Гомельская епархія

Праасвяшчэнны АРЫСТАРХ (Станкевіч Андрэй Еўдакімавіч), епіскап Гомельскі і ЖлобінскіПравячы архіерэй: Праасвяшчэнны АРЫСТАРХ (Станкевіч Андрэй Еўдакімавіч), епіскап Гомельскі і Жлобінскі.

Нарадзіўся 9.06.1941 г. у в. Асавецкая Буда Мазырскага раёна Гомельскай вобл. Па нацыянальнасці беларус. Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў на хлебазаводзе ў горадзе Мазыры (1956—1959 гг.). У1960—1963 гг. служыў у Савецкай Арміі, пасля чаго працаваў у аўтобусным парку горада Мінска (1964—1966 гг.).

У 1966—1969 гг. вучыўся ў Адэскай Духоўнай Семінарыі, у 1969—1973 гг. — у Маскоўскай Духоўнай Акадэміі. Кандыдат багаслоўя. У 1970 г. залічаны да браціі Троіца-Сергіевай Лаўры (Загорск). У 1969—1977 гг. з’яўляўся іпадыяканам Свяцейшага Патрыарха.

11.06.1970 г. прыняў манашаскі пастрыг. 5.09.1977 г. адбылася іерэйская хіратанія. У 1977 г. узведзены ў сан архімандрыта. У 1977—1990 г. – рызнічы Троіца-Сергіевай Лаўры.

29.07.1990 г. адбылася хіратанія ў епіскапа. У 1990 г. пастаўлены епіскапам Гомельскім і Мазырскім. З 1992 г. – епіскап Гомельскі і Жлобінскі. Кафедральнымі саборамі епархіі з’яўляюцца Гомельскі і Жлобінскі Свята-Петра-Паўлаўскія саборы.

З гісторыі Гомельскай епархіі

Гомельскі Свята-Петра-Паўлаўскі кафедральны саборПершыя сведчанні пра хрысціян Пасожжа даюць археалагічныя матэрыялы – нацельныя крыжыкі, што адносяцца да 11 ст., а таксама княжая пячатка канца 11 – пач. 12 ст. з выявай св. Фёдара Пячэрскага. У 12 ст. Гомель быў адным з вялікіх і багатых гарадоў Чарнігаўскага княства. У гэты час на гарадскім дзядзінцы быў узведзены вялікі сабор. Знойдзены сляды пячэрнага манастыра 12—13 стст. Гомельскія манастыры і цэрквы адносіліся да старажытнай Чарнігаўскай епархіі, якая ў сваю чаргу падначальвалася Кіеўскаму мітрапаліту.

Каля 1335 г. Гомель увайшоў у склад Вялікага княства Літоўскага, належаў пляменніку князя Альгерда Патрыкію, пасля яго сынам Івану і Аляксандру. У 14 ст. на месцы зруйнаванага (верагодна, мангола-татарамі) мураванага сабора была ўзведзена драўляная царква ў гонар свц. Мікалая. Стаяла яна ў старажытным замку, непадалёку ад пазнейшага княжацкага двара. Вядома, што гомельскі князь Сямён Іванавіч Мажайскі ў 15 ст. запісаў ёй землі Севасцянаўшчыну і Багданаўшчыну з сенажацямі, бортнымі дрэвамі і з сялянамі. З паловы 16 ст. вядомыя ў Гомелі цэрквы Спаская, Свята-Троіцкая і Ражджаства-Багародзіцкая (Прачысценская).

 Але калі горад перайшоў зноў да Вялікага княства Літоўскага (з 1537 г.), у ім сталі павялічвацца польскія ўплывы, праваслаўная царква і духавенства сталі падвяргацца ўціску, а пазней і пераследавацца.Так, вядома, што дзяржаўцы гомельскія, якія ўпраўлялі горадам пасля ўзяцця яго ад Масквы, асабліва Ян Дарашкевіч і Ян Хрышчановіч крыўдзілі праваслаўных свяшчэннікаў, адбіралі ў іх землі і іншую маёмасць. Духавенства скардзілася вялікаму князю ў Вільню і атрымалі ад яго ахоўную грамату.

У 1581 г. у час нападу царскіх стральцоў горад цалкам згарэў, у тым ліку Спаская царква, пашкоджана была і Свята-Мікольская.

