Віцебская епархія

Пасля ўзяцця Полацка войскамі Івана Грознага на працягу семнаццаці гадоў епіскапы сюды пастаўляліся Маскоўскімі мітрапалітамі. Адначасова каралі Рэчы Паспалітай пастаўлялі на Полацкую кафедру сваіх епіскапаў. Архіепіскап Варсанофій (Валах) і Феафан (Рыпінскі), не маючы магчымасці знаходзіцца ў кафедральным горадзе, месцам свайго прабывання абіралі Віцебск або Мсціслаў. 1563 год, калі пачалося пастырскае служэнне ў Віцебску архіепіскапа Варсанофія, і лічыцца гістарычнай датай заснавання Віцебскай епархіі. Архіепіскапскае падвор’е размяшчалася на Успенскай горцы, яго асобныя пабудовы існавалі да 1613 г.

 

 

Апынуўшыся ў складзе Рэчы Паспалітай, Праваслаўная Царква была ўцягнута ў вір унійных настрояў, якія насаджаліся каралеўскай уладай і Рымам. Як вядома, архіепіскап Полацкі Грыгорый-Герман (Загорскі) быў сярод тых праваслаўных іерархаў, якія падпісалі царкоўную унію на Брэсцкім саборы ў 1596 г. Апынуўшыся без сваіх архіпастыраў, праваслаўныя вымушаны былі самі абараняць свае правы. Найбольш актыўная частка насельніцтва аб’ядноўвалася ў праваслаўныя брацтвы; сярод іншых вядомы два Аршанскія, створаныя ў 1592 і 1648 гг. Нягледзечы на супраціўленне вернікаў, да канца 17 ст. усе праваслаўныя цэрквы і манастыры Віцебшчыны былі абвешчаны уніяцкімі.

На месцы былой праваслаўнай была створана Полацкая уніяцкая епархія. Яе прадстаяцелі мелі тытул «архіепіскапаў Полацкіх, епіскапаў Віцебскіх, Мсціслаўскіх, Аршанскіх, Магілёўскіх і ўсяе Беларусі». Першыя Полацка-Віцебскія епіскапы Грыгорый Загорскі і Гедэон Бральніцкі пазбягалі гвалтоўнага насаджэння уніі. Затое іх наступнік Іясафат Кунцэвіч паставіў мэту падпарадкаваць сабе ўсе праваслаўныя прыходы Полацкай епархіі. Найбольш яскравым прыкладам яго дзеянняў было насаджэнне уніі ў Віцебску, дзе гвалтоўныя дзеянні епіскапа выклікалі абурэнне гараджан і закончыліся трагічнай развязкай – забойствам Іясафата Кунцэвіча, а затым і расправай з вінаватымі.

У кароткі перыяд часовага аднаўлення праваслаўнай іерархіі (1620—1622) на Полацка-Віцебскую кафедру Патрыярхам Іерусалімскім Феафанам быў пастаўлены архіепіскап Мялецій Сматрыцкі. Але ўжо ў наступным годзе загадам караля Патрыярх і новапастаўленыя епіскапы былі пастаўлены па-за законам. Архіепіскап Мялецій Сматрыцкі вымушаны быў кіраваць сваёй паствай праз пісьмовыя пасланні, знахо- дзячыся ў Свята-Духавым манастыры ў Вільні.

Але і ў гэты нялёгкі час праваслаўнае царкоўнае жыццё не затухала. У 1623 г. у Куцейне пад Оршай быў заснаваны Багданам Статкевічам-Заверскім і яго жонкаю Аленай Саламярэцкай праваслаўны мужчынскі Богаяўленскі манастыр, які падпарадкоўваўся непасрэдна мітрапаліту Кіеўскаму і Патрыярху Канстанцінопальскаму. З 1630 г. пры ім дзейнічала шырока вядомая друкарня Спірыдона Собаля.

Пасля канчыны Мялеція Сматрыцкага (1633 г.) праваслаўныя епіскапы на Полацка-Віцебскую кафедру не пастаўляліся да 1833 г.

У 1633 г. праваслаўныя дамагліся заснавання адзінай на беларускіх землях Магілёўскай (Беларускай) епіскапскай кафедры, пад архіпастырскі нагляд якой трапілі і праваслаўныя Полацкага і Віцебскага ваяводстваў. У гэты перыяд знатным віцеблянам Севасцяну Мірскаму і Багдану Агінскаму ўдалося аднавіць Свята-Троіцкі (Маркаў) манастыр. У 1631 г. у Оршы стараннем праваслаўных магнатаў Багдана Статкевіча і яго маці Ганны Агінскай быў заснаваны Успенскі (Куцеінскі) жаночы манастыр. У 1655 г. у гэтым манастыры на месцы драўлянай царквы, якая згарэла, быў узведзены мураваны Свята-Успенскі сабор.

У выніку I падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) Віцебская і Дзвінская правінцыі адышла да Пскоўскай губерні, а яе прыходы падпарадкоўваліся праваслаўнай Пскоўскай епархіі. Аршанская правінцыя заставалася ў складзе Магілёўскай епархіі. Пасля стварэння Полацкай губерні (1776 г.) адбылося аб’яднанне яе з Магілёўскай і стварэнне адной Беларускай з цэнтрам у Віцебску.

Пасля далучэння ўсёй Віцебшчыны да Расіі была ліквідавана Полацкая уніяцкая епархія, пачаўся паступовы пераход уніятаў у Праваслаўе. Адначасова, асабліва пры імператары Паўле I, узмацнілася тэндэнцыя да пераходу уніятаў у рыма-католікі. Так, на працягу 1802—1803 гг. у Віцебскай губерні з 216 прыходаў перайшло ў каталіцтва 85. У гэты час з дазволу імператара часова была адноўлена і Полацкая уніяцкая епархія. У 1810 г. яна налічвала яшчэ больш за 600 тыс. прыхажан, у Віцебскай губерні дзейнічала 216 цэркваў, у якіх служыла 258 святароў.

Адноўленыя і вернутыя праваслаўныя цэрквы і манастыры падпарадкоўваліся зноў створанай у 1833 г. Полацкай праваслаўнай епіскапскай кафедры. Першым епіскапам яе стаў Смарагд (Крыжаноўскі; 1833—1837), які быў прыхільнікам хуткага і “несаборнага” пераводу уніятаў у Праваслаўе. У Віцебску ў гэты час было толькі чатыры праваслаўныя прыходы – Свята-Благавешчанскі, Свята-Успенскі, Свята-Мікалаеўскі і 1— турэмны. Значнымі асяродкамі Праваслаўя заставаліся Віцебскі Свята-Духаў жаночы і Свята-Троіцкі мужчынскі манастыры з шанаванай іконай Казанскай Божай Маці. У Оршы дзейнічалі Богаяўленскі і Пакроўскі мужчынскія, Свята-Успенскі жаночы манастыры.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.