Гомельская епархія

У пачатку 20 ст. у Гомелі былі пабудаваны Успенская чыгуначная царква-школа і Праабражэнская мураваная царква (1901), Палеская Свята-Мікалаеўская царква (1904, асвячана ў 1907) і Георгіеўская мураваная вайсковая царква (1904).

 

 

Меліся дамовыя цэрквы: Узнясення Гасподняга (1866 г.) у духоўным вучылішчы, Аляксандра-Неўская— у будынку мужчынскай гімназіі (1899), Іаана Багаслова і Св. Елізаветы — у замку княгіні І.І.Паскевіч (існавала з паловы ХІХ ст.). У 1895 г. стараннем міравога суддзі Бранчанінава пабудавана і асвечана Аляксандра-Неўская царква пры турме.

 Былі пабудаваны цэрквы на праваслаўных могілках: на Засожскіх у 1885 г. св. Фёдара Цірана (драўляная) на сродкі надворнага саветніка Фёдара Маляванскага, на Новікаўскіх — у 1896 г. Ражджаства-Багародзіцкая, мураваная, з драўляным купалам, за сродкі казённых сялян г. Гомеля.

 У Беліцы з часоў прызнання яе ў 1786 г. горадам доўгі час не было праваслаўнай царквы. У пачатку 19 ст. некалькі дамоў стараабрадцаў прынялі адзінаверства і клапацілася аб пабудове тут царквы ў імя свц. Мікалая. Але з-за малой колькасці адзінаверцаў намер гэты не здзейсніўся.

У 1828 г. у Беліцы пабудавана праваслаўная царква ў імя св. Васілія, але ў хуткім часе яна згарэла і ў 1842 г. пабудавана была новая, Свята-Мікольская.

У палове 19 ст. беліцкім жыхарам аддадзена была царква ліквідаванага ў 1850 г. стараверскага Пахомава манастыра. На яе месцы на сродкі купца Смоліна пабудавана драўляная Аляксандра-Неўская царква, асвячаная ў 1861 годзе.

Па загаду імператара, у 1850 г. стараверскі скіт у Спасавай слабадзе быў закрыты, а іконы і кнігі былі перададзены на захаванне ў гомельскую Свята-Петра-Паўлаўскую царкву. Аднак у 1852 г. па просьбе старавераў царква была ім вернута, пры ёй быў заснаваны аднаверскі прыход.

Да 1917 г. дзейнічаў Чонскі Макарыеў жаночы манастыр у Гомельскім павеце. У 1912 г. тут падвізалася 20 манахінь на чале з ігуменняй. Галоўны храм меў прыдзелы ў імя Казанскай іконы Божай Маці і вмч. Пракопія.

У 1907 г. было створана Гомельскае вікарыянцтва Магілёўскай епархіі (існавала да 1935 г.) на чале з вікарным епіскапам, які меў тытул “епіскап Гомельскі”. Першым епіскапам быў праасвяшчэннейшы Мітрафан (Краснапольскі), былы рэктар Магілёўскай духоўнай семінарыі.

Пасля рэвалюцыі 1917 года значная частка Гомельшчыны апынулася ў складзе РСФСР. З 1919 да 1926 г. існавала Гомельская губерня, куды ўвайшлі 8 паветаў скасаванай Магілёўскай губерні, Гомельскі і Рэчыцкі паветы. У 1923 г. была створана Гомельская епархія, якая прымкнула да абнаўленцкай царквы. Але епіскап Гомельскі Ціхан (1923—29) быў праціўнікам абнаўленцтва і заставаўся верным прававернаму Праваслаўю. У 1924 г. частка духавенства і міран на чале з епіскпам Ціханам далучылася да РПЦ Маскоўскага Патрыярхату. Такім чынам, у 1923—24 гг. у Гомелі адначасова існавалі два епархіяльныя ўпраўленні – абнаўленцкай царквы і артадаксальнай. У 1934 г. пасля распаду Беларускай аўтаномнай Праваслаўнай царквы (абнаўленцкай) закончыўся перыяд расколу ў гісторыі Гомельскай епархіі.

 У 1930-я гг. на Царкву і свяшчэнства абрынулася хваля рэпрэсій – масавае закрыццё цэркваў, канфіскацыя царкоўнай маёмасці. У 1935 г. быў закрыты гомельскі Петра-Паўлаўскі сабор. Паказальныя судовыя працэсы, напрыклад, “справа царкоўнікаў” у Гомелі сведчылі пра палітыку фізічнага вынішчэння святарства і актыўных вернікаў.

У час нямецкай акупацыі Гомельшчына знаходзілася ў ваеннай паласе, дзе кіраванне ажыццяўляла нямецкае ваеннае камандаванне. Мазыр быў далучаны да рэйхскамісарыяту Украіны. У 1943 г. Сінод Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы заснаваў самастойную Гомельска-Мазырскую епіскапскую кафедру на чале з епіскапам Георгіем (Барышкевічам), але ва ўмовах набліжэння фронту яна не змагла распачаць сваю дзейнасць.

У пасляваенны час епіскапы на Магілёўскую і Гомельскую кафедры не прызначаліся.

У 1950-я гг. уціск вернікаў і абмежаванне царкоўнага жыцця працягваліся. Да 1985 г. у Гомельскай вобласці было закрыта 57 храмаў, засталося дзейнічаць 42.

Сучасны стан епархіі

Гомельская праваслаўная епархія ўтворана 31.1.1990 г. з часткі Магілёўскай епархіі.Ахоплівае тэрыторыю 11 адміністрацыйных раёнаў Гомельскай вобласці, складаецца з 7 благачынных акругаў – Гомельскай, Жлобінскай, Добрушска-Кармянскай, Лоеўскай, Рагачоўскай, Рэчыцкай, Светлагорскай.

У 1999 г. у епархіі зарэгістравана 86 прыходаў, дзейнічае 81 храм. 7 абшчын адпраўляюць богаслужэнні ў малітоўных дамах. Пастырскае служэнне нясуць 84 святары, 11 дыяканаў.

На тэрыторыі епархіі дзейнічаюць 2 манастыры:

Свята-Нікольскі Гомельскі манастыр, утвораны ў 1995 г. Намеснік манастыра архімандрыт АНТОНІЙ(Кузняцоў), усягонасельнікаў 21, у тым ліку — 1 архімандрыт, 1 ігумен, 1 іераманах, 3 іерадыяканы, 1 манах, 3 паслушнікі.

Адрас: 246050 г. Гомель, вул.Д.Беднага 4, тэл.:(0232) 95-23-35, 52-51-69, 52-46-35

Свята-Ціхвінскі Гомельскі манастыр,  утвораны ў 1993 г. Настаяцельніца манастыра ігумення ВЕРА(Афонькіна), усяго насельніц16 — 1 ігумення, 4 схіманахіні, 5 манахінь, 3 інакіні, 4 паслушніцы.

Адрас: 246050 г. Гомель, вул. Баўмана, 16, тэл.: (0232) 53-09-93.

 На тэрыторыі епархіі дзейнічае дзіцячая іканапісная школа, 48 нядзельных школ.

Выходзяць газеты «Лампада», «Правило веры».


Адрас епархіяльнага ўпраўлення:

246050, Гомель, вул.Баўмана, 16.

Тэл.: (0232) 53-09-81,! 53-09-94, 53-09-78.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.