Пасля заключэння Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 г. пачалося гвалтоўнае закрыццё праваслаўных храмаў і манастыроў, вялася канфіскацыя царкоўнай маёмасці. Сярод актыўных прыхільнікаў уніі ў пачатку ХVII ст. былі гомельскія старасты Андрэй і Павел Сапегі. У 1621 г. уніяцкі архіепіскап Іясафат Кунцэвіч закрыў замкавую Свята-Мікольскую царкву. Але Праваслаўе ў Гомелі і ва ўсім старостве ў гэты час было яшчэ настолькі моцнае, што нават адабраная Іясафатам Кунцэвічам Свята-Мікольская царква ў хуткім часе зноў была вернута праваслаўным. Глыбока ўшаноўваліся праваслаўнымі яўленыя цудатворныя іконы Божае Маці Конкавіцкая, Васькоўская ў Мазырскім павеце, Беласорацкая цудатворная ікона свяціцеля Мікалая ў Рэчыцкім павеце.

У 1632 г. пасля стварэння адзінай на беларускіх землях Магілёўскай праваслаўнай епархіі гомельскія цэрквы і манастыры змаглі атрымаць архіпастырскую апеку ад яе іерархаў.

З 1667 г. Гомельшчына апынулася ў складзе Рэчы Паспалітай, Гомель належаў М.К. Радзівілу, потым князям Чартарыйскім. Пасля цяжкіх 1647—1650 гг., калі Магілёўскай кафедрай валодалі уніяты, паступова пачало адраджацца царкоўнае жыццё і на Гомельшчыне. Было ўзведзена некалькі драўляных цэркваў, у тым ліку царква ў Істобках (1692), якая была перанесена ў Юркавічы ў 1838 г. У 1701 г. згарэла Свята-Мікольская царква, і на яе месцы была пабудавана на сабраныя ахвяраванні новая драўляная.

Праз некаторы час гомельскі стараста Фама Красінскі, раней прыхільнік Праваслаўя, уступіўшы ў другі шлюб з Аленай Грахольскай, пад яе ўплывам перайшоў у каталіцтва. З гэтага часу ў Гомелі пачынаюцца жах- лівыя пераследаванні праваслаўных. Вядомы выпадак 1717 г., калі па загаду А. Грахольскай протаіерэй Панкевіч быў выгнаны з Гомеля, а маёмасць Свята-Мікольскай царквы перададзена іезуіту Сакалоўскаму. З гэтай нагоды гамяльчане скардзіліся імператару Пятру I, у выніку чаго расійскім бокам быў прадстаўлены мемарандум каралю Рэчы Паспалітай аб недапушчэнні гвалту. Аднак Свята-Мікольская царква засталася за уніятамі.

Гамяльчане вырашылі пабудаваць новую мураваную царкву. Але і гэты намер не здзейсніўся з-за перашкодаў мясцовага ксяндза, які згодна з заканадаўствам мог забараніць любыя дзеянні праваслаўных. Свята-Мікольская царква доўга стаяла запячатанай, таму што прыхажане яе не хацелі прызнаваць унію. Пры ёй пасялілася некалькі уніяцкіх манахаў, утварыўшы невялічкі манастыр. Манастыр гэты існаваў яшчэ ў 1804 г., пасля чаго ў хуткім часе быў зачынены.

У час вялікага пажару 1737 г., які знішчыў большую палову горада, згарэлі і ўсе цэрквы, акрамя Свята-Мікольскага сабора. Праваслаўныя хацелі ўзвесці новыя цэрквы, але гомельскі стараста князь Чартарыйскі ствараў перашкоды гэтай справе. У той жа час цэрквы ў ваколіцах Гомеля – Шарсцінская, Радужская, Барталамееўская і Новасёлкаўская — у 1737, Хальчанская — у 1738, Кузьмініцкая – у 1749 г. былі перада- дзены уніятам. У гэты час толькі на месцы стараверскай царквы Святога Спаса быў пабудаваны драўляны, без купала, храм у імя прарока Іллі (1737).

У 1756 г. праваслаўныя ўсё ж дамагліся дазволу пабудаваць новыя цэрквы ў Гомелі. Найбольшы размах храмабудаўніцтва дасягнула пры архіепіскапе Георгіі Каніскім, у 2-й палове 18 ст. , калі толькі ў Гомельскім павеце было пабудавана каля 14 цэркваў.

