Віцебская епархія

У 1837 г. уся грэка-уніяцкая іерархія была прыведзена ў падпарадкаванне Св. Сіноду РПЦ. Завяршаючым актам уз’яднання з Праваслаўнай Царквой стаў Полацкі сабор грэка-уніяцкіх епіскапаў 1839 г. У гэтым жа годзе месцапрабыванне Полацкага епіскапа было зменена на Віцебск. Епіскап Ісідор (Нікольскі; 1837—1840) пасяліўся ў Віцебскім Свята-Троіцкім (Маркавым) манастыры. З 1843 г. кафедральным саборам архіепіскапаў Полацкіх і Віцебскіх лічыўся сабор у гонар свяціцеля і цудатворцы Мікалая.

 

 

З 1840 г. памеры Полацкай епархіі паменшыліся і сталі супадаць з адміністрацыйнымі межамі Віцеб- скай губерні. У 1856 г. у Віцебск была пераведзена Полацкая духоўная семінарыя (з 1871 г. – называлася Віцебскай) і размешчана ў будынках, якія прылягалі да Успенскага сабора. У 1885 г. тут дзейнічалі, акрамя семінарыі, тры духоўныя вучылішчы, у епархіі працавалі 43 царкоўна-прыходскія школы. У 1870-я гг. у Віцебску налічвалася 13 храмаў, уключна з дамовымі цэрквамі. Усяго па епархіі на 1890 г. было 305 царкоўных прыходаў, 135 царкоўна-прыходскіх школ, 3 багадзельні. У 1893 г. быў адкрыты Віцебскі царкоўна-археалагічны музей, дзе захоўваўся архіў старажытнай Полацкай епархіі.

У 1896—98 гг. у епархіі быў ўзведзены 21 новы храм, закончаны рамонт Віцебскага кафедральнага Свята-Мікалаеўскага сабора.

У 1900—1902 гг. у час свяціцельскага служэння епіскапа Ціхана (Ніканорава; 1899—1902) у Віцебскім павеце было 47 прыходаў, у Гарадоцкім – 23, у Лепельскім – 49. У Віцебску дзейнічалі 24 цэрквы, галоўныя з іх – Свята-Пакроўская, Крыжовая з іконай прп. Еўфрасінні і з часціцамі яе мошчаў, прыпісная да Крыжовай Свята-Еўфрасіннеўская, Свята-Мікалаеўскі кафедральны сабор, Свята-Успенскі гарадскі сабор, Благавешчанская, Свята-Іаана-Багаслоўская, Богаяўленская, Уваскрасенская, Уздзвіжанская, Уваскраасенская (Рынкавая), у імя Георгія Пераможцы, Свята-Ільінская, у імя Св.Іаана Хрысціцеля, у імя Архангела Міхаіла, Свята-Мікалаеўская на могілках і Свята-Мікалаеўская прыпісная да Іаана-Багаслоўскай, Свята-Петра-Паўлаўская, Свята-Пакроўская (прыпісная да Уваскрасенскай), Свята-Пакроўская (прыпісная да Ільінскай), Ражджэственская, Ражджаства Багародзіцы, Свята-Праабражэнская з шануемай іконай Чанстахоўскай Божай Маці, Свята-Троіцкая на могілках (“Тройца Чорная”), Свята-Троіцкая на могілках (“Тройца мураваная”), Свята-Успенская. Акрамя таго, у горадзе было 11 дамовых цэркваў. Апроч вышэй названых манастыроў дзейнічаў Невельскі Спаса-Праабражэнскі і Тадулінскі (Віцебскі павет) Свята-Успенскі манастыр, Вярбілаўская (Себежскі павет) Свята-Пакроўская манастырская абшчына.

У 1910 г. пры вялікім сцячэнні народа адбывалася ўрачыстае перанясенне мошчаў прп. Еўфрасінні праз Оршу і Віцебск у Полацк. У наступным годзе часціцы яе мошчаў былі перанесены ў Віцебскі Свята-Мікалаеўскі сабор.

У 1913 г. у Віцебску ўпершыню адбылася епіскапская хіратонія. Архімандрыт Свята-Троіцкага манастыра (з 1905 г.) Панцеляіман (Ражноўскі) быў рукапаложаны ў епіскапа Дзвінскага, вікарыя Полацкай епархіі.

Перад Першай сусветнай вайной у Полацкай епархіі налічвалася 310 царкоўных прыходаў, 546 храмаў (з улікам дамавых, прыпісных, на могілках) і 235 часовень. Пастырскае служэнне неслі 359 святароў. Дзеці прыхажан навучаліся ў 442 царкоўна-прыходскіх школах, пры цэрквах працавала 297 бібліятэк.

