскап Лука, пастаўлены на Полацкую кафедру, упершыню тытулаваўся «Полацкім і Віцебскім». З сярэдзіны 15 ст. тэрыторыю Полацкай епархіі складалі Полацкае, Віцебскае і Мсціслаўскае ваяводствы.

У перыяд узмацнення Вялікага княства Літоўскага Віцебскія землі заставаліся ў складзе Полацкай епархіі. Яна ў сваю чаргу падпарадкоўвалася Літоўска-Наваградскай мітраполіі, якая існавала з перапынкамі з 1316 да 1596 г. У 1411 г. Полацкая епархія атрымала статус архіепіскапіі, а прадстаяцель набыў тытул «архіепіскап Полацкі і Віцебскі».

Пасля аб’яднання Вялікага княства Літоўскага і каралеўства Польскага ў Рэч Паспалітую праваслаўныя апынуліся на становішчы грамадзян, палітычныя і канфесійныя правы якіх абмяжоўваліся. Але ў залежнасці ад рэальнай сітуацыі такая палітыка не была паслядоўнай і часам праваслаўным на чале з прадстаўнікамі мясцовай знаці ўдавалася дабіцца паляпшэння свайго становішча. Так, польскі кароль Казімір спачатку выдаў распараджэнне, у якім забаранялася будаваць у Віцебску новыя цэрквы і рамантаваць старыя, але ўжо ў прывілеі 1485 г. ён адмяніў сваё распараджэнне і нават сам загадаў пабудаваць у Віцебску, Веліжы, Оршы, Бешанковічах храмы ў імя прарока Іліі ў знак удзячнасці за ўратаванне сваёй жонкі, якая ледзь не патанула ў час пераправы праз раку.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.