У 1771 г. архіепіскапам Георгіем былі выдзелены сродкі на пабудову духоўнай школы ў Гомелі, якая распачала сваю дзейнасць у 1781 г. У 1820—29 гг. рэктарам вучылішча быў протаіерэй Іаан Іаанавіч Грыгаровіч (1790—1862), вядомы прапаведнік, гісторык і пісьменнік, аўтар даследавання “Беларуская іерархія”.

У 1772 г. у выніку падзелу Рэчы Паспалітай Гомель быў уключаны ў склад Расійскай імперыі і ўвайшоў у склад Мінскай епархіі. Паводле генеральнага межавання 1783 г. тры цэрквы Гомеля – Спаская, Свята-Троіцкая і Ражджаства-Багародзіцкая былі надзелены зямлёю па 36 дзесяцін. Спаская царква была двухпрыходнай, дамоў пры ёй налічвалася 303, прыхажан 1532 мужчынскага полу і 1325 жаночага. Ражджа ства-Багародзіцкая царква ў 1800 г. згарэла і прыход яе быў далучаны да Троіцкай царквы. Пры Свята-Троіцкай царкве з прыпісаным да яе прыходам было дамоў 290, прыхажан мужчынскага полу 971 і жаночага полу 1184.

З 1852 г. Гомель стаў цэнтрам павета Магілёўскай губерні. У 1854 г. у Гомелі разам з Нова-Беліцай было 5 цэркваў і манастыр, духоўнае вучылішча ў Гомелі і царкоўна-прыходское ў Нова-Беліцы. У Рэчыцкім павеце было чатыры акругі і 60 прыходаў, у самой Рэчыцы было два прыходскія храмы – Свята-Успенскі сабор з прыпісной царквой на могілках і Свята-Мікалаеўскі храм.

Пасля таго, як граф М. П. Румянцаў пабудаваў на гомельскім замчышчы палац, Свята-Мікольская царква з невялікім уніяцкім манастыром была ператворана ў палацавую. У 1808 г. граф звярнуўся да архіепіскапа Магілёўскага Варлаама з прашэннем аб дазволе будаваць у Гомелі мураваную царкву ў імя свв. апосталаў Пятра і Паўла. На падставе граматы архіепіскапа, 18 кастрычніка 1809 г. царква свв. ап. Пятра і Паўла была закладзена протаіерэем Іаанам Грыгаровічам “ з гомельскім і іншым свяшчэнствам”. Будаўніцтва закончылася толькі ў 1824 г. Царква была “багата ўпрыгожана і забяспечана свяшчэннымі сасудамі, аблачэннем і іншым патрэбным начыннем”. Найвялікшай святыняй храма была часціца мошчаў свяціцеля Мікалая. Іканастас храма, іконы, Евангелле, еўхарыстычныя сасуды і крыж былі ахвяраваны Румянцавым. Пасля спачыну прах яго быў пахаваны з левага боку царквы. У сярэдзіне храма і на могілках магілы настаяцеляў сабора і іншых свяшчэннаслужыцеляў.

Пасля асвячэння Петра-Паўлаўскага храма драўляныя цэрквы Спаса-Праабражэнская і Свята-Троіцкая, з-за непрыгоднасці, былі разабраны, а на могілках пабудавана драўляная Праабражэнская, якая была асвячана ў 1826 г. Замест драўлянай Свята-Троіцкай царквы, была закладзена мураваная, закончаная ў 1833 г. Яна была двухпавярховая: верхняя ў імя Св. Троіцы, а ніжняя — у імя Свв. Захарыі і Елізаветы.

Такім чынам, у Гомелі з’явілася два мураваныя храмы: Свята-Петра-Паўлаўскі і Свята-Троіцкі. Ражджаства-Багародзіцкая царква, якая згарэла ў 1800 г. адноўлена не была, яе прыход залічаны да Свята-Троіцкай царквы. Свята-Петра-Паўлаўская царква ў 1872 г. стала саборам, праз тры гады ў ім асвеячаны прыдзел у імя Св. Мікалая. У 1826 г. быў узведзены будынак духоўнага вучылішча.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.