У сувязі з прыбліжэннем лініі фронту пачалася эвакуацыя царкоўнай маёмасці на ўсход. Многія каштоўныя абразы, кнігі, царкоўныя рэчы былі страчана і так і не вярнуліся на свае месцы.

Ваяўнічая антырэлігійная палітыка савецкай улады 1920-30 х. гг. прывяла да масавага закрыцця храмаў, пераследу свяшчэннаслужыцеляў і вернікаў. У 1922 г. была праведзена кампанія па канфіскацыі царкоўнай маёмасці на карысць дзяржавы, у ходзе якой мошчы прп. Еўфрасінні былі апаганены і перавезены ў Віцебскі краязнаўчы музей, дзе і знаходзіліся да 1942 г. У 1936 г. у Віцебску было закрыта 16 цэркваў з 17.

У час Другой сусветнай вайны пры адсутнасці сувязі з Масквой была створана Беларуская Праваслаўная Царква з мітрапалічай кафедрай у Мінску. У 1941 г. заснаваны шэсць епархій, у тым ліку Віцебская. Епіскапам Віцебскім і Полацкім быў прызначаны Афанасій (Мартас), які, аднак, не змог выехаць у Віцебск у сувязі з абставінамі ваеннага часу. Пазней у эміграцыі ён выдаў кнігу «Беларусь в исторической и церковной жизни» (Буэнас-Айрэс, 1966), дзе падрабязна апісаў падзеі царкоўнага жыцця ваеннага часу, сведкам якога быў сам.

 У гады вайны ў Віцебскай епархіі дзейнічала 30 храмаў. У 1943 г. дзякуючы старанню насельніц Полацкага Спаса-Праабражэнскага манастыра з Віцебска ў Спаскую Полацкую царкву былі вернуты мошчы прп. Еўфрасінні.

Пасля заканчэння вайны наступ савецкай улады на Царкву працягваўся. У 1955 г. у Віцебскай вобласці дзейнічалі толькі 26 цэркваў. За адзін 1961 год было зачынена 10 храмаў. Рэлігійнае жыццё на Віцебшчыне пачало адраджацца толькі ў канцы 1980-х гг.Цяпер у Віцебску створана 19 прыходаў. У 1999 г. пачалося царкоўнае жыццё ў адрэстаўраваным старажытным Свята-Благавешчанскім храме.

Сучасны стан епархіі

Віцебская епархія адноўлена ў 1992 г. Яна ўключае тэрыторыю 11 адміністрацыйных раёнаў Віцебскай вобласці, складаецца з 6 благачынных акругаў – Аршанскай, Бешанковіцкай, Віцебскай, Гарадоцкай, Лепельскай, Сенненскай.

У канцы 1999 г. ў Віцебскай епархіі налічвалася 82 прыходы, службы Божыя адпраўляліся ў 51 храме. 7 абшчын адпраўляюць бгаслужэнні ў малітоўных дамах, дзейнічае 1 часоўня і 2 турэмныя цэрквы.

Пастырскае служэнне нясуць 76 свяшчэннікі, 13 дыяканаў.

На тэрыторыі епархіі дзейнічаюць два манастыры:

Свята-Богаяўленскі Куцеінскі манастыр,створаны ў 1620 — 24 гг., адноўлены ў 1992 г. Намеснік манастыра іераманах ВЕНЕДЫКТ, усяго насельнікаў3 — 2 іераманахі, 1 інак.

Адрас: 211030 Віцебская вобл., г. Орша, вул. Ф.Скарыны 79, тэл.: (02161) 329-16, 312-73.

Свята-Успенскі Аршанскі манастыр, настаяцельніца манахіня Антонія. У манастыры 13 насельніц — 1 схіманахіня, 3 манахіні, 2 інакіні, 7 паслушніц.

Адрас: 211030 Віцебская вобл., г. Орша, Свята-Успенскі манастыр, тэл:.(02161) 3-99-97.

Асветніцкае і сацыяльнае служэнне здзяйсняюць:сястрынства ў імя св. роўнаап. вял. кн. Ольгі і брацтвы ў імя св. Дзімітрыя Салунскага і ў імя роўнаап. вял. кн. Уладзіміра ў Віцебску; у імя Спірыдона Трыніфуцкага пры Куцеінскім Богаяўленскім манастыры.

З 1.09.1996 г. працуюць рэгенцкія курсы пры Епархіальным упраўленні. Усяго навучаецца 28 асобаў, працуе 10 выкладчыкаў. Адрас: 210015 г. Віцебск, вул. Шубіна 2.

У 1998 г. заснавана духоўнае вучылішча, у якім навучаецца каля 24 студэнтаў.

Выдаецца газета «Наше Православие».


Адрас епархіі:

210015, Віцебск, вул.Крылова, 7

Тэл.: (0212) 37-35-09, 37-32-05, 37-48-31.

Факс: 36-20-15